Адвакаты чалавецтва

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Гуманістычнасць дакументальных стужак

Дакументальная праграма «Лістапада» была традыцыйна моцнай. Менавіта неігравое кіно надало кінапраграме фестывалю магутны жыццесцвярджальны імпульс.

Як і раней, дакументалістаў вабіць мастацкае асэнсаванне таямніцы чалавечага лёсу. Сапраўдным шэдэўрам уяўляецца нямецка-швейцарская стужка «Жанчына з пяццю сланамі» рэжысёра Вадзіма Ендрэйкі, дзе распавядаецца пра 85-гадовую перакладчыцу Святлану Гаер. Яна нарадзілася ў Кіеве, перажыла жахі Другой сусветнай вайны, Бабінага Яра, з’ехала ў Германію. Пяць сланоў, па словах гераіні, гэта пяць тамоў Дастаеўскага, перакладзенага ёю на нямецкую мову. Фільм вельмі прыгожы і па форме, і па змесце. Перад намі паўстае драматычны, але шчаслівы лёс унутрана цэласнага чалавека. Незвычайнае святло выпраменьваюць вочы гераіні, калі яна разважае аб працы перакладчыка ці паказвае цудоўныя вытанчаныя карункі, зробленыя рукамі яе бабулі. Жамчужна-шэры і вохрыста-карычневы тоны надаюць выяве «рэмбрантаўскі» каларыт і цеплыню старой фатаграфіі. Невыпадкова гэта своеасаблівае выказванне на тэму «Маё ХХ стагоддзе» атрымала Гран-пры фестывалю.

Дакументальнае кіно ў лепшых сваіх узорах не баіцца закранаць праблемы сённяшняга жыцця, якія ігравы кінематограф быццам не заўважае. Звычайныя людзі, што працуюць у вёсках і гарадах, змагаюцца з побытам, нараджаюць і выхоўваюць дзяцей, шукаюць сваё шчасце і знаходзяць яго, — такіх герояў практычна няма ў ігравых фільмах, але яны ёсць у дакументальным кіно.

Расійскі рэжысёр Яўген Саломін у карціне «Глыбінка 35х45» назірае жыццё сібірскай правінцыі. Для новых пашпартоў фатограф робіць здымкі жыхароў вёсак і пасёлкаў. Некаторыя перад аб’ектывам сцішваюцца, застываюць. Іншыя, наадварот, уключаюцца ў дыялог з гаваркім фатографам. Некалькі кадраў або сказаў — і акрэслена дыяграма канкрэтнага лёсу. 92-гадовая немка страціла родных падчас рэпрэсіяў, немалады селянін-працаўнік некалькі гадоў не бачыў «жывых» грошай, маргінальнага выгляду мужык напружана маўчыць. У выніку фатограф «зліваецца» з народам, скача на вяселлі і лашчыць сімпатычную маладзіцу. Апошняя сцэна канчаткова высвечвае ідэю фільма: міліцыянеры ўтылізуюць старыя пашпарты, спальваючы іх у печы. Выгінаюцца і знікаюць у агні чырвоныя вокладкі з надпісам «СССР». Змяняюцца часы, адна ўлада прыходзіць замест другой, а народ жыве сваім як быццам паралельным жыццём: гоніць статак раніцай на пашу, збірае ўраджай, спраўляе вяселле. Гэта стужка таксама стала лаўрэатам фестывалю.

Простыя чалавечыя гісторыі распавядае фільм «Асадне» (Славакія—Чэхія, рэжысёр Марка Шкоп). Невясёлая тэма раскрываецца з гумарыстычнымі ноткамі. Маленькая вёска Асадне паступова вымірае. Таму стараста і святар ідуць шукаць падмогі ў Еўрасаюз. Былы касманаўт, які займае высокі пост, абяцае дапамагчы. Другі аўтарытэтны зямляк таксама нешта абяцае. Але ўсё заканчваецца адкрыццём помніка, на які толькі і хапіла здабытых грошай: пад белай прасціной аказалася... нязграбная постаць мядзведзя.

