Воблака пад нагамі

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

«Цень Іерусаліма» Леаніда Падруля

/i/content/pi/mast/38/639/20.jpg

Апакаліпсічны краявід. Каля руін Садома.

Фатаграфія — цудоўны пасрэднік у добрасуседскіх узаемадачыненнях. Парадна-прэзентацыйныя паказы відаў розных краін даволі рэгулярна ладзяцца замежнымі амбасадамі на розных выставачных пляцоўках Мінска. Нешта накшталт гэтага я і меркавала ўбачыць на выставе ізраільскага фатографа Леаніда Падруля «Цень Іерусаліма». Аднак здымак, які з’явіўся на экране камп’ютара пры адкрыцці анатацыі праекта, уразіў не столькі прыгожым відам, колькі жывапіснымі эфектамі, страснай драматургіяй гульні святла і ценяў, выразнай кампазіцыяй.

«Сыходжанне прасвяднага агню» ўздзейнічала з сілай старых карцін. На выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі шлях гледача ўздоўж шэрагу буйнафарматных фотаздымкаў Леаніда Падруля быў няпростым. Краявіды з магутнай сілай увабралі ў сваіх выгінах дух старой біблейскай гісторыі. Выразная графіка чорна-белых выяў Іерусаліма з аскетычнымі постацямі вернікаў дарыла багацце фактур і рытмаў. Былі і віды, што нібы сышлі са старонак часопіса National Geographic, — прыгожыя здымкі з эфектнымі пералівамі вады і натуральнымі падсветкамі крыху выбіваліся з агульнага шэрагу.

Паводле якога крытэрыю праходзіў адбор гэтых твораў? Ці мяняецца творчая мова пры перамене месца жыхарства? Як магчыма з такой сілай спасцігнуць новы для сябе свет? Усе гэтыя пытанні паступова выспявалі, калі наступным днём я ішла на сустрэчу з ізраільскім фатографам украінскага паходжання Леанідам Падрулем.

Выбар інструмента і ракурсу

Хлопчыку падаравалі канструктар, з якога можна было сабраць бінокль, мікраскоп ці фотаапарат. Леанід выбраў апошняе. Хутка якасць гэтага прымітыўнага прыстасавання перастала яго задавальняць, і ён атрымаў новы, больш дасканалы інструмент. Падчас навучання ў фотастудыі Леанід зразумеў, што і як ён хоча здымаць: тое, чаго не бачыць ніхто, новае і нечаканае, з немагчымых ракурсаў. Так пачалося яго захапленне альпінізмам. Сваю галоўную тэму фатограф знайшоў падчас узыходжанняў на Цянь-Шань і Памір. Змест і кампазіцыю яго работ стаў вызначаць погляд не з вышыні чалавечага росту, а з нейкай умоўнай кропкі чыстага, амаль нябеснага сузірання.

Сам па сабе спорт не вабіў яго. Ён фіксаваў маршрут, каб адправіць са справаздачай здымкі ў Маскву. Адначасова фатаграфаваў для сябе. Даставаў іншы інструмент, шукаў выразныя ракурсы, эфектнае контравае святло і неардынарную кампазіцыю. І знаходзіў тое, што немагчыма было прадбачыць, а можна было толькі назіраць. Як аднойчы: насоўваецца вялізная хмара і раптам аказваецца не над галавой, а пад нагамі.

Спуск як узыходжанне

У 1997 годзе Леанід Падруль, ужо знаны і ўшанаваны фатограф, пераехаў у Ізраіль. Праз паўгода знайшоў працу ў фоталабараторыі самага буйнога музея краіны. І амаль два гады спатрэбіліся на тое, каб зразумець асаблівую прыроду святла гэтай краіны. Здымка археалагічных знаходак у студыйных умовах дапамагла адчуць, літаральна намацаць глыбокі пласт старажытнай гісторыі. А яго ўдзел як фатографа ў археалагічным праекце па даследаванні Кумранскіх пячор, арганізаваным часопісам National Geographic, канчаткова вызначыў галоўную тэму: наваколле Мёртвага мора. «Увогуле я альпініст, — расказвае Леанід Падруль. — З улюбёнай вышыні шэсць тысяч метраў я спусціўся на мінус чатырыста, самае нізкае месца на Зямлі. Гістарычна на берагах Мёртвага мора знаходзіліся ці не самыя знакамітыя біблейскія гарады Садом і Гамора — сімвалы маральнага падзення і Боскай кары. У кабалістычных пісаннях раён Мёртвага мора называлі “Ценем Іерусаліма”».

