Міжвольны сведка

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Вочы Вялікай Айчыннай

/i/content/pi/mast/38/651/last.jpg

Васіль Аркашоў. Коля Арлоў: «Уся мая сям’я». 1943.

Маленькі хлопчык, у адзежы не па памеры, з недзіцячым выразам вачэй, моцна трымае пад пахай кацяня-заморка. Задні план фатаграфіі паказвае нам, што час здымкі — ваенны. Сапраўды: верасень 1943-га. А ў назве, якую даў фатограф, умясцілася біяграфія Міколкі Арлова: «Уся мая сям’я».

Аўтар гэтай выявы — ваенны карэспандэнт Васіль Аркашоў.

Да вайны ён скончыў курсы фотапрэсбюро ў Харкаве, працаваў ва ўкраінскіх газетах, а ў 1936 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў войска. Пасля стаў фотакарэспандэнтам газеты Беларускай ваеннай акругі «Красноармейская правда».

З першага дня Вялікай Айчыннай вайны — на фронце.

Здымаў для армейскай газеты «Уничтожим врага», потым зноў вярнуўся ў «Красноармейскую правду». Разам з савецкімі войскамі прайшоў Падмаскоўе, Смаленшчыну, Беларусь, Літву, Усходнюю Прусію. У паваенныя гады працаваў у ваеннай прэсе — газетах Беларускай ваеннай акругі, Групы савецкіх войскаў у Германіі. З 1963-га па 1970-ы гады ён — фотакарэспандэнт часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі», а з 1971-га — творчай студыі Саюза журналістаў Беларусі «Фото и жизнь».

У 1969 годзе выйшаў з друку альбом Аркашова «Франтавымі дарогамі». Працягваючы аповед пра лёсы герояў вайны, ён напісаў дакументальную кнігу «Мы сустракаліся ў баі».

Франтавыя фотаздымкі, зробленыя Аркашовым, — яркі летапіс Вялікай Айчыннай. На Міжнародным конкурсе газеты «Правда» ў 1975 годзе фатограф атрымаў за іх першую прэмію. На Усесаюзнай выставе, прысвечанай 30-годдзю Перамогі, — срэбны медаль і дыплом 2-й ступені.

У фондах архіва кінафотафонадакументаў сёння захоўваецца калекцыя работ Васіля Аркашова — 508 фотаздымкаў. Яны адлюстроўваюць мноства баявых эпізодаў, атакі і пераправы, працу медсанбатаў, допыт палонных, нагрувашчанні пабітай фашысцкай тэхнікі і канцлагеры, руіны Смаленска і Мінска, форты Кенігсберга.

Самую вялікую цікавасць выклікаюць здымкі першых дзён вайны, калі байцы 100-й стралковай дывізіі адбівалі наступ нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне Астрашыцкага Гарадка і ўздоўж Лагойскай шашы. Яны тым больш унікальныя, што фотасведчанняў пра першыя дні вайны ўвогуле захавалася няшмат.

У Савецкім Саюзе яшчэ з пачатку 1930-х гадоў фатаграфія ператварылася ў адзін з найважнейшых інструментаў класавай барацьбы і прапаганды. Найперш гэта тычыцца рэпартажнай фатаграфіі, галоўная прыкмета якой — дакументальнасць.

Савецкая рэпартажная фатаграфія перыяду Вялікай Айчыннай вайны не абмяжоўвалася толькі інфармацыйнымі мэтамі. Звышзадачай фатографаў было атрымаць пераканальны вобраз, які б спараджаў пачуццё нянавісці да ворага. Менавіта таму ваенныя рэпарцёры здымалі далёка не ўсё, што адбывалася, многае не было апублікавана ў ваенныя гады. Патрабаваліся доказы моцы Савецкай Арміі: адлюстраванне ўзарваных нямецкіх танкаў, збітых самалётаў, забітых фашысцкіх салдат — тое, што натхняла байцоў на барацьбу.

Запатрабаванымі былі і партрэты герояў. Самымі драматычнымі станавіліся фатаграфіі, зробленыя пад агнём.

Абвострана ўспрымалася звычайнае франтавое жыццё, побыт у акопах і зямлянках.

Пасля вайны засталася вялізная колькасць здымкаў руін і разбурэнняў, папялішчаў і людзей, што аказаліся без даху над галавой, дзяцей-сірот.

Некаторыя з гэтых здымкаў відавочна пастановачныя і нясуць за сабой шлейф ідэалагізаванасці. Аднак выявы дзяцей заўсёды шчырыя: яны сведчаць пра вялікую чалавечую трагедыю, што адбілася на выразах твараў, у тонкіх знясіленых постацях. Такая фатаграфія кранае напятым увасабленнем драмы, безабароннасцю і адзінотай.

 Алеся Белявец