Два Пакоі для вырабаў з лямцу

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Выстава Гунілы Шоберг у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва

 /i/content/pi/mast/38/642/27.jpg
 Малітва дэрвіша.
Выстава «Аспекты жыцця: рэльеф і скульптура з воўны» шведскай мастачкі па тэкстылі Гунілы Петаў Шоберг праходзіла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы Шведскага інстытута і Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

«Вось работа з лямцу, імітацыя акварэльнага жывапісу. Але навошта рабіць імітацыі?» — гэтыя словы Гунілы Шоберг з лекцыі ў галерэі Акадэміі мастацтваў выяўляюць падставы яе творчага метаду. Сапраўды, лямец валодае выразнай спецыфікай і адметнасцямі, сваёй доўгай гісторыяй і нават своеасаблівай філасофіяй.

У Беларусі з лямцу вырабляюць валёнкі. У вёсцы, дзе вырасла Гуніла, было многа авечак, адпаведна — шмат воўны. З малых гадоў яна была знаёма з тэхнікай валення, патрэбнай для таго, каб рабіць валёнкі, рукавіцы і шапкі. У сталым узросце Гуніла звярнулася да традыцыйнага лямцу, але ўжо для таго, каб ствараць арт-аб’екты. «...У пачатку сямідзясятых я адкрыла для сябе лямец. Калі ўзяла ў рукі кавалачак воўны, мне згадаліся дзяцінства ў вёсцы і адчуванне цяпла і бяспекі, якія сыходзілі ад нашых авечак. Гэта сустрэча з лямцам і эмацыянальныя перажыванні дзіцячых гадоў падштурхнулі да вывучэння мастацкіх якасцей матэрыялу. Старадаўняя тэхніка валення поўсці з выкарыстаннем мыльнай вады стала для мяне цудоўнай магчымасцю для самавыяўлення. Я эксперыментавала, спрабуючы захаваць жыццёвую і тактыльную экспрэсію матэрыялу. Хутка зразумела, што скульптура — самая цікавая і ўдзячная сфера для творчага пошуку. Надам поўсці новае вымярэнне: аб’ём і форму!»

Гуніла Шоберг доўга вывучала гэтую тэхніку ў Турцыі, Туркменіі, Венгрыі… У Манголіі нават спала ў зробленых з лямцу юртах, жыллі мясцовых качэўнікаў. Яна стала аўтарам папулярнай кнігі «Лямец — новыя накірункі старога рамяства», якую пераклалі на англійскую, нямецкую і фінскую мовы.

Гуніла Шоберг пачала свой шлях не з традыцыі (ад яе яна ўзяла нюансы ўмельства), а з сучаснай гісторыі лямцу. А яе можна адлічваць з Ёзэфа Бойса. Гэты нямецкі лётчык быў збіты над Крымам падчас Другой сусветнай вайны. Яго выцягнулі з палаючай машыны мясцовыя татары-качэўнікі і вылечылі рытуальнымі метадамі: параненае цела Бойса яны абкладалі кавалкамі сала, што давала арганізму жывую сілу, і загортвалі ў лямец, які захоўваў цяпло. Менавіта Бойс, закончыўшы пасля вайны мастацкую акадэмію ў Дзюсельдорфе, увёў лямец у арсенал сучасных выяўленчых сродкаў. У сваіх перформансах ён загортваў у лямец крэслы, сталы, раялі, ухутваўся ў яго сам. Гэты матэрыял выступаў захавальнікам цяпла, і яго скульптуры ўспрымаліся як свайго роду электрастанцыі, што вытвараюць энергію.

Такім чынам, лямец — цудоўны матэрыял як для вырабу ўпрыгожанняў і ўжытковых рэчаў, так і для канцэптуальных мастацкіх аб’ектаў.

Сваю экспазіцыю «Аспекты жыцця» Гуніла падзяліла на дзве часткі: Пакой росту і Пакой святла.

У Пакоі росту мастачка звяртаецца да асэнсавання сіл прыроды — праз яе невялікія і крохкія фрагменты, што нібыта цаглінкі ўтвараюць аснову прыроднага космасу. Напрыклад, выява ліста памерам з метр становіцца ўвасабленнем фільтраванага святла. Незвычайная святланоснасць і цепланоснасць воўны, яе асаблівая паверхня, на якой праглядаюцца кавалачкі поўсці (нібы рэха прыроднай валакністай структуры), здольнасць паглынаць фарбу, рабіць яе матавай і глыбока арганічнай — усё гэта заварожвае і прыцягвае. «Дом семені» — чашы-ёмістасці, вобразы пачатку жыцця, а «Дробнае насенне» — розныя формы яго існавання. «Сіняя стыхія» — нібы цела вады, яе рух, зменлівасць паверхняў і колераў. «Шлях вады» — кантраст вольнай плыні, якая перададзена пасмамі «дзікай» воўны, і скал, парослых травой, увасобленых з дапамогай гэтага ж матэрыялу, але ўжо апрацаванага — лямцу. Нібы рэальнае адлюстраванне прыроднага матыву (паток вады сцякае з гор) з дапамогай метамарфоз, якія адбываюцца з матэрыялам, набывае прыхаваны, але моцны знакавы падтэкст. Самае загадкавае ў гэтых работах — той глыбокі патаемны дыялог, які вядуць паміж сабой стварэнні прыроднага (самі работы) і жывёльнага (воўна) свету. Цікава было наблізіцца да гэтых аб’ектаў — каб разгледзець усе нюансы паверхні, і аддаліцца — каб зразумець, як стваралася іх форма: амаль арганічна, у згодзе з матэрыялам, але — уладна кіруемая мастачкай.