Праз вёску Слемянцы ў адну з начэй 1946 года была праведзена мяжа, якая падзяліла суседзяў і сваякоў. Атрымалася так, што адна частка вёскі засталася ў Славакіі, другая апынулася ва Украіне. Пра гэта распавядае стужка «Мяжа» (Славакія, рэжысёр Яро Войтэк). З адлегласці ў сотню метраў людзі глядзяць скрозь слёзы на сваіх родных. Над галовамі памежнікаў сваякі крычаць адзін аднаму навіны: хто ажаніўся, хто памёр. Так мяжа прайшла і праз зямлю, і праз сэрца чалавека.

Метад вобразна-асацыятыўнай рэканструкцыі ў стужцы Альвара Петрыцыга «Маленькі апакаліпсіс» дазваляе распавесці пра людзей і падзеі закінутай вёскі на мяжы Славеніі і Італіі. Цяпер на яе месцы — толькі рэшткі дамоў, парослыя хмызнякамі. Галоўны змест мае гук: у віртуозным гукавым мантажы яднаюцца ўспаміны жыхароў вёскі, чуюцца іх галасы — ціхія і бадзёрыя, хрыплыя і звонкія. Гэтыя людзі жывыя, але галасы даносяцца быццам скрозь заслону часу, як гукавыя фантомы.

У беларуска-польскай стужцы «Днюка» (рэжысёры Андрэй Куціла і Аляксандр Налівайка), якая была паказана ў конкурсе маладога кіно, кранае кантраст палескай прыроды, прыгожых ландшафтаў — і ўбогасці п’яных мужыкоў, цярпення вясковых жанчын. Да «жаночай» часткі вёскі адносіцца і кабыла Наташа, на якую ўвесь час лаецца гаспадар.

Сёння кінематографу асабліва патрэбны станоўчыя, пазітыўныя героі. І такія фільмы з’яўляюцца. Павел Кастамараў — адзін з самых цікавых рэжысёраў сучаснага расійскага дакументальнага кіно — стварыў цудоўны фільм «Удваіх». У вясковай глушы жывуць украінскі мастак-самавук і яго жонка. Людзі немаладыя. Іх невялічкая хата стаіць пасярод пустак і садоў, удалечыні ад гарадоў. Яны займаюцца немудрагелістымі вясковымі справамі, хатнім побытам, здымаюць саспелыя плады са старых яблынь. Але ў гэтым звычайным жыцці ёсць унутранае святло. Мастак з рэдкім захапленнем выразае з дрэва фігуры архаічнага віду, імі запоўнены ўвесь дом. Трэба бачыць гэтага жвавага, каржакаватага мужыка, калі ён расстаўляе на падлозе сваіх драўляных лялек, піша каларытныя карціны ці чытае вершы. Ягоная мудрая Людачка пяшчотна клапоціцца пра свайго рыцара: носіць паленцы, робіць масаж, ціха супакойвае. Гэта свет багатых на талент, на каханне людзей, якім ніхто не патрэбны, акрамя іх саміх. Да таго ж яны ўпэўнены ў сваёй творчай місіі. Рэжысёр быццам прапануе паглядзець на існаванне герояў праз прызму самых банальных жыццёвых выпадкаў, якія выяўляюць эмоцыю чалавека. Простымі прыёмамі — камерай, якая назірае, і статычнай кампазіцыяй — ствараецца напружаная драматургія пачуццяў. А што можа быць больш цікавае ў мастацтве?

Рэальны кінематограф — гэта стужка без сцэнарыя, яна вельмі трывала прывязана да фактаў жыцця. Але з побыту нараджаецца эпас, з прозы — паэзія, дэталь становіцца сімвалам. Так адбылося ў фільме «Апошні канатаходзец Арменіі» (рэжысёры Арман Ерыцан, Іна Саакян). Канатаходства — старадаўні від народнага мастацтва, які паступова знікае. Фільм распавядае пра майстроў-канатаходцаў Жору Арменакяна і Князя Мгерана, якія спрабуюць адрадзіць сваю справу. Іх надзея — 17-гадовы Аўсеп. Менавіта ён з’яўляецца апошнім канатаходцам Арменіі. Некалькі гадоў старыя майстры навучалі маладога свайму мастацтву. На тросе, нацягнутым праз горную дарогу, праходзілі шматлікія трэніроўкі. Векавечныя горы быццам падтрымлівалі юнака ўласным подыхам. Хранікальныя кадры захавалі былое прыгожае і паспяховае жыццё, калі канатаходцаў прымалі ў кожным кутку краіны як самых дарагіх гасцей. Але часы змяніліся. Памёр адзін са старых. Малады не ведае, ці будзе ён працягваць гэтае ўнікальнае мастацтва. Аповед пра шматгадовую канкурэнцыю двух майстроў-канатаходцаў і пра іх узаемаадносіны з адзіным вучнем захапляе ўнутраным драматызмам. Невыпадкова стужка прызнана лепшым поўнаметражным неігравым фільмам «Лістапада».

