Ганна Сакалова, Алег Юшко

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Інтэрферэнцыі і трансфармацыі

Ганна Сакалова нарадзілася ў 1975 годзе ў Мінску. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча і манументальнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вучылася ў Нацыянальнай студыі сучасных мастацтваў у Францыі (le Fresnoy), у Акадэміі мастацтваў у Дзюсельдорфе (класы Даніэля Бюрэна і Давіда Рабіновіча), у Акадэміі медыя-мастацтваў у Кёльне (КНМ). У сваіх працах Ганна Сакалова імкнецца да пластычнага ўзаемадзеяння паміж арт-аб’ектам і навакольнай прасторай. Яна стварае site-specific інсталяцыі, якія ўключаюцца ў архітэктурнае асяроддзе і пераўтвараюць яго.

Алег Юшко таксама нарадзіўся ў Мінску, у 1974 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Акадэмію мастацтваў (HISK) у Генце (Бельгія). Фантасмагарычны свет Мінска паўплываў на яго ўспрыманне навакольнай рэчаіснасці: Алег пачаў шукаць і фіксаваць амаль немагчымыя сітуацыі і такія выпадковыя падзеі, тлумачэнне якіх можа быць неадназначным.

Ганна і Алег жывуць і працуюць у Дзюсельдорфе, рэгулярна робяць сумесныя праекты.

Сяргей Кірушчанка

 

 /i/content/pi/mast/40/678/16.jpg
 Ганна Сакалова, Алег Юшко. Калідор. Светлавая інсталяцыя. Святлодыёдныя лямпы, канструкцыя з металу. Мехелен, Бельгія. 2009.
Аня, твае апошнія работы мне цяжка ўявіць без удзелу Алега Юшко. Але і для цябе самой з пачатку тваёй творчасці быў характэрны адыход ад традыцыйнай формы — жывапісу, графікі, скульптуры.

Ганна Сакалова: Так. А прычына таму простая, гэта як у выпадку з Сезанам: дзякуючы «няўменню» маляваць ён вынайшаў кубізм. Я сябе з ім не параўноўваю, але яшчэ ў Акадэміі мастацтваў у Мінску страціла цікавасць да пералічаных табой форм творчасці і звярнулася да іншых медыя.

Тваё навучанне пасля заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў заняло, з невялікімі перапынкамі, 20 гадоў...

Ганна Сакалова: Сёння мне самой цяжка зразумець, як так атрымалася... Верагодна, у мяне адбываўся пошук паміж медыя і пластычным мастацтвам: пасля мінскага вучылішча і Беларускай акадэміі мастацтваў — рэзідэнцыя ў Босвіле, дзе я пачала працаваць з відэа, пасля le Fresnoy з акцэнтам на new media — акадэмія ў Дзюсельдорфе, дзе прыярытэты расстаўлены ў галіне пластычных мастацтваў. А пасля — КНМ, дзе зноў медыя выступае як асноўны выразны сродак.

У тваіх работах апошняга часу назіраецца прафесіяналізм асаблівага кшталту. Важна яго не эксплуатаваць, а ісці далей. І, мне здаецца, вялікую ролю ў тваёй працы іграе ўзаемадзеянне з Алегам Юшко. Вырашэнне тэхнічных аспектаў работ стала больш прынцыповым і моцным.

Маё пытанне да Алега. Адкуль у чалавека, які закончыў тэхнічную навучальную ўстанову, узнікла жаданне займацца мастацтвам? Прынамсі, толькі к трыццаці гадам у цябе з’явіліся першыя сур’ёзныя работы...

Алег Юшко: Хутчэй не работы, а ўдзел у выставах. Маёй прафесійнай адукацыяй стаў вопыт тэхнічнай падтрымкі, якую я аказваў мастакам. Гэта была асістэнцкая праца.

Я адчуў сябе іначай, калі трапіў у Акадэмію мастацтваў (HISK) у Генце. Падчас навучання штомесяц запрашаліся мастакі, крытыкі, куратары, паэты. Студэнт паказваў свае работы, і адбывалася іх абмеркаванне.

Для мяне найбольш яркім быў візіт балгарскага мастака Недка Салакава, які раней быў матэматыкам. Гэта сустрэча здарылася падчас майго другога года навучання ў Бельгіі, і мне ўжо было што паказаць, напрыклад, інсталяцыю «Welcome», якую я зрабіў з калючага дроту і размясціў над уваходам у культурны цэнтр Хандэльсберс, відэа «Frost Steps».

