Пасьянс магчымасцей

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

У Магілёве прайшоў ХІІІ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў

 /i/content/pi/mast/39/661/26.jpg
 Кадры з фільмаў рэжысёра Ірыны Кадзюковай «Сястра і брат»
Той, хто хоць аднойчы пабываў на магілёўскім фестывалі анімацый-
нага кіно, наўрад ці зможа забыць яскравае адчуванне свята, якое дорыць кінафорум.

ХІІІ Міжнародны фестываль «Анімаёўка» ў чарговы раз выканаў пастаўленую перад сабой звышзадачу, пераадолеўшы ўсе перашкоды, і зноў выклікаў у душы тое самае
незабыўнае пачуццё «чакання калядных цудаў». Дадам, што сёлета ў ім спаборнічалі 44 стужкі з 19 краін свету. Упершыню ў фестывалі прымалі ўдзел фільмы рэжысёраў-аніматараў з Балгарыі, Венгрыі, Чэхіі, Італіі.

Трынаццаты фестываль атрымаўся самым працяглым за ўсю гісторыю — ён доўжыўся восем дзён. Праграма фэсту прапаноўвала гледачу самыя разнастайныя паказы і імпрэзы: «для дарослых», «для ўсёй сям’і», «дзень беларускай анімацыі», «сусветная анімацыя для дарослых». Выстаўкі, канцэрты, конкурсы, выступленні, майстар-класы... Фільмы кінафоруму дэманстраваліся не толькі ў кінатэатрах Магілёва, але і па ўсёй вобласці. Без перабольшання можна сказаць, што галоўным пераможцам на магілёўскім фэсце стаў глядач, які меў магчымасць пазнаёміцца з анімацыяй у самых розных яе праявах.

Упершыню на «Анімаёўцы-2010» далі «фірменны» майстар-клас расіяне Уладзімір Ішчук і Маргарыта Нагібіна. Знаныя педагогі яраслаўскага Цэнтра анімацыйнай творчасці і гуманітарнага развіцця «Перспектыва», аўтары ўнікальных методык правялі заняткі ў Горкаўскай школе мастацтваў. «Перспектыва» як установа адукацыі існуе ўжо дзесяць гадоў і мае грунтоўны досвед.

 /i/content/pi/mast/39/661/26-.jpg
 Кадры з фільмаў рэжысёра Ірыны Кадзюковай

 «Дзівосная вячэра».

Прагучала думка, што і беларускія дзеці не засталіся б у баку ад захапляльнай справы стварэння мультфільмаў, на што расійскія педагогі адказалі прапановай правесці кінашколу на наступным фестывалі. Куды прывядзе новаўвядзенне — пакуль невядома. Але няцяжка ўявіць нават пры сённяшніх дастаткова ўтапічных раскладах, якія перспектывы дае фэсту пачынанне. Наяўнасць кінашколы на кінафоруме прадугледжвае лагічны працяг — стварэнне асобнага конкурсу анімацыйных стужак, зробленых дзецьмі. Такі паварот можа істотна змяніць курс магілёўскага фэсту, адкрыўшы для яго новыя далягляды.

Сёлетні конкурс «Анімаёўкі» па сваім узроўні не выклікаў нараканняў з боку як журы, так і гледача. Якія ж тэндэнцыі выявіў фестываль у анімацыйным кіно? У адрозненне ад «трэнда» мінулага года, калі на першы план выйшла тэма самаідэнтыфікацыі асобы ў свеце, сёлета ў работах аніматараў адрадзілася класічная тэма адзіноты чалавека. Прычым, ён адчувае такі псіхалагічны стан нават у коле родных і блізкіх.

Белая курка становіцца сябрам самотнага мужчыны, што жыве на ўскрайку горада, у стужцы ўзбекскага рэжысёра Дзмітрыя Уласава «Белая курка»; адзінокая жанчына цягам некалькіх тыдняў прыручае маленькую птушку ў фільме венгра Пола Тота «Чорная птушка»; стары вясковец выратоўвае ластаўку ад гібелі і робіць яе членам сваёй сям’і ў стужцы «Птаха» нашага Аляксандра Ленкіна. Тры розныя майстры з розных куткоў свету — Узбекістана, Венгрыі, Беларусі — не згаворваючыся, распавядаюць гісторыю журботнай душы, якая мае патрэбу ў спачуванні і пяшчоце. Птушка — сімвал шчасця і надзеі, ратавання ад адзіноты і няўпэўненасці. На памежжы культур і катаклізмаў, сну і рэальнасці такой жа птушачкай успрымаецца маленькі чалавек. Ён прагне не каштоўных рэчаў, а простага дотыку жывой істоты.

Кожны з трох майстроў выбраў сваю мову аповеду: Дзмітрый Уласаў — графічна-каляровую, Пол Тот — тэхніку ЗD-анімацыі, Аляксандр Ленкін — прыём умоўна рэалістычнага малюнка. Праз розныя формы рэжысёры прыходзяць да адной высновы — прыручыць ці ўтрымаць нават не сінюю, а бела-чорную (зыходзячы з назваў стужак) птушку шчасця немагчыма.

