Дзеці + песні = шоу

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Беларуская версія «Еўрабачання»

/i/content/pi/mast/39/657/19.jpg

Данііл Казлоў (Беларусь).

Сёлета наша краіна ўпершыню прымала ўдзельнікаў Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне». Ён ладзіўся ў восьмы раз, у Беларусь прыехалі выканаўцы з 13 краін. Зала «Мінск-Арэны», дзе адбывалася песеннае спаборніцтва, зрабілася адной з самых буйных у Еўропе канцэртных пляцовак. Пад сцэну было адведзена амаль усё хакейнае поле, а побач з ёй размясціўся невялікі танцпол на тысячу чалавек. Усе астатнія гледачы — 14 тысяч чалавек — занялі месцы на трыбунах. На само шоу і дзве апошнія рэпетыцыі прадалі 40 тысяч білетаў.

Конкурс здымалі 18 камер. Трансляцыю для 20 мільёнаў гледачоў ажыццяўляла адна з апошніх еўрапейскіх мадэляў перасоўнай тэлевізійнай станцыі. Упершыню са сцэны конкурсу сыходзіла аб’ёмная выява фармату 3D. Шоу транслявалася ў прамым эфіры Першага нацыянальнага канала, спадарожнікавага канала «Беларусь-ТБ», тэлекампаніямі 13 краін-удзельніц, а таксама ў Аўстраліі, Азербайджане і на афіцыйным сайце конкурсу. Генеральным спонсарам песеннага свята выступіў Белаграпрамбанк. Пераможцам конкурсу стаў прадстаўнік Арменіі — 12-гадовы Уладзімір Арзуманян з песняй «Мама». Беларус Данііл Казлоў заняў 5-е месца.

Пракаменціраваць вынікі «Еўрабачання» мы папрасілі членаў журы — Алену Атрашкевіч, кампазітара і педагога, загадчыка аддзялення эстраднага мастацтва Мінскага каледжа мастацтваў, і Таццяну Якушаву, радыё- і тэлеаглядальніка, галоўнага рэдактара музычнага вяшчання Беларускага радыё.

Таццяна Якушава: Правядзенне дзіцячага «Еўрабачання» — вялікая адказнасць і вялікі клопат. Падрыхтоўка да яго падрабязна асвятлялася ў друкаваных і электронных СМІ краіны. Гэта тычылася пляцоўкі «Мінск-Арэна», пакупкі і настройкі неабходнай апаратуры, дызайну сцэны, выбару вядучых. На маю думку, конкурс прайшоў у нас на самым высокім узроўні. Давялося паглядзець яго двойчы: генеральную рэпетыцыю па тэлебачанні, фінал — у «Мінск-Арэне». Была я і ў прэс-цэнтры, і ў зале. Крытычных водгукаў не чула ні ад аднаго прадстаўніка якойсьці дэлегацыі. Што датычыць арганізацыі, дык усё было дакладна. Нават гонар перапаўняў, што само шоу атрымалася такім яркім, зладжаным, эфектным! Так, многія тэхнічныя моманты былі зроблены шведскай камандай, але свае ідэі яны ажыццяўлялі на нашай апаратуры.

Алена Атрашкевіч: Сапраўды, арганізацыя не выклікала ніякіх нараканняў. Уражанне вельмі яркае. Выдатная здымка... Беларусь прымала свята невыпадкова. Поспехі нашых юных артыстаў на мінулых конкурсах сведчаць, што дзіцячая эстрада — накірунак у айчыннай музычнай культуры, якому надаецца шмат увагі, яна плённа развіваецца і мае міжнароднае прызнанне.

Таццяна Якушава: Нагадаю: у 2003 годзе наша Вольга Сацюк была 4-й, у 2006-м Андрэй Кунец заняў 2-е месца, у 2005-м і 2007-м Ксенія Сітнік і Аляксей Жыгалковіч аказаліся пераможцамі.