Я згадваю вашу светлавую інсталяцыю ў Мехлене...

/i/content/pi/mast/40/678/16-.jpg

Алег Юшко. Full Linen Jacket. Інсталяцыя. Цэнтр сучаснага мастацтва. Вільнюс, Літва.
2010.

Алег Юшко:
Гэта адбылося дзякуючы HISK, а менавіта — культуры «open studio». Раз на год у HISK праводзіцца такі дзень адчыненых дзвярэй. Там я і выставіў светлавую інсталяцыю «W-O-W». Яна ўяўляла сабой металічную раму (па форме нагадвала вароты) з замацаванымі на ёй трыма лямпамі дзённага святла, што пастаянна мігалі, нібы сапсаваныя. Але гэта было не так, імі кіраваў мікракантролер, які быў закадзіраваны сігналам азбукі Морзэ «W-O-W». Работа прызначалася для адлюстравання экспазіцыйнай сітуацыі павільёна HISK на міжнароднай выставе «Арт Брусель», быццам і незалежнай, але пры гэтым камерцыйнай.

Маю светлавую інсталяцыю «W-O-W» падчас «open studio» заўважыў куратар фестывалю светлавога мастацтва ў горадзе Мехлене. Ён і прапанаваў яе выставіць. У гэты час мы з Аняй думалі пра сумесны праект для выставы «Беларускае актуальнае мастацтва» ў галереі М’Арс — інсталяцыю «Калідор», — які з'явіўся развіццём нашай першай сумеснай работы «Embedded Structure»...

Ганна Сакалова: «Embedded Structure» (убудаваная структура) — прасторавая інсталяцыя са святлом. Ідэя працы заключалася ў змене выставачнай прасторы за кошт укаранення ў яе ўбудаванай канструкцыі і новай сістэмы асвятлення.

Алег, ці правільна мне здаецца, што ў тваёй творчасці прасочваецца тэндэнцыя чыста канцэптуальнага мастацтва — працы са словам, з выразам?

Алег Юшко: Хутчэй, не са словам, а са знакам. Пачну з ужо апісанай працы «Welcome» — для мяне гэта не слова, а знак. Было цікава, як можна змяніць значэнне, выкарыстоўваючы ясны для прачытання матэрыял. Матэрыял, які кажа лепш, чым слова.

Першапачаткова ж было слова?

Алег Юшко: Так, але гэта слова-знак.

Ты спрабуеш памяняць значэнні, стварыць новы знак?

Алег Юшко: Хачу паставіць пад сумненне і сэнс знака, і значэнне матэрыялу. Як і ў маёй апошняй працы, што з’яўляецца проста перакладам чужога тэксту (зборніка твораў Кірыла Лубянца) у кадзіроўку валапюк (перадача рускага тэксту лацінскімі літарамі). Я нічога свайго не прыўнёс. Бо нельга ж сказаць, што перавод у іншы шрыфт — таксама пераклад. Але ідэя тая ж самая, што і ў «Welcome».

Але пераўвасоблены тэкст набывае іншае значэнне, становіцца больш складаны, не такі адназначны...

Алег Юшко: Можа, наадварот: я яго спрасціў? Так, мне было цікава, як пры змене кірыліцы на лацінку зменіцца і яго ўспрыманне. Я называю гэта перакладам. Ідэя была ў тым, што мова, на якой размаўляе чалавек, фарміруе свет вакол яго. У гэтай гіпотэзы ёсць свае паслядоўнікі, але яна не з’яўляецца пануючай у сучаснай лінгвістыцы.

Не, тут, відаць, іншае: банальнае чытанне ты пераўтвараеш так, што яно ўскладняецца. Гэта, дарэчы, творчы падыход: розныя банальнасці ператвараць у мастацтва. Простыя словы і выразы ты можаш так пластычна змяніць, што яны набываюць зусім іншае значэнне.

Алег Юшко: Так, асабліва для рускамоўнага. Калі на шляху трапляецца такая немудрагелістая перашкода, як лацінскі шрыфт, яна тэкст крыху абстрагуе. І чытач зможа ўважлівей паставіцца да яго. Гэты важнае намаганне, якое даводзіцца чалавеку зрабіць для таго, каб штосьці зразумець.

/i/content/pi/mast/40/678/17.jpg

Ганна Сакалова. З серыі «Арнамент». Відэаінсталяцыя. 14 манітораў, 2 DVD-плэеры, люстэркі. КІТ. Дзюсельдорф, Германія. 2009.

