Фольк, брэйк і новы танец

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Беларускі універсітэт культуры і мастацтваў правёў чарговы фестываль «Арт-мажор». Сярод шматлікіх фестывальных імпрэз вялікі поспех, як заўсёды, мелі канцэрты кафедры харэаграфіі, якая сёлета прадставіла дзве аншлагавыя праграмы: вечар сучаснай харэаграфіі «Новы танец» і святочны канцэрт, прымеркаваны да 30-годдзя кафедры.

Шматгалоссе новага танца
Стала добрай традыцыяй, што ў рамках «арт-мажораўскіх» дзён, акрамя справаздачнага канцэрта, асобную праграму рыхтуе ансамбль кафедры харэаграфіі, які нядаўна адзначыў 10-годдзе творчай дзейнасці.
За гэты час калектыў, якім кіруе загадчык кафедры С.Гуткоўская, быў адзначаны лаўрэацтвам на шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, стаў уладальнікам

 /i/content/pi/mast/3/69/Folk-Brejk1.jpg
 «Акрыленая ветрам» (харэаграфія В.Шамровай, Я.Мяшковай).

Гран-пры Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, паспяхова гастраляваў у краінах Балтыі, Расіі, Іспаніі, Партугаліі. Сёння ансамбль мае ўласнае аблічча, традыцыі, што ўзбагачаюцца ўжо чацвёртым пакаленнем выканаўцаў. Істотнай рысай творчай практыкі калектыву з’яўляецца універсальнасць. Яго ўдзельнікі вольна адчуваюць сябе ў межах бальнай і сучаснай харэаграфіі, народнага танца і фольк-мадэрна. Пра гэта гавораць рознастылёвыя праграмы, якія штогод дэманструе ансамбль. Мінулым разам гэта быў фальклорны вечар «Танцуем па-даўнейшаму», створаны на аснове гарадскіх побытавых танцаў, сёлета глядач змог далучыцца да прасторы сучаснай харэаграфіі.
Чаму менавіта «Новы танец»? Назва невыпадковая. Гэта -- адно з азначэнняў сучаснай харэаграфіі.
Contemporary dance, новы, мадэрн, другі танец, experimental dance -- усе гэтыя назвы сведчаць пра адрозную ад акадэмічнага танца традыцыю пластычнага мыслення. Яе вытокі ўзыходзяць да пачатку XX ст., да творчасці «піянераў» modern dance -- А.Дункан, М.Грэхэм, Р.Лабана і інш. А ў шырокім сэнсе «новы танец» асацыюецца з незаштампаваным, вольным палётам фантазіі, свежасцю думкі і пачуцця. І канцэрт даваў спажыву і воку, і думцы.
Апошнім часам шмат дыскусій выклікае крызіснае становішча
contemporary dance. Праяў яго шмат -- «дэпрэсія» балетмайстарскай думкі, звужэнне кола тэм, пластычных фарбаў, арыгінальных аўтарскіх рашэнняў. «Хвароба» сучаснай харэаграфіі -- і ў энтрапіі вобразна-сэнсавага пачатку, канцэптуальна-зместавай аморфнасці, актуалізацыі маргінальных, паталагічных праяў чалавечага жыцця.
Гэтыя тэндэнцыі, на шчасце, не закранулі працу ансамбля. Прыярытэт вобразна дакладнай, эмацыянальна напоўненай харэаграфіі, пошук нестандартных рашэнняў, імкненне ўвасобіць эмоцыі і думкі ва ўсім багацці іх фарбаў -- вось што яднала паказаныя нумары. Сярод іх -- галантна-іранічны «
Opening» А.Жарко і медытатыўны «Пустынны вецер -- самум»

 /i/content/pi/mast/3/69/Folk-Brejk2.jpg
 «Млын жыцця» (пастаноўка І.Дарохінай).

Д.Куракулава, кіраўніка «ТАДа»; выбухова-небяспечны па напале эмоцый «А дзе нота?» Ю.Філіпчук і К.Міхайлава (адзначаны I-й прэміяй «Сожскага карагода») і стрымана-драматычны «І плакала неба…» А.Жмуркінай. Гэтыя і іншыя кампазіцыі стваралі поліфанічна шматгалосую і рознакаляровую палітру танца.
Арыгінальнасцю задумы (няспраўджаныя мары сучаснай Папялушкі) вылучаўся нумар «Можа быць?» Я.Цвятковай. Аднак твор падаўся занадта «куракулаўскім» (яго стваральніца прайшла менавіта «тадаўскую» школу) па лексіцы і візуальным увасабленні, што зніжала яго эмацыйнае ўспрыманне.
Імкненнем выйсці на якасна новы выканальніцкі ўзровень, пашырыць межы ўласных пластычных магчымасцей прывабілі мініяцюра «Вівальдзіяна» і ўрывак з балета «Пяць ложкаў/Дзеці мары» Н.Пульвермахер, створаныя ў супрацоўніцтве з нью-йоркскай «
Neta dance Company».
Цудоўнай, паэтычна-ўзнёслай кульмінацыяй вечара стала мініяцюра «Акрыленыя ветрам» В.Шамровай і Я.Мяшковай, у візуальным вырашэнні якой, бы ў вясёлцы, паядналіся ўсе фарбы свету.
Падчас канцэрта думалася: чаму б падобныя выступленні не праводзіць часцей, чым раз на год? Бо свет сучаснага танца, нягледзячы на амаль 20-гадовы творчы «стаж»
IFMC, усё яшчэ застаецца «terra incognita» для большасці гледачоў. Па-другое, папулярызацыя і падтрымка таленавітых аўтараў, новых твораў, іх прафесійнага выканання і пастановачнага ўвасаблення -- чым не годная альтэрнатыва крызісным з’явам у contemporary dance?

