Што схавана за «Літарай»?

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Візуальныя даследаванні паэзіі

/i/content/pi/mast/38/640/23.jpg

Зоя Луцэвіч. Замова. Змешаная тэхніка. 2010.

Эклектычны характар сучаснага мастацтва вядзе да сцірання межаў паміж яго відамі. Сёння нікога не здзівіш аб’яднаннем візуальнага і вербальнага складнікаў — не толькі ў аснове канцэпцыі выставы, але і на ўзроўні структуры твора. З гэтага пункту гледжання праект «Літäра: Візуальныя даследаванні паэзіі» ў Інстытуце імя Гётэ фармальна не прыўносіў у наяўны мастацкі дыскурс нічога прынцыпова новага. На самай справе ён адметны сваім інавацыйным фарматам выставы-даследавання. У цэнтры яго ўвагі знаходзяцца вершы сучасных нямецкіх аўтараў, на якія «прарэагавалі» сваімі творамі беларускія мастакі. Самае галоўнае, выстава накіравана на збліжэнне паэзіі і актуальнага мастацтва — з’яў, якія сёння надзвычай слаба перасякаюцца.

Самы актыўны ўдзел у праекце прыняла Зоя Луцэвіч. Яна прадставіла палотны, выкананыя ў змешанай тэхніцы, інсталяцыю і зняты паводле яе сцэнарыя фільм (рэжысёр Міхаіл Бацвіннік). У творчасці Зоі пераважаюць эмоцыі, а не надуманыя, тэхнічна дасціпныя вырашэнні. Мастачка выдатна ведае законы колеравай кампазіцыі: яе працы вабяць вока з першага погляду, без папярэдняга паглыблення ў змест. Нягледзячы на пэўную самастойнасць і завершанасць, калажы Луцэвіч не адарваны ад тэкстаў, якія інспіравалі іх стварэнне. Напрыклад, твор «Замова», што «ілюструе» верш Ільмы Ракуза пра наяўнасць у чалавека дзвюх моў: адной для выказвання, а другой для творчасці, — схіляе да думкі пра раз’яднанасць мовы інфармацыйнай прасторы (уклееныя аўтаркай абрыўкі газет) і мовы паэзіі, пра характэрнае для нашай краіны двухмоўе і г.д.

Арт-аб’ект Антаніны Слабодчыкавай «Без назвы» ўяўляе сабой перакладны слоўнік нямецкай мовы, перапрацаваны мастачкай на манер дзіцячых нататнікаў, дзе суседнічаюць запісы, малюнкі і калажы. Узяўшы твор паэткі Монікі Рынк «Drifting accumulation» — верш-пужалку пра дэмана, які хаваецца між радкоў, — Антаніна стварыла своеасаблівы дзённік вар’ята. Шматразовае паўтарэнне радкоў, запісанае на старонках слоўніка, якое чаргуецца з разнастайнымі выявамі на табуяваную тэматыку: рэлігійную, сексуальную ды іншую, — нібы ўводзіць чытача ў стан экзальтацыі і абуджае яго падсвядомыя страхі.

Руслан Вашкевіч звяртаецца да звыклай для яго фрэйдысцкай тэматыкі. У бяскрыўдным вершыку ўжо згаданай Ільмы Ракуза ён вылучае праблему ўзаемаадносін полаў і кладзе яе ў аснову свайго твора «Мост-прыгажун». Гендарны масток ад жанчыны да мужчыны, які ўяўляе сабой шкалу гучнасці, даведзенай да максімуму, з’яўляецца эўфемістычным адлюстраваннем сексуальных жарсцяў. На карціне прысутнічае яшчэ адна дэталь — загадкавае чорнае крэсла, што патанае ў змроку. Відаць, гэта алегорыя згаданага ў вершы «чорнага кляшча» — намёк на тыя цёмныя куткі падсвядомасці, якія кіруюць чалавечай псіхікай.

