«Zawirowania» не ведае межаў

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Харэапластыка ў дэкарацыях старой Варшавы

/i/content/pi/mast/38/648/49-.jpg

Перформанс «...Con Tatto» групы «Dа motus!» (Швейцарыя).

«Танец не ведае межаў» — такі дэвіз VI фестывалю тэатраў танца Еўропы «Zawirowania», які прайшоў у Варшаве. У прадстаўнічым форуме бралі ўдзел трупы і асобныя выканаўцы з 16 краін свету — Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Эстоніі, Швейцарыі, Англіі, Літвы, Германіі, Галандыі, Іспаніі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Японіі, Польшчы і Беларусі. Гэта сведчыць пра істотны рост яго папулярнасці сярод прыхільнікаў сучаснага танца. Для параўнання: у 2005 годзе, калі фестываль ладзіўся ўпершыню, у Варшаву прыехалі ўдзельнікі толькі з трох краін.

Ініцыятарам і арганізатарам танцавальнага форуму, галоўная мэта якога — дэманстрацыя таго, што танец яднае людзей, выступае незалежны Фонд сучаснай сцэны пры падтрымцы гарадскіх улад, Міністэрства культуры і народных традыцый Польшчы. Фестываль мае ўласную канцэпцыю, паводле якой існуе папярэдні строгі адбор твораў, і асноўным крытэрыем тут (нароўні з высокім узроўнем прафесіяналізму выканаўцаў) выступае абавязковая прысутнасць у танцавальных спектаклях зместу, дакладней, гісторыі, увасобленай пластычнымі сродкамі. У адрозненне ад харэаграфічных твораў цалкам эксперыментальнага характару, мэта якіх — пошук новых форм, або ад твораў, што маюць дачыненне да канцэптуальнага мастацтва (яно, паводле трапнай характарыстыкі крытыка Х’ю Кенера, апісанае і растлумачанае, не мае патрэбы ва ўспрыманні). Дарэчы, значная колькасць маладых творцаў аддае сёння перавагу таму, каб іх мастацтва хоць бы часткова належала «рэальнаму» свету.

Сімвалічна, што ў перакладзе з польскай мовы назва фестывалю гучыць як «кругаварот», «вір». На працягу дзевяці дзён фестывальныя паказы адбываліся на некалькіх розных, часам нечаканых пляцоўках — на ўтульнай камернай сцэне Тэатральнай акадэміі і прэстыжнай малай сцэне Вялікага тэатра (Нацыянальнай оперы), у невялікім холе Цэнтра культуры і на прасторнай Рынкавай плошчы Старога гарода.

На фестывалі «Zawirowania» адсутнічае конкурсны кампанент (тут не існуе журы і экспертнай рады, а фаварытаў выбірае глядач), што робіць яго вельмі дэмакратычным. Асаблівасцю з’яўляецца і тое, што з 2009 года ў рамках форуму ладзіцца Дзень танца адной краіны-ўдзельніцы, каб у гледачоў склалася больш поўнае ўяўленне пра стан сучаснай нацыянальнай харэаграфіі пэўнай дзяржавы. Першы раз аб’ектам пільнай увагі была абрана Іспанія. Сёлета такой краінай стала Беларусь. Адбылося гэта ў першую чаргу дзякуючы Міжнароднаму фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), на які прыехаў дырэктар фестываля «Zawirowania» Уладзімеж Качкоўскі. Ён адзначыў высокі прафесійны ўзровень беларускіх калектываў і прыняў рашэнне паказаць іх польскай публіцы.

Сучасную айчынную харэаграфію годна прадставілі чатыры калектывы: вядомы гродзенскі гурт сучаснай харэаграфіі «ТАД» на чале з Дзмітрыем Куракулавым, Ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам аўтара гэтых радкоў, Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» (на чале з Дзмітрыем Залескім і Вольгай Скварцовай) і праект Вольгі Лабоўкінай «Karakuly» з Мінска. Яны прэзентавалі асобныя творы, паказаныя раней на XXII IFMC у Віцебску, у агульнай праграме пад красамоўнай назвай «Беларусь танцуе ў Варшаве».

У межах фестывалю ладзіліся майстар-класы для прафесіяналаў і ўрокі для аматараў сучаснай харэаграфіі па modern dance, afro modern, modern jazz, кантактнай імправізацыі, yoga-dance і іншых папулярных сёння ў Еўропе накірунках.

Якія кампазіцыі і нумары паказалі ўдзельнікі фестывалю, прадстаўнікі самых розных краін? Якія тэндэнцыі развіцця сучаснага танца найбольш актуальныя? Вельмі ўразіла выступленне трупы «Dа motus!» са Швейцарыі. Харэографы Антоніа Бюлер і Брыджыт Мойлі прыдумалі арыгінальнае пластычнае дзейства для паказу ў натуральных дэкарацыях старой часткі Варшавы пад назвай «...Con Tatto». Адметнасцямі яго з’яўляліся і адсутнасць музычнага суправаджэння ў 1-ай частцы спектакля (калі шэсць танцоўшчыкаў падпарадкоўваліся пэўнаму ўнутранаму рытму), і актыўнае засваенне лесвіц, аконных і дзвярных праёмаў будынкаў, вулічных ліхтароў і агароджаў, лавак і столікаў кавярні для стварэння мізансцэн (яны нагадвалі асіметрычныя акрабатычныя фігуры).

