Эмір Кустурыца: «Тэрыторыя кіно – паміж Таркоўскім і Феліні...»

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Адной з самых яркіх падзей ХVІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» сталася з’яўленне на ім культавага сербскага рэжысёра Эміра Кустурыцы, чые фільмы неаднойчы станавіліся прызёрамі і пераможцамі самых прэстыжных міжнародных кінафорумаў — у Карлавых Варах, у Венецыі, Берліне, Канах.

/i/content/pi/mast/38/631/7.jpg
 
У праграме знаходжання славутага рэжысёра ў Мінску знайшоўся час для сустрэчы
са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай акадэміі мастацтваў. Ягоныя надзвычай цікавыя думкі пра кіно і жыццё былі занатаваныя на гэтым майстар-класе.

— Тэрыторыя мастацтва знаходзіцца паміж Усходам і Захадам, а тэрыторыя кіно — паміж Таркоўскім і Феліні. Калі я быў маладым, мае педагогі сцвярджалі, што немагчыма стварыць фільм, у якім будзе даказаны ўплыў абодвух вялікіх рэжысёраў, што ты павінен працаваць у пэўным жанры. На самай справе рэжысёр мусіць стварыць уласны жанр.

Калі здымаў першую вучэбную стужку, дык раптам падумаў вось што: я пайшоў у школу ў той дзень, калі Юрый Гагарын паляцеў у космас. Хуткасць касманаўта і маю паўсядзённую захацелася параўнаць. Прычым, я доўга не мог вызначыць хуткасць, з якой рухаўся. Калі ў пяць гадоў я адправіўся вучыцца, дык закахаўся. І ў такім стане зразумеў, што час — вельмі адносная рэч. Калі вяртаўся са школы — ішоў у 10 разоў марудней, чым Гагарын. Бо хацеў, каб час цягнуўся як мага даўжэй. Тыя імгненні, калі я праводзіў любімую дзяўчынку, былі для мяне неверагодна журботнымі. Але ў школу я імчаў хутчэй, чым касманаўт ляцеў па арбіце, бо марыў убачыць аб’ект майго захаплення.

І тады ў пэўны момант я зразумеў, што такое кінематаграфія. Гэта вылучэнне гісторыі, прыпавесці з агульнага часу. Падарожжа, у якім час размеркаваны вельмі персанальна і асобасна. Таму некаторыя фільмы вы прымаеце, а некаторыя — не... Толькі тыя стужкі, у якіх чалавек паказаны праз уласнае ўспрыманне свету, становяцца сапраўды агульнымі і вядомымі. Калі мы імітуем іншыя народы і нацыі, калі імітуем Галівуд, тады мы — не асобы. Для таго, каб зрабіць фільм, які будуць паважаць іншыя, трэба мець свайго Гагарына. Ён для мяне ўвасабленне таленту і настойлівасці, якія трэба аб’яднаць.

Фільм — гэта верх піраміды. А ўнутры трохкутніка існуеш ты, існуе сям’я, якая ёсць ва ўсіх і займае ў жыцці цэнтральнае, міфалагічнае месца. Усе дарагія дэталі, усе смешныя падрабязнасці, што адбываюцца ў межах сям’і, запамінаюцца назаўжды, іх лёгка зразумець.

Думаю, на першае месца творца ўсё-такі павінен ставіць жыццё. Самыя значныя фільмы, якія павінны паглядзець, мы ўсё роўна ўбачым. Акрамя павагі да іх і таго факта, што фільмы Курасавы або Феліні важныя, асновай і грунтам для кінематаграфічнага мастацтва павінна быць рэальнасць. А яна з’яўляецца непараўнальна больш моцнай і ўсеагульнай катэгорыяй, чым кіно. Вашы пачуцці і ваш талент будуць ведаць, што ўзяць з назапашаных уражанняў.

Рынак вельмі моцна ўплывае на сучасны кінематограф. Праблема ў тым, што невядома, як будуць выглядаць кінатэатры праз пяць гадоў. Маю на ўвазе і тэхналогіі, і ідэалогію. Створана лічбавая камера, якая па сваіх магчымасцях і якасцях набліжаецца да кінакамеры, што здымае на 35-міліметровую плёнку. Відэакамера не можа так рэагаваць на сонечнае святло, як фільм з 35-міліметровай плёнкай. Так што сонца — вельмі вялікая праблема... (Агульны смех.) Відэакамера не можа змагацца з сонцам, каб гэтак жа дакладна зняць. З другога боку, маладыя людзі ў Заходняй Еўропе і ва ўсім свеце больш любяць глядзець фільм у інтэрнэце, чым у кінатэатрах. Чаму? Бо гледзячы стужку ў інтэрнэце, яны могуць тэлефанаваць камусьці. Так што з цягам часу вытворчасць і паказ фільмаў у кінатэатрах можа аказацца праблемай. У такой сітуацыі фільм становіцца галоўным мастацтвам. Мы павінны гэта ведаць і мець на ўвазе. Але шчасце ў тым, што любы фільм робіцца па законах, дзе жыццё мае большае значэнне, чым артэфакты...