Жыццё як яно ёсць

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Напрыканцы лета нарэшце ўзмацнілася актыўнасць выставачнага жыцця, і галерэі горада прапанавалі нам шэраг цікавых фатаграфічных экспазіцый. З іх я б найперш вылучыла экспазіцыю французскага фатографа Джэфа Баніфаціно (Jef Bonifacino) у гарадской галерэі Л.Шчамялёва.

 /i/content/pi/mast/3/67/Zhycce-jak-jano1.jpg
 Д.Баніфаціно. Уладзімір Парфянок.

Выстаўка складалася з дзвюх частак: партрэты прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты і гарадскія краявіды Мінска. Але нельга зразумець гэтую выставу, не ведаючы яе прадгісторыю. Джэф стаў займацца фатаграфіяй каля дзесяці гадоў таму, яму тады было дваццаць. Доўгі час спалучаў яе з рознымі сваімі зацікаўленнямі -- літаратурай, тэатрам, але ўжо два гады як фатаграфія -- яго сталы занятак. Апошнія творчыя праекты, сярод якіх і мінскі, маюць сваю агульную логіку і арганічна перацякаюць адзін у аднаго. Але ў аснове іх -- выразная пазіцыя і адметны светапогляд творцы. Джэф ездзіў у Бурацію, зацікавіўшыся самабытнай культурай, будызмам і шаманізмам, назіраючы і выяўляючы рэчы, якія здаваліся яму істотнымі. Пасля тры месяцы вандраваў па роднай Францыі, пехатой з Ніцы ў Роскаў, пазбягаючы турысцкіх мясцін. «Мне хацелася прымаць рэальнасць такой, якая яна ёсць... Я шукаў дадатковага пункту гледжання, змены погляду, каб пасля даць гледачу магчымасць самастойнага эксперымента, які б дазволіў паставіць пад сумненне сам спосаб бачання намі свету». Так узнікла серыя паводле кельцкіх легенд.
Беларускі праект нарадзіўся пасля таго, як Джэф Баніфаціно прачытаў у «Le Monde» артыкул пра нашу краіну, напісаны, на яго думку, дзеля сенсацыі і жадання выклікаць у чытача пачуццё жалю. «Я быў упэўнены, -- казаў пасля Джэф, -- што людзі ў вас, нягледзячы на ўсе тыя праблемы, пра якія я чытаў у навінах, шукаюць свае ўласныя ісціны, што напэўна ж ёсць у Беларусі мастакі, журналісты, людзі палкія, творчыя -- гэта значыць, ёсць набыткі краіны, пра якія не гаварылася».
У выніку паездкі паўстала серыя партрэтаў творчых людзей. На выставе Баніфаціно я

 /i/content/pi/mast/3/67/Zhycce-jak-jano2.jpg

З выставы «Дні паўстання -- Варшава 1944».

міжволі параўноўвала гэтыя творы з партрэтнай серыяй знаных палякаў Кшыштафа Гералтоўскага, якая нядаўна экспанавалася ў Беларусі. Кантраст творчых метадаў двух фотамастакоў (магутная экспрэсія колеру і формы ў Кшыштафа, манументальны памер яго твораў -- і звыкла-каляровыя, без эфектаў, невялікія фатаграфіі -- у Джэфа) яскрава выяўляў рэчы, уласцівыя фатаграфіі як мастацтву адметнай фіксацыі рэальнасці і адметнага погляду на яе. Агаленне вырашальнага моманту здымкі, падкрэсліванне выразных дэталяў, праца са святлом, псіхалагічна выразнае, інтуітыўнае бачанне асобы -- аб’екта здымкі. Фатаграфіі Джэфа Баніфаціно выяўлялі тонкае разуменне, здавалася б, вядомых людзей -- «злоўленых» у момант сваёй натуральнасці і часта міжвольнага самараскрыцця. Гэты творца з «нефарматным» поглядам на свет, які валодае такой выдатнай мастацкай інтуіцыяй, раскрывае нам саміх сябе не толькі ў серыі партрэтаў эліты, але і ў тэме чалавек -- горад. Найперш гэта тэма асяроддзя -- асвоенага наваколля чалавека. Здымкі раскрываюць нам свет, які настолькі прымільгаўся, што ўжо не заўважаецца. А гэта насамрэч свет кантрастаў, візуальных і сэнсавых парадоксаў. Архітэктура і скульптура на гэтых здымках несувымерныя чалавеку, чалавек «выпадае» са свайго асяроддзя -- ён ці маленькі, ці недарэчны -- на фоне гіганцкіх плакатаў, туманнага краявіду ці сярод манументальных скульптур. Мастак дасягае сваёй мэты: на выставе атрымліваеш досвед, «які дазволіў бы паставіць пад сумненне сам спосаб бачання намі свету».
Выстава ў галерэі «Свет фота» прадстаўляла творчыя работы Яўгена Залужнага. Тут ён -- аўтар лірычных краявідаў, яго вострае мастакоўскае вока вышуквае матывы закінутасці, настальгіі і адзіноты. Уражваюць амаль жывапісныя эфекты здымкаў, што ўзмацняюць настрой камернасці, інтымнасці і самотнасці.
Музей гісторыі і культуры Беларусі прэзентаваў выставу, арганізаваную Польскім інстытутам у Мінску, -- «Дні паўстання -- Варшава 1944». Дакументальныя фатаграфіі -- сведчанні гераічнай падзеі польскай гісторыі ХХ стагоддзя -- былі падзелены на раздзелы: «Мужнасць», «Адвага», «Гераізм», «Самаахвярнасць», «Салідарнасць», «Адзінства», «Юнацтва», «Надзея», «Вера». Перажыўшы вялікі адрэзак часу, фатаграфіі становяцца фактам не толькі гістарычнай навукі, але і мастацтва, пацвярджаючы вядомую ісціну пра тое, што яны здольныя ўвасобіць мінулае з незвычайнай эмацыйнай сілай, выявіць рэчы, недаступныя непасрэднаму ўспрыманню, даць адбітак рэчаіснасці ва ўсёй яе ўнутранай паўнаце.

Алеся БЕЛЯВЕЦ