Пад адхонам быцця

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

На купалаўскай сцэне паказалі МакДонаха

/i/content/pi/mast/41/694/19.jpg

Раман Падаляка (Айцец Уэлш).

Кожную прэм’еру ў Купалаўскім чакаю з нецярплівасцю. Бадай, усё яшчэ не магу пазбыцца салодкай надзеі, нічым, па вялікім рахунку, не абгрунтаванай веры ў тое, што менавіта ў гэтым тэатры нізавошта не расчаруюць, што тут нарэшце здзейсніцца чарговы акт мастацтва, што... Але якраз тут расчароўваюць усё часцей. Дый распавядаць пра гэта становіцца ўсё больш складана. І не толькі таму, што мы выхаваны на прыгожых прыпавесцях аб купалаўцах. Агульная крытычная маса «расчаравання» зрабілася настолькі важкай, што перастала хоць што-небудзь значыць. Бо нават думкі не магу дапусціць, нібыта людзі, якія выходзяць на знакамітыя падмосткі, самі не разумеюць, колькі насамрэч каштуюць іх намаганні.

Зразумела, тэатр часова пазбаўлены намоленага памяшкання, мае не самыя спрыяльныя ўмовы для працы. Ды толькі гэта апрыёры не павінна моцна ўплываць на вынікі творчасці. Інакш узнікае пагроза, што пасля працяглага або не вельмі перыяду рэканструкцыі трупу ўвогуле цяжка будзе сабраць. Дый калі Купалаўскаму тэатру адчайна не ахоўваць мастацкія крытэрыі, што ўвогуле нам застанецца ў спадчыну?.. Менавіта пра гэта найперш думалася пасля прэм’еры спектакля «Самотны Захад» на малой сцэне Канцэртнай залы «Мінск».

...Адразу ўразіла сцэнаграфія. Дакладней, яе адсутнасць, калі пад паняццем «сцэнаграфія» мець на ўвазе мастацкае, з выразна акрэсленай ідэяй і канцэптуальным зместам афармленне сцэны. Гэтым разам пад маркай Купалаўскага тэатра гледачам прапанавалі... нешта даволі сумніўнае. Невыразны і няўцямны заднік, на якім спачатку былі адлюстраваны знаёмыя брэнды сусветна вядомых гандлёвых марак, а пасля на выцвілым блакітным фоне ўзніклі выявы чаек з распасцёртымі крыламі (мастак Аляксандр Балдакоў). На фоне задніка — халадзільнік і кухонная пліта, без якіх, паводле сюжэта, персанажам немагчыма абысціся. А яшчэ — рознавялікія кубы, акурат такія звычайна выкарыстоўваюць на рэпетыцыях у студэнцкіх аўдыторыях тэатральных ВНУ. Ніякай нястачай грошай і спрыяльных умоў прысутнасць падобнай сцэнаграфіі на купалаўскіх падмостках апраўдаць нельга. Перад намі тое, што адразу выводзіць гледачоў за межы... існуючага ўяўлення аб сучасным тэатры…

Думаю, работа ў «Самотным Захадзе» проста неабходна была купалаўскім акцёрам Паўлу Харланчуку (што выступіў у якасці рэжысёра), Міхаілу Зую, Раману Падаляку і Сяргею Рудзені, якія таго вартыя, ды не надта спешчаныя цікавымі прафесійнымі прапановамі. Але што атрымалася ў выніку? Магчыма, нешта сэнсава напоўненае, па-рэжысёрску вытанчана акрэсленае, узрушальнае і глыбока драматычнае? На жаль — таксама не. Здаецца, нават на касавы поспех спектаклю разлічваць не даводзіцца...

Прынамсі, гледачы ў гэты вечар дружна штурмавалі ўваход на вялікую сцэну Канцэртнай залы «Мінск», дзе вядомая антрэпрыза ў чарговы раз паказвала «Ноч для жанчыны» — хіт сезона і надзвычайную пошласць у рэжысуры Валянціны Ераньковай, спектакль, што працягвае псаваць густы мінскай публікі ледзь не стрыптызам (аздобленым меладраматычнай шалупенню) у выкананні акцёраў з неэстэтычнымі целамі. Затое на МакДонаху было спакойна і сумна. Але ж сэнсу ў прапанаваным відовішчы было таксама толькі крыху...

Спектакль нібыта спыніўся пасля першай сцэны, не паспеўшы нават набраць абаротаў. Не вельмі прыемныя думкі пра тое, што гледачоў завабілі прозвішчам сусветна вядомага і скандальнага драматурга, абмежаваўшы свае задачы выключна гэтым, давялося ўсё ж дадумаць да канца. Зрэшты, пра гісторыю пытання...

