Ад легенды да фантасмагорыі

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Траян і Паклітару: калегі і апаненты

/i/content/pi/mast/40/684/40.jpg

«Шчаўкунок». Руслан Баранаў (Драсельмеер), Эліна Віннікава (Мары).

У афішы аднаго месяца сустрэліся і нават аказаліся побач два зусім розныя харэаграфічныя спектаклі — апошняя прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета «Трыстан і Ізольда» на музыку Рыхарда Вагнера і паказаны сучаснай трупай «Кіеў мадэрн-балет» гастрольны «Шчаўкунок» на музыку Пятра Чайкоўскага. Па самім падыходзе да музычнай першакрыніцы, па інтэрпрэтацыі класічных сюжэтаў, пластычнай мове і стылі яны — антаганісты. Бо спрачаюцца, палемізуюць, нават у прынцыпе выключаюць існаванне адзін аднаго. Таму, каб расставіць усе кропкі над «і», рэдакцыя вырашыла змясціць меркаванні двух крытыкаў, Прыхільніка традыцый і Прыхільніка навацый. Іх дыялог занатавала Таццяна Мушынская.

Прыхільнік навацый: Калега, што вы скажаце пра гэтае суседства і пра спектаклі?

Прыхільнік традыцый: Шчыра кажучы, і разгублены, і азадачаны...

Прыхільнік навацый: Але ў любым выпадку парадуемся! І таму, што наша трупа нарэшце прадставіла цалкам арыгінальную работу (не ўзнаўленне і не новую рэдакцыю вядомага балета), тым больш у харэаграфіі Юрыя Траяна, свайго мастацкага кіраўніка. І таму, што Раду Паклітару, які 10 гадоў з’яўляўся салістам нашай акадэмічнай трупы, менавіта ў Мінску набыў балетмайстарскую адукацыю і пачаў ставіць першыя мініяцюры, здолеў нарэшце прэзентаваць сталічнаму гледачу свой поўнаметражны спектакль (а «Кіеў мадэрн-балет» ён узначальвае ажно з 2006 года). Напярэдадні мінскага паказу гэты спектакль убачылі гледачы Віцебска ў праграме Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі.

Прыхільнік традыцый: Давайце ўсё-такі пачнем з «Трыстана...». Задума Юрыя Траяна, які выступіў ініцыятарам пастаноўкі, падалася цікавай. На рашэнне звярнуцца да музыкі Вагнера, а яна на нашай сцэне гучыць рэдка (толькі ў 1977 годзе ягоная опера «Лаэнгрын» ставілася ў Мінску нямецкім рэжысёрам Карлам-Ханцам Фіртэлем), паўплывала тое, што сам танцоўшчык некалі выконваў партыю Трыстана ў аднаактовым балеце «Трыстан і Ізольда». Ад спектакля засталіся надзвычай рамантычныя фота. Менавіта падчас працы над сцэнічным узнаўленнем старадаўняй легенды і нараджаўся знакаміты дуэт Людмілы Бржазоўскай і Юрыя Траяна.

Прыхільнік навацый: Увогуле кельцкая легенда пра Трыстана і Ізольду мела безліч увасабленняў у мастацтве — у музыцы, тэатры, жывапісе. Але цікавая задума — адна справа, а вось адметнае яе ажыццяўленне — зусім іншая.

Прыхільнік традыцый: У спектаклі Траян сумясціў шмат функцый, выступіў аўтарам лібрэта і музычнай рэдакцыі, харэографам і пастаноўшчыкам. Ён прыдумаў пралог, у якім гучыць ягоны верш, увасоблены голасам Валерыя Анісенкі. Да ранейшай партытуры балета «Трыстан і Ізольда» дадаў уступ з 2-ой дзеі оперы (бо Вагнер напісаў менавіта оперу) і ўрыўкі з іншых твораў кампазітара. Музычная аснова спектакля робіць яркае ўражанне (дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Калядка), не ўзнікае нават думкі, што партытура складзена з розных фрагментаў.

