Рух формы і гульня фактур

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Метал, кераміка, шкло...

/i/content/pi/mast/40/672/keramika.jpg

Тамара Юркевіч. Дэкаратыўныя скрыначкі. Фаянс, высокі абпал, глазуры. 2009.

У 2009 годзе адбылося Першае беларускае трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і плаката, якое выклікала шмат справядлівых папрокаў у адсутнасці адкрыццяў, у страце прафесіяналізму. Нельга сказаць, што за прамінулы час адбыліся істотныя змены, аднак на апошняй справаздачнай выставе секцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (якая праходзіла адначасова з ІІ Беларускім біенале жывапісу, графікі і скульптуры) праявіліся выразныя тэндэнцыі руху. Размешчаная ў невялікай адасобленай зале Палаца, гэта выстава мела сваю афарбоўку — была спакойнай, сур’ёзнай і здавалася замкнёнай на ўласных творчых праблемах. Нягледзячы на даволі стандартны набор экспанатаў (габелен і тэкстыль, скульптурная керамічная пластыка, шкло) і адсутнасць нечаканасцей і моцных пачуццяў, самапаглыбленая атмасфера экспазіцыі настройвала гледача на павольнае сузіранне, на ўвагу да кожнага твора, пранікненне ў яго вобразны свет.

Пачынаючы з 1990-х гадоў — пасля знікнення пастаяннай практыкі замоў і працы на базе буйных дзяржаўных прадпрыемстваў — стан беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва можна ахарактарызаваць як перыяд «пасіўнага чакання». Застой найперш выявіўся ў адсутнасці вострай творчай і дзелавой скіраванасці, у з’яўленні (гэтак жа, як і ў іншых відах мастацтва) вялікай колькасці чыста дэкаратыўных, бяздумных, нават адкрыта кічавых прац. Не пераацэньваючы значнасць цяперашняй выставы, трэба канстатаваць, што яна парадавала як прафесійным узроўнем прадстаўленых твораў, так і праяўленай тэндэнцыяй адыходу мастакоў ад банальнасцей і ўпрыгажэнняў.

У першую чаргу гэта датычыцца ткацтва (на леташняй выставе яго крытыкавалі найбольш), якое прадэманстравала дастатковую разнастайнасць вобразных і сімвалічных рашэнняў у межах адзінай мастацкай сістэмы, а таксама паступовы перанос акцэнтаў з кідкіх умоўна-аплікатыўных прыёмаў на раскрыццё зместу праз пластыку і каларыт. У адрозненне ад прыбалтыйскага габелена, які заўсёды вылучаўся пафасам засваення новых прыёмаў, што выконвалі эстэтычныя функцыі, беларускае ткацтва, пачынаючы з самой сістэмы навучання мастакоў, цесна звязана з жывапісам і знаходзіцца бліжэй да класічнага разумення «шпалеры», што асацыюецца з ураўнаважанасцю, гармоніяй, дбайнасцю выканання. Гэтым тлумачыцца адсутнасць у беларускім габелене сфармаванага «канцэптуальнага» кірунку — трохмерных арт-аб’ектаў, т.зв. «тэкстыльнай пластыкі». Сучасны стан габелена складаны і супярэчлівы: адбыліся страта арыентацыі гэтага мастацтва на вызначанае асяроддзе, аддаленне яго ад архітэктуры і «станкавізацыя». «Дэкаратыўны» кірунак ткацтва, які развіваецца ў рэчышчы сцвярджэння духоўнай самакаштоўнасці прыкладных твораў, быў прадстаўлены ў экспазіцыі досыць разнастайна і якасна: габелен як карціна, выкананая сродкамі ткацкага рамяства (Людміла Пуцейка, Святлана Бараноўская), вольная жывапіснасць як асацыятыўна-філасофскае асэнсаванне стану прыроды (Ларыса Густава, Вольга Грыдзіна, Ларыса Зуева), камерны варыянт дэкаратыўна-манументальнага стылю, што ідзе ад 1970—1980-х гадоў (Ніна Пілюзіна, Валянціна Крывашэева, Наталля Сухаверхава, Таццяна Белавусава-Пятроўская).

