Такое простае шчасце

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Галоўная тэма 1960-х

/i/content/pi/mast/40/688/last.jpg

Георгій Меньшыкаў. Бацька і дачка. Фота. 1964.

Крок за крокам фатаграфічная анталогія «Адбіткі часу» наблізілася да падзей, сведкам якіх стала маё пакаленне.

1960-я! Краіна пераадолела жахлівыя наступствы вайны і развівалася ва ўсіх кірунках жыццёвай прасторы... Сусветныя фестывалі моладзі і студэнтаў, палёт Гагарына, бясконцыя новабудоўлі, новы кінематограф, Клуб вясёлых і знаходлівых, павальнае захапленне Рэмаркам, Хэмінгуэем і Аксёнавым. Маладыя паэты збіраюць поўныя стадыёны і бударажаць душы смелымі рыфмамі і вальнадумствам. Небагатыя, не заўсёды сытыя, але бясконца шчаслівыя гады маёй студэнцкай маладосці!

Новае пакаленне прыйшло і ў фатаграфію. Па вайне засталося шмат трафейнай тэхнікі: «Лейкі», «Ролефлексы», «Цэйс-Іконы», «Родэнштокі»... Айчынная прамысловасць паставіла на канвеер узноўленыя «ФЭДы», «Зоркія» і нават першыя «Зеніты». На Украіне выпускаюць перайменаваны ў «Кіеў» цудоўны «Контакс» са знакамітым «Юпітэрам-8». Фотаапарат па-ранейшаму прэстыжная, але ўжо даступная прылада. Яго часта ўбачыш у руках маладых, якія захапляюцца новым сродкам самавыражэння. Набірае сілу другая паваенная хваля фотааматарства. Арганізуюцца гурткі, у буйных гарадах (Маскве, Вільнюсе, Рызе, Ленінградзе...) — фотаклубы. Прычым самыя першыя з іх узніклі ў Львове і Мінску. Выходзіць дзясятае выданне кнігі Уладзіміра Мікуліна «25 урокаў фатаграфіі» — у цвёрдым каленкоравым пераплёце, асобнай старонкай — спіс ваенных карэспандэнтаў, што загінулі на вайне. Дапамагае фотааматарам новы часопіс «Советское фото», але сапраўдным уладаром дум становіцца чэшская «Фотография», што з 1959 года выходзіць і на рускай мове.

Галоўная тэма тагачаснага фота — чалавечае шчасце... Гэта, калі хочаце, дзяржзаказ. Станоўчыя эмоцыі, светлы вобраз сучаснасці... І калі ў штатных карэспандэнтаў гэта тэма вылілася ў афіцыёз — увасабленні з’ездаў, будоўляў і цаліны, то ў аматарскіх здымках усё нашмат прасцей і цяплей, больш набліжана да чалавека, да тых немудрагелістых падзей, з якіх складаецца звычайнае жыццё.

Здымак Георгія Меньшыкава «Бацька і дачка» — з гэтага часу. Пухлая дзіцячая рука на моцнай татавай спіне — такія сціслыя выяўленчыя сродкі ствараюць візуальны вобраз гэтага самага шчасця, зямнога і натуральнага. Пяшчота, абароненасць, дзіцячая любоў...

Гэта работа прынесла аўтару і ўсёй беларускай фатаграфіі поспех на знакавай міжнароднай выставе «За шчасце чалавека», арганізаванай у ГДР у 1968 годзе. Фатаграфія Меньшыкава была выбрана ў якасці застаўкі да аднаго з раздзелаў выстаўкі, увайшла ў выніковы альбом, а аўтар атрымаў прыз.

Георгій Меньшыкаў быў членам фотаклуба «Мінск» з першых дзён яго існавання. Усё, што ён рабіў, афарбавана густам і высокім майстэрствам. Ён распрацаваў эмблему клуба і фірменны стыль выставы «Фотаграфіка-71». Фатаграфічная спадчына гэтага майстра невялікая, але тое, што захавалася, заслугоўвае самай высокай ацэнкі. І памяці.

Напрыканцы — дзве дэталі з далёкіх шасцідзясятых.

Здымак Меньшыкава мае простую назву. Не «Пяшчота», не «Шчасце», што было б характэрным для таго часу, а — «Бацька і дачка». Уся справа ў позе, у якой паказаны персанажы. Калі б рука была не даччына, то такому твору ў сацрэалізме месца б не знайшлося. На вуліцах дружыннікі заклікалі да парадку парачкі закаханых толькі за абдымкі, а першы здымак у класічным жанры «ню» з’явіўся ў 1970-я.

І другое. Прыз выставы складаўся з кафейнага сервіза работы нямецкіх майстроў і блока плёнкі для слайдаў, знакамітай «ORWO CHROM». Так вось, пра сервіз хутка забыліся, а пра плёнку, велізарны дэфіцыт таго часу, згадвалі доўга. Меркантыльны бок жыцця быў далёка не галоўным, а вось тое, што патрэбна для творчасці, станавілася безумоўным прыярытэтам. Сёння ж мы пра гэта часта забываем...

Юрый Васільеў