Памятка дзён

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Шэдэўр Купалы, Лучанка і Мулявіна

/i/content/pi/mast/41/695/20.jpg

Пётр Ялфімаў (Гусляр).

Вялікім юбілейным гала-канцэртам, які адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, адзначыў сваё 80-годдзе адзін са старэйшых музычных калектываў краіны — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Шмат гадоў яго ўзначальвае народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Казінец. У святочнай праграме аркестр прадэманстраваў высокі прафесійны ўзровень. Канцэрт прайшоў з аншлагам, а глядач быў перапоўнены эмоцыямі.

Падобных аркестраў не існуе ў свеце, хоць цымбалы гучаць у многіх краінах. Але менавіта ў Беларусі цымбальнае выканальніцтва дасягнула такіх вышынь, калі яго можна ўспрымаць як феномен у кантэксце сусветнай музычнай культуры. Цымбалы даўно выйшлі за межы фальклорнага мастацтва, з якога пачыналіся ў старадаўнія часы. Унікальнаму інструменту падуладна музыка ўсіх стыляў і эпох — ад фальклору да джаза, ад класікі да эстрады. Нацыянальны аркестр імя Жыновіча даўно і трывала засвоіў усе гэтыя музычныя жанры, яго рэпертуар сапраўды бязмежны і налічвае тысячы твораў.

...А пачыналася ўсё ў далёкія 1920-я гады. Сваім з’яўленнем аркестр імя Жыновіча абавязаны бліскучаму арганізатару і аднаму з самых вядомых канцэртуючых музыкантаў у тагачасным Мінску Дзмітрыю Захару. Чалавек надзвычайнай энергіі, ён валодаў многімі інструментамі, у 20-я гады стварыў аркестр рускіх народных інструментаў, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў мінчан. У 1926 годзе Захар пазнаёміўся з Канстанцінам Сушкевічам, рабочым-вынаходнікам і музыкантам-самавукам, які таксама іграў на ўсіх народных інструментах — цымбалах, скрыпцы, дудцы, жалейцы. Ды не толькі іграў, але і вырабляў іх. Цымбалы, змайстраваныя ім у 1925 годзе для міжнароднай выставы ў Парыжы, атрымалі высокую адзнаку міжнароднага журы. Сустрэча Захара і Сушкевіча аказалася лёсавызначальнай. Яны вырашылі стварыць на Беларусі аркестр народных інструментаў і ўзяліся за ажыццяўленне гэтага грандыёзнага плана. Галоўны акцэнт быў зроблены на рэканструкцыю і мадэрнізацыю цымбалаў, чым непасрэдна займаўся Сушкевіч.

Тым часам Захар шукаў музыкантаў, рыхтаваў рэпертуар і пісаў партытуры. Годам нараджэння ансамбля лічыцца 1928-ы, калі артысты далі вялікі канцэрт беларускай народнай музыкі ў мінскім клубе імя Карла Маркса. У першым складзе тады яшчэ самадзейнага калектыву было 10 чалавек. Абавязкі канцэртмайстра выконваў Іосіф Жыновіч, а Захар іграў на дудцы і жалейцы. У 1930 годзе пастановай калегіі Наркамасветы БССР ансамбль атрымаў дзяржаўны статус і быў перайменаваны ў Дзяржаўны ансамбль беларускіх народных інструментаў. У складзе яго аказалася ўжо 12 чалавек. Яшчэ адным членам калектыву сталася спявачка Ларыса Александроўская, будучая прымадонна беларускага опернага тэатра. Ансамбль актыўна гастраляваў, і не толькі па Беларусі. Выступалі на Украіне, у Грузіі, ездзілі ў Адэсу, Сочы, Данбаскі рэгіён.

У 1937 годзе пастановай Саўнаркама БССР на аснове ансамбля быў створаны аркестр беларускіх народных інструментаў у складзе 40 чалавек. Але афіцыйная кропка адліку гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі — 1930 год.

Як жа змяніўся ён за 80 гадоў! З аматарскага згуртавання энтузіястаў, большасць з якіх былі музыкантамі-самавукамі, аркестр ператварыўся ў калектыў непераўзыдзеных прафесіяналаў, віртуозаў, якія ўзнялі сваё майстэрства да фантастычных вяршынь. Дзякуючы гэтаму аркестр набыў новае тэмбральнае гучанне, пашырыў жанравую і рэпертуарную палітру.

Лепшыя дасягненні калектыву былі прадэманстраваны на юбілейным канцэрце. Па задуме Міхаіла Казінца, у 1-м аддзяленні з аркестрам ігралі салісты ўсіх груп — цымбальнай, баяннай, духавой і ўдарнай. Атрымаўся сапраўдны музычны феерверк, які ладзілі заслужаныя артысты Беларусі Ларыса Рыдлеўская і Аляксандр Крамко, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, Галіна Лазовік, Юлія Высоцкая, Аксана Хахол, Алена Касціцына, Зінаіда Савацеева, Павел Неўмяржыцкі, Вячаслаў Помазаў, Сяргей Шаптуноў. Большасць твораў гучала ўпершыню. Адначасова перад публікай разгарнуўся своеасаблівы парад дырыжораў — Міхаіл Казінец шчодра падзяліў лаўры пераможцаў з калегамі Аляксандрам Высоцкім і Аляксандрам Крамко.

