Фестывалім!

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Пасля жнівеньскай невыноснай спёкі, якая ніяк не спрыяла ажыўленню кінематаграфічнага працэсу, вераснёўская прахалода хутка настроіла айчынных творцаў на выключна дзелавы рытм. Нічога дзіўнага: бяздумны час летніх адпачынкаў па традыцыі саступіў месца насычанай кінафестывалямі восені. І зазбіраліся нашы кіношнікі ў замежжа з творчымі справаздачамі. Так летуценны шкаляр, стомлены вакацыямі, з ахвотай кідаецца ў вір навукі. Маўляў, хіба ж гора, што з матэматыкай праблемы і сачыненне «Як я правёў лета» ніяк не стане класікай прыгожага пісьменства, затое па фізкультуры бал будзе самы вышэйшы дый з сябрамі карціць сустрэцца...

 /i/content/pi/mast/3/64/Festyvalim1.jpg

Кадр з фільма А. Лайе «Чэрвень».

Украінскі Бярдзянск, можна лічыць, горад ужо наскі, да беларусаў ветлы і дружалюбны. Тутэйшы штогадовы фэст «Брыганціна» ніколі не пакідаў нашых кінематаграфістаў без узнагарод. Тычыцца гэта мастацкіх стужак «Павадыр» і «Дунечка» Аляксандра Яфрэмава, «Я памятаю...» Сяргея Сычова. Апошні на сёлетняй «Брыганціне» стаў членам журы. І ўвогуле Х Адкрыты Бярдзянскі кінафестываль, які скончыўся напачатку верасня, Беларусь, а дакладней, беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў сферы кінавытворчасці, увагай не абышоў. Гран-пры дастаўся стужцы Марыі Мажар «Ворагі». Хто б сумняваўся ў яе пераможным шэсці па гарадах і вёсках колішняга Саюза! З ворагамі, як той казаў, у нас ніколі праблем не было... За лепшую рэжысуру адзначана на «Брыганціне» яфрэмаўская меладрама «Рыфмуецца з любоўю», а лепшай выканаўцай жаночай ролі названа, натуральна, непараўнальная Ганна Кавальчук. Нашы ж дамарослыя Маргарыты, пэўна, усё яшчэ вучацца ў сярэдніх школках і нават не мараць пакуль што пра свайго адзінага Майстра...
Другая палова кінематаграфічнага верасня -- не менш напружаная ў плане інтэграцыі
 /i/content/pi/mast/3/64/Festyvalim3.jpg
 Кадр з фільма А.Глобіна «Вогненны крыж».
беларускага кіно ў бязмежную міжнародную прастору. Канешне, пра «Оскара», на якога збіраецца замахнуцца кіраўніцтва «Беларусьфільма», гаварыць ранавата, але на
XVI Адкрытым фестывалі кіно краін СНД і Балтыі «Кінашок-2007» у Анапе нашы дасягненні прадстаўлены, як думаецца, максімальна. І маю тут на ўвазе не толькі ўсюдыісную мастацкую стужку «Рыфмуецца з любоўю». На конкурсе дзіцячага ігравога і анімацыйнага кіно «КінаМалыШок» годна прэзентавана беларуская мультыплікацыя: стужкі «Мюнхгаўзен у Расіі» Уладзіміра Пяткевіча, «Залатыя падковы» Ірыны Кадзюковай, «Чароўная лаўка» Алены Пяткевіч і «Нязломны Чэн» Міхаіла Тумелі.
А фінішуе фестывальны верасень у Брэсце. Напрыканцы першага месяца восені тут распачынаецца Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў. Цягам шасці дзён будуць дэманстравацца айчынныя ігравыя карціны (апрача мастацкіх стужак аж тры тэлесерыялы: «Пяшчотная зіма» Ганны Пармас і Ірыны Волах, «Тры талеры» Ігара Чацверыкова і «Маёр Ветраў» Аляксандра Франскевіча-Лайе), дакументальныя фільмы і нават сацыяльныя ролікі -- будзем спадзявацца, якасныя і цікавыя, бо няўклюдны дзядзька ў касцюме плюшавага мішкі на лясным фоне і з дэкларацыяй «Беражыце прыроду, дзеці!» неяк не пераконвае ва ўласных міласэрных намерах... У пазаконкурснай праграме Брэст прэзентуе фільмы з Расіі, Украіны, Польшчы, Швецыі... Пра вынікі двух апошніх кінафэстаў «Мастацтва» паведаміць пазней.
Дзеля поўнай карціны кінаверасня застаецца дадаць, што любоў расійскіх творцаў да Беларусі як да зручнай і выгаднай здымачнай пляцоўкі ніякім чынам не зменшылася. У Гродне гэтымі днямі працягваецца работа над расійскім дэтэктыўна-містычным серыялам «Вогненны крыж» (рэжысёр Аляксандр Глобін), дзе заняты зоркі Валерый Гаркалін, Вольга Пракоф’ева... Чатырохсерыйную ваенную драму-экшн «Чэрвень» (сумесная вытворчасць кампаніі «М2Ф» і «Беларусьфільма») здымае Аляксандр Франскевіч-Лайе. У ролі лейтэнанта пагранічных войскаў, які пачынае вайну ў Заходняй Беларусі, -- Сяргей Бязрукаў, адзін з самых запатрабаваных, а таму і дарагіх акцёраў тэлеэкрана. Фільм, здымкі якога плануецца завяршыць да наступнага свята Перамогі, абяцае быць касавым не толькі з тае прычыны, што апрача расійскай зоркі задзейнічаны тут і беларускія майстры Расціслаў Янкоўскі, Уладзімір Мішчанчук, але і таму, што да стварэння сцэнарыя спрычыніўся кінамаэстра Станіслаў Гаварухін.

Яўген РАГІН