Уладзімір Савіч

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Арыстакратычная лінія жыцця

/i/content/pi/mast/41/699/34.jpg

Анёл. Акрыл, алей, камбінаваная тэхніка на палатне. 2009.

Уладзімір Савіч — арыстакратычны мастак. Без наноснага пазёрства, па сутнасці. Паводле высакароднасці лініі і той глыбокай аналітычнай работы, якую ён здзяйсняе з матэрыяй твора. Паводле пачуцця нацыянальнай годнасці, якое тонкай нотай праяўляецца ва ўнутраным ладзе яго графікі і жывапісу і яўна — у грамадзянскіх учынках. Паводле адказнасці за тых, хто ідзе следам: выкладчыцкай дзейнасці прысвечана 35 гадоў, частка іх — на пасадзе загадчыка кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасць найперш характарызуе рух. На пачатку шляху гэта быў рух рысы і формы, пасля магутна і ўладарна ў яго работы ўварваўся колер. Сёння ён вольна абыходзіцца з усімі выяўленчымі сродкамі, лёгка зрушвае межы паміж жывапісам і графікай, дасягае моцнага абагульнення, звонкага і выразнага гучання дэталі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Акадэміі мастацтваў Уладзімір Савіч нядаўна быў паўторна абраны старшынёй Саюза мастакоў.

Віншую вас з абраннем на пасаду старшыні творчага саюза. На мінулых выбарах вы перамаглі адным голасам, гэтым разам мелі 75 адсоткаў...

— Я нездарма тры гады таму даў згоду балатавацца на пасаду старшыні. Адчуваў, што ў Саюзе мастакоў адбываюцца нейкія дзіўныя справы. І, на жаль, не памыліўся. Арганізацыя стаяла на мяжы, калі так можна сказаць, «рэфармавання»: меркавалася стварыць холдынг, а астатнюю маёмасць аддаць дзяржаве. Таму галоўнае, што мы зрабілі: прыпынілі гэту практыку развалу саюза.

На перавыбарчым з’ездзе, які адбыўся ў снежні, усе адзначылі: у арганізацыі пануе людскасць. Дзеля замацавання новага вектара развіцця наша каманда мусіла застацца, каб папрацаваць яшчэ тры гады.

Чаму, на вашу думку, вы атрымалі такую пераканальную перамогу?

/i/content/pi/mast/41/699/35.jpg

Пачуццёвы досвед. Акрыл, алей, камбінаваная тэхніка на палатне. 2009.

— Мы змянілі выставачную палітыку, свядома паставілі задачу: вярнуць гледачоў. Ушчыльную заняліся Палацам мастацтва, яго бюджэт у 2007  годзе быў 97 мільёнаў рублёў у мінусе, будынак не рамантаваўся з 1973-га, пажарная сігналізацыя не дзейнічала.

Адрамантавалі майстэрні на вуліцы Някрасава ў Мінску, якія былі ў аварыйным стане. Перанеслі наш офіс на вуліцу Якуба Коласа ў колішні дом Андрэя Бембеля і былы музей сучаснай скульптуры. З часам у майстэрні Бембеля зробім выставачную залу, а ўверсе на антрэсолі — яго мемарыяльны пакой. Рэанімавалі трохпавярховы мастацкі камбінат у Магілёве. Перакрылі дах і зрабілі рамонт.

Пачалі актыўна працаваць з абласнымі арганізацыямі. Сталі ім дапамагаць, у тым ліку — і фінансава. Раней існавала праблема дастаўкі твораў у Мінск, цяпер транспарт аплачвае Саюз мастакоў.

Самае галоўнае дасягненне: мы павялічылі бюджэт арганізацыі ў два з паловай разы, перагледзелі арэндныя стаўкі, ашчадна сталі выкарыстоўваць сродкі. І вось вынік: калі ў 2007-м на рамонт розных памяшканняў было патрачана толькі дваццаць мільёнаў рублёў, то за гэтыя тры гады — 674. Рамантуем Палац і за кошт камерцыйных выстаў. Зрабілі новы ўваход, памянялі дзверы ў зале графікі і дваццаць вокнаў на апошнім паверсе. Усталявалі новыя лямпы ў зале жывапісу. Паступова зробім кропкавае святло, як і павінна быць у прыстойных выставачных залах.

Якія планы на наступныя тры гады?

— Самае істотнае: працягнуць рэканструкцыю Палаца мастацтва, каб ён набыў аблічча сур’ёзнай еўрапейскай галерэі. Каб выстаўляцца самім і запрашаць гасцей: мы маем шмат прапаноў па абмене экспазіцыямі. Напрыклад, цяпер збіраемся з вялікай групавой выстаўкай у Львоў, вясной паедзем у Малдову.

Планаў шмат. Трэба мяняць многія пазіцыі і падыходы да працы секцый і камбінатаў, да выставачнай дзейнасці. Засталіся праблемы, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння.

