Грунвальд: канструяванне арт-міфа

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Засваенне гістарычнай спадчыны

/i/content/pi/mast/39/658/21-.jpg

Уладзімір Савіч. Вітаўт Вялікі. Правая частка дыптыха. Камбінаваная тэхніка. 2010.

Выстава ў Палацы мастацтва эфектна падсумавала ўсе культурныя і мастацкія акцыі і праекты, прысвечаныя 600-годдзю перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над Тэўтонскім ордэнам. Расповед пра старонку айчыннай гісторыі, аўтарскае асэнсаванне пераможнай спадчыны нашага народа ўвасобіліся ў больш чым 150 творах графікі, жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва.

«Грунвальд-2010» адрозніваўся манументальным падыходам аўтараў да асэнсавання знакавасці падзеі і агульным імкненнем паказаць яе веліч. Варта адзначыць салідную колькасць жадаючых паўдзельнічаць — арганізатарам, якія напачатку хваляваліся, што «не збяруць» экспазіцыю, нават давялося адхіліць каля 15 працэнтаў пададзеных прац.

На ўваходзе гледачоў сустракала статуя рыцара ў поўны рост. На адкрыцці экспазіцыі атмасферу сярэднявечча стваралі вулічныя музыкі ў пярэстых строях, далікатныя танцы шляхетных паненак і сапраўдны «грукат бітвы» — невялічкая бойка запрошаных рыцараў-рэканструктараў.

Маштабная выстава мела свой фармат, успрымалася дастаткова цэльна — і ў тэматычным, і ў стылістычным плане. У экспазіцыі былі як непасрэдна прысвечаныя Грунвальду творы, так і працы «паводле», што спрыялі падтрыманню адпаведнай «гістарычнай» атмасферы (хоць пытанні ўсё роўна ўзнікалі: калі прысутнасць выяў вялікіх князёў Літоўскіх Альгерда і Кейстута ці асветніка Кірылы Тураўскага на выставе, прасякнутай духам нацыянальнага і вайсковага гонару, яшчэ можна патлумачыць, то з якой мэтай там размяшчаўся партрэт Барбары Радзівіл ці няўцямныя працы пад рамантычна-сімвалічнымі назвамі кшталту «Элегія»?). Выявы князёў і воінаў чаргаваліся з пейзажамі — не абавязкова «гістарычнымі», у якіх быў адлюстраваны Мальборк, напрыклад. Не вельмі прыемнае ўражанне засталося ад насамрэч выдатных пейзажаў Кацярыны Сумаравай: апошні год нібыта адны і тыя ж яе творы качуюць з экспазіцыі ў экспазіцыю.

Ярасныя бітвы перамяжоўваліся з «ціхім жыццём» нацюрмортаў. Імкнучыся да сімвалічнасці, некаторыя аўтары забываліся на добры густ: на фоне з рамонкаў, вышываных ручнікоў і аплыўшай воскам свечкі, які павінен быў стварыць адчуванне «добрай даўніны», размяшчаўся своеасаблівы «каляндар беларушчыны»: лісткі паперы, на адным пазначана «Кастусь Каліноўскі», на другім «Грунвальд 1410» — знакавае імя і знакавая падзея ў станаўленні нацыянальнай незалежнасці, але ўсё разам выглядала досыць шаблонна. Невялікім набыткам экспазіцыі сталі і нацюрморты, напісаныя быццам бы адмыслова для замкавых інтэр’ераў: галава кабана — трафей паляўнічага, мушкеты, капялюш з пяром, мапы і компас — стандарты шляхетнай даўніны.

/i/content/pi/mast/39/658/20.jpg

Арлен Кашкурэвіч. Віват, Літва! Папера, аловак. 2010.

Графічныя працы Арлена Кашкурэвіча «Віват, Літва!», «Пагоня» і «Згуба крыжака» — энергічныя, напружаныя і дынамічныя — адкрывалі экспазіцыю і адразу стваралі ў гледача адпаведны настрой. Увогуле, графіка «выбухнула» на «Грунвальдзе» спела, ярка і пераканаўча. Трыпціх Уладзіміра Вішнеўскага («Грунвальд. Рэквіем», «Дзве чашы віселі ў небе», «Скакалі вершнікі») і Уладзіміра Васюка («Боль памяці і гонар часу») уражвалі трапнасцю філасофскага асэнсавання падзеі: імклівасць пагоні, урачыстасць сіняга колеру і стрыманасць графіту, вузкія лёзы, высокія травы...

У зале прыкладнога мастацтва можна было пазнаёміцца з фотапраектам Леаніда Касабуцкага — шырокафарматнымі здымкамі з серыі «Рэканструкцыя бітвы пад Грунвальдам» (дарэчы, сёлета рэканструкцыі адбываліся ў розных гарадах Беларусі, Польшчы і на самім Грунвальдскім полі). У той жа зале былі размешчаны макеты, зробленыя навучэнцамі сталічнай гімназіі № 75 з мастацка-архітэктурным ухілам у рамках праекта «Аднаўленне страчанай архітэктурнай спадчыны».