У 2-м аддзяленні канцэрта аркестр прапанаваў публіцы прэм’еру музычнай паэмы «Гусляр» паводле паэмы Янкі Купалы «Курган». Выбар твора цалкам асэнсаваны: у ім з’ядналіся ў адно тры знакавыя для культуры Беларусі імёны — Купала, Лучанок і Мулявін. Тэатралізаваная рок-араторыя «Гусляр» — адна з самых значных прац у творчасці ансамбля «Песняры». У яе аснову пакладзена кантата Лучанка «Курган», напісаная ў 1962 годзе для сімфанічнага аркестра і салістаў. У праграме «Песняроў», упершыню прадстаўленай на суд гледачоў у 1978-м, твор набыў другое жыццё. Партыю Гусляра спяваў Уладзімір Мулявін, Князя — Уладзіслаў Місевіч (у студыйным варыянце Анатоль Кашапараў). «Перш за ўсё, мы імкнемся прапагандаваць творчасць нашага вялікага земляка — Янкі Купалы, — казаў Мулявін у адным з інтэрв’ю. — А тэма яго “Кургана” — тэма высокага прызначэння мастацтва — не можа не хваляваць». Словы Мулявіна не страцілі сваёй актуальнасці.

Упершыню ў сваёй гісторыі аркестр імя Жыновіча ўвасобіў музычна-тэатральны спектакль. Праца над ім доўжылася амаль два гады. Мастацкі кіраўнік пастаноўкі Міхаіл Казінец правёў вялікую падрыхтоўчую працу, дэталёва прааналізаваў партытуру кантаты Лучанка, тэкст паэмы і аўдыязапіс песняроўскага «Гусляра». У снежні 2009 года аранжыроўшчык Аляксандр Крамко завяршыў працу па рэканструкцыі партытуры і яе адаптацыі сродкамі аркестра. Ён захаваў канцэптуальны змест і формаўтваральныя элементы рок-араторыі «Гусляр», створанай у ансамблі «Песняры». Крамко жартуе, што яму давялося напісаць вялікі дыктант. Не маючы ніводнай нотнай крыніцы, ён поўнасцю аднавіў па слыху музычны тэкст «Гусляра», які ствараўся «Песнярамі» амаль імправізацыйна, на падставе эскізных запісаў Мулявіна. Яны ўяўлялі сабой разрозненыя нотныя фрагменты, схематычныя канструкцыі партый. Мулявін прапаноўваў аднагалосыя накіды з акордавымі функцыямі кожнаму з «песняроў» у якасці музычных ідэй. Іх распрацоўка і шліфоўка адбывалася падчас шматгадзінных рэпетыцый. І вось пасля больш як 30 гадоў з моманту стварэння «Гусляра» ўпершыню зроблена аркестравая партытура. Крамко здзейсніў сапраўды падзвіжніцкую працу, на аснове якой і ажыццёўлена пастаноўка.

Галоўныя ролі ў спектаклі выканалі Пётр Ялфімаў (Гусляр) і Ян Жанчак (Князь). Яны стварылі яркія вобразы мудрага, адважнага, прасветленага вялікай праўдай Гусляра і магутнага, але нячыстага сумленнем і духоўна ўбогага Князя. Маральная перамога Гусляра — музычная і драматургічная кульмінацыя спектакля.

У рэжысёра-пастаноўшчыка Ларысы Сімаковіч атрымалася эфектнае і адначасова эмацыйнае відовішча. Усе яго ўдзельнікі — квартэт «Лявоны», Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, артысты мімансу — існавалі на сцэне зладжана і асэнсавана. Сімаковіч здолела дасягнуць раўнавагі паміж уласна музычнай і тэатралізаванай часткамі твора. Аркестр пад кіраўніцтвам Казінца прагучаў моцна і пранікнёна, ён успрымаўся як асноўная дзейная асоба спектакля. Тэмбравую палітру арганічна пашырылі клавішныя сінтэзатары і раяль, за якім чараваў вядомы джазмен, піяніст Канстанцін Гарачы.

...Публіка стоячы вітала ўдзельнікаў прэм’еры. Гэта быў момант сапраўднага, заслужанага трыумфу. А што далей?... Пытанне і рытарычнае, і простае. Ну вядома ж, праца. Штодзённая, шматгадзінная, няспынная. Часам руцінная, але заўжды плённая і патрэбная гледачу. А тое, што Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча мае сваю аўдыторыю, — факт неаспрэчны. Шчырых прыхільнікаў у калектыву становіцца ўсё больш і больш.

Вольга Брылон