 
The best. Студэнты і выпускнікі
У праграме юбілейнага канцэрта, які адбыўся на сцэне Белдзяржфілармоніі, гледачы змаглі пабачыць пастаноўкі не толькі сённяшніх студэнтаў кафедры харэаграфіі, але і выпускнікоў. Плённая праца ўсіх трох аддзяленняў кафедры -- народнага, бальнага і эстраднага -- вылілася ў сапраўдную панараму, так бы мовіць, танцавальных уражанняў. Тут былі і фольк-мадэрн, і неакласіка, і народны і бальны танец, і кідкія эстрадныя нумары, і contemporary, і папулярны цяпер belly dance (танец жывата). Што ні твор -- то міні-спектакль, арыгінальны па думцы і вобразна-пластычным увасабленні, завершаны драматургічна, нарэшце, артыстычна выкананы. Асабліва гэта тычылася 1-га аддзялення канцэрта, якое прадстаўляла свайго роду «the best» ад цяперашніх студэнтаў і іх выкладчыкаў -- «зборку» лепшых кампазіцый апошніх гадоў, дапоўненую прэм’ерамі.
Сярод апошніх запомніўся нумар «Танцуй са мной» -- неакласічнае пераасэнсаванне танга ў пастаноўцы народнага артыста Беларусі У.Іванова. Ён шырока вядомы як адзін з бліскучых салістаў балета, непараўнальны Ціль, Рамэо, Хазэ. Яго выканаўчае майстэрства спалучалася з неверагоднай экспрэсіяй, эмацыйнай шчырасцю, высокай культурай танца. Менавіта апошнюю якасць У.Іваноў перанёс у сваю пастаноўку. Культура руху, асэнсаванасць і стрыманасць самавыяўлення, цалкам падпарадкаванага вобразна-артыстычным задачам, вылучала твор і ягоных выканаўцаў.
Сярод надзвычай яркіх, адметных работ уразіла фольк-мадэрн-кампазіцыя «Каза» (пастаноўка Д.Мірановіча і Д.Валасюка) -- адзін з лепшых твораў «залатога фонду» кафедры.

 /i/content/pi/mast/3/69/Folk-Brejk3.jpg

«Пустынны вецер -- самум»
(харэаграфія Д.Куракулава).

Нумар, створаны на аснове аднаго з распаўсюджаных старажытных беларускіх танцаў, прывабіў дзівосным адзінствам музыкі і харэаграфіі, сучасным пераасэнсаваннем першакрыніцы, цікавым вобразна-пластычным рашэннем, у якім аўтэнтыка арганічна паядналася з экспрэсіяй і відовішчнасцю. З мінімалізму архаічных «гукавобразаў» гурта «Крыві» вынікаў аскетызм пластычных сродкаў выразнасці.
Касцюмы да мініяцюры, як і шэрагу іншых кампазіцый, стварыў Ю.Піскун. Цудоўны мастак, аўтар сцэнічных строяў для знакамітых калектываў («Песняры», «Свята», «Харошкі»), даследчык старажытнай беларускай культуры, ён ужо не першы год супрацоўнічае з ансамблем кафедры.
Што тычыцца 2-га аддзялення канцэрта, дык тут рэй вялі пластычныя «галасы» колішніх выпускнікоў. Многія з іх цяпер кіруюць калектывамі, сярод якіх шмат ансамбляў, уганараваных лаўрэацтвам шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, уладальнікаў Гран-пры прэстыжных форумаў. Дастаткова назваць прозвішчы А.Карповіча, Н.Дзягель, Т.Семчанка, Н.Русакевіч.

 /i/content/pi/mast/3/69/Folk-Brejk4.jpg

«Мегаполіс» (харэаграфія Ю.Багарад).

Парадаксальна, але работы некаторых выпускнікоў, нягледзячы на іх прафесійны стаж і ганаровыя званні, падаліся менш цікавымі, чым студэнцкія. Бракавала вобразнай і пластычнай разнастайнасці, а часам і густу. Аднак былі і выключэнні -- танцавальны «хіт» В.Моўчана «Як я закахаўся»; вынаходлівая «Блытанка-разблытанка» А.Карповіча; «Падвоены ўдар» Н.Русакевіч, юныя выканаўцы якога ўзрушылі гледача такім «падвоеным» выбухам пластычнай і эмацыянальнай энергетыкі, што зала літаральна чула ад захаплення; лірычны дуэт-споведзь «Свечка гарэла» Л.Яфрэмавай у выкананні В.Карабань і Р.Калінкава і інш.
Здавалася б, пасля падрыхтоўкі такой буйной канцэртнай праграмы не грэх і адпачыць. Але літаральна праз дзень у Маладзёжным тэатры эстрады адбылося наладжанае сумесна з ансамблем кафедры харэаграфіі выступленне знакамітай амерыканскай брэйк-данс каманды «
HaviKoro». А ўслед за ім ансамбль узяў удзел у творчым вечары І.Дарафеевай у Мірскім замку і ў праграмах «Славянскага базару ў Віцебску». Вядзе калектыў перамовы пра новую пастаноўку з «Neta dance Company». Жыццё ў рытмах танца -- працягваецца…

 

                                                                                                Святлана УЛАНОЎСКАЯ