Міхаіл Гулін ілюструе безназоўны верш Ільмы Ракуза, сэнсавая тканка якога пабудавана вакол паняцця снегу. Па словах мастака, «аб’ект хутчэй з’яўляецца візуальным увасабленнем графічнай структуры тэксту, чым яго сэнсу». Міхаіл прадставіў металічную канструкцыю, у якой зроблена каля дзесяці паглыбленняў з надпісам па-нямецку «снег». На адкрыцці яны былі запоўнены сапраўдным снегам — у адпаведнасці з колькасцю паўтарэнняў гэтага слова ў вершы. Канешне, тут праявілася і асабістае жаданне мастака здзівіць гледача сваёй вынаходлівасцю. Але Гулін закрануў і глыбокія філасофскія пласты: яго праца, уключыўшы ў сябе перфарматарскі складнік (працэс таяння снегу), нагадвае пра магічныя ўласцівасці слова, надзвычай важныя ў гістарычным працэсе фарміравання мовы і свядомасці чалавека.

Сяргей Кірушчанка на палатне «Пад» разважае над пытаннямі перакладу і адаптацыі вершаванага тэксту ў іншамоўным асяроддзі, спрабуючы перадаць энергетыку гэтага працэсу. Фон карціны, на якім запісаны нямецкі тэкст, разгортваецца нібы лічбавая матрыца з камандамі мовы праграмавання. Прапушчаны праз сетку свядомасці перакладчыка, ён ператвараецца ў беларускамоўны верш. Дынамізм працэсу падкрэсліваецца нанесенымі чырвоным шрыфтам праўкамі з чарнавіка перакладчыцы і куратара выставы Ірыны Герасімовіч.

Палатно Аляксандра Некрашэвіча ілюструе дзіўнаваты твор Монікі Рынк «Пра ўсё разважаць і імкнуцца». З гэтага верша мастак вылучае вобраз «вялізнага байструка», нашчадка паэтаў. Тоўсты мацак, павернуты да гледача спінай, на якой вытатуіравана слова «хопіць», трымае нешта ў руцэ, няйначай, пляшку з півам. Фонам для карціны служыць вобраз сусветнага патопу. Такім чынам мастак укараняе міфалагічны матыў у сучасную поп-артаўскую стылістыку, што з’яўляецца відавочна постмадэрнісцкім прыёмам. Здавалася б, Некрашэвіч канстатуе катастрафічнасць сітуацыі, у якой апынулася грамадства, але, на жаль, у такога кшталту эстэтыцы больш замілавання станам рэчаў, чым яго адмаўлення.

/i/content/pi/mast/38/640/22.jpg

Руслан Вашкевіч. Мост-прыгажун. Алей. 2010.

Нягледзячы на тое, што асноўная мэта праекта — дыялог паміж культурамі, тут практычна адсутнічаюць нацыянальныя асаблівасці: гэта тычыцца як айчынных мастакоў, так і нямецкіх паэтаў. Складваецца ўражанне, што мова — адзіны культурны бар’ер паміж творцамі. Зразумела, што гэта вынік імклівай глабалізацыі: ніхто з аўтараў не жадае быць ізгоем у сусветнай супольнасці, і мастацтва страчвае сваю нацыянальную адметнасць. Але варта задумацца, на чым засноўваецца працэс такой глабалізацыі: на ўніверсальных духоўных каштоўнасцях ці на мадэлях паводзін грамадства спажывання? Разважаючы над пытаннем перакладу і суадносін дзвюх моў і культур, большасць мастакоў імкнуліся перадаць іх тоеснасць. Але, між іншым, пераклад і арыгінал ніяк не могуць быць тоеснымі, як не могуць быць тоеснымі і дзве розныя мовы — паводле гіпотэзы лінгвістычнай адноснасці, моўная карціна свету аднаго народа не роўная другой. Не лішнім было б засяродзіць увагу на тых адметнасцях, што розняць нашы культуры.

У сучасным грамадстве г. зв. актуальнае мастацтва, вектар развіцця якога скіраваны ў бок тэхнічнага ўдасканалення і далучэння да сусветнай шоу-індустрыі, знаходзіцца ў стане проціборства з мастацтвам паэзіі і паэтычнай стыхіяй наогул. У цэнтры ўвагі паэта па-ранейшаму застаецца духоўнае жыццё асобы, што і прадэманстравалі нам творы нямецкіх літаратараў, якія былі задзейнічаны ў праекце. Прыемна, што ў дадзеным выпадку адбылася не канфрантацыя, а сапраўдны і вельмі плённы дыялог паміж паэтамі і мастакамі.

Алесь Сухадолаў