«Статусны» дыяпазон удзельнікаў выставы вагаўся ад народнага мастака да гімназіста. Год назад вучні мастацкага ліцэя імя Артура Гротгера ў Супраслі, вільнюскай Нацыянальнай школы мастацтваў імя Чурлёніса і Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў вырашылі прыняць удзел у выставе, прысвечанай Грунвальду. На пленэры ў наваколлі Беластока будучыя мастакі стварылі карціну паводле твора Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва». Гэта сумесная праца ўпрыгожыла залу Палаца мастацтва і дзякуючы свайму моцнаму эмацыянальна-вобразнаму гучанню стала яркім акцэнтам экспазіцыі (памеры яе таксама ўражвалі — 3,5 на 7 метраў!). З ёй рыфмаваўся паліптых Леаніда Хобатава «Тэма» — яшчэ адзін моцны каларыстычны і сэнсавы акцэнт выставы, які выдатна дэманстраваў спосаб канцэптуальнага засваення і разумення гісторыі з дапамогай пошукаў у рэчышчы абстрактнага мастацтва.

/i/content/pi/mast/39/658/21.jpg

Ігар Гардзіёнак. Маці Божая Вастрабрамская. Левая частка трыпціха «Шлях на Грунвальд». Дошка, ляўкас, жалеза. 2009.

Цікавай асаблівасцю гэтай экспазіцыі стала тое, што мастакі выступалі ў нязвыклым для сябе амплуа, напрыклад, графікі — Георгій Паплаўскі, Уладзімір Савіч — як жывапісцы, а вось Алесь Мара прадставіў графічныя варыянты сваіх прац, што былі напісаны раней у алеі. Сапраўднае развіццё традыцыі назіралася ў творах Ігара Гардзіёнка. Спалучэнне металу з графічнымі прыёмамі надало сучаснае гучанне яго трыпціху «Шлях на Грунвальд». Мастак пераасэнсоўвае прынцыпы стварэння беларускай іконы — рэалістычнасць выявы, рэальныя архітэктурныя артэфакты, наяўнасць рэльефнага, разьбянога фону і г.д. У левай частцы трыпціха — «Маці Божая Вастрабрамская» — ён «закоўвае» Дзеву Марыю ў латы, ператварае яе ў боскую «Жанну д’Арк» — ахоўніцу і абаронцу нашай айчыны. Увогуле, Маці Божая стала ледзьве не самым часта выяўляемым вобразам экспазіцыі.

Вітаўт — патэнцыйны супергерой беларускага маскульту — атрымаў на выставе найвялікшую колькасць увасабленняў: ад юнака з прыгожымі каштанавымі локанамі («Вялікі князь Вітаўт» Інгі Карашкевіч) да пасівелага дзядзькі («Вітаўт Вялікі. Выправа на Грунвальд» Аляксандра Цыркунова). Не вельмі ўдалай спробай іканапіснай адаптацыі вобраза было «Жыціе Вітаўта», кічавая рэпліка ў бок кананізацыі гістарычных асоб.

Сярод прадстаўленых скульптурных прац вылучаліся «Цені Грунвальда» і «Паўночная сага» Сяргея Аганава — далікатныя, вытанчаныя, з прапрацоўкай дэталей. На выставе было шмат выяў рыцараў, але невялічкі, вельмі лаканічны вобраз «Крыжака» Аганава — найлепшы: абапіраючыся на меч, выпраменьвае маўклівую сілу і моц, спакой і ўпэўненасць у сабе.

У праекце прынялі ўдзел і замежныя мастакі. Лукаш Левандоўскі зрабіў цікавую гравюру на гіпсе «Дубок Вітаўта»: «Вітаўт убачыў патрыярха, калі ён быў ва ўзросце гэтага дубка» (у Белавежы ёсць вельмі стары дуб-патрыярх, які зусім маладзенькім мог убачыць Вітаўт у 1409 годзе падчас знаходжання ў пушчы). Трыпціх Станіславаса Сугінтаса прасякнуты пякучым болем, эмацыйна напружаны і выглядае так, быццам аўтар вядзе размову пра падзею не такога далёкага мінулага, на якую глядач заведама востра адрэагуе. «У неба» цягнецца рука, што «прарастае» з акрываўленага мяча, у неба ўзносяцца ахвяры бязлітаснай сечы. Ёсць у гэтым трыпціху штосьці біблейскае, новазапаветныя ноткі: дзяржальна мяча — як распяцце, перакрыжаваныя ступні, рукі выяўлены настолькі выразна, так дакладна перадаюць напружанне, што ні напоўненыя болем вочы, ні перакрыўленыя раты непатрэбныя. Наколькі гледачы і ўдзельнікі выставы ўсведамлялі, што Грунвальд — не толькі сімвал, але і крывавая бойка, смерць тысяч людзей? Беларускія мастакі нібы змякчаюць гэты бок, абыходзяць яго, робяць акцэнт на пафасных партрэтах і нацюрмортах, Сугінтас — выпінае і падкрэслівае, і вусцішнасць яго твора працінае на фізічным узроўні.

Магчыма, «Грунвальду» некалькі не хапіла твораў з глыбокім філасофскім пераасэнсаваннем падзеі, і многія мастакі зрабілі акцэнт на літаральнасці яе ўвасаблення. Але фармат і тэма выставы падказвалі абраць ілюстратыўнасць і вырашэнне вобразаў у гістарычным — класічным, акадэмічным, традыцыйным — ключы. Тут нават можна весці размову не столькі пра ілюстратыўнасць, колькі пра адлюстраванне самой гісторыі. Інфарматыўнасць экспазіцыі падкрэслівае: мы недастаткова насыціліся гістарычнымі персанажамі, не «аслупавалі» гэту тэму, не нарасцілі «мяса на косткі» — той культурны слой, ад якога б ужо не маглі адцурацца. Задача сучасных мастакоў — запоўніць нішы і пустоты, для таго каб творцы будучыні маглі перайсці на якасна новы этап, увесці новыя трактоўкі і гуляць на палотнах у любыя фармалістычныя забаўкі.

Алена Каваленка