Прыхільнік навацый: І не дзіўна! Музычная крытыка лічыць, што опера «Трыстан і Ізольда» — адна з вяршынь творчасці Вагнера і найбольш папулярны ягоны твор. Яркая і маштабная атрымалася сцэнаграфія, зробленая мастаком Аляксандрам Касцючэнкам. Атмасфера сярэднявечча ўзнікае ўжо тады, калі адкрываецца заслона і перад намі паўстае маляўнічае пано, на якім — велізарнае акно-разетка. Адразу ўзнікаюць асацыяцыі з гатычнымі храмамі Францыі і Германіі. І калі з дапамогай камп’ютарнай графікі (мастак Алена Ахрэменка) на сценах палаца з’яўляюцца вітражы царквы, гэта ўражвае. А вось «камп’ютарнае мора», куды ў фінале нібыта сыходзяць ад нягод і непаразуменняў закаханыя, падалося натуралістычным. Нездарма наведвальнікі інтэрнэт-форуму оперы і балета неаднойчы кпілі наконт таго, што фантан перад тэатрам закрыты (зіма, маразы), але тая ж вада бурліць і віруе на сцэне...

Прыхільнік традыцый: Да ліку ўдалых момантаў варта аднесці выразныя касцюмы, створаныя Элеанорай Грыгарук. У іх ёсць разумны баланс паміж гістарычнай дакладнасцю і зручнасцю, неабходнай для танца...

Прыхільнік навацый: Калега, мы ўсё ходзім вакол! Сцэнаграфія, касцюмы, візуальны шэраг... Гэта цудоўна, але галоўнае — канфлікт, вобразы герояў, пластычная мова, стыль. Чаму вы пра іх не гаворыце? Ці сумняваецеся ў ацэнках? Спектакль традыцыйны, вы — традыцыяналіст. Ён павінен вам спадабацца...

Прыхільнік традыцый: Абодва склады выканаўцаў цікавыя і адметныя. У гераіні Вольгі Гайко больш экспрэсіі і вастрыні ўспрымання рэчаіснасці. Разам з лірычным і адначасова мужным Дзянісам Клімуком яны ўтвараюць гарманічны дуэт. Ізольда Людмілы Кудраўцавай больш лірычная, як і варта было чакаць. Трыстан атрымаўся ў Антона Краўчанкі ўсмешлівым і рамантычным.

Прыхільнік навацый: На маю думку, замала танцавальнага матэрыялу для партыі караля Марка, якога танцуюць Юрый Кавалёў і Алег Яромкін...

Прыхільнік традыцый: Па сутнасці, спектакль складаецца з трох разгорнутых дуэтаў. Першы і трэці належаць галоўным героям, другі — дуэт Ізольды і Марка, дзе кароль імкнецца абудзіць у сэрцы жонкі пяшчотныя пачуцці.

Прыхільнік навацый: Світа таксама мае замала пластычнай лексікі, каб выявіць свой характар праз танец, — даводзіцца ўражваць касцюмамі і бляскам латаў. Змяняецца толькі геаметрычны малюнак, у адпаведнасці з якім выстройваюцца бароны...

Прыхільнік традыцый: Не разумею, чаму напрыканцы публіка апладзіравала неяк вяла? Але сцвярджаць, што мы прысутнічалі пры маштабнай і значнай падзеі, якая адкрывае ў мастацтве новыя далягляды, не вазьмуся...