Імя Марціна МакДонаха ў беларускіх тэатралаў, безумоўна, на слыху. Хоць цікавасць да ягонай драматургіі, якая цягам апошняга дзесяцігоддзя рэкорднымі крокамі абышла тэатральныя падмосткі свету, пэўным чынам абмінула Беларусь. Пастаўленыя дзесяць гадоў таму ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры «Сіратлівы Захад» і летась у Мінскім Новым драматычным тэатры «Каралеву прыгажосці» публіка чамусьці згадвае ў сувязі з ненарматыўнай лексікай аўтара. Якая, дарэчы, ні ў адным з гэтых спектакляў не ўжывалася! (Так узнікаюць пустыя тэатральныя легенды.) Хоць згадваць насамрэч хочацца пра надрыўна-адкрытую, пранізлівую чалавечую споведзь у спектаклі Генадзя Мушперта «Сіратлівы Захад» і марна раздзьмуты вакол яго скандал, які гэтаму спектаклю нашкодзіў. А таксама пра далікатны чалавечы досвед рэжысёра Дзяніса Нупрэйчыка ў спектаклі «Каралева прыгажосці». Прынамсі, сітуацыя вакол МакДонаха нагадвала вядомую прымаўку «Чую звон, ды не ведаю, дзе ён», пакуль на фестывалях у Магілёве і Брэсце не паказалі спектаклі Пермскага тэатра «Ля Моста». Водгалас «лінэнскай трылогіі» прыйшоў да нас з расійскай правінцыі і прагучаў настолькі пераканальна і ўражальна, так узрушыў наноў адкрытымі драматычнымі калізіямі і глыбінёй, што не ставіць МакДонаха было проста няправільна. Глеба была падрыхтаваная.

Спосаб, якім Купалаўскі тэатр пачаў збіраць на гэтай глебе камяні, бянтэжыць і збівае з панталыку. Газета «Беларусь сегодня» сцвярджае, нібыта «канчатковы варыянт пастаноўкі адбыўся не без сур’ёзнага ўмяшання Мікалая Пінігіна». Думаю, калі яно і было, дык аказалася марным. Бо хапатлівы старонні дотык да амаль гатовага спектакля ў любым разе здатны яго хутчэй разбурыць, чым прынцыпова змяніць. Урэшце, атрымалася тое, што атрымалася. І ўзнікла адчуванне, быццам шматпластовы, псіхалагічна глыбокі, эмацыйна выбуховы драматургічны твор нацягнулі на жорсткую сцэнічную канструкцыю і для парадку моцна пастукалі па ім зверху малатком.

Паўстаў у поўнай меры выпрастаны сюжэт з жыцця папулярных у масах персанажаў Бівіса і Батхеда. Калі моцна падумаць, распавядаецца гісторыя пра дзяцінства, якое не канчаецца і набывае ў дарослым жыцці звыродлівыя формы. Цягам першых пятнаццаці хвілін падавалася, што пастаноўшчык адразу рэзка і рашуча закручвае дзеянне. Што не слухаць партнёра, не рэагаваць на канкрэтныя фразы, не ўступаць у чалавечыя зносіны адно з адным, а працаваць на вонкавых акцэнтах і пазначэннях (бачу — чую) — адмысловая фішка рэжысуры. (Проста цяжка было пагадзіцца з яе адсутнасцю.) Магчыма, так і трэба прамаўляць гэты тэкст, выкарыстоўваць сцэнічны рытм як прыём, што надзяляе бесперапынны рух падзей асаблівай энергетыкай. У такім разе можна было зразумець, чаму Айцец Уэлш (Раман Падаляка) з братамі Конарамі, Валенам (Сяргей Рудзеня) і Коўлменам (Міхаіл Зуй), здаецца, аднаго поля ягады. Бо надта часта і хутка Уэлш перакульвае чарку з гарэлкай, дый рэагуе на ўсё неяк неадэкватна.

Надалей давялося адзначыць цікавую сцэнічную праяву. Складанасць і глыбіня зместу, напружаная і рухомая дзея прысутнічалі, былі невынішчальнымі ў самой драматургіі. У той самы час як унутраны сцэнічны рух быў прыпынены. Усё нібы завісала ў паветры. Больш не выпадала казаць пра адмысловую гульню рытмамі. Толькі — пра спрошчаны змест і нявыяўленую драматургічную глыбіню. Гэтаксама, як драматургія Аляксандра Вампілава, абыдзеная і не асветленая таленавітым рэжысёрскім дотыкам, здатная ператварацца на сцэне ў сумныя побытавыя сюжэты; гэтаксама, як п’есы Чэхава, што часцей за творы іншых драматургаў выпустошваюцца на сцэнічных падмостках, — п’еса МакДонаха была сціснута да просталінейнага і дзіўнаватага эпізоду. Гадзіна сорак без антракту! Дзе нічога не вынікае з нічога, унутраныя сэнсавыя сувязі не намацаны і не аголены. Палётны і харызматычны Міхаіл Зуй, які раней шчодра адорваў гледачоў нечаканымі чалавечымі праявамі, гэтым разам у ролі Коўлмена пазіраў на гледачоў нібыта з вялізнага більборда — шкадлівы і гламурны. Раман Падаляка старанна спрабаваў перабіраць уласныя карысныя напрацоўкі і эмацыйна жангліраваў штампікамі. Сяргей Рудзеня сумленна нёс незапатрабаваны акцёрскі патэнцыял і заставаўся ў ганарлівай адзіноце. Хуценька праслізнуўшы ўздоўж сюжэта, галоўныя героі, Вален і Коўлмен, амаль па-брацку падзялілі піражкі і гарэлку, акцэнтуючы тэму «кошт жратвы», і, прыхапіўшы стрэльбу, кінуліся за кулісы, застаючыся сам-насам — ужо без гледачоў — у свеце, дзе так шмат значаць рэчы. З’яўленне перад публікай паўсядзённага шараговага спектакля аказалася зусім не ўражальным.

Зрэшты, жаданне зноў патрапіць у свет МакДонаха, усе п’есы якога проста працятыя адкрытымі нервамі чалавечай душы, ранамі, якія не загойваюцца, і, насуперак усяму, цёплай усмешкай надзеі, засталося незакранутым. Там дзіўны свет. Дзіўныя людзі. Крыніца болю і надзеі пад адхонам жыцця.

 Людміла Грамыка