Нябесная «Аіда»

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Ці пашчасціла вам калі адчуць прастору сцэны як жывую? Падчас рэпетыцый ці, можа, спектакляў? Гэта рэдка каму ўдаецца. Але ёсць час, нейкі дзіўны «час сцэны» -- у прамежку паміж ранішняй рэпетыцыяй і вячэрнім спектаклем, -- калі музыканты, схаваўшы інструменты ў футаралы, ціха гамонячы, развітваюцца да вечара; калі дырыжор, закрыўшы партытуру і лёгка саскочыўшы з подыума, раздае апошнія заўвагі салістам; калі ўсе неяк хутка знікаюць. Гэты час -- час таямніцы і глыбіні, нябачнага ўмельства і высокай прысутнасці. Яшчэ яго называюць Часам стварэння. Строгая чарада крэслаў і пультаў. Прыхінутыя да сцяны маленькія галовы грувасткіх кантрабасаў. Выгінастыя бакі літаўраў. Перакуленая валторна. Нотныя партыі. Партытура на дырыжорскім узвышэнні. Партытура Джузэпе Вердзі. Опера «Аіда».

Створаная 57-гадовым кампазітарам за няпоўныя пяць месяцаў на вяршыні славы і творчай магутнасці, «Аіда» сёння гучыць ледзь не ў кожным музычным тэатры свету.
Рэдкае пачуццё тэатру і невынішчальная музычная вынаходлівасць кампазітара, майстэрства

 /i/content/pi/mast/3/68/Nyabesnaja_Aida1.jpg

кампаноўкі сцэн і ўменне выкарыстаць уздзеянне чалавечага голасу сведчаць, што опера, напісаная на арыентальны, далёкі ад рэальнага жыцця сюжэт, і сёння хвалюе, уздымае, эмацыйна ўзрушвае нас, успрымаецца як высокі гімн каханню, вернасці і адданасці.
Жыццё чалавека, у канцы якога -- смерць, незваротнасць пачуццяў і думак, надзей і памкненняў, -- гэта для Вердзі заўсёды трагедыя і заўсёды тайна. Набліжэнне да гэтай тайны, захапленне вышынёй і нязломнасцю чалавека -- сутнасць створанай оперы. Адсюль -- яе магічнае ўздзеянне, незалежнае ад змен часу, сацыяльных акалічнасцей, жыццёвых умоў. «Падзеі ў маім жыцці -- гэта мае творы», -- услед за Бальзакам мог бы сказаць Вердзі. «Тварэнні геніяў -- падзеі нашага жыцця», -- гаворым услед за творцамі мы.

 * * *

«А-і-і-да-а-а…» Горад збіраў падзею, як ластаўка гняздо, з самых звычайных супадзенняў і падрабязнасцей. Афішы... гукі рэпетыцый... сінусоіды дырыжорскага жэста... сляпыя яшчэ сафіты... Чаканне...
Афішы паступова запаўнялі горад і прыцягвалі ўвагу каларыстычным лаканізмам. Гукі, народжаныя падчас рэпетыцый на сцэне філармоніі Дзяржаўным сімфанічным аркестрам, зводным духавым аркестрам, Дзяржаўнай харавой капэлай пад кіраўніцтвам Л.Яфімавай, няспешна пакідалі межы бетоннага збудавання і запаўнялі прылеглыя вулкі, бульвары і скверы.

/i/content/pi/mast/3/68/Nyabesnaja_Aida4.jpg
 І.Панамарэнка (Аманасра).

Складзеная па карцінах і мізансцэнах, счэпленая дасканаласцю дуэтных і харавых эпізодаў, бессмяротная опера вялікага італьянца паўстала гэты раз у канцэртным выкананні -- чыстай музыкай чыстай формы, не загрувашчанай такімі любімымі кампазітарам тэатральнымі эфектамі.
Гэтае чыстае тварэнне, аздобленае жамчужным, нябесным сапранавым
bel canto і завершанае не менш нябесным сольным гучаннем prima violino, упарадкаванае магнетычнай парабалай дырыжорскага жэста, пасля непрацяглага рэпетыцыйнага «накаплення» лёгка ўзнялося над горадам і мякка пераплыло на сцэну канцэртнай залы «Мінск», каб прызямліцца там і адбыцца летнім вечарам ліпеня 2007 года.