Прыхільнік навацый: Як лібрэтыст, Траян мог выкарыстаць многія нечаканыя павароты сюжэта ў «Трыстане». Гэта надало б спектаклю дынаміку і імклівасць, якіх яму не стае. Траян засяродзіўся на пачуццях і ўзаемаадносінах герояў, але іх варта было паказваць у дынаміцы! Гэта па-першае. А па-другое, у свой час Раду Паклітару заўважыў: «Класічны танцоўшчык — гэта прысуд...» Ён меў на ўвазе, што выканаўцы класічных і сучасных партый, засвоіўшы на працягу многіх гадоў пэўную танцавальную лексіку, пачынаюць ёю ж карыстацца, калі пазней становяцца харэографамі. Юрый Траян у свой час быў яркім салістам. Потым — цікавым педагогам, бо шмат рэпеціраваў з маладымі. Адначасова — вопытным адміністратарам і дырэктарам трупы. У якасці харэографа працаваў няшмат. Некалі паставіў «Крылы памяці» (на музыку Уладзіміра Кандрусевіча), атрымалася досыць спрэчная работа. Цікавымі былі танцы, пастаўленыя ім у фільмах рэжысёра Леаніда Нячаева. Сярод харэаграфічных мініяцюр вылучаўся «Раманс дзекабрыста», яго часам і цяпер выконваюць у канцэртах тэатра.

Калі на прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала прэм’еры, прагучала пытанне да Траяна, якога стылю ён трымаецца як харэограф, той адказаў, што класіфікацыя — не ягоны клопат. Маўляў, ён зыходзіў з тых лексікі і пластыкі, якімі авалодала трупа на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Дазвольце некалькі цытат з інтэрнэт-форумаў оперы і балета, якія датычаць ацэнак «Трыстана...»: «Бедны на харэаграфічную лексіку спектакль. Суцэльнае дэжавю, сядзіш і здагадваешся, адкуль фрагменты. О, Тыль і Нэле... А вось і “Стварэнне свету” і г.д.»; «Псеўдапагібель Трыстана прымушае ўспомніць смерць Спартака ў Грыгаровіча»; «На фоне Эйфмана і Паклітару разумееш, што танцы на музыку Вагнера — гэта вельмі сумна і нудна...» Рэзкавата, але што паробіш...

Прыхільнік традыцый: На форуме ўсе смелыя!

Прыхільнік навацый: Але хапае і меркаванняў людзей, якія добра разбіраюцца ў мастацтве і дэталёва аналізуюць спектакль. Прычым назаўтра. «Разборы» станцаваных і праспяваных партый часам вельмі дакладныя. Пасля балетаў Эйфмана высокія эпітэты з’яўляліся невыпадкова.

Прыхільнік традыцый: Крытыка, наша і расійская, ужо не адно дзесяцігоддзе сцвярджае, што харэаграфія перажывае крызіс, што асоб мала. Што поспех пастаноўкі перадусім залежыць ад маштабнасці балетмайстра, здольнасці вынайсці новую і нечаканую пластычную мову.

Прыхільнік навацый: Самы час перайсці да гаворкі пра «Шчаўкунок»! Думаю, што вам, прыхільніку класічнай харэаграфіі, спектакль хутчэй за ўсё не спадабаўся...

Прыхільнік традыцый: Больш за тое! Вярнуўшыся пасля яго, хацелася паслухаць Чайкоўскага, а таксама паглядзець «Шчаўкунок» у пастаноўцы Елізар’ева. Бо тое, што мы бачылі, — гэта здзек з геніяльнай партытуры! Дзе паэзія, пяшчота?! Нічога няма... Толькі мышы, пацукі, запыленыя падвалы і паддашкі, дзе яны ладзяць сваё свята. Напрыканцы вакханаліі галоўная гераіня, Мары, замярзае па прыступках дома. Яе жаніхом, замест Шчаўкунка, аказваецца стары і аднаглазы Драсельмеер. І гэта калядная казка?! Жудасць... Спачуваю гледачам, якія прыйшлі на спектакль з дзецьмі...

Прыхільнік навацый: У праграмцы напісана: «Балет-фантасмагорыя ў 2-х дзеях для дарослых». Дый у афішы — тое самае. Іх трэба ўважліва чытаць. Жыццё жорсткае, а часам і жудаснае. Яно і адлюстравана на сцэне...

Прыхільнік традыцый: Мышы і пацукі бясконца цягаюць адно аднаго за хвасты. Разумею, што фалас, так бы мовіць, — гэта сакральна, але ж не цэлы спектакль! Надакучвае... А вы марыце, каб балет у далейшым развіваўся ў такім напрамку?! Каб у Паклітару былі паслядоўнікі?