У пластычным дзеянні асабліва важнымі з’яўляліся суадносіны статычных і дынамічных момантаў. Выкарыстанне так званай скульптурнасці зрабілася адным з галоўных пастановачных прыёмаў харэографаў: танцоўшчыкі ў яркім адзенні рознага колеру (каб вылучацца сярод натоўпу) хутка перамяшчаліся па перыметры Рынкавай плошчы і, згуртаваўшыся на нейкі момант, сцішваліся ў самых неймаверных позах. Нарэшце кожны танцор абіраў сабе пару з ліку гледачоў і ў суправаджэнні фонавай музыкі спрабаваў наладзіць са сваім партнёрам пластычны дыялог.

На першы погляд, малюнак перамяшчэння і размяшчэння (так званая фігурнасць) артыстаў на ўмоўнай сцэне быў спантанным, але пры ўсёй умоўнасці назіралася пэўная сістэма. Мізансцэны на адкрытай пляцоўцы з яе рэальнай, а не ілюзорнай, што пануе на тэатральнай сцэне, глыбінёй станавіліся па-сапраўднаму рэльефнымі.

Швейцарскія харэографы імкнуліся ператварыць гледачоў у актыўных удзельнікаў сваёй творчасці, ненавязліва заахвочваючы іх рабіць гэта арганізавана і асэнсавана, што надавала ўсяму працэсу псіхааналітычную і эстэтычную значнасць. Нягледзячы на пэўнае падабенства выкарыстаных мастацкіх прыёмаў, прадстаўленне
«...Сon Тatto» нельга аднесці да хэпенінгу з яго бясфабульнасцю і спантаннасцю паводзін як выканаўцаў, так і гледачоў.

Так званую хуткасную харэаграфію ў спалучэнні са складанымі светлавымі спецэфектамі прадэманстравала трупа «Tom Dale Company» з Англіі ў творы «Roam» на электронную музыку кампазітараў Сэма Шэклтона, Джо Уілса і Гая Вуда. Канцэнтрацыі ўвагі менавіта на дзеянні танцавальным і светлавым спрыяў мінімалізм дэкарацый.

Традыцыйны аповед сродкамі танца не вельмі цікавіць большую частку маладога пакалення пастаноўшчыкаў і гледачоў, якія прадстаўляюць пакаленне, выхаванае на сюррэалістычных вобразах і мільгаценні малюнкаў відэашэрагу. Для некаторых пастаноўшчыкаў сіла ствараемых вобразаў важней за халодную логіку падзейнага рада. Да такіх харэографаў можна аднесці і Тома Дэйла — пастаноўшчыка спектакля «Roam» (у кантэксце паказанага назву можна перакласці як «вандраванне», «блуканне»).

/i/content/pi/mast/38/648/49.jpg

Такака Мацуда на рэпетыцыі спектакля «Ліст ад лэдзі Л.» (Японія).

Увогуле новае пакаленне пастаноўшчыкаў захоплена разбурэннем жанравых межаў. Харэаграфічныя творы становяцца ўсё больш тэатралізаванымі — да ўключэння адкрытых элементаў драматычнай ігры, размоўных і песенных тэкстаў, выкарыстання элементаў дэкарацый, спартыўных прылад, разнастайных спецэфектаў. Да такіх твораў можна аднесці паэтычны спектакль «Ліст ад лэдзі Л.», пастаноўшчыцай і выканаўцай якога з’яўлялася вытанчаная і адначасова экспрэсіўная Такака Мацуда з Японіі.

Выступленне танцоўшчыцы ўяўляла сабой удалы мікст contemporary dance з вулічнай пантамімай, у ім было шмат акцёрскіх нюансаў, бо ў спектаклі яна, згодна з мастацкай задумай, выконвала па чарзе ролі некалькіх жанчын розных узростаў — ад дзяўчынкі да бабулі. Да гэтага дадавалася праніклівае чытанне тэксту — ліста загадкавай лэдзі Л. Пераапрананні ў розныя сцэнічныя касцюмы, удалае выкарыстанне блакітнага святла стваралі атмасферу містыкі і таямнічасці.

Вельмі вынаходлівая работа харэографа Чаркі Ондрычавай на музыку Джозэфа Віка пад назвай «Яблык», паказаная трупай «Elledanse» са Славакіі. У ёй выкарыстоўваецца шырокая палітра выразных сродкаў розных відаў мастацтва, пануюць гумар (што ў сучасных творах сустракаецца да крыўднага рэдка) і лёгкая іронія ў спалучэнні з доляй сарказму. «Яблык» прыцягваў гледачоў як каларытнай відовішчнасцю, так і пераканаўчай акцёрскай ігрой. Чаго вартая, напрыклад, сцэна, у якой адзін з персанажаў маніпулюе іншым, нібыта кіем, а адбываецца дзея на... сапраўдным більярдным стале, дзе шары заменены яблыкамі.

Спектаклі, паказаныя ў межах фестывалю «Zawirowania», надавалі галоўную ўвагу чалавечым адносінам і пачуццям асобных людзей, а не праблемам пэўнага часу і месца. Яны распавядалі любоўныя гісторыі («Камень, нажніцы, папера», Беларусь), інтрыгавалі гледача («Чатыры мужчыны, Аліса, Бах і алень», Ізраіль), закраналі маральныя праблемы («Фазы», Эстонія), адлюстроўвалі барацьбу за выжыванне. Такі падыход сведчыць пра веру ў прыярытэт чалавечай асобы.

Новыя плыні ў мастацтве з’яўляюцца дзякуючы інтуіцыі і здольнасці аўтара выходзіць за межы жанраў, адкрыта кантактаваць з аўдыторыяй. У гэтым выпадку ўзнаўляецца повязь паміж мінулым і сучаснасцю, выкарыстоўваюцца традыцыйныя і нетрадыцыйныя прыёмы, якія і ўтвараюць новыя мастацкія з’явы.

Святлана Гуткоўская