 * * *

Канцэртнае выкананне оперы -- папулярнае ў музычным свеце выкарыстанне жанру, якое дазваляе пашыраць сцэнічныя пляцоўкі. Менавіта яно дазваляе ўнікнуць сцэнічных штампаў, дапамагае перагледзець трактоўкі музычнага тэксту і засяродзіць увагу на музычна-вакальным баку оперы.
Тое, што А.Анісімаў звярнуўся напрыканцы сезона да «Аіды», радасна здзівіла. Здольнасць дамаўляцца з зоркамі еўрапейскай опернай сцэны і запрашаць іх для сумесных праектаў выклікае глыбокую павагу да маэстра і пачуццё шчырай удзячнасці. Клопат пра свайго слухача і пра пашырэнне музычных даляглядаў краіны, дбанне пра якасць культурнага асяродку, дый проста важкі «кавалак» інтэлектуальнай асалоды пры агульнай разбэшчанасці разняволенай безгустоўнасцю і другаснасцю -- ці не гэта аблічча сапраўднага высакародства і праява шчырай вернасці свайму прызначэнню?

 /i/content/pi/mast/3/68/Nyabesnaja_Aida2.jpg
 І.Крыкунова (Аіда).

Выбар «Аіды» -- яшчэ адно адкрытае прызнанне А.Анісімава ў любові да свайго аркестра. Дырыжора цікавіць усё, што тычыцца музыканта: дзе ён размесціцца, ці будзе яму зручна, як будзе выглядаць. «Нельга пазбаўляць твары святла, -- звяртаецца Анісімаў да мастака-асвятляльніка. -- Яны ж такія маладыя і прыгожыя!.. Іх павінны ўсе бачыць!» Але ў найбольшай ступені дырыжора вабіць музыка, дзе сімфанічны аркестр выступае галоўным персанажам. «Аіда» -- менавіта такая опера. Опера, дзе Вердзі ўпершыню надаў аркестру ледзь не першасную ролю -- пры ўсім сваім бясконцым і даўнім замілаванні хорам і бліскучымі галасамі прымадон. Ніколі раней Вердзі не ставіўся так уважліва да інструментоўкі, гарманічнай і драматычнай дакладнасці аркестравага суправаджэння, тут ён знайшоў свежасць каларыту і чароўную пейзажнасць, азначыўшы сімфанічны аркестр як прыналежнасць да фантастычнага свету.
І гучанне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра краіны ў гэты вечар сапраўды задаволіла самы тонкі слых, самага патрабавальнага слухача і дасведчанага прафесіянала. Уверцюра «Аіды» ажыла пад лёгкімі смычкамі струнных, кароткімі першымі фразамі асцярожна ступіла ў новую рэальнасць -- і стала зразумелым, што ўжо нішто не перашкодзіць нябеснай браме адчыніцца, а музыцы з вышыні высокага рэгістра ціха спусціцца да нас.

 * * *

Чалавечы голас -- Боская з’ява. І непаўторны абсалют, і ўсвядомленая свабода. Яго дыяпазон -- цялесная лесвіца Іакава, па якой анёлы струменяць уверх і ўніз. Голас -- яшчэ адзін доказ сімбіёзу чалавечай душы і Божай неабдымнасці. Калі чалавек адкідвае клопат побыту, крамы і натоўпу -- ён пачынае спяваць. Ісці па лесвіцы ў неба.
...З першых тактаў я адчуў, што магу знікнуць, памерці ад шчасця ўвабраць у сябе гэтую музыку. Горла нешта сціснула, слёзы лінулі з вачэй. Цэласнасць мая пачала распадацца. І з гэтай хвіліны ў кожным імгненні пачаў паміраць я Боскім уміраннем...» -- пісаў Верфель, аўстрыйскі пісьменнік.
Сучасныя оперныя прымадонны надзіва кантактныя і даволі сціплыя ў патрабаваннях асобы, якія маюць добрае пачуццё гумару і гатовыя на любыя творчыя эксперыменты рэжысёраў. На сцэне яны пачуваюць сябе ўтульна як на рэпетыцыях, так і падчас спектакляў.
Вядома, што першапачаткова Вердзі хацеў назваць сваю оперу ў гонар самага неадназначнага, супярэчлівага персанажа -- «Амнерыс» -- і толькі пры завяршэнні оперы памяняў назву. «На роль Амнерыс патрабуецца артыстка з вялікім драматычным талентам, якая пачувае сябе на сцэне разняволена і ненатужліва. Аднаго голасу, хай сабе і прыгожага, недастаткова для гэтай партыі».

