Эстэтыка вытворчых перамог

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

МТЗ-2 і дух 1950-х

/i/content/pi/mast/39/669/last.jpg
 
Сёння — гэта ўжо экзотыка. Не такая, скажам, і далёкая, яна была паказана на выставе, падрыхтаванай Дзяржаўным архівам кінафонафотадакументаў «Колер 50-х». Невялікая экспазіцыя, размешчаная ў адной з мінскіх бібліятэк, давала ўяўленне пра афіцыйную фотахроніку ці, іншымі словамі, парадна-рэпрэзентатыўнае адлюстраванне савецкай рэчаіснасці.

Здымак «Трактар “Беларусь”. Прадукцыя Мінскага трактарнага завода» — з гэтай выставы. На маю думку, ён парадаксальна ўвасобіў як дух часу, так і эстэтычныя прыярытэты фатаграфіі 1950-х.

Рыса паваеннага перыяду — спалучэнне ўзнаўляльных работ з новым будаўніцтвам прамысловых прадпрыемстваў. Мода на здымкі руін сышла ў мінулае, а на першыя палосы газет выйшлі перадавікі вытворчасці і ўзоры працоўнага энтузіязму.

Характар тагачаснай савецкай фатаграфіі вызначылі сваімі працамі фотажурналісты, а рэпартаж быў абвешчаны генеральнай лініяй развіцця («самы баявы від савецкага фотамастацтва»).

У 1950 годзе ў цэнтральнай газеце «Правда» з’явіўся артыкул «Пра якасць газетных ілюстрацый», у якім былі такія словы: «Нярэдка на газетныя старонкі трапляюць нікчэмныя здымкі, пазбаўленыя грамадскага значэння», тады як савецкі чытач жадае бачыць змястоўныя фотаілюстрацыі, што «мабілізуюць, вучаць будаваць і клічуць наперад». У выніку такой пільнай партыйнай увагі, відаць, і пачалося актыўнае асэнсаванне эстэтычнага грунту савецкай фотажурналістыкі.

Кадр належала будаваць паводле класічных законаў кампазіцыі — з яснай перспектывай, сэнсавым цэнтрам на другім плане, выразным малюнкам прадметаў, пісьменным асвятленнем. Мастацкасць прадвызначалася самім спосабам здымкі. Часта ўзнікалі тэзы пра дакументальна дакладнае прайграванне рэчаіснасці ў кадры.

Аднак дакументальна дакладная фіксацыя — рэч умоўная. Шмат што залежыць ад апаратуры, матэрыялу, ракурсу (кожная новая кропка здымкі выдзяляе іншыя дамінанты, акцэнты і дэталі). Агульная выснова тагачасных дыскусій наступная: рэпарцёр павінен так будаваць здымак, каб выявіць найлепшыя якасці жыццёвага матэрыялу, не адступаючы ад фактычнасці.

У здымку «Трактар “Беларусь”...» мы назіраем усе эстэтычныя прыярытэты 50-х. Карцінная пабудова кампазіцыі праяўляецца ў дасягненні раўнавагі ў выглядзе дзвюх дамінантаў — слупоў электраліній, цэнтр кампазіцыі амаль на другім плане — гэта група рабочых, якія наўмысна (для фатографа) ці ненаўмысна сабраліся паміж дзвюх платформ з машынамі, адначасова ствараючы галоўную сэнсавую інтрыгу здымка: кантраст біянічнага і геаметрычнага, жывога і механічнага. Ракурс здымкі ўзяты з высокай лініяй гарызонту, і гэты погляд зверху ўніз выбраны асэнсавана, каб паказаць маштаб падзеі: у рэспубліцы выпушчаны першыя трактары! Верагодна, гэтымі шэрагамі трактарнае багацце завода і заканчваецца, аднак выбудоўванне кадра з высокім гарызонтам і пазначэнне яго як фрагмента — справа-злева і перад кадрам няма межаў — спрыяюць ілюзіі бясконцасці.

Савецкае фота стваралася пад уплывам палітычнай ідэалогіі, і менавіта з прычыны яе гістарычнай змены ў наступнае дзесяцігоддзе пачалі з’яўляцца тыя жанры і работы, якіх не магло быць у 1950-я. Фатографы ўбачылі чалавека з усімі яго радасцямі і перажываннямі. З’явіўся эксперымент, забыты у 1930-х, пачалі адкрывацца фотаклубы, фотасекцыі і фотачасопісы. Усё гэта справакавала небывалы ўсплёск свабоднай творчасці. Аднак пра гады 60-я — у наступным артыкуле.

 Алеся БЕЛЯВЕЦ