Сама яна так піша пра канцэпцыю «Пакоя росту»: «...я хачу даць слова Прыродзе, каб звярнуць пільную ўвагу на тое, што ўсе мы залежым ад Маці-Зямлі, ад жывой Прыроды, без якой не было б жыцця! Воўна як матэрыял — добры ўзор новых шляхоў у нашым свеце, яна — экалагічная, ёй даюць рост і сілу трава, сонца, вада!»

Пакой святла — памяшканне і для святла, і для цемры. Тут былі размешчаны творы, якія з’яўляюцца своеасаблівымі разважаннямі пра культуру, пра стаўленне да мінуўшчыны і будучыні. Паводле сведчання мастачкі, у гэтай частцы экспазіцыі «сімвалы і знакі распавядаюць нам пра чалавецтва, пра гісторыю нашых жаданняў, пра каханне, уладу, рэлігію і вайну. Асаблівая ўвага надаецца тром “рэлігіям-сёстрам”, карані якіх палягаюць у Бібліі і якія самі грунтуюцца на любові да Бога і да бліжняга, аднак, тым не менш, могуць служыць крыніцамі войнаў і тэрору».

На акне выставачнай залы Гуніла размяшчае фатаграфіі трагічных падзей: забіты ў Ізраілі хлопчык, сцэны тэракта ў Нью-Ёрку. Яны нібы служаць фонам для пяшчотнага перавозчыка — лодка-лісток вязе невялікае цела, захутанае ў белае. Вобраз пазачасавы, нібы і мала звязаны са сцэнамі тэрактаў. Аднак паабапал цягнецца шэраг выяў, што ўтрымліваюць сімвалы (напрыклад, «Мой Бог, мой Бог, мой Бог — знакі любові альбо нянавісці»), якія падзяляюць людзей, усталёўваюць межы і прыводзяць урэшце да катастрафічных наступстваў. Аднак «Пяшчотны перавозчык», вырашаны ў яркім салатавым колеры, служыць парадаксальна-жыццесцвярджальнай канстантай усёй экспазіцыі.

Мастачку вабіць магія старых пісьмёнаў, паверхняў, на якіх яны размешчаны, зачароўваюць спрадвечныя культурныя коды. «Забытая мова» — моцная метафара. Камень з круглай адтулінай пасярэдзіне, што вядзе ў цемру, у небыццё. Нібы імітацыя каменнай паверхні, фактура прарэзана, прадрапана прымітыўнымі рыскамі-знакамі. Але адчуванне матэрыялу застаецца: ён мякка і надзейна паглынае ўсе шумы і гукі.

Пасярэдзіне двух твораў былі ўсталяваны лямпачкі, і рэчы нібы свяціліся знутры. Адзін з іх — спіраль, сімвал бясконцага руху.

Аб’екты культуры і прыроды, паверхні ліста, паперы ці каменя, натуральныя і штучныя трансфармацыі — усе гэтыя формы і працэсы, увасобленыя з дапамогай старажытнай тэхнікі, утрымліваюць у сабе магію матэрыялу, нясуць надзвычай сучасны і адкрыты пасыл шведскай мастачкі.

Р.S. На ўжо згаданай лекцыі Гунілы Шоберг слухачы маглі пазнаёміцца і з беларускай гісторыяй лямцу. З 1997 года на кафедры тэкстылю і мадэлявання Беларускай акадэміі мастацтваў распачалося вывучэнне гэтага матэрыялу. Мінулагодні дыплом Алены Ількавец (Каляснікавай) уразіў нечаканай метафарай, увасобленай ёміста і моцна. Сілу і цвёрдасць рыцарскіх даспехаў розных еўрапейскіх краін яна перавяла ў мяккі матэрыял валенай воўны, прычым усё было зроблена ў натуральным памеры. На гэтую працу яе натхнілі майстар-класы Гунілы Шоберг, якая шчодра дзеліцца ўласным досведам са сваімі вучнямі.

 Алеся Белявец