Алена Атрашкевіч: Вельмі спадабалася, што ўпершыню ў гісторыі дзіцячага «Еўрабачання» на адной сцэне выступалі ўсе пераможцы папярэдніх форумаў з розных краін. Выпадковыя дзеці на такія конкурсы не трапляюць. Як правіла, яны прайшлі не адно нацыянальнае спаборніцтва. Адразу было відаць, у якіх краінах найбольш развітая індустрыя дзіцячай песні. Гэта Расія, Беларусь, Арменія, Грузія, Украіна, Малдова. У Еўропе наогул няма паняцця «эстраднае выканальніцтва». Там спяваюць або ў суправаджэнні аркестра, або ў групах. Спевы пад «мінус адзін» — прэрагатыва постсавецкай прасторы. У Еўропе такая з’ява ўспрымаецца як караоке. Там гэтаму віду творчасці не надаецца значэння, а ў нас такі накірунак запаўняе вялікую эфірную прастору.

Таццяна Якушава: Цікава, што агульныя вынікі конкурсу (якія складваліся з меркавання журы, тэлефоннага і SМS-галасавання) супалі з маімі асабістымі.

Алена Атрашкевіч: Мы здолелі нават прадказаць некаторыя ацэнкі. З 14 песень вылучаліся, на маю думку, пяць лідараў — Расія, Сербія, Беларусь, Арменія, Грузія. Крыху расчаравала Украіна...

Таццяна Якушава: Адно з самых яркіх уражанняў — нумар «Чаробна ноч», прадстаўлены сербкай Соняй Шкорыч. Тут адчувалася гармонія — голасу, вобраза, сцэнічнага рашэння. І ўсё спявалася вельмі шчыра, ад душы. Расія і Арменія падчас галасавання ўвесь час ішлі побач... Невыпадкова, што паміж 1-ым і 2-ім месцамі, пераможцам Уладзімірам Арзуманянам (які набраў 120 ачкоў) і расійскім дуэтам Сашы Лазіна і Лізы Дрозд (з кампазіцыяй «Boy & Girl»), была розніца ўсяго ў адзін бал!

Алена Атрашкевіч: Шыкоўная пастаноўка! Прадумана і адшліфавана ўсё, у тым ліку нават прычоска. Яркі хлопчык, дзяўчынка яго дапаўняла. Бэк-вакалісты выдатныя...

Таццяна Якушава: На мой погляд, нумар Расіі выглядаў другасным, шмат у чым паўтараў нумар сясцёр Талмачовых, якія ўжо былі пераможцамі дзіцячага «Еўрабачання». З другога боку, ён адрасаваў да фільма «Стылягі». Але дзеці раскаваныя, арганічныя...

Алена Атрашкевіч: Пераможца, Уладзімір Арзуманян, і наш Данііл Казлоў з песняй «Музыкі святло», кампазіцыяй-прысвячэннем Бетховену, у нечым падобныя па тэмпераменце. Прадстаўнік Арменіі абаяльны, ярка ўвасоблена драматургія песні...

Таццяна Якушава: У армян вельмі адметны антураж — домік, які разгортваўся на сцэне. Выступленне запаміналася.

Алена Атрашкевіч: Працягласць усіх кампазіцый была абмежавана 2 хвілінамі 45 секундамі, але высвятляецца, што за гэты час можна шмат сказаць! Хлопчык з Арменіі на генеральнай рэпетыцыі не выкладваўся дарэшты, а ў фінале змог «дадаць». Фактар эмацыйнасці важны, празмернасць пачуццяў уплывае на якасць гуку. Тым больш, калі галасавыя звязкі яшчэ не поўнасцю сфарміраваліся. У Валодзі Арзуманяна эмоцыі было столькі, колькі патрэбна. Грузінка Марыям Кахелішвілі пайшла, што называецца, «ва-банк», але празмернасць паўплывала на якасць выканання. Нумар успрымаўся як эпатажны, на мяжы шоку, але, бясспрэчна, ці не самы яркі...

