«12» у Абу-Дабі

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Прэзентацыя айчыннага жывапісу

/i/content/pi/mast/41/690/12.jpg

Алег Скавародка. Дзяўчына ў жоўтым. Алей. 2009.

Выстаўка жывапісу «12», якая была прадстаўлена ў межах Дзён беларускай культуры ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), давала магчымасць атрымаць дастаткова выразнае ўяўленне аб творчасці дванаццаці вядомых беларускіх майстроў.
З Эміратаў выстава скіравалася на апошні паверх Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе з ёй маглі пазнаёміцца і нашы гледачы.

Грамадства, якое пастаянна абнаўляецца, немінуча трансфармуе і ўмовы функцыянавання мастацтва. Зменлівы і не заўсёды прадказальны кантэкст не можа не ўплываць непасрэдна альбо апасродкавана (праз унутраныя структуры) на спецыфічныя творчыя працэсы. Эксперыментальныя пошукі ў самім мастацтве, затоеная энергія самаразвіцця і тэарэтычная рэфлексія з гэтай нагоды з’яўляюцца пэўным вынікам радыкальных змен у стасунках чалавека і яго бліжэйшага і глабальнага атачэнняў.

Жывапіс дастаткова папулярны і традыцыйны від выяўленчага мастацтва. Ён не прэтэндуе на актуальнасць найноўшых арт-практык, але ў той жа час мае сур’ёзны патэнцыял для развіцця ў сучасных умовах — становіцца ўсе больш адкрытым, эмацыянальна напоўненым.

Гэта не перашкаджае яму набываць рысы канцэптуальнасці, выяўляючы ўсю глыбіню асацыятыўных кодаў. Дастаткова выразна праяўляецца тэндэнцыя да інтэлектуалізацыі жывапісу, што, безумоўна, дапамагае яму дакладней адчуваць дух часу і прапаноўваць адэкватныя пластычныя рашэнні.

Форма мастацкага твора пераходзіць у стан формы-зместу. Гістарычнае, маральнае, ідэалагічнае і іншае калямастацкае абрамленне, надзвычай важнае ў пэўны час, сыходзіць на задні план. Першую скрыпку сёння адыгрывае непасрэдна мастацкае.

Непадабенства жывапісных манер, што яскрава ўвасобілася ў экспазіцыі «12», можа пераканаўча сведчыць толькі пра адно: кожны мастак няспынна шукае сваю адметную пластычную мову, а пошукі скіраваны ў бок універсальнасці і адкрытасці. Менавіта гэтыя рысы адсутнічалі ў савецкі перыяд, калі жывапіс развіваўся, за рэдкім выключэннем, у межах «сацыялістычнага рэалізму». Аднак крэатыўны патэнцыял і выдатны досвед жывапісцаў не змаглі заставацца замкнёнымі ў межах пэўнага творчага метаду. Ужо ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачалі з’яўляцца шматлікія мастакоўскія групоўкі. Пасля распаду СССР гэты працэс стаў незваротным. Беларускія мастакі актыўна засвойвалі дасягненні еўрапейскага жывапісу разнастайных школ і напрамкаў.

Інтэграцыя беларускай мастацкай школы ў еўрапейскую прастору неўзабаве прынесла вынікі. На гэта паўплывалі, перш-наперш, два фактары — свабода самавыражэння і сур’ёзная акадэмічная падрыхтоўка. Беларускія мастакі сталі актыўна рабіць спробы пазіцыянавання сябе ў еўрапейскім кантэксце. Актыўнае засваенне еўрапейскіх арт-практык, разнастайных кірункаў, новых тэхналогій не перашкаджае беларускаму жывапісу заставацца школай з ясна акрэсленай нацыянальнай адметнасцю, якая выяўляецца і ў асаблівым каларыце, рытмічным ладзе карцін, у імкненні да завершанасці, «зробленасці» карцін. Постмадэрнісцкая мастацкая практыка ўрэшце знайшла ў выяўленчым мастацтве Беларусі годных адэптаў. Палітра сучаснага беларускага жывапісу надзвычай шырокая — ад практыкаў рэалістычнага метаду да мастакоў, якія аддаюць перавагу актыўнаму пошуку.

/i/content/pi/mast/41/690/13.jpg

Васіль Касцючэнка. Нацюрморт. Чырвоны вечар. Алей. 2010.

Выстаўка беларускага жывапісу «12» прадстаўляе работы майстроў сярэдняга пакалення. Выбар мастакоў не выпадковы, бо галоўнай мэтай экспазіцыі ў Абу-Дабі было жаданне паказаць разнастайнасць манер, стыляў, тэхнік. Свабодная інтэрпрэтацыя феноменаў культуры і жыцця, якая выяўляецца менавіта ў шырокім спектры творчых метадаў, падыходаў да асэнсавання рэчаіснасці, — мэйнстрым сучаснага беларускага жывапісу.