Мы мусім праводзіць вялікую колькасць выстаў, бо толькі такім чынам Палац мастацтва можа атрымліваць ад нас грошы: за кожную выставу на яго рахунак пералічваецца пэўная сума, такім чынам робіцца рамонт, налічваецца зарплата супрацоўнікам, аплачваюцца камунальныя паслугі. Так што, пакуль мы гэты будынак не падымем, перадыху не будзе. А пры гэтым трэба думаць, аналізаваць, шукаць новыя формы арганізацыі экспазіцый...

Калі рабіць вялікую справаздачную выставу ўсяго Саюза мастакоў — аднаго Палаца будзе мала. Мы адкрылі новую галерэю «Беларт» на вуліцы Карла Маркса: сто квадратных метраў, два пакоі.

Як вы, старшыня вялікай творчай суполкі, ацэньваеце сённяшні стан нашага мастацтва? Нядаўна ў часопісе быў надрукаваны артыкул «Дваццаць гадоў на пераломе эпох». Парадаксальная, але слушная назва: мы нібы завіслі на гэтым пераломе. Няма ў вас адчування крызісу?

— З такім вялізным патэнцыялам, які маюць нашы мастакі, хацелася б бачыць іншы вынік.

Сваім студэнтам я кажу: творчасць і актыўная праца — першая прыступка да таленту. Не ўсе здольны яго развіць. Мяне засмучае слабая актыўнасць маладзёжнай секцыі. Згадваю сваё пакаленне: калі б нам прапанавалі паўдзельнічаць у вялікай выставе ў Палацы мастацтва, кожны прынёс бы па пяць-дзесяць твораў. А тут чалавек, што выдатна абараніў дыплом, дае адну маленечкую работу, большасці ж з іх мы не бачым зусім.

Мастацтва развіваецца па своеасаблівай траекторыі. Маё пакаленне апынулася на яе вяршыні, то быў уздым, звязаны з нацыянальным адраджэннем.

Сёння існуюць сур’ёзныя праблемы: няма сацзаказаў, дагаворных адносін паміж Міністэрствам культуры і Саюзам мастакоў. Матэрыяльны стан уплывае на творчасць.

Гісторыя мастацтва гэтага не пацвярджае...

— Але вазьміце Веласкеса.

Прыдворнага жывапісца караля?

— Ну так, у мастацтве шмат шляхоў.... Але галоўнае — каб у творцы не прападала жаданне выказвацца...

Важна, дзеля чаго і ў якую прастору трапляе тваё выказванне, ці чакаецца, прымаецца яно. Вось у вас была рамантычная маладосць...

— У мяне — так, безумоўна. Сёння назіраю больш прагматызму. Нам было лягчэй, працавалі выдавецтвы, камбінаты. Можна было перахапіць якую капейчыну. Аднак і тады шмат маіх аднагодкаў кінулі творчасць дзеля сталых заробкаў. Памятаю, у нашай сям’і часам сродкаў хапала толькі на хлеб, але я казаў сваёй жонцы: вось як стану «вялікім», з’явяцца і грошы.

Ці бачыце вы будучых лідараў сярод сённяшняй моладзі?

— Патэнцыял у моладзі высокі, а вось лідараў назваць не магу. Але на якім высокім прафесійным узроўні абараняюцца сёння дыпломнікі!

Вы шмат гадоў працуеце ў Акадэміі мастацтваў. Які перыяд яна перажывае? Ці не замацоўвае наяўнасць толькі адной вышэйшай навучальнай установы такога профілю кансерватыўныя тэндэнцыі ў мастацтве? Чула пажаданні мастакоў пра стварэнне альтэрнатыўнай акадэміі.

— Давайце разважаць цвяроза: ці ёсць сёння магчымасці для ажыццяўлення такога праекта? Няма. Матэрыяльна-тэхнічная база Акадэміі і так слабая.

Што да недахопаў... Калі вучыўся, у нашай групе была вялікая ўзроставая розніца паміж студэнтамі — пяць-сем гадоў. Хочаш не хочаш, даводзілася цягнуцца. А цяпер усе студэнты аднагодкі.

Ёсць праблемы, што тычацца выкладчыцкага складу. Якая раней была прафесура, якія дацэнты! Людзі выдатна ведалі методыкі. Сёння цяжка знайсці спецыялістаў такога ўзроўню.

Рэктарскія прагляды ператварыліся ў звычайную гаварыльню. Чаму яны ўзніклі? У кожнага факультэта была свая планка ацэнкі работ: дзе вышэйшая, дзе ніжэйшая. Мы збіраліся, каб скарэктаваць гэты ўзровень, каб зразумець, якія задачы ставяцца па прадметах на розных факультэтах, якіх сістэм выкладання прытрымліваюцца педагогі. Такога абмену досведам вельмі не хапае. Ці замацоўвае Акадэмія кансерватыўныя рысы? Не. Яна дае веды, падмурак, пасля яе заканчэння можна развівацца ў любым кірунку.

