Фестываліць і вучыцца:разам і паасобку

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

«Імперыя музыкі» — наша і ваша

/i/content/pi/mast/38/632/9.jpg

Група кантрабасаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра.

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета справіў свой першы маленькі юбілей. Адбыўшыся пяць разоў, музычнае свята замацавалася па тэрмінах (пачатак кастрычніка) і значна спрасцілася паводле канцэпцыі. Затое, бы тая планета, займела свой «спадарожнік» — Маладзёжную музычную акадэмію краін СНД, якая нарадзілася ўсяго год назад і за гэты час паспела набыць самастойнасць, пакінуўшы мастацкім кіраўніком усё таго ж Башмета. А што ж сам фестываль?

Ён — у далейшых пошуках. І, дарэчы, даволі плённых. Бо замест экстэнсіўнага метаду развіцця пачаў асвойваць інтэнсіўны — іншымі словамі, перайшоў ад колькасці да якасці. Калі ў мінулыя гады гэты форум імкнуўся ахапіць максімальную колькасць не толькі канцэртных пляцовак, але і фестывальных гарадоў, у тым ліку Брэст, Маскву, Бон, дык зараз сканцэнтраваўся ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І не прагадаў! Бо тут папраўдзе ўтульна і акадэмічна — у лепшым сэнсе слова.

Крыху «сціснуўся» фестываль і па жанравай палітры, згрупаваўшыся найперш вакол камерна-інструментальных і аркестравых твораў ХІХ—ХХІ стагоддзяў (пераважна для струнных) і далучыўшы да іх старадаўнюю музыку ў выкананні легендарнага для постсавецкай прасторы калектыву «Хортус-Музікус» (Эстонія). Гэта таксама было на карысць, бо замест пярэстага калейдаскопа ўзнікла стыльная панарама акадэмічнай музыкі, дзе можна параўноўваць салістаў і калектывы.

Якасныя змены закранулі арганізацыйны бок канцэртаў. Дый сама драматургія фестывалю будавалася «па ўзыходзячай»: кожны наступны канцэрт быў яшчэ больш цікавым, чым папярэдні, прыносіў новыя, часта нечаканыя мастацкія адкрыцці. Таму агульнае ўражанне засталося ўзнёсла-феерычным. Дзякуй вялікі Юрыю Башмету, што ён запрашае на свой фестываль лепшых музыкантаў сусветнага ўзроўню!

Ці ж можна забыць вельмі «празрысты», стылёва вытрыманы на пакланенні прыгажосці канцэрт камернага ансамбля «Крэмерата Балтыка»! Творы даўніны і мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў склалі адметны гімн хараству, знайшоўшы ў музыцы «новую гармонію» спакою і зачараванасці. А якім нечаканым адкрыццём сталася выступленне аўстрыйскага піяніста Пауля Бадуры-Шкоды і Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым! Канцэрт, спачатку запланаваны як адкрыццё сезона калектыву, дадаўся ў фестывальную праграму літаральна ў апошні момант. І стаў ледзь не яе кульмінацыяй! «Чаканым адкрыццём» быў «Хортус-Музікус», які скарыў радасна-іранічным стаўленнем да музычнай даўніны і харызмай дырыжора і саліста Андрэса Мустанена. Старадаўнюю манеру сумяшчэння гэтых дзвюх функцый прадэманстраваў таксама Аляксей Любімаў, іграючы Гайдна з гуллівай лёгкасцю і запалам.

Ды ўсё ж былі на фестывалі і залішнія, як падалося, «скарачэнні». Два гады запар вытрымлівалася добрая традыцыя: спецыяльна да свята арганізатары замаўлялі беларускім кампазітарам прэм’еры новых сачыненняў. Так былі створаны і выкананы «Ingemisco» («Уздыхаю...») Галіны Гарэлавай для струннага аркестра і альта, «Паганскае баляванне» Вячаслава Кузняцова для сімфанічнага аркестра і аўтэнтычных інструментаў. Але ж на гэты раз замест беларускага твора прагучала п’еса «Гальфстрым» украінскага кампазітара Вікторыі Палявой. Гэта светлая, «цёплая» мініяцюра, заснаваная на рэмінісцэнцыі класікі, стваралася акурат для ўдзельнікаў фестывалю — скрыпача Гідона Крэмера і літоўскай віяланчэлісткі Гіедрэ Дырванаўскайтэ. Мастацкі кіраўнік фестывалю, сустаршыня аргкамітэта Расціслаў Крымер папрасіў іх не выконваць твор раней, каб атрымалася сусветная прэм’ера. Ды ўсё ж практыка заказаў магла б быць працягнута, прычым з карысцю для ўсіх трох бакоў: форум атрымлівае эксклюзіў і сваю «фішку», кампазітары — дадатковую ўвагу, выканаўцы — новы твор, прысвечаны менавіта ім. Толькі адно: замаўляць такія прэм’еры трэба не за некалькі дзён да фестывалю, а значна раней, каб у кампазітараў і музыкантаў быў час для роздуму і рэпетыцый.

