У пошуках фармату

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Фестываль «TERRA NOVA»

/i/content/pi/mast/40/675/10.jpg

Ала Няхайчык (Беларусь). Формула шкла. Прынт. 2010.

ІІ Мінскі міжнародны фестываль лічбавага мастацтва «TERRA NOVA» сабраў удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Сербіі, Малдовы, Літвы, Эстоніі і Нарвегіі. На выставачных пляцоўках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі размясціліся экспанаты, што прадстаўлялі лічбавую фатаграфію і камп’ютарную графіку. Цягам месяца ў канферэнц-зале праходзілі прагляды конкурсных прац у пяці відэа-намінацыях.

Сваёй структурай фестываль паўтарыў папярэдні. Але калі год таму экспазіцыя фатаграфіі была самай невыразнай, то гэтым разам мастакі мабілізаваліся і прэзентавалі сваю творчасць больш маштабна і пераканальна.

Гран-пры за серыю работ атрымаў Рамунас Грыкевічус (Літва). Дыпломы першай ступені за майстэрства ў камп’ютарнай графіцы былі ўручаны Ларысе Кулік (Расія), Эвальдасу Іванаўскасу (Літва), Але Няхайчык (Беларусь). Лідарамі ў намінацыі «Лічбавае фота» былі прызнаны беларускія фатографы Вадзім Качан (серыя «Жалюзі») і Ганна Бабіцкая (серыя «Where the Wild Things Are»).

У цэлым фотамастакі засведчылі сваю цікавасць да пытанняў самапазнання, эстэтыкі і экзістэнцыі. Сацыяльныя аспекты жыцця ў рамках фэсту засталіся па-за іх увагай.

У параўнанні з досыць прафесійнай фотапанарамай відэаблок «TERRA NOVA» выглядаў значна слабей. З дзясяткаў фільмаў журы насілу вылучыла тры вартыя абмеркавання працы. А ў намінацыі «кароткі метр» увогуле адбылося беспрэцэдэнтнае — члены журы аднагалосна адмовіліся ад прысуджэння ўзнагароды. Можна прад’явіць прэтэнзіі не толькі да аўтараў фільмаў, але і да адборачнай камісіі фестывалю. Калі няма яснага тэматычнага і эстэтычнага рэгламенту для конкурсу, выразна пазначаных межаў паміж «відэа-артам» і «кароткім метрам», праграма непазбежна запаўняецца абсалютна выпадковай прадукцыяй, знятай на лічбавую камеру. Аж да заказных карпаратыўных фільмаў, якія па вызначэнні не маюць ніякага дачынення да гэтай імпрэзы. Адсутнасць адзінага праекцыйнага стандарту таксама стварае пэўныя нязручнасці.

Што ж тычыцца творчых задач, напаўнення лічбавай прасторы ідэямі і сэнсам, то тут паўстае пытанне больш сур’ёзнае. І першы, і другі фестывалі паказалі, што камп’ютарныя тэхналогіі не ў стане кампенсаваць адсутнасць яснай думкі і выразнага сюжэта. На жаль, агульная бяда аўтараў медыйнага мастацтва — коснаязыкасць, няўменне ўцямна выказаць свае ідэі і эмоцыі. Але некалькі аўтараў бліснулі знаходкамі і заслужылі годнай адзнакі.

Дыпломы першай ступені атрымалі Сяргей Варапаеў (рэклама), Алена Бірукова (кліп), Яўген Сысоеў (відэа-арт), Міхаіл Тумеля (анімацыя). Адчувальны недахоп відэа-конкурсу — адсутнасць у ім замежных аўтараў.

Арганізацыйныя і фінансавыя праблемы не дазваляюць «TERRA NOVA» стаць падзеяй яркай і аўтарытэтнай. Выставачныя прасторы Нацыянальнай бібліятэкі далёкія ад экспазіцыйных патрабаванняў галерэй сучаснага і лічбавага мастацтва. Немагчымасць дэманстраваць відэаінсталяцыі, якія вымагаюць спецыяльнага абсталявання, перашкаджае фестывалю прадставіць увесь спектр «лічбы». Усе тэхнічныя пытанні здымаюцца тады, калі іх вырашэнне з’яўляецца складовай часткай працы музея, цэнтра ці галерэі. Сур’ёзная праблема — дастаўка арыгінальных прац з-за мяжы. Беларускія аўтары яшчэ могуць прадставіць сваю творчасць у тым фармаце, у якім яна існуе. Але замежныя ўдзельнікі і ўсе гледачы змушаны здавольвацца раздрукоўкамі. Ад гэтага церпяць якасць і відовішчнасць экспазіцыі. Прафесіянал здатны ацаніць вартасці працы, прадстаўленай у любым памеры, але шырокі глядач — наўрад. Тым больш калі замест вялізнага палатна яму прапануюць друкаваны адбітак фармату А3.

Дапрацоўкі патрабуе і сама канцэпцыя фэсту. Без акрэсленай спецыфікі мінская імпрэза далей за штогадовую міжнародную выставу не прасунецца.

У наяўных тэхнічных і фінансавых умовах фестываль «TERRA NOVA» мог бы стаць міжнароднай пляцоўкай для паказу творчасці моладзі і студэнтаў мастацкіх навучальных устаноў. Такое развіццё яго патэнцыялу ўяўляецца мне найболей верагодным.

Гэта — адзін з магчымых фарматаў.

Але ў любым выпадку павінна адбыцца ўзроставая і прафесійная дыферэнцыяцыя, каб быў выключаны ўдзел у адным конкурсе і «сямейнікаў-умельцаў», і прафесіяналаў з кінастудыі.

Адным словам, арганізатарамі «TERRA NOVA» зроблена нямала, але павінен адбыцца крок наперад. Магчыма, наступным разам палепшыцца фінансаванне, што дазволіць фэсту правесці годную рэкламную кампанію. Сёлета яна была на рэдкасць сціплай.

Галоўныя высновы ІІ Мінскага міжнароднага фестывалю «TERRA NOVA»: лічбавае мастацтва становіцца паўнавартаснай культурнай з’явай, што злучае традыцыю з перспектывай; наш горад мае вострую патрэбу ў стварэнні Цэнтра сучаснага мастацтва.

Валерый Вядрэнка