Аня, да цябе пытанне. У апошніх працах ты таксама стала выкарыстоўваць тэксты — амерыканскага мастака Эда Рэйнхарда. Як ты прыйшла да гэтага творцы?

Ганна Сакалова: Можна сказаць, выпадкова. Андрэй Дурэйка вучыўся ў Герхарда Мерца, а ў апошняга тэксты Эда Рэйнхарда — настольная кніга. Неяк Андрэй палічыў, што і для мяне гэта можа стаць цікавым, і падараваў мне такую ж кнігу. Я не адразу пачала яе гартаць, але потым падоўгу перачытвала адзін і той жа тэкст. Для мяне гэта была нібы кніжка з малюнкамі... Семіётык Юрый Лотман называе такія тэксты кананічнымі. Па іх прачытанні ў галаве нараджаецца імпульс і паступае нейкая дадатковая інфармацыя. Незалежна ад зместу. Я лічу, што тэксты Рэйнхарда нясуць у сабе такі імпульс.

Мая першая работа з яго тэкстам — гукавая інсталяцыя. Зноў жа ўсё выпадкова склалася. У Кёльнскай акадэміі ёсць магчымасць выкарыстоўваць для выставы будынак былой царквы Святой Троіцы, якая размешчана паміж вучэбных карпусоў. Мне, як і кожнаму мастаку, было цікава зрабіць працу ў царкве. Я ўспрыняла гэту прастору як аб’ект, а мой твор павінен быў стаць часткай гэтага аб’екта. І ўсё гэта супала з чытаннем тэкстаў Эда Рэйнхарда. Частка іх завецца «арт-догмай». І мне здалося вельмі важным прамовіць радыкальны тэкст пра мастацтва ў сакральнай прасторы...

у дагматычнай...

Ганна Сакалова: Так, супаставіўшы кантэкст рэлігіі і мастацтва. І калі Алег назваў сваю працу «Азбука Абсурду» мінімальным умяшаннем — перакладам тэкстаў Лубянца з кірыліцы ў лацінку, то ў маім выпадку гэтым мінімальным умяшаннем было вымаўленне арт-догмы ў царкве.

Эд Рэйнхард вядомы тым, што вельмі шмат працаваў з чорным колерам. Канешне, ён быў знаёмы са спадчынай Малевіча, дый наогул амерыканскія паваенныя мастакі шанавалі яго... Што табе ў гэтай тэндэнцыі было цікава? Чаму ты таксама прыйшла да чорнага квадрата?

Ганна Сакалова: Рэйнхард чытаў усе тэксты Малевіча. Але далей: яго такі настойлівы паўтор у кожным тэксце: «анты-, анты-арт, нонаў-, нонаў-арт, ёсць толькі адно мастацтва»...— гэты манатонны паўтор вынайдзеных ім догмаў і паралельнае маляванне на квадратных фарматах гарызантальных і вертыкальных формаў... Увесь час ён казаў, што гэта не крыж, а «вертыкальная форма перакрэслівае гарызантальную». Такі пастаянны паўтаральны жэст, як у аркушах, так і ў жывапісе... Мне было важна зрабіць працу, у якой можна злучыць яго тэксты і палотны. Для мяне тэксты Рэйнхарда нашмат цікавейшыя і больш даюць, чым яго палотны, і я тэксты ўбачыла раней за палотны. І мне было важна іх перасекчы. Гэта работа — інтэрферэнцыя, узаемадзеянне дзвюх хваль. То-бок у мяне ідзе скрыжаванне чорнай квадратнай плоскасці і тэксту. На скрыжаванні ствараецца вібрацыя. І штосьці новае.

Гэта праца складаецца з трох цытат з творчасці Эда Рэйнхарда. Першая цытата — імя працы — гэта радок з яго тэксту: «Ёсць толькі адно мастацтва: адна форма, адзін квадрат, адно здзяйсненне, адна трансцэндэнцыя». Для мяне гэта пералік элементаў, з якіх складаецца праект, і адначасова — этапы яго стварэння. Другая цытата — тэкст «Пра адмаўленне» — энергія, якая, у прамым і пераносным сэнсе, рухае працу. Тэкст «Пра адмаўленне» быў прачытаны ўслых, запісаны ў гукавы файл і перакладзены ў паслядоўнасць імпульсаў, якія штурхалі чорную квадратную плоскасць. І трэцяя цытата — палатно Рэйнхарда «Абстрактны Жывапіс», форму і памер якога я паўтарыла ў сваёй працы. Гэтыя тры цытаты перасякаюцца і ствараюць чорны вібрыруючы квадрат памерам 152 на152 см.

