Нашчадкі Дзягілева

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

«Рускія сезоны» ў розных аспектах

/i/content/pi/mast/38/637/16.jpg

Наталля Балахнічава (Царэўна Ненаглядная краса).

Сказаць, што балеты «Шахеразада» і «Жар-птушка», паказаныя ў Мінску ў межах праекта «Рускія сезоны ХХІ», выклікалі павышаную глядацкую цікавасць, значыць нічога не сказаць. Назіраўся сапраўдны, непадробны ажыятаж! Больш танныя білеты на балкон і ў бельэтаж былі прададзены праз інтэрнэт у першы ж дзень роўна за 30 хвілін. Самыя дарагія білеты ў партэры каштавалі 450 тысяч і таксама былі раскуплены.

Значыць, ёсць яшчэ ў нас і публіка, «жадная до впечатлений изящного» (па выразе Бялінскага), ёсць і пэўная колькасць, скажам так, добра забяспечаных людзей! Як тут не згадаць славутае: «Культура — прэрагатыва людзей заможных, а мастацтва — людзей багатых». Па неафіцыйных даных, кошт праекта дасягаў 100 тысяч еўра. Сума немаленькая. Але зусім не танная справа — прывезці ў Мінск 85 артыстаў — трупу «Крамлёўскага балета» (мастацкі кіраўнік Андрэй Пятроў), салістаў Вялікага і Марыінскага тэатраў, а ў дадатак 2 трэйлеры з дэкарацыямі і выстаўкамі.

«Рускія сезоны ХХІ» — дастаткова сур’ёзная і шматгранная з’ява. Нельга ахапіць неабдымнае, таму паспрабуем вылучыць некалькі ракурсаў. Чым праект быў цікавы і каштоўны для нас, чаму варта вучыцца, што трэба пераймаць?

Па-першае, прываблівае высакародная справа ўзнаўлення яркага перыяду рускай культуры. Заўважу, што Андрыс Ліепа, старшыня праўлення фонду імя Марыса Ліепы і мастацкі кіраўнік праекта, шмат гадоў таму сапраўды вынайшаў і адкрыў «залатую жылу». Як вядома, у 1906–1907 гадах Сяргей Дзягілеў арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рускіх мастакоў. У 1907-м — сімфанічныя канцэрты рускай музыкі. Два наступныя гады былі аддадзены рускай оперы. У 1909-м адбыўся першы оперна-балетны сезон. Штогадовыя праекты доўжыліся за мяжой да 1913 года. Дзякуючы мастацкім ідэям Дзягілева, буйнейшага рускага імпрэсарыа, нарадзіліся многія балеты Стравінскага, Пракоф’ева, Дэбюсі і Равэля. З «Рускімі сезонамі» супрацоўнічалі лепшыя тэатральныя мастакі таго часу — Аляксандр Бенуа, Леў Бакст, Мікалай Рэрых, Аляксандр Галавін, Мсціслаў Дабужынскі. Балеты ставілі Міхаіл Фокін, Вацлаў і Браніслава Ніжынскія, Леанід Мясін, Джордж Баланчын. У спектаклях танцавалі Ганна Паўлава, Тамара Карсавіна, Вера Каралі, Ніжынскі, Міхаіл Мордкін. Кожны з названых творцаў — буйная, значная асоба, пра кожнага можна ладзіць асобны тэатральны праект.

«Сезоны» каласальна паўплывалі на ўвесь сусветны балет — і дзякуючы новым мастацкім ідэям, увасобленым у спектаклях, і таму, што большасць салістаў пасля кастрычніцкага перавароту засталіся за мяжой, многія стваралі прыватныя студыі, гастралявалі па ўсім свеце.

