Рэквіем

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Развітанне з Міхаілам Савіцкім

/i/content/pi/mast/39/668/52.jpg

Аўтапартрэт. Алей. 1995.

На жалобных урачыстасцях пляскаць не прынята, але далоні міжволі пацягнуліся адна да адной, калі Расціслаў Янкоўскі згадаў, як упершыню ўбачыў «У полі» Савіцкага. У кіназалах, тэатрах, музеях тады бесклапотна ўсміхаліся і танчылі рознага кшталту «кубанскія казакі». А тут... Пранізлівая шчырасць. Праўда. Мужнасць... Гэта быў цудоўны аналіз, варты гучных апладысментаў: тонкі творца Янкоўскі дакладна вызначыў месца мастака Міхаіла Савіцкага. Беларускі Эль Грэка другой паловы ХХ стагоддзя...

Савіцкі прыйшоў у мастацтва позна, абцяжараны драматычным досведам вайны і палону. Мінскую вучэльню ён скончыў у 29 год, Сурыкаўскі інстытут — у 35. Гэты ўзрост лічыцца часам творчага сталення: сярэдзіна жыцця, назапашаны дастатковы прафесійны і жыццёвы вопыт. Складаны ўзрост, каб быць у ім пачаткоўцам — замінае набыты самакантроль. У творчасці, паводле спартыўнага тэрміна, пачынаецца «эканомія дыхання», таму псіхолагі прызначаюць на гэты перыяд першы жыццёвы крызіс. Савіцкі разумеў, што ў яго не будзе часу на доўгае ўваходжанне ў прафесію, верагодна, таму за гады навучання авалодаў ёю бліскуча. Але ўсё ж яго дыпломная «Песня» мае ці не самую галоўную прыкмету маладой творчасці: аўтар з радасцю дэманструе нам усе свае набыткі. «Песня» шчодра шматслоўная... Мастак стварыў настолькі дасканалую пластычную структуру, што ты як быццам адчуваеш прахалоду, кветкавы водар, мелодыю... Міхаіл Савіцкі ўваходзіў у творчасць як мастак шчасця.

/i/content/pi/mast/39/668/53.jpg

Вязень №32815. Алей. 1976.

Яго «цёплы» перыяд хутка скончыцца, але так бывае — паводле запатрабавання таленту і жыцця. Так было ў творчасці Гоі. Яго раннія эскізы да габеленаў чаруюць пяшчотай і шчаслівай бесклапотнасцю, у іх немагчыма прадбачыць мастака чалавечай трагедыі. Зрэшты, калі прааналізаваць гісторыю, майстры, якіх мы лічым трагікамі, — Гоя, Эль Грэка, Кольвіц альбо Манцу, — насамрэч такімі не з’яўляліся. Яны трызнілі пра шчасце. А яго не было. Трагедыя ў мастацтве паўстае тады, калі малююць не яе, а мару пра шчасце.

Сам Савіцкі лічыў, што ён пачынаецца з «Партызанаў». З іх лаканічнай кампазіцыі і напружанасці каларыту, з іх элегантнай стрыманасці і выразнасці. З апавядання пра трагедыю тых, хто паўстаў на абарону жыцця без прызыву і вайсковай падрыхтоўкі, без танкаў і гармат. Таму тэмай творчасці Міхаіла Савіцкага трэба назваць не вайну, а абарону Жыцця. Дабра. Абарону Чалавека ад яго дэвальвацыі. Менавіта таму закатаваныя людзі ў «Лічбах на сэрцы» выглядаюць як залатыя зліткі, на якіх жамчужным ззяннем адбіваецца святло.

Твор, які ўразіў Расціслава Янкоўскага, мастак напісаў праз паўтара дзясятка гадоў пасля «Песні». Ужо былі «Блакада», «Віцебскія вароты», «Партызанская мадонна». Былі Дзяржпрэміі БССР і СССР, шквал зайздроснай крытыкі... «У полі» — адзін з шэдэўраў Савіцкага. Чырвонае, залатое, чорнае: паводле антычнай культуры — гэта галоўныя колеры ў мастацтве. Асіметрычная кампазіцыя, збудаваная як шалі, на адным баку «пустэча», а на другім — «цяжкая» групоўка людзей. Раўнавага паміж імі трымаецца праз дынамічны, як дуга, рух глядацкага позірку па тварах персанажаў. Гэта знак роўнасці паміж зямлёй і людзьмі, што дбаюць пра яе. Формула Жыцця.

У яго ёсць яшчэ «Поле», на якім дабро змагаецца са злом. Кампазіцыя — як вертыкаль пясочнага гадзінніка, дзе вастрыё падзеі знаходзіцца на вузкай перамычцы часу. Зло — чорнае, як «ноч розуму». Яго шмат, яно жывое і рухомае. Золата і чырвонае — як знакі святла, сонца, жыта, то-бок хлеба, жыцця. Гэта Чалавек, які абараняе Жыццё.