У гэтым шэрагу цікавасць уяўляў своеасаблівы абстрактны тканы жывапіс, у якім алегарычны і сімвалічны змест перадаецца як каларыстычнымі сродкамі гладкага ткацтва з невялікім украпваннем фактуры (Людміла Пятруль, Святлана Абрамовіч), так і праз выкарыстанне сучаснай рытмікі, выяўленай у зрушэннях, прарывах плоскасці, каляровых і тэкстурных кантрастах (Таццяна Якаўлева, Наталля Лісоўская), хоць у гэтым кірунку хацелася б бачыць больш вольнасці і нязмушанасці ў працы з матэрыялам, з палітрай фактур і тэкстур, даступнай сучаснаму ткацтву.

Яшчэ адной прыкметнай тэндэнцыяй становіцца зварот мастакоў да глыбінных вытокаў, да архаікі і формаўтваральных прынцыпаў народнай творчасці, пластычная і эмацыйная мова якой становіцца сугучнай сучаснаму вобразнаму мысленню (Алена Обадава, Ала Непачаловіч, Валянціна Грыгарышына, Наталля Кімстач, Антаніна Гуршчанкова).

Арыентацыя на мастацкае адзінства рэчы, цікавасць да самой прадметнасці, да першапачаткова закладзенай у ёй метафары судакранання з прыродай, да якасці матэрыялу і яго асацыятыўнай актыўнасці існуюць і ў ляпной кераміцы, дзе ўтылітарнасць усё больш саступае месца вобразнай форме з нечаканымі дэталямі, якія можна атрымаць, толькі калі ствараеш рэч сваімі рукамі. Вазы і іншыя ляпныя пасудзіны становяцца блізкія да скульптуры па пластычнасці сваіх аб’ёмаў, прастата якіх стварае фон для выяўлення вартасцей колеру і фактуры (Тамара Юркевіч, Леанід Малышаў). У многіх — наскрозь «керамічных» — рэчах цудоўна выяўлены матэрыял (Яўгенія Мусінская, Яўген і Фаіна Хаменічы, Ірына Грыгарышына, Ірына Шчасная), у іншых ён адыходзіць на задні план, а перавага аддаецца жывапісным (Алёна Кудраўцава, Леанід Рыжкоўскі) ці пластычным (Наталля Яўглеўская) задачам. Шэраг твораў можна аднесці да кампазіцыйнай скульптуры, зробленай на стыку чыстай формы і жывапіснасці. Фантазія ў рабоце з формай, жывая «рукатворнасць», вынаходлівасць характэрны для прац Ліліі Нішчык, Тамары Курачыцкай, Уладзіміра Андрыянава, Алега Ткачова, Валерыя Калтыгіна.

Работы ў шкле складалі найбольш цікавую частку экспазіцыі і вылучаліся пэўнай навізной вобразна-пластычных знаходак. Сканцэнтраваная ў цэнтры залы шклопластыка — застылыя, выкананыя ў простым белым шкле мудрагелістыя формы і лаканічныя аб’ёмы, цякучыя, рухомыя сілуэты, якія вырастаюць накшталт скульптуры, супастаўленне каляровага і бясколернага шкла, што выяўляе адносную каштоўнасць кожнага, — была сапраўды аўтарскай і нароўні з умоўнымі формамі ўяўляла вобразныя рашэнні, якія не патрабуюць тэхналагічных навацый (Фёдар Шастак, Эмілія Фокіна). Тонкае і глыбокае разуменне шкла як матэрыялу ўласціва абстрактна-сімвалічным кампазіцыям Таццяны Малышавай, Галіны Сідарэвіч. Менавіта ў гэтай частцы выставы можна было ўбачыць дасціпныя спалучэнні матэрыялаў і спробы канцэптуальных рашэнняў (Вольга Сазыкіна, Алена Атрашкевіч, Вераніка Віткоўская, Сяргей Белавокі), у якіх прадметная выява паўстае як унутранае ўзаемадзеянне аб’ектаў і, адначасова, як частка прасторавага асяроддзя.

Любая выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — гэта найперш экспазіцыя вобразных рашэнняў. Справаздачная выстава секцыі відавочна паказала, што сёння гаворка ідзе не толькі пра творчае выяўленне сябе і часу, але і пра новыя спосабы ажыццяўлення сінтэзу прадметных і дэкаратыўных формаў з прасторай і архітэктурай. І толькі індывідуалізацыя мастацкай творчасці, канцэптуальнасць рашэнняў пры бездакорнай тэхніцы, якасць якой сама па сабе становіцца эстэтычнай каштоўнасцю, могуць спарадзіць у беларускім прыкладным мастацтве новы кірунак, здольны быць арганічна прышчэпленым на шматвяковы ствол матэрыяльна-тэхнічнай культуры.

Марына Эрэнбург