Мера каштоўнасці – тая ж!

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Мерай каштоўнасці мастацкіх з’яў заўсёды быў і застаецца чалавек. Якія яго думкі і пачуцці выяўляе мастацкі твор?

МЕРАЙ КАШТОЎНАСЦІ мастацкіх з’яў заўсёды быў і застаецца чалавек. Якія яго думкі і пачуцці выяўляе мастацкі твор? Калі гэта даволі элементарная спажывецкая патрэба нескладанага і прыемнага гукавога фону, дык такія «творы» могуць хутка і шырока ўспрымацца пэўнай (здараецца, нават вялікай) часткай грамадства, бо не вымагаюць інтэлектуальных высілкаў, ведаў і працяглага «выхавання пачуццяў».

Акрамя таго, «прыемнае» і «прыгожае» — не заўсёды адно і тое ж. Ёсць, вядома, спакуса трактаваць такое «мастацтва» як найбольш дэмакратычнае і «патрэбнае народу» — прынамсі, на думку тых, хто імкнецца скарыстаць яго ў сваіх мэтах. Менавіта такая сітуацыя склалася цяпер у музычнай культуры, дзе так званы «шоу-бізнес» усё больш і больш завалодвае грамадскай увагай і той прасторай, дзе яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму было досыць месца для сур’ёзных мастацкіх з’яў. Хто сумняваецца, хай параўнае колькасць слухачоў і рэпертуар у філарманічных залах і на эстрадных пляцоўках сёння і два дзесяцігоддзі назад.

Ці сведчыць памяншэнне грамадскай увагі да сур’ёзнага мастацтва пра зніжэнне каштоўнасці мастацкіх з’яў у гэтай галіне? На маю думку, не. Хутчэй трэба казаць пра тэндэнцыю зніжэння эмацыянальных і інтэлектуальных якасцей «спажыўца» (у музыцы — слухача) і яго патрабаванняў да мастацтва і да сябе. У апошнія гады гэта можна заўважыць нават у прафесійным музычным асяроддзі. Тэхнакратызацыя жыцця адыгрывае тут не апошнюю ролю, але перадусім — справа ў змяншэнні прэстыжу сур’ёзнай мастацкай творчасці. Прасцей кажучы, у музыцы сёння больш прэстыжна пісаць і выконваць шлягеры, чым оперы і сімфоніі. Паглядзіце, хто з нашых творцаў і выканаўцаў у апошняе дзесяцігоддзе атрымаў ганаровыя званні і прэміі, якія музычныя падзеі і фестывалі шырока асвятляюцца на тэлебачанні, маюць прыярытэтную падтрымку, хто імі кіруе, — і вы пераканаецеся, што задача ўзняць сярэдняга чалавека да разумення высокага мастацтва пераўтварылася ў зусім іншую: прыстасаваць
мастацтва да эмацыянальнага і інтэлектуальнага ўзроўню гэтага самага сераднячка.

Час, даўно час задумацца, на якія чалавечыя якасці і каштоўнасці арыентуецца сёння наша мастацтва. А менавіта ж гэтым вызначаецца і грамадскі сэнс мастацкіх з’яў, і іх жыццяздольнасць у будучым. Урэшце, ад таго, якія прыярытэты мы маем сёння ў грамадскім існаванні мастацтва, не ў апошнюю чаргу залежаць маральныя і інтэлектуальныя якасці чалавека наступных дзесяцігоддзяў.

ДЗМІТРЫЙ ЛЫБІН