Залатыя старонкі гісторыі

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Тэатр, чые лепшыя спектаклі ўваходзяць у скарбніцу айчыннай тэатральнай культуры, адзначае сваё 75-годдзе. Ягоным заснавальнікам стаў акцёр і рэжысёр Уладзімір Кумельскі, які з рускай трупай у дваццаць восем чалавек у першай чвэрці мінулага стагоддзя абаснаваўся на Беларусі. Статус Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра сцэнічны калектыў атрымаў у 1932 годзе -- і надалей цягам многіх дзесяцігоддзяў узрушаў, захапляў, расчароўваў і радаваў гледачоў. На ягоных падмостках запальваліся і набіралі моц новыя зоркі. Гісторыя айчыннага сцэнічнага мастацтва неадлучная ад ягоных здзяйсненняў. Немагчыма згадаць кожнае вартае ўвагі прозвішча, кожны адметны твор. Але ў гісторыі кожнага знакамітага калектыву ёсць асаблівыя спектаклі -- спектаклі-легенды, якія працягваюць жыць ва ўспамінах сучаснікаў, нататках тэатразнаўцаў, рэдкіх архіўных фотаздымках. Гэта найкаштоўнейшая крыніца, у якую мы сёння паспрабуем зазірнуць, перагортваючы залатыя сторонкі гісторыі Рускага тэатра. Каб памятаць...

Marginalia 

Уладзімір Кумельскі

У маладосці Уладзімір Кумельскі быў вельмі прыгожым. Такім застаўся і ў старасці. Моцны ён быў надзвычайным абаяннем, вялікім пачуццём гумару. Лёгкі ў дыялогу. Вельмі прыемны партнёр. Дакладнай творчай праграмы Кумельскі ніколі не меў. Ён ажыўляў у сваім уяўленні многіх памятных яму людзей, увасабляючы на сцэне заўважаныя ім звычкі, манеру размаўляць, хадзіць і іншае. Ягоны кругагляд пашыраўся стыхійна за кошт непасрэдных жыццёвых уражанняў. Працэс стварэння большасці роляў першакрыніцай меў які-небудзь жыццёвы факт або з’яву. Свой акцёрскі універсітэт Кумельскі прайшоў у юнацтве, назіраючы за ігрой сваіх партнёраў -- славутых рускіх акцёраў.
Галоўнае ўтрымлівалася ў самабытнасці ўсёй творчай прыроды артыста. Валодаючы сакрэтам жыццярадаснай творчасці, ён іграў на сцэне з надзвычай рэдкай імправізацыйнай лёгкасцю. Ён умеў весці сцэну з партнёрам штораз нібыта ўпершыню. Усё ў яго нараджалася на сцэне нібыта зараз, сёння. І гэтая ягоная асаблівасць часта ставіла ў тупік -- адных і прыносіла вялікае задавальненне іншым. Так безаглядна валодалі сваімі гледачамі нямногія акцёры.
Мы любілі яго за талент, за натхнёную творчасць, мы любілі яго і за тое, што ён паклаў пачатак існаванню Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі.
З успамінаў Дзмітрыя Арлова. 1953 г.

Лондан -- Мінск. «Кароль Лір» у выкананні акцёраў з Беларусі

Перад намі быў наш родны англійскі «Лір», і тая акалічнасць, што п’еса ішла на замежнай мове, не мела значэння.
 /i/content/pi/mast/3/66/AchyschStrascej2.jpg
Гэта была сапраўдная п’еса, якая разгортвалася на фоне змрочнай, дзікай, самабытнай Англіі. Некаторыя сцэны ў гэтай п’есе, мне здаецца, маглі быць пастаўлены інакш, але, у рэшце рэшт, іх так мала і яны такія нязначныя, што ні ў якім разе не зніжаюць вартасцей спектакля ўвогуле.
Кароль Лір -- спадар Кістаў -- быў непараўнальны. У нас у Англіі прынята лічыць, што гэтая роля нездзяйсняльная, таму што вобраз настолькі складаны, што немагчыма даць яму поўную інтэрпрэтацыю. Я бачыў шмат, шмат Ліраў і заўсёды быў расчараваны, за выключэннем двух апошніх спектакляў, калі кожным разам я думаў, што акцёр сапраўды быў на вышыні выканальніцкага мастацтва ў гэтай шэкспіраўскай ролі. У першым выпадку гэтую ролю выконваў англійскі акцёр Доналд Уолфіт, другі быў у Ленінградзе, калі я бачыў выкананне гэтай жа ролі спадаром Кіставым....
Спадарыня Лакштанава была, без сумнення, лепшай Кардэліяй, якую я калі-небудзь бачыў. У Англіі гэтая роля звычайна аддаецца маладой актрысе, якая, як правіла, недастаткова праўдзіва можа адлюстраваць усю глыбіню гэтага складанага вобраза.
Спадарыня Лакштанава выглядае зусім юнай і чароўнай, але пры гэтым яна аказалася дастаткова сталай і вопытнай актрысай, каб паказаць сапраўднае душэўнае перажыванне, а таксама і пакуты, цалкам натуральныя для дачкі, перапоўненай спагадаю да свайго няшчаснага бацькі.
Джон Ферналд. Бюлетэнь Вокс. №6, 1953 г.