Калі Леанід праглядаў свае здымкі, ён заўважыў, што ўзыходы сонца на Мёртвым моры ярка-чырвоныя (з-за выпарэнняў брому). Так паступова прыходзіла разуменне таго, на што трэба звяртаць увагу і які час для здымкі выбіраць. Звычайна ён прыязджае ў раён Мёртвага мора на некалькі дзён. Спыняецца ў мясцовым гатэлі, устае ў чатыры-пяць гадзін раніцы. І здымае на золку, калі святло яшчэ не праявіла рэчы да канца.

Сорак прыпынкаў на шляху

 /i/content/pi/mast/38/639/Untitled-3.jpg
 Вечны пейзаж. Іудзейская пустыня.
 
За дзесяць гадоў было зроблена каля дзесяці тысяч фатаграфій біблейскіх краявідаў. З іх толькі сорак увайшлі ў праект «Цень Іерусаліма». Сорак — лік містычны (столькі гадоў Майсей вадзіў свой народ па пустыні, столькі дзён правёў Ісус на гары Спакушэння), і ў праекце ён застаецца пастаянным, мяняюцца здымкі. Замест аднаго кадра можа размясціцца іншы — лепшы, больш выразны.

Шлях, які рабіў глядач на выставе, — гэта шлях паломніцтва па біблейскіх мясцінах. Прайшоўшы па вуліцах і святых месцах Іерусаліма, мы спускаліся ў яго ваколіцы, сустракаліся з «Сынамі пустыні», бачылі «Старажытныя алівы», паўз манастыр Святога Георгія і гару Спакушэння аказваліся на дарозе да Іардана. У раёне Мёртвага мора нас чакалі «Архетыпы сусвету», Кумранская пячора, палац Ірада Вялікага і манастыр Спакушэння. Руіны Садома і пазачасавыя краявіды Мёртвага мора замыкалі рух. Руіны ўразілі фатографа ўвасобленай у камені гісторыяй. Гара Садом знаходзіцца на краі мора і ўяўляе сабой скалу вышынёй каля 30 метраў. Паводле біблейскай гісторыі, тут знаходзіліся гарады Садом і Гамора. Саляны слуп на гары нагадвае сваімі абрысамі чалавечую постаць — біблейская традыцыя атаясамлівае яе з жонкай Лота, якая азірнулася, пакідаючы горад.

Здымкі сталі прыпынкамі на біблейскім шляху. Адсюль змешванне творчых манер: ад дакументальнай фіксацыі фрагментаў краявіду да магутных мастацкіх вобразаў, увасабленняў спыненых момантаў вечнасці. Такой, прынамсі, уяўляецца фатаграфія «Як у біблейскія часы», на якой сонца толькі злёгку кранае сваімі першымі праменямі паверхню мора. У адным інтэрв’ю з Леанідам Падрулем гэтыя краявіды назвалі марсіянскімі. Яны сапраўды маглі быць убачаны нечым вокам — да ці пасля чалавечага існавання. Такі ж «...І быў вечар, і была раніца», дзе неба і прамені сонца адлюстроўваюцца ў празрыстай вадзе, нібы парушаючы ўсе законы існавання матэрыі. Сама назва ўказвае на першароднасць краявіду і чысціню погляду на яго.

«Калі я фатаграфую, — згадвае Леанід Падруль, — часта адбываюцца незвычайныя рэчы. Аднойчы з-за гары, дзе былі Садом і Гамора, з’явілася воблака, падобнае на другую літару яўрэйскага алфавіта — бэт. Яна азначае — стварэнне. Ледзь паспяваю націснуць на спуск затвора, і воблака расплываецца».

Мудрая інтуіцыя і вялікае майстэрства вызначаюць уменне фатографа апынацца ў спрыяльны час у патрэбным месцы, яго здольнасць бачыць і адчуваць пазачасавыя стасункі.

Алеся Белявец