Бог чыткі

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

У Цэнтры беларускай драматургіі

/i/content/pi/mast/40/676/11.jpg

Ганна Кушнер (Ева).

Напрыканцы снежня Тыдзень драматургіі ў Цэнтры беларускай драматургіі закрываўся чыткай п’есы Мікалая Рудкоўскага «Бог казытання». Выпадак рэдкі: чытка, што ў першы раз адбылася ў Магілёўскім драматычным тэатры, нядаўна ўзначаленым новым галоўным рэжысёрам Кацярынай Аверкавай, паўтарылася ў іншым горадзе. Што дае нагоду паразважаць наконт гэтай мастацкай з’явы.

На маю думку, «чытанне драматычнага твора з паперы, якое прадугледжвае прысутнасць гледачоў», — доўгае і грувасткае тлумачэнне цэлага тэатральнага жанру, што канчаткова аформіўся ў пачатку ХХІ стагоддзя. «Эскіз спектакля», «прэзентацыя п’есы», «анлайн», «бліц-пастаноўка» — называцца падобная акцыя можа па-рознаму. Сутнасць у тым, што дастаткова вялікая аўдыторыя мае патрэбу пазнаёміцца з драматургічным тэкстам, а вытворцы пры гэтым не маюць магчымасцей для рэалізацыі паўнавартаснага спектакля.

Часцей за ўсё мы атрымліваем сціплы, недасканалы прадукт, па якім можна хіба толькі ўявіць гіпатэтычныя абрысы будучай пастаноўкі. Але менавіта жорсткія ўмовы (невялікая колькасць рэпетыцый, адсутнасць сцэнаграфіі і касцюмаў) мабілізуюць фантазію рэжысёраў, якія часам адыходзяць ад простага ўзнаўлення тэксту. Сярод найбольш заўважных і цікавых чытак беларускіх п’ес, здзейсненых цягам апошніх гадоў, — «Сталіца Эраўнд» Сяргея Гіргеля. Дарэчы, пастаўлены пазней у РТБД спектакль так і не аброс паўнавартасным сцэнічным «мясам», але захаваў галоўнае — востры канфлікт двух персанажаў. Павел Харланчук і Таццяна Арцімовіч знайшлі ключы да п’ес Паўла Пражко «Ураджай» і «Жыццё атрымалася» менавіта за кошт пераасэнсавання аўтарскага тэксту. Падчас чыткі яны прадстаўлялі аўдыторыі амаль што гатовыя спектаклі.

Узаемадачыненні рэжысёра Кацярыны Аверкавай і драматурга Мікалая Рудкоўскага таксама маюць сваю гісторыю. Некалькі год таму ў рамках майстэрні маладой рэжысуры падчас фестывалю «М.art.кантакт» Аверкава рабіла прэзентацыю п’есы Рудкоўскага «Ана і ананас». Рэплікі галоўнай гераіні Аны рэжысёр падзяліла паміж некалькімі актрысамі. Рэжысёрскі прыём даў плён, п’еса загучала сучасна, яскрава, па-маладзёжнаму, у ёй пачалі пералівацца самыя розныя сэнсы. Крытыкі пасля паказу ўпрошвалі і настойвалі, каб малады рэжысёр увасобіла на сцэне Магілёўскага тэатра паўнавартасны спектакль. У тым, што яе прызначылі галоўным рэжысёрам гэтага тэатра, лічу, таксама ёсць рэха той самай чыткі.

«Бог казытання» Мікалая Рудкоўскага быў прадстаўлены ў рамках аўтарскага праекта Кацярыны Аверкавай, які яна назвала «Чытанні: сучасная п’еса на малой сцэне тэатра». Кожны месяц у Магілёве ў эксперыментальных умовах будуць праходзіць чыткі і абмеркаванні новых беларускіх п’ес. Ідэя шматфункцыянальная: рэжысёр знаёміцца з акцёрамі, акцёры знаёмяцца з рэжысёрам, і ўсе — разам з публікай — знаёмяцца з драматургам.

Кожны з чатырох герояў «Бога казытання» перажывае сапраўднае перараджэнне. Малады фотамастак з цяжкасцю вяртаецца да жыцця, калі сустракае чалавека, вельмі падобнага да свайго загінуўшага каханка. Стасункі развіваюцца імкліва, трагічная развязка не здаецца такім ужо лагічным вынікам, але да яе прыводзіць сама атмасфера, у якой жывуць героі: прага кахання, сапраўдных узаемаадносінаў і адначасова сціпласць у выяўленні эмоцый

Чытку «Бога казытання» Аверкава паклала на жорсткі патрабавальны саўндтрэк, якому пазайздросціў бы любы кінарэжысёр. Нягледзячы на тое, што п’еса разлічана на камерную атмасферу, у ёй ёсць моцны пульс, імгненная змена настрояў.

Аверкава цудоўна адчувае кантрапункты твора. Напрыклад, у пачатку другой дзеі высвятляецца, што Ева (Ганна Кушнер) цяжарная ад Ільі (Ігар Ламановіч). Героі ахоплены радасцю, але менавіта яна раскрывае зацыкленасць Ільі на мінулым, жаданне, каб усё паўтарылася, што не супадае з імкненнем Евы да чагосьці новага. Радасць знікае. Паўза. Музычны лад змяняецца. Гучаць крыўдныя абвінавачанні.

Хоць рэпетыцый перад паказам адбылося няшмат, усяго пяць, кожны акцёр — пераканальны. Руслан Кушнер іграе Ціма, 21-гадовага хлопца, адмоўная энергетыка якога мацуе канфлікт паміж ім і астатнімі персанажамі. Ягоны «бог казытання» — у нечым анёл смерці. Людміла Гурына так сыграла маці галоўнага героя, што сямейны аспект гэтай гісторыі (дзе ўзняты праблемы і секс-меншасцей, і працоўных мігрантаў, і СНІДа) набыў асабліва вострае гучанне.

Адзінае, што тэкст цалкам губляе ў такой трактоўцы, — гэта культурны падмурак. П’еса складаецца з частак, кожная з якіх называецца паводле знакамітай казкі ці біблейскага эпізоду («Чырвоная шапачка», «Папялушка», «Гефсіманскі сад» і іншыя). У чытцы яны засталіся проста абвесткамі, своеасаблівымі тлумачэннямі для гледача. Дый увогуле Рудкоўскі стварыў тэкст, які прадугледжвае вельмі насычаны візуальны шэраг. Фатограф Ілья здымае мадоннаў: гэтыя фотаздымкі з’яўляюцца неад’емнай часткай сюжэта, пэўным чынам праграмуюць візуальны складнік п’есы.

Асабіста для мяне гэты паказ стаўся сапраўднай падзеяй. Упэўнены, што рэжысёру давялося пераадолець шмат цяжкасцей для рэалізацыі праекта. Затое вынік удалы і пераканаўчы. Ён дае надзею, што тэатральны Магілёў узбагаціць культурную карту краіны новымі яскравымі фарбамі.

Аляксей Стрэльнікаў