Чым яшчэ цікавыя для нас «Рускія сезоны ХХІ»? Думаю, найперш як прадзюсарская праца і камерцыйны праект. Размаху ў Ліепы трэба павучыцца! На працягу апошніх чатырох гадоў ён возіць «Сезоны» па Расіі. Да канца 2010-га ў планах «Рускіх сезонаў» — 20 мерапрыемстваў. Балетаў для адраджэння і ўзнаўлення хопіць яшчэ на шмат гадоў (нагадаю, што падчас дзягілеўскай антрэпрызы было паказана ажно 150 прэм’ер). З Андрысам супрацоўнічаюць буйнейшыя тэатры Еўропы, гатовыя аддаць самыя прэстыжныя пляцоўкі пад яго праекты. Напрыклад, сёлета ў кастрычніку ў Лондане адкрылася выстаўка, якая адлюстроўвае асобу і творчасць Дзягілева (плануемая колькасць наведвальнікаў — 5 мільёнаў). У красавіку 2011-га ў брытанскай сталіцы (у тэатры «Калізеум») пройдзе фестываль, прысвечаны яму ж.

Імя, прыналежнасць да артыстычнай дынастыі, наяўнасць яркага відовішча адкрываюць дзверы банкаў і камерцыйных структур. У Мінску генеральным партнёрам праекта фонду імя Марыса Ліепы выступіла «Belavia» (Belarusian airlines), першым партнёрам — Белаграпрамбанк, спонсарамі — канцэрн «Беларусьнафта», Сомбелбанк і інш. Цудоўна, што ў цэнтры ўвагі элітарнае мастацтва, а не пошлая «папса». Ужо адно гэта выклікае аптымізм. Але ці памятаеце вы, каб нашы камерцыйныя або банкаўскія структуры гэтак жа горача падтрымлівалі беларускія тэатральныя, музычныя, кінематаграфічныя праекты? Калі фестываль Башмета, праект Ліепы — з задавальненнем! Калі «свае», узнікаюць пытанні. Мо, «свае» апрыёры не лічацца героямі, вартымі «прасоўвання»?

І нарэшце — эстэтычны аспект гастроляў, самы складаны. «Рускія сезоны» сведчаць, што цікавасць да харэаграфіі, якая сталася ў Беларусі традыцыйнай шмат у чым дзякуючы дзейнасці Нацыянальнага балета і спектаклям Елізар’ева, па-ранейшаму жывая. Інтарэс публікі велізарны. Але ствараецца ўражанне, што наш глядач «з’есць» усё і будзе горача апладзіраваць стоячы, абы тэатральны прадукт быў пададзены з адпаведным піярам і як мага большым размахам.

У сувязі з гэтым адзначу, што ўзаемаадносіны «Рускіх сезонаў», тэатра і прэсы часам выглядалі, мякка кажучы, дзіўнымі. Да апошняга дня было невядома, ці трапяць журналісты і крытыкі хоць на фінальны прагон балетаў. На адзіным вячэрнім паказе прэсы, тэлебачання, фотакараў не было. Можа, перад намі своеасаблівы «элітарны карпаратыў», дзе багатыя танцуюць для багатых? Калі праект — з’ява найперш камерцыйная, тады ўсё зразумела. Калі перад намі з’ява эстэтычная, яна мае права быць абмеркаванай.

/i/content/pi/mast/38/637/17.jpg

Ігар Піваровіч (Кашчэй Бессмяротны).

Паказаныя балеты, бясспрэчна, уразілі гледача, які не так часта трапляе ў тэатр. Прафесіяналаў яны і зацікавілі, і расчаравалі. Чаму? Вядома, нельга параўноўваць балетмайстраў розных эпох, але... Паколькі два спектаклі, прэзентаваныя трупай Барыса Эйфмана, і аднаактовыя балеты «Рускіх сезонаў» стаялі на афішы тэатра ў адным і тым жа месяцы, параўнанне напрошваецца само. Самыя дарагія білеты «на Эйфмана» каштавалі 200 тысяч, самыя дарагія «на Ліепу» — 450. Сцвярджаць, што кошт білетаў адпавядаў мастацкай і эстэтычнай значнасці пастановак, будзе некарэктна.

Балеты Эйфмана захапляюць, бо харэограф шукае ў класічных сюжэтах тое, што сугучна часу. У яго пастаноўках ёсць той нерв, які нітуе іх са светаўспрыманнем чалавека ХХІ стагоддзя. Праект Ліепы сведчыць: балеты, якія заслугоўваюць цікавасць і пашану як помнікі яркай і магутнай тэатральнай эпосе, не абавязкова выклікаюць захапленне. Нягледзячы на ўсе намаганні, нельга ўвайсці ў адну і тую раку двойчы. Скажу шчыра, што не згодна з думкай Валянціна Пепяляева, рэцэнзента газеты «Беларусь сегодня». У «Сезонах» ён пахваліў усё, што можна, а пры канцы саркастычна заўважыў, маўляў, нашто тэатру оперы і балета «гэты антыкварыят»? Пэўна, маючы на ўвазе прапанову Ліепы перанесці балеты на сцэну тэатра.