Гэтак жа можа быць пашыраны і ўдзел у форуме лепшых беларускіх выканаўцаў. Сёлета адзіным беларускім салістам застаўся сам Расціслаў Крымер. Да таго ж, у фестывалі ўдзельнічалі два нашы аркестры: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны і, як згадвалі вышэй, Дзяржаўны камерны. Але толькі няшчасны выпадак (у нямецкага дырыжора Юстуса Франца балела рука) дазволіў нам ацаніць высокае майстэрства маладога Алега Лесуна, які, выратоўваючы сітуацыю, прадырыжыраваў найскладаным Першым канцэртам для фартэпіяна з аркестрам Бэлы Бартака, прычым не толькі дасягнуў зладжанасці гучання, што пры рытміцы і гармоніі класіка ХХ стагоддзя зрабіць не так проста, але і выявіў уласную канцэпцыю прачытання твора, заснаванага на прынцыпе «гульні» саліста не толькі з усім аркестрам, але і з аркестравымі групамі.

Дададзім, што ў мінулыя гады беларускія салісты часта не толькі былі «на ўзроўні» з замежнымі, але і пераўзыходзілі іх. Да таго ж, многія лепшыя нашы музыканты апошнім часам працягваюць адукацыю ці жывуць і працуюць у замежжы. Мы маглі б слухаць іх часцей на такіх буйных фестывалях!

Дадатковы доказ высокага ўзроўню беларускай выканальніцкай школы прадэманстравала і Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД. Нашы студэнты, асабліва струннікі, выглядалі на ёй лепшымі з лепшых, а альтыстка Аляксандра Іванова (клас прафесара Беларускай акадэміі музыкі Лючыі Ластаўкі) увогуле стала адкрыццём майстар-класаў і канцэртаў, што ладзіліся ў межах гэтай «акадэміі ў Акадэміі». Маладзёжная музычная акадэмія (ММА), як падкрэсліваў сам Юрый Башмет, будзе пашырацца і надалей: і па прадстаўнічасці краін (сёлета было 10, летась — 7), і па колькасці ўдзельнікаў (30 супраць 17-ці), і па ахопленых спецыяльнасцях (гэтым разам былі скрыпка, альт, віяланчэль, фартэпіяна і вакал; плануюцца духавыя).

Але разам з такім экстэнсіўным падыходам тут таксама не перашкодзіў бы і шлях інтэнсіфікацыі. ММА, што традыцыйна ўключае майстар-класы, канцэрты студэнтаў і прафесараў, у тым ліку сумесныя, магла б быць яшчэ больш плённай. У гэтым пераканалі «незапланаваныя» сустрэчы з удзельнікамі не ММА, а фестывалю: з тым жа Паулем Бадурам-Шкодам у БДАМ ці Аляксеем Любімавым у Рэспубліканскім каледжы пры БДАМ.

У правядзенні майстар-класаў нельга абмяжоўвацца адно ММА. Яшчэ большую карысць, як паказала практыка, звычайна прыносяць мэтанакіраваныя запрашэнні да нас тых ці іншых замежных музыкантаў і выкладчыкаў. ММА ж, калі верыць Башмету, мае на ўвазе большае — стварэнне «імперыі музыкі». Сутнасць яе не толькі ў тым, каб маладыя музыканты з розных куткоў былога СССР сябравалі, але і каб лепшыя з іх папаўнялі расійскую «скарбонку» талентаў — як і ў былыя дзесяцігоддзі самыя адораныя прадстаўнікі рэгіёнаў падпітвалі маскоўскую музычную эліту. Яно, можа, і няблага, але ці не наспеў час не толькі «раскідваць» таленты, але і збіраць іх? Бо раней у Маскву не толькі з’язджалі, з яе і прыязджалі да нас назаўсёды — найперш выкладчыкі, нястомнымі намаганнямі якіх і сфарміраваўся высокі ўзровень выканальніцкіх школ Беларусі.

Адным словам, фестываль Юрыя Башмета і ММА — гэта не проста добра, а вельмі добра. Невыпадкова такі музычны рух (падкрэслю, не эстрадны, а менавіта акадэмічны) працягвае пашырацца: у снежні філарманічную афішу ўпрыгожвае Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае». Але такія форумы павінны быць не «выключэннем з правілаў», а, хутчэй, імпульсам да далейшых творчых кантактаў нашых і лепшых замежных музыкантаў з усіх краін.

Надзея Бунцэвіч