Таццяна Якушава: Наконт грузінскага нумара «Mari-Dari» не згодная! Шчыра кажучы, яго я не зразумела. Ён штучны, «сінтэтычны», другасны (уплыў Lady Gaga тут бясспрэчны). Вобраз вельмі дакладна «пралічаны», таму і не крануў. Магчыма, з дзяўчынай працаваў той жа дызайнер, што і з грузінскім трыа «Bzikebi», пераможцамі 2008 года.

На генеральнай рэпетыцыі наш Данік вельмі ярка сябе паказаў. Ягоныя спевы выклікалі ледзь не слёзы нават у дарослых людзей. А калі пачалося фінальнае шоу, ён, на маю думку, ужо «перагарэў». Спрабаваў знайсці эмоцыі ў сабе, але атрымаўся «перабор». Хоць выкладваўся ён цалкам. Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Рыбак, пераможца дарослага «Еўрабачання», заўважыў, што ў беларускага хлопчыка нумара няма, але сам выканаўца яму спадабаўся.

Алена Атрашкевіч: Наш удзельнік выступаў вельмі годна. Для мяне ён уваходзіў у тройку лепшых. У ягоным нумары «Музыкі святло» была ўдала выбраная тэма. Дарэчы ўспрымаліся і фрагменты «Месяцовай санаты». Ідэя чысціні, любові да музыкі адпавядае ідэі дзіцячага «Еўрабачання». Хлопчык эмацыйны, перспектыўны. Баец па натуры, у яго ёсць амбіцыі лідара. Поспехі Данііла — шмат у чым заслуга яго настаўніка Нэлі Сяргееўны Дукавай. Якім бы таленавітым ні быў хлопчык, роля педагога першасная. Ён вучыць спяваць, закладвае індывідуальнасць, вызначае стылістыку твора. А потым з’яўляюцца прадзюсар і іншыя. Кажу пра гэта невыпадкова, бо калі пачынаюцца поспехі, побач з таленавітымі дзецьмі аказваюцца зусім не настаўнікі.

Таццяна Якушава: Дзіцячае «Еўрабачанне» ярка сведчыць і пра тэндэнцыі ў дзіцячым эстрадным выканальніцтве. Канкурсанты любяць капіраваць тое, што аднойчы прынесла поспех, і гэта відавочна. Яшчэ адна тэндэнцыя — вялікі «разрыў» ва ўзросце. З аднаго боку — літоўскі выканаўца, амаль дарослы. З іншага — прадстаўніцы Нідэрландаў, маленькія дзяўчынкі. Што датычыць песень... Шмат было хуткіх, імклівых кампазіцый. Калі яны ідуць запар, слухаць цяжкавата. Разбавілі іх некалькі песень: беларуская, сербская, шведская. Арыентацыя на шоу не зусім правільная, бо конкурс усё-такі музычны, песенны. А музыка — гэта адценні. Марыя Гулегіна, якая прыехала ў Мінск ад ЮНІСЕФ у якасці Пасла добрай волі, падчас прэс-канферэнцыі заўважыла: хацелася б, каб на сцэне былі менавіта дзеці, без абцасаў і макіяжу.

Алена Атрашкевіч: Цяпер на «Еўрабачанні» выступаюць канкурсанты ў пераважна тынэйджарскім узросце, у 10–15 гадоў. Зусім маленькіх не было. У 10 гадоў адораныя дзеці займаюцца ў студыях, працуюць з прафесійнымі педагогамі, што мы і бачылі на прыкладзе конкурсу. Юныя артысты могуць пераконваць майстэрствам, а не толькі дзіцячай абаяльнасцю. У старэйшых хлопцаў пачынаецца мутацыя, таму ім больш складана ў спеўным, выканальніцкім плане. У сувязі з гэтым, магчыма, варта крыху змяніць узроставыя межы і пачынаць з 9 гадоў, а заканчваць у 14. Бо ў 15 гадоў падлеткі слухаюць ужо іншую музыку...

Таццяна Мушынская