Мастак Савіцкі робіць простую рэч: парушае законы кампазіцыйнай раўнавагі і размяшчае тых, хто змагаецца, гранічна блізка да мяжы твора. (У падобных выпадках студэнтам кажуць: асцярожна, так прадмет «вываліцца» на гледача.) Дзеянне трымаецца ў прасторы твора толькі праз велізарную моц намагання змагароў, і нават загінуўшы тут — як пастаўленая зброя, бо яго смерць не была дарэмнай. Недапушчальнае набліжэнне кампазіцыйнага цэнтра да мяжы твора робіць незвычайную рэч: глядач імкліва ўцягваецца ў яго прастору. Кожны, хто разглядае твор, аказваецца ў стане барацьбітоў за жыццё.Твор шырокі, каб яго акінуць вокам, чалавек міжволі круціць галавой і разумее, што жытнёвае поле блізка, яно разам з намі. Дабро павінна перамагчы.

Зрэшты, гэтыя «гульні» з набліжэннем персанажаў распачаў Мантэнья, але ён ніколі не рабіў асноўным кампазіцыйным прыёмам уключэнне гледача ў твор.

Мастак ХХ стагоддзя не толькі мусіць ведаць папярэдні досвед, ён не можа абысціся без яго. Акіле Баніта Аліва падсумаваў гэта ў тэрмінах «трансавангард» і «намадызм» (качэўнік, качаванне). Мастацтва стала настолькі развітым і складаным соцыякультурным механізмам, яно назапасіла такі магутны вопыт, што ідэя сёння «качуе» з твора ў твор. Розніца паміж плагіятам і цытаваннем выглядае вонкава проста: ідэя, як ток, павінна быць прапушчана праз цябе, мусіць атрымаць тваю кроў і твой нерв. Таму творца павінен ясна ўяўляць, што і навошта ён цытуе, бо поспех прыносіць усведамленне: я памру, калі не зраблю гэтага. Карацей, чым больш розуму, крыві і нерваў, тым больш «мастацкасці». Таму вядомы амерыканскі джазмен сцвярджае, што ў сучаснай музыцы ўсё скрадзена, дый нот, між іншым, толькі сем, але калі ты таленавіты па-сапраўднаму — нарабаванае робіцца тваім.

У 1957 годзе Міхаіл Савіцкі прыехаў у Мінск з аўтобусам кніг па мастацтве. Творчых сакрэтаў не хаваў: калі патрабавалася, напрыклад, намаляваць «крык», ён пачынаў з аналізу таго, як гэта рабілася папярэднікамі. Яго творчасць мела падкрэслена аналітычны і сінтэзуючы характар. Брыдкая «буча» вакол яго дзейнасці была выклікана шмат чым — негатыўнымі праявамі часу, нашай чалавечай слабасцю і яго бескампраміснасцю. Але, верагодна, найбольш тым, што гэтай дарогай у беларускім мастацтве ён ішоў першым. Парушаў звыклыя стэрэатыпы і прагнуў давесці мастацтва да немагчыма высокай мяжы. У якасці падставы для гэткіх намаганняў ён абраў тэматычную ці, як кажуць сёння, кампазіцыйную карціну. Тэхналагічную формулу ўласнай творчасці Савіцкі ўладкаваў на «трох кітах»: аналітычнай кампазіцыі, экспрэсіўнай выразнасці малюнка і колеры як самастойным сродку перадачы сэнсу. Мастак Савіцкі — геній аналітычнай кампазіцыі. Таму разглядаць і аналізаваць яго творы — суцэльная асалода. Напрыклад, як дасканала ён будуе рух: і направа, і налева, і паралельна, і па крузе. Як далікатна палемізуе з Пятром Сергіевічам у сваіх першых «Бежанцах». Як на мяжы фолу стварае кампазіцыю «Праклён» з «Лічбаў на сэрцы»: яна нагадвае кепскае слова, напісанае на плоце. А праклён і не далікатнічае! А які шэдэўр яго «Бежанцы» з чарнобыльскай нізкі! Кампазіцыя групавых партрэтаў, да якіх належыць гэты твор, трымаецца на пабудове сувязей паміж персанажамі, а тут яны знішчаны ўшчэнт. Людзі мкнуцца ў розныя бакі, як рассыпаны гарох. Кампазіцыю трымае гарызантальная прастора ўверсе, дзе за шклом мітусяцца, не маючы выйсця, тыя, хто займаўся ліквідацыяй аварыі. Але гэтая пабудова выглядае і як вакзальная зала, і як трамвай. Таму трагедыя набывае нечаканую будзённасць. І ўсясветнасць людской страты, бо на першым плане тут стары, ужо невідушчы...

Міхаіл Савіцкі не надта любіў аўтапартрэты, але два пакінуў. На першым — мужны і годны чалавек ва ўмовах адсутнасці свабоды, адзін з шэрагу іншых. На другім — чалавек, які хавае на грудзёх закінутае, самотнае сабачаня. У яго творчасці няма выпадковых дэталяў — гэта выяўленая нам душа...

Яму бракавала эпохі тытанаў, вялікіх мастацкіх спрэчак кшталту той, калі ўсё грамадства абмяркоўвае кардон «Бітвы пры Ангіяры». Бракавала галоўнага: аднадумцаў у мастацтве. Ці брата Тэа, з якім можна ліставацца.

Трагедыя была яго мастацкай тэмай і формай жыцця.

Ларыса Міхневіч