Прыхільнік навацый: Не думаю, што ягоную пластычную мову вельмі лёгка паўтарыць!

Прыхільнік традыцый: Уражанне, што артысты наогул танцаваць не ўмеюць! Што за нязграбныя рухі? Што за дзікія скачкі?

Прыхільнік навацый: Наадварот! Віртуознасці і салістаў, і кардэбалету можна толькі падзівіцца! Перад намі пародыя на класічны балет. І, між іншым, яна многім падабаецца — вастрынёй мовы, стылю. Бо высмейвае перабольшаны, аж да немагчымасці, пафас і высакапарнасць, якія звычайна неаддзельныя ад класічных харэаграфічных форм і структур. Успомніце, як весела і непасрэдна рэагавала зала на дывертысмент 2-ой дзеі! У кітайскім танцы пацукі паўставалі барцамі сумо, іспанскі нагадваў пародыю на «Кармэн». А ў рускім пацук Зігфрыд забіў пацучыху Адэту з арбалета...

Прыхільнік традыцый: Гэта гвалт над класікай! Вы цытавалі крытычныя заўвагі, што з’явіліся на форуме ў сувязі з «Трыстанам...». Але вось цытата з таго ж форуму пра спектакль Паклітару: «А гэта быў балет?! Харэаграфія катэгарычна не спадабалася. Нейкая нязграбная малпіна пластыка. Гумар дзікаваты. Усё дзейства нагадвала пераднавагодні “капуснік”». Вось яшчэ водгук: «Галоўныя героі нейкія заклапочаныя сексам...»

Прыхільнік навацый: У адказ прывяду меркаванне вядомага расійскага балетнага крытыка Ганны Галайда: «Фестываль “Залатая маска” другі год запар абуджае Маскву пазаконкурснымі гастролямі “Кіеў мадэрн-балета”... Гэта ігра, немагчымая пры свінцовым піетэце нашых тэатраў перад класікай, выклікала доўгія і гарачыя авацыі. “Маска”, абраўшы кіеўскага “Шчаўкунка” для пазаконкурснай праграмы, выйграла». Заўважу, што наша публіка вітала кіеўскіх артыстаў гэтак жа горача.

Прыхільнік традыцый: Для мяне ў гэтым пэўная загадка...

Прыхільнік навацый: У «Шчаўкунку» няма прадказальнасці сцэнічных хадоў і сюжэта. Пластыка вельмі складаная, падтрымкі часам немагчымыя. Артысты сапраўды віртуозныя! Спектакль Паклітару можна прымаць, можна не прымаць — ад гэтага ён горш ці лепш не зробіцца. Але вы не будзеце аспрэчваць таго, што з Паклітару супрацоўнічаюць першакласныя мастакі — і Андрэй Злобін, аўтар сцэнаграфіі, і Ганна Іпацьева, мастак па касцюмах. І згадзіцеся, што пластычная мова «Шчаўкунка», пры ўсіх яе выдатках, прадуманая, закончаная, завершаная.

Прыхільнік традыцый: Парадзіраваць ці смяяцца з нечага — цяжэй, чым ствараць новае самому. Невыпадкова вам спадабаўся дывертысмент — невялікія нумары, сапраўды пастаўленыя дасціпна. А пачынаецца адажыа галоўных герояў — і высвятляецца, што для такой музыкі і для такіх узаемаадносін няма ў балетмайстра адпаведнай пластыкі. «Прыколы» — гэта цудоўна! Але на цэлы спектакль «прыколаў» можа не хапіць...

Прыхільнік навацый: У любым выпадку мы пашырылі свой далягляд і глядацкі вопыт. І пра пастаноўку Траяна, і пра спектакль Паклітару маем уласнае меркаванне. А калі новы твор выклікае ажыўленую дыскусію, згоду ці нязгоду, абурэнне, разгубленасць — гэта таксама сведчанне цікаўнасці і неабыякавасці. І публікі, і крытыкі...