Тэма арнаменту ў цябе ідзе паралельна з тэмай Рэйнхарда. Як гэта атрымалася? На аснове своеасаблівага разумення сутнасці арнаменту ты выставіла некалькі вельмі значных манументальных кампазіцый у розных грамадскіх прасторах.

Ганна Сакалова: Як ты зазначыў, гэтыя два кірункі паўсталі паралельна. Але тэма адна — манатоннага паўтору. Арнамент на гэтым і грунтуецца: адзін і той жа элемент, які адлюстроўваецца, паўтараецца, і за кошт гэтага ўтвараюцца бясконцыя структуры.

У адной прасторы ты выбудоўваеш вялікую колькасць манітораў па гарызанталі, у іншай — па вертыкалі. Ты спрабуеш за кошт аднаго і таго ж паўтаральнага малюнка задзейнічаць увесь абшар. Вызначыць яго і арганізаваць.

Ганна Сакалова: У аснове гэтай работы ляжыць адзін элемент, з якога ўсё вынікае: абстрактны прамень святла, што ў вызначаным рытме праходзіць скрозь экран, прычым вугал руху скрозь экран увесь час змяняецца. І за кошт гэтага ледзь прыкметнага зрушэння ўвесь арнамент пастаянна пераўвасабляецца. Арнамент такім чынам выбудоўваецца не толькі ў прасторы, але і ў часе ці, інакш кажучы, у галаве гледача.

Арнаментам я заву цэлую серыю інсталяцый, якія базуюцца на ўкараненні майго элемента ў розныя архітэктурныя прасторы. Я кажу, што мой Арнамент не з’яўляецца ўпрыгажэннем, а трансфармуе абшар у штосьці новае. Гэта адмысловы феномен, які мае свае ўласныя значэнне і каштоўнасць.

Пытанне да вас дваіх: ці цяжка было ўпісацца ў еўрапейскі кантэкст? Або, пражыўшы тут шмат гадоў, вы проста апынаецеся ў гэтым кантэксце?

Ганна Сакалова: Значна хутчэй за нас, якія «пражылі тут шмат гадоў», у еўрапейскі кантэкст можа ўпісацца паўднёвы афрыканец з імем Тата Адама, што робіць працы, якія нагадваюць прымітыўнае мастацтва. Будзь самім сабой — ды толькі не такім, як усе тут да цябе!

Алег Юшко: Не зусім так. Мы якраз абмяркоўвалі гэту праблему з адным літоўскім мастаком. Тата Адама — гэта зразумела: Афрыка, экзотыка. Што да постсавецкіх рэспублік, то трэба задавацца пытаннем: якому кантэксту павінны адпавядаць твае працы? Ці мусяць яны быць «афрыканскімі», па-асветніцку «мясцовымі»? Ці зможа ўспрыняць твае працы чалавек з еўрапейскай супольнасці, які не мае ніякіх пазнавальных інтэнцый? Наколькі будзе зразумела мастацтва, якое ў любым выпадку здольнае зацікавіць? Многіх з запатрабаваных мастакоў нельга назваць местачковымі... Іх працы могуць мець свой каларыт, але яны будуць еўрапейскімі.

Ганна Сакалова: Цяпер еўрапейскі кантэкст відавочна ссоўваецца ў бок фэшн-індустрыі, а каб упісацца ў гэту галіну, можна быць нават 13-гадовай дзяўчынкай, якая вядзе блог у інтэрнэце.

Ясна адно: упісацца ў еўрапейскі мастацкі кантэкст можна толькі ствараючы яго.

Якія праблемы беларускага мастацтва найперш кідаюцца вам у вочы?

Ганна Сакалова: Агульная праблема —адасобленасць. З якой, мабыць, вынікае нежаданне пазнаць і зразумець штосьці новае. Верагодна, таму некаторыя мастакі выглядаюць такімі самазадаволенымі.

Алег Юшко: Найболей відавочная праблема — малая пляцоўка для прэзентацыі мастацтва. Гэтая цесната вызначае і няведанне, і няўменне, і няздольнасць. Было б больш месца, не было б усё аднолькава...

І расквітнела б сто кветак… Кітайскі выраз...