Здавалася б, такі папулярны і традыцыйны жанр — пейзаж, але як па-рознаму яго разумеюць і трактуюць Ягор Батальёнак, Аляксандр Грышкевіч, Віктар Шылко, Фёдар Ястраб... У Ягора Батальёнка, аднаго з заснавальнікаў так званага «рамантычнага краявіду», падыход будуецца на паэтызацыі выявы: тонкія, амаль пастэльныя колеры, пераходныя станы прыроды — на змярканні, перад навальніцай, у тумане, на досвітку.

Прыбраныя і чыстыя, як святочны абрус на стале, беларускія краявіды Батальёнка прадстаўляюць нам вобраз краіны, у якую так улюбёны аўтар. Не адмаўляючы рэалістычную традыцыю ў цэлым, мастак здолеў знайсці ў ёй сваю трапяткую інтанацыю.

Па-іншаму будуе свае творы Аляксандр Грышкевіч. У аснове іх дакладная, амаль матэматычная выверанасць палатна. Аналітычныя краявіды могуць мець і рэальныя прататыпы, але часцей за ўсё — гэта выдуманыя, асабіста сканструяваныя выявы. Вытанчаная, нават рафінаваная тэхніка не з’яўляецца самамэтай, але безумоўна становіцца самакаштоўным элементам ягоных кампазіцый. Стрыманы каларыт, дакладнасць пабудовы яскрава сведчаць аб перавазе рацыянальнага над эмацыйным.

Віктар Шылко не адмаўляецца ад пачуццёвага пачатку ў сваіх палотнах, але ператварае рэальны краявід у яго квінтэсенцыю, даводзячы выяву да формульнай яснасці знака. Паўабстрактныя палотны Шылко каларыстычна згарманізаваныя, але іх пульсуючая рытміка дадае ў выяву драматычныя ноткі.

У Алега Скавародкі рытмы краявідаў больш спакойныя, а сакавітая і гучная колеравая гама спрыяе мажорнаму настрою.

Сюррэалістычная аснова лёгка прачытваецца і ў працах Генадзя Драздова. Складаныя асацыятыўныя коды будуюцца за кошт вялікай колькасці асобных сюжэтных ліній у прасторы аднаго палатна.

Нацюрморты і сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі Васіля Касцючэнкі прыцягваюць увагу праграмнай дэкаратыўнасцю, выбуховымі кантрастамі і ў той жа час — тонкай нюансіроўкай колеру.

Аляксандр Забаўчык у сваіх працах балансуе на мяжы абстрактнага і фігуратыўнага мастацтва, прычым фігуратыўнасць выяўляецца толькі ў зашыфраваным выглядзе. Гэта той выпадак, калі адточаная тэхніка не перашкаджае задуме і мэтам аўтара, а працуе з імі ў гарманічным адзінстве.

Тонкія па малюнку і колеры сюжэтна-метафарычныя палотны Уладзіміра Кожуха арганічна ўпісаліся ў кантэкст экспазіцыі, сталі яго эмацыянальным ядром.

У экспрэсіўных работах Дзмітрыя Сурыновіча можна адчуць алюзіі і водгукі на вядомыя вобразы сусветнага мастацтва. Гэтыя гістарычна-мастацкія пасылы і цытаванні, насамрэч, поўнасцю адпавядаюць постмадэрнісцкай пазіцыі аўтара, ягонай іроніі і пераасэнсаванню мастацкіх феноменаў.

Сяргей Давідовіч надзвычай арганічна ўжывае ў абстрактна-экспрэсіўных палотнах і заварожваючых пачуццёвасцю партрэтах прыёмы сфумата.

Прадстаўленыя на выстаўцы творчыя пошукі беларускіх майстроў пэндзля мелі вялікі поспех. Мастацкая галерэя Еmirates Palace — самае прэстыжнае месца для выставак у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Выдатна зроблены дызайн выставачнай прасторы, удала зладжаная экспазіцыя, шырокая рэклама ў цэнтральнай прэсе, выдадзены перад вернісажам каталог, дарэчы, у бліскучым паліграфічным выкананні — усё гэта сведчыць пра высокі прафесійны ўзровень працы арганізатараў.

Выстаўка «12» дае магчымасць гледачам убачыць і адчуць, хай сабе і не ў поўным аб’ёме, тыя неадназначныя і не заўсёды відавочныя працэсы, якія адбываюцца сёння ў беларускім жывапісе.

Фёдар Ястраб