 /i/content/pi/mast/39/661/27.jpg
 «З вечара дожджык». Рэжысёр Валянцін Ольшванг.
Своеасаблівы працяг экзістэнцыйных разваг прапаноўваў і самы незвычайны фільм фестывалю — «Услед...» вядомага венгерскага аніматара Геза Іштвана Тота, «оскараўскага» намінанта, прызёра шматлікіх міжнародных кінафестываляў. Выкарыстоўваючы магчымасці камп’ютарнай графікі як спробы пісьма ў прасторы (а не простай «алічбоўкі» малюнка), Геза Іштван зрабіў стужку, якая дзякуючы сваёй унікальнай форме нараджае адмысловы змест. Зрэшты, як сюжэтны аповед ён у фільме адсутнічае. Перад намі — невербальнае візуальнае выказванне, якое на падсвядомым узроўні выклікае ў гледача рэакцыю на вобразы. Які выбар дае нам жыццё? Як мы можам карыстацца нашай свабодай? Што значыць быць дарослым? — вось над такімі зусім не дзіцячымі пытаннямі прапануе паразважаць майстар.

Пэўныя філасофскія рэфлексіі закранулі на фестывалі і фільмы, якія звычайна адносяць да анімацыйнага кіно для дзяцей. Так, пераможца ў гэтай намінацыі стужка расійскага рэжысёра Юліі Пастаўскай «Сябар дзяцінства» распавядае гісторыю сталення хлопчыка, якому любімае плюшавае медзведзяня пачынае прыносіць не радасць, а толькі клопаты. Рэжысёр выкарыстоўвае простую, стрыманую ў колеравым плане выяўленчую мову, якая, між тым, не перашкаджае данесці да маленькіх гледачоў тонкі сэнс твора — пра незваротнасць бесклапотных дзён дзяцінства і чалавечага жыцця ўвогуле.

Вельмі моцным па сіле ўздзеяння аказаўся фільм расійскага аніматара Валянціна Ольшванга «З вечара дожджык» — галоўны пераможца сёлетняга форуму. Казка (паводле Аляксея Талстога) пра распешчаную Русалку, што пагубіла добрага Дзеда, які прыгрэў яе на сваёй печы, не пакінула абыякавым нікога. Перш за ўсё, стужка ўражвала багатай, поўнай розных адценняў і дэталяў выяўленчай мовай, у чымсьці нагадваючы манеру вядомага аніматара Аляксандра Пятрова. Па-другое, прымушала ўспомніць пра раздураных дзяцей (ды і дарослых) у сённяшнім «спажывецкім грамадстве». Гэты сацыяльны падтэкст тонка, але адчувальна праступаў праз бездакорнае жывапіснае палатно Валянціна Ольшванга.

Асобным блокам у конкурсе вылучаліся беларускія фільмы. За выключэннем згаданай шчымлівай карціны Аляксандра Ленкіна «Птаха» і стужкі-прыпавесці Ірыны Кадзюковай «Было лета» (працы апошняга рэжысёра заўжды стаяць асобна на любым фестывалі), айчынная праграма прагучала ў мажорным ключы. Насычанай колерамі і гумарам успрымалася новая серыя Ігара Волчака пра казачнага героя — «Як Несцерка сваю нявесту шукаў»; музычнай і адначасова пяшчотна-кранальнай сталася «Калыханка» Таццяны Кубліцкай; незвычайную навагоднюю гісторыю «Калісьці пад Новы год», дзе валадарыў колер, падаравала гледачу Алена Пяткевіч; у «Музычную катрынку» Наталлі Касцючэнка ўвайшлі маленькія сюжэты пра разнастайныя песенныя жанры. А галоўным хітом гэтага канцэрта маляўнічых казак стаў фільм-танец Міхаіла Тумелі «Папяровыя ўзоры» з выкарыстаннем унікальнай тэхнікі народнага мастацтва — выцінанкі-выразанкі.

— Усе ведаюць японскае арыгамі, а вось беларускую выцінанку я бачу ўпершыню, — дзялілася ўражаннямі Алена Гірлін, член журы, рэжысёр эстонскай студыі «Нуку фільм». — Гэта тое, чым вы па-сапраўднаму можаце ганарыцца.

Айчыннай анімацыі ўласціва адданасць нацыянальнай традыцыйнай культуры, казачнаму жанру, скіраванасць менавіта на дзіцячую аўдыторыю. «Беларуская анімацыя радуе стабільным прафесійным узроўнем, — адзначыў старшыня журы фестывалю, галоўны рэжысёр «Беларускага відэацэнтра» Аляксандр Карпаў. — Няма наіўнай няўмеласці, саматужнасці, прымітывізму, якія можна ўбачыць у анімацыйных стужках суседніх краін. Але ў той жа час наша анімацыя пакутуе ад пэўнай жанравай аднастайнасці. Няма ў нас свайго «Вожыка ў тумане», які зразумелы ўсім: і дарослым, і дзецям. Магчыма, падамся зараз камусьці рэтраградам, але раздзяляю думку, што вялікі твор нараджаецца ад самоты. Увогуле хачу падкрэсліць, што мастацтва анімацыі здольнае ўвасобіць і класічную літаратуру, і казкі, і прыпавесці, і невыказныя словам адчуванні. Вельмі своеасаблівую мову анімацыі трэба выкарыстоўваць у самых шырокіх жанравых і сэнсавых дыяпазонах».

Такім чынам, пасьянс магчымасцей прапануе «Анімаёўцы» два шляхі далейшага развіцця: першы — захаванне традыцый славянскай анімацыі з акцэнтам на праграму дзіцячага кіно, другі — паварот у бок еўрапейскага кіно з адкрыццём асобнага конкурсу для маладых аніматараў. Кожны з варыянтаў мае свае перавагі. У той жа час відавочна, што наш адзіны фестываль анімацыйнага кіно мае патрэбу развівацца і ўдасканальвацца далей, і ў першую чаргу — у канцэптуальным плане.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