У 2011 годзе Беларусь збіраецца ўдзельнічаць у Венецыянскім біенале. Што, на вашу думку, гэта дасць нашаму мастацтву?

— Асабіста я прымаю любое мастацтва, але найперш гляджу, што каштоўнага магу ўзяць для сябе. На мінулым, 53-м, біенале мяне многае зацікавіла і многае пакінула абыякавым.

Прымаць удзел варта, але важна прадэманстраваць свету сваю ўнікальнасць, уласцівую нам асаблівую ноту. Некалі мы з Міколам Селешчуком шмат паездзілі па Еўропе, на нашых выставах усе адзначалі, па-першае, прафесійнасць, па-другое — вось гэтую адметную ноту. Калі наша мастацтва захавае сваю непаўторнасць, яно будзе цікавае свету.

Цягам сваёй творчай дзейнасці вы некалькі разоў мяняліся — па стылі, тэматыцы, тэхніцы і матэрыялах...

— Я часта разважаю, што лепей: калі мастак знайшоў свой стыль і развівае яго ці калі рэзка мяняецца? Па натуры я прыхільнік новага. Першы перыяд маёй творчасці быў этнаграфічны, даследчы. Час быў такі, трэба было сцвярджаць многія рэчы. Што тут казаць: прыношу ў выдавецтва малюнкі з выявамі беларусаў, а ў адказ: чаго ты нам літоўцаў прапануеш? Але я быў падрыхтаваны, паказваў фотаздымкі, уласныя замалёўкі. Важна было ўвасобіць беларускі тыпаж і касцюмы менавіта ў кнігах для дзяцей: малыя яшчэ чытаць не ўмеюць, але гартаюць старонкі і атрымліваюць інфармацыю непасрэдна з карцінак. Заплюшчваю вочы і бачу зборнік казак «Каток — Залаты Лабок», згадваецца вобраз селяніна — абадранага, у адзежы з латкамі... Я свядома паставіў мэту: паказаць беларусаў прыгожым і годным народам. Займаўся распрацоўкай тыпажу паралельна з Арленам Кашкурэвічам, з нецярплівасцю чакаў яго новага твора, каб убачыць знаходкі: які нос у героя, як глыбока вочы сядзяць. Шмат фатаграфаваў людзей з характэрнымі рысамі твару падчас экспедыцый. Пасля — пераўвасабляў у творах.

Праз нейкі час наблізіўся да стадыі абагульнення. Але не завяршыўшы збор інфармацыі, было складана ісці далей. Я перакананы, што трэба ведаць матэрыял дасканала, бо толькі тады яго можна пераасэнсоўваць і інтэрпрэтаваць.

Калі падышоў да стадыі знака, стаў вывучаць класічныя творы, рабіў з іх копіі. І шмат даследаваў драўляную беларускую скульптуру. Сённяшні мой перыяд — больш глыбокае асэнсаванне стаўлення да зямлі, да сусвету. Пошук ідзе не на ўзроўні характэрнага і канкрэтнага, а на ўзроўні формы і каларыту. Я ўжо не задумваюся пра матэрыял, пра тэхніку. Галоўнае — дасягнуць выніку, таго гучання, якога я хачу. Неабходна пэўнае адценне колеру — бяру карцінку з часопіса, патрэбна фактура — бяру прадмет. У сваім жывапісе імкнуся да эфекту вітража.

Вялікае значэнне для мяне мелі сустрэчы з мастаком Каўнаскага тэатра оперы і балета Альгердасам Труйкісам і знаёмства са спектаклямі, якія ён афармляў. Альгердас так тлумачыў мне метады сваёй працы: «Вось паглядзі: у гэтым фрагменце спектакля лінія гуку ідзе па дыяганалі, але я не згодзен з дырыжорам і сваімі лініямі ўціскаю гэты гук». Як і ў музыцы, так і ў выяўленчым мастацтве існуе лінеарнасць. І я зразумеў, што лінія павінна гучаць. Імкнуся, каб святло праменілася з твора, каб колер ішоў на гледача.

Вы чакаеце эмацыянальнага водгуку ці разлічваеце на інтэлектуальнае прачытанне сваіх твораў?

— Аднойчы я афармляў кніжку знакамітай пісьменніцы, і яна сказала мне, што ў маіх ілюстрацыях мала яркасці ў колеры — вось тут бы сіняга, чырвонага пабольш. Я адказваю: а вы згодны замест сваёй элегантнай хустачкі надзець ярка-пунсовую? Кожная ілюстрацыя мае сваю гаму — тут верш асэнсоўваецца праз чырвоныя тоны, тут праз шэрыя, тут праз зеленавата-жоўтыя.

Калі ў творы будзе існаваць культура колеру і лініі, гэта і станецца яго інтэлектуальным вырашэннем. Вартасны твор нясе ў сабе шмат чыннікаў. Трэба толькі ўмець прачытаць.

Алеся БЕЛЯВЕЦ