Грузія, Аўстрыя, Ізраіль...

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Урокі танцаў і спеваў

/i/content/pi/mast/38/635/14.jpg

Спявачка Цімна Браўэр.

Кожныя гастролі замежных артыстаў і калектываў у Беларусі — гэта не толькі новыя мастацкія ўражанні і ўмацаванне культурнага сяброўства між краінамі. Гэта яшчэ і магчымасць нечаму павучыцца, штосьці пераняць ад гасцей (прычым, заўважым, без дадатковых выдаткаў на «афіцыйныя» майстар-класы, павышэнне кваліфікацыі ці абмен вопытам). Менавіта з гэтага пункту гледжання было б цікава зірнуць на дзве зусім не ўзаемазвязаныя і, да таго ж, разнажанравыя падзеі: «аднавечаровыя» прыезды ў Мінск Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Захарыя Паліяшвілі на чале з Ніно Ананіяшвілі і, пазней, аўстрыйскай спявачкі Цімны Браўэр са сваім ансамблем.

Грузінскі балет яшчэ некалькі гадоў таму быў ледзь не цалкам разбураны: гледачы тэатр абміналі, артысты з яго сыходзілі, у рэпертуары заставаліся літаральна некалькі класічных назваў. Таму, калі Ніно Ананіяшвілі прапанавалі ўзначаліць балетную трупу, артыстка засумнявалася, ці здолее арганізацыйна ўзняць такую «тэатральную махіну»: на той час яна працавала ў Амерыцы, мела запрашэнні з лепшых тэатраў свету. Сумнявацца балерыне не далі, адразу забяспечыўшы дзяржаўную падтрымку.

Сёння грузінская трупа запатрабавана ў многіх краінах. Прычым не толькі з класікай, але з рознастылёвымі сучаснымі спектаклямі. Мы, да прыкладу, убачылі аднаактоўкі — «Серэнаду», «Салагбелі», «Шэсць танцаў» (харэаграфія, адпаведна, Джорджа Баланчына, Юрыя Посахава, Іржы Кіліяна). Выбітныя замежныя балетмайстры едуць не проста ў Грузію, а менавіта да Ніно, якую даўно ведаюць і шануюць за выканальніцкі талент. Такі падыход забяспечыў тэатру не толькі адметнасць і разнастайнасць рэпертуару, але і магчымасць прадэманстраваць лепшыя якасці артыстаў, «схаваўшы» ўсе недахопы. Бо новыя спектаклі, якімі ўзбагаціўся тэатр, былі скіраваны не столькі на самавыяўленне пастаноўшчыкаў, колькі на саміх артыстаў. Сапраўдны ўзровень трупы, дзе побач з прафесіяналамі танцуюць і пачаткоўцы (але ж як удала!), можна было непрадузята ацаніць хіба на рэпетыцыі, што пачалася з абавязковага балетнага «ўрока». І вяла яго сама Ніно, уласным прыкладам паказваючы «падначаленым» тую планку, да якой яны павінны імкнуцца.

Філарманічны канцэрт «Музыканты з Аўстрыі, песні — з Іерусаліма» выклікаў не толькі захапленне, але і асэнсаванне бязмежнай адкрытасці свету яўрэйскай культуры, яе ўмення захоўваць і працягваць традыцыі.

На Беларусі яўрэйская культура ў даваенныя гады развівалася па тых жа формулах, што і беларуская. Нагадаем, што ў сярэдзіне 1920-х дзяржаўнай мовай Беларусі нароўні з беларускай, рускай, польскай быў таксама ідыш. Лепшыя прадстаўнікі нацыі клапаціліся пра захаванне і апрацоўку фальклору, развівалі сваё музычна-тэатральнае мастацтва (у Беларусі, як і ў іншых рэспубліках, быў Дзяржаўны яўрэйскі тэатр, што спаборнічаў з такімі ж калектывамі на Алімпіядзе тэатраў і мастацтва народаў СССР).

Адкрыццём таго канцэрта сталася і... разнастайнасць яўрэйскай культуры. Праграму складалі міксты, пабудаваныя на спалучэнні яўрэйскіх мелодый і джаза пры ўкрапваннях матываў іншых народаў — ад Блізкага Усходу да Індыі і, зразумела, Заходняй Еўропы. Спявачка Цімна Браўэр нарадзілася ў Ізраілі, вучылася ў Еўропе і зараз жыве ў Аўстрыі, папулярызуючы яўрэйскую культуру ў яе сувязях з іншымі.

Раптам падумалася: а мы, між тым, усё яшчэ ўспрымаем нацыянальную культуру як штосьці абсалютна замкнёнае і адасобленае ад усяго свету: маўляў, «па-сапраўднаму» нацыянальным твор будзе толькі тады, калі ён напісаны на беларускай мове беларускімі аўтарамі і абавязкова — на сюжэт з айчыннай гісторыі, а ніяк не шырэй...

Надзея Бунцэвіч