Падзеямі дакументальнай праграмы Мінскага кінафестываля зрабіліся, на мой погляд, дзве нацыянальныя прэм’еры. Фільм Віктара Аслюка «Андрэй» распавядае пра мастака Андрэя Бялова, які піша незвычайныя карціны: аголеныя, неабароненыя чалавечыя фігуры змешчаны ў спустошаную прастору, дзе быццам ратуюцца ад натоўпу і соцыуму. За кадрам чуецца музыка Баха, гучыць тэкст апошняга інтэрв’ю Андрэя Таркоўскага, дзе вылучаецца адзін сказ: «Фільм — гэта малітва». Герой негаваркі, але выказваецца вельмі канкрэтна: «Я не веру ў Бога». Тым не менш ёсць пэўная супярэчнасць паміж яго словамі і справамі. На аматарскай плёнцы мы бачым, як ён плыве па рацэ, зрывае гарлачык, арганічна адчувае сябе ў прыродзе. Па сутнасці, яго карціны — таксама своеасаблівая малітва, якая адлюстроўвае дысгармонію ўнутранага свету.

Тэма духоўнага шляху дамінуе і ў карціне «Манашка» рэжысёра Галіны Адамовіч. Многія беларускія музыканты ведаюць імя Ірыны Дзянісавай — музыказнаўца, харавога дырыжора, кампазітара. Няпросты лёс — хвароба сына, страта мужа, выхаванне траіх дзяцей — быццам наканаваў гераіні назапасіць сілы для важнага кроку — сыходу ў Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску. Яе экранная споведзь кранае шчырасцю. З усмешкай глядзіць гераіня сваё даўняе тэлеінтэрв’ю: «Гэтая цёця ў ружовым швэдры не мае са мной нічога агульнага». Уражваюць унікальныя кадры пострыгу, які праводзіць Уладыка Філарэт. Гарманізацыі і духоўныя песні, напісаныя самой Ірынай, успрымаюцца ў фільме як іншы, унутраны пласт яе жыцця. Але да гэтага часу доўжыцца дыялог гераіні з Ігарам Мацюховым — бацькам яе дзяцей, былым мужам. Іх нядаўняя сустрэча ў Санкт-Пецярбургу, вонкава ідылічная, на самай справе поўная прыхаванага драматызму. Верыш унутранай сіле і стойкасці духу гэтай жанчыны.

Павага і спагада да чалавека адчуваюцца ў розных фільмах. Паэтычная стужка «Да запатрабавання» (Польшча, рэжысёр Марцэль Лазіньскі) расказвае, як штогод дзеці дасылаюць лісты Дзеду Марозу ці Богу. Гэтыя лісты-мары сартуюцца супрацоўнікамі пошты, потым здрабняюцца і становяцца папяровымі цюкамі. Але галоўнае адбываецца: лісты прачытаныя.

Споведзь наркамана, яго цяжарнай жонкі і маці, якія вераць у цуд выратавання, у цэнтры беларускай стужкі «Лямпа не гасне» рэжысёра Максіма Міхальцова. Ідэя адзінства народаў і культур пранізвае латвійскую стужку «Гукі пад сонцам» (рэжысёры Давіс Сіманіс, Гінтс Грубэ). Па замове харавога калектыву з Латвіі 17 кампазітараў свету складаюць песні пра сонца. Сімвалічныя пачатак і фінал фільма — узыход і захад сонца.

Кожная карціна дае надзею. Ад пачуцця аўтарскай спагады ўзнікае зваротная сувязь, глядач становіцца сааўтарам. Нездарма неігравое кіно ў сучаснай экраннай прасторы застаецца «адвакатам» чалавецтва і шукае доказы яго стваральнага, пазітыўнага пачатку.

Антаніна КАРПІЛАВА