 /i/content/pi/mast/3/68/Nyabesnaja_Aida3.jpg
 С.Скаласцічы (Амнерыс).

У Мінску партыю Амнерыс выконвала італьянская спявачка Стэфанія Скаласцічы, для якой канцэртнае выкананне оперы -- яшчэ адзін спосаб вызваліць свае прыродныя якасці і фантазію. Спяваючы партыю Амнерыс на сцэнах Канады, Германіі, Іспаніі, яна і на Беларусі пакінула след палымянай жарсці і пякучага паўднёвага тэмпераменту.
Эміл Іванаў (Радамес) на мінскай сцэне таксама ўпершыню.Свой досвед выступленняў на вядучых сцэнах свету -- Венскай оперы, міланскай «Ла Скала», лонданскага «Ковент-Гардэна» -- красамоўна пацвердзіў яркай і эмацыйнай трактоўкай партыі, нібы падпарадкоўваючыся патрабаванням самога Вердзі: «Для выканання маёй музыкі неабходны перш за ўсё агонь, душа, нерв, энтузіязм...»
Іван Панамарэнка (Аманасра), саліст Кіеўскай нацыянальнай оперы, народны артыст Украіны, пра якога кажуць: «Калі ёсць Панамарэнка -- можна ставіць Вердзі». Сапраўды, оперы Вердзі -- своеасаблівая рэпертуарная дамінанта аднаго з лепшых барытонаў свету. Гэта тычыцца і здзіўляючай арганічнасці ў разуменні, адчуванні прыроды кампазітара, а таксама дакладнага супадзення шырыні дыяпазону голасу, вакальнай культуры спевака з крытэрыямі аўтара «Аіды».
Вердзіеўскія персанажы вымагаюць наяўнасці не толькі незвычайных вакальных даных і майстэрскага валодання голасам, яркага акцёрскага тэмпераменту, але і ансамблевага майстэрства. І без удзелу беларускіх майстроў опернай сцэны -- Алега Мельнікава (Рамфіс), Алега Гардынца (Фараон і Ганец), абаяльнай і трапяткой Настассі Масквіной (Жрыца) -- карціна музычнага задавальнення была б няпоўнай. Заходнееўрапейскі оперны тэатр даўно практыкуе смелыя сцэнічныя трактоўкі класікі, і беларускія спевакі відавочна гатовыя да эксперыментаў, мастацкага куражу і пошукаў новых форм і неардынарных драматургічных увасабленняў.

 * * *

Bel canto, што залунала ў той вечар над сцэнай, залай, горадам, несла чароўны смутак і беспрытульную радасць, тужлівае дыханне недасягальнага і аддаленае супакаенне, боль і выратаванне. Яно пачувала сябе як дома, як можа пачуваць сябе доўгачаканы прыход дасканаласці -- па законе прыцягнення падобнага да падобнага.
Гаспадыня бездакорнага дару -- Ірына Крыкунова, прымадонна Растоўскага опернага тэатра, частая госця нашай філарманічнай сцэны. Мы будзем спадзявацца на яе сімпатыю да нашага горада, каб не апошні раз мець асалоду чуць яе голас, ад якога так лёгка траціш розум.

 * * *

Геніі не заўважаюць, як несвядома імкнуцца пераўтварыць уласныя пакуты ва ўсеагульнае шчасце. З вышынь свайго натхнення яны вяртаюцца, як з чужой краіны, і музыка -- іх ціхі расповед пра гэта.
Музыка адыдзе туды, адкуль сышла -- у нябёсы. Так і належыць «жыхарцы нетутэйшых мясцін». Але надыдзе час высокай неабходнасці -- і яна абярэ для свайго прыходу неабходнае аздабленне, і трапіць у неабходны час да тых, хто трапятліва яе чакае.

                                                                                                          Ларыса СІМАКОВІЧ

Фота Аляксандры Грахоўскай.