А цяпер больш падрабязна пра самі спектаклі. У «Шахеразадзе» моцнае ўражанне зрабілі несмяротная музыка Рымскага-Корсакава (твор разам з «Іспанскім капрычыа» лічыцца яго лепшым сімфанічным сачыненнем) і сцэнаграфія Льва Бакста (яму належаць і дэкарацыі, і касцюмы), узноўленая мастакамі Ганнай і Анатолем Нежнымі. Улюбёным прыёмам Бакста было спалучэнне жывапісных пано з аб’ёмна-пластычнай архітэктурай і скульптурай. Засталіся ў памяці багацце сцэнічных касцюмаў, выразныя кантрасты цёмна-зялёных, аквамарынавых і фіялетавых колераў у драпіроўках.

Знаёмства з арыгінальнай харэаграфіяй Фокіна дапамагло зразумець, колькі харэографаў наступных дзесяцігоддзяў шырока карысталіся яго знаходкамі. Трупа «Крамлёўскага балета» хоць і не належыць да калектываў, як кажуць, «першага эшалона», але досыць зладжана і эмацыйна ўзнаўляла танцы ў гарэме. Цікава было ўбачыць у партыі Залатога раба Данілу Карсунцава, аднаго з вядучых салістаў Марыінкі (у Дзягілева героя танцаваў Ніжынскі). Што датычыць Ілзэ Ліепа (Забеіда), дык яна пакінула супярэчлівае ўражанне. Выдатная выканаўца характарных танцаў і мініяцюр, Ілзэ знаходзіцца ў выдатнай форме, яна гнуткая, тэхнічная, пластычная. Але ўспрыманню партыі шкодзіў яе ўнутраны спакой, відавочны «нардычны», прыбалтыйскі тэмперамент. Бо праз яго незразумела, чаму розныя героі (Раб і Шахрыяр) літаральна шалеюць ад Забеіды — адзін ад страсці, другі ад рэўнасці?

У «Жар-птушцы» найбольш уразілі казачныя, фантастычныя дэкарацыі Аляксандра Галавіна (сцэнаграфія гэтага балета лічыцца адным з лепшых твораў мастака, яна зрабіла ўплыў на развіццё сусветнага тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва). Можна ўявіць, як магнетычна дзейнічала «Жар-птушка» на вытанчаную парыжскую публіку. Музыка Ігара Стравінскага ўспрымаецца як сучасная, актуальная і сёння. Яркае ўражанне пакідалі харэаграфічнае рашэнне Фокіным партыі галоўнай гераіні і танец Ірмы Ніярадзэ, адной з прым Марыінскага тэатра. Вобраз Жар-птушкі надзіва шматгранны і ў такой жа ступені сімвалічны, як Сільфіда і Лебедзь. Сімвал і ўвасабленне тайны — прыроды, агню, творчасці. (На сцэне нашага тэатра ішоў той жа балет у версіі Елізар’ева, таму заўважу, што паказаная «Жар-птушка» цікавая як першакрыніца, наша версія больш арыгінальная па лібрэта, вырашэнні сюжэта і вобразах.)

Можна па-рознаму ставіцца да Андрыса Ліепы і ягонага праекта, але бясспрэчны фінансавы поспех і ажыятаж пераконваюць: убачанае — толькі пачатак яго супрацоўніцтва з Беларуссю. Арганізатары плануюць далей выкарыстоўваць больш ёмістую пляцоўку, паколькі гэтая не магла змясціць усіх жадаючых. Магчыма, гэта будзе Палац Рэспублікі, дзе месц удвая больш. А напрыканцы заўважу, што ўсіх гастралёраў трэба глядзець. І для ўмацавання культурных сувязей, і для пашырэння ўласнага кругагляду, і для таго, каб больш высока цаніць дасягненні нацыянальнага тэатра.

Таццяна Мушынская