У падзорную трубу

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Пасля непрацяглага летняга зацішша тэатральнае жыццё рэзка актывізавалася. Тэатры нібы навыперадкі пацвярджаюць сваю жыццяздольнасць. Сур’ёзнасць намераў здаецца неаспрэчнаю і выбухае не планамі -- спраўджанымі праектамі. Або амаль што спраўджанымі.

Паперадзе ўсіх -- Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. Адкрылі сезон напачатку верасня традыцыйнай «Паўлінкай», падчас звыклых рытуалаў з уласнай тэатральнай візітоўкай згадвалі і шанавалі славутага купалаўца, народнага артыста СССР Здзіслава Стому. Стагоддзе з дня яго нараджэння прыпадала на 17 жніўня. Таму першыя гледачы ў новым тэатральным сезоне спыняліся перад уваходам у глядзельную залу ля стэнда з
 /i/content/pi/mast/3/63/U-padzornuju-trubu.jpg

 Л.Рахленка (Зёлкін) і З.Стома (Туляга) у спектаклі "Хто смяецца апошнім".

фотаздымкамі. Здзіслаў Францавіч -- у знакамітых ролях. Сярод іх найбольш яскравыя былі створаны менавіта ў беларускім рэпертуары: Куторга з «Пінскай шляхты» В.Дуніна-Марцінкевіча, Глушак з «Людзей на балоце» паводле І.Мележа, Лявон з «Лявоніхі на арбіце» А.Макаёнка, Туляга ў «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Тады, у тую асаблівую эпоху беларускай драматургіі, з павагаю і пашанаю ставіліся і да нацыянальных драматургаў -- уплывовых асоб, і да акцёраў -- лепшых выканаўцаў улюбёных вобразаў. Дарэчы, цягам жыцця Здзіслаў Стома ў «Паўлінцы» выконваў дзве ролі -- Быкоўскага і Пустарэвіча.
На другі дзень пасля адкрыцця сезона, 6 верасня, -- у купалаўцаў зноў памятная дата. Стагоддзе з дня нараджэння яшчэ адной знакамітай асобы -- Леаніда Рахленкі, таксама народнага артыста СССР. У былым Савецкім Саюзе такімі званнямі, як вядома, асабліва не раскідваліся. У Беларусі за ўсю яе савецкую гісторыю імі былі ўшанаваны абраныя. Леанід Рахленка -- выдатны акцёр, рэжысёр, педагог, пэўны час мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра. Шчодра адораны ад прыроды шматгранным талентам, Леанід Рыгоравіч аднолькава бліскуча выконваў ролі ў камедыйным і ў драматычным рэпертуары. Адна з апошніх -- Старац з «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы.
Следам за Купалаўскім тэатрам шэрагам падзей і юбілеяў адкрыў сезон Нацыянальны тэатр імя М.Горкага. Па-першае, званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь атрымала адна з самых яркіх актрыс сённяшняга Рускага тэатра Ганна Маланкіна. Па-другое, у штаце тэатра больш няма рэжысёра Вітаўтаса Грыгалюнаса, які пасля Альтэрнатыўнага тэатра стала працаваў тут дзесяць гадоў і лічыцца адным з найбольш перспектыўных беларускіх рэжысёраў сярэдняга пакалення. Напачатку верасня паказалі прэм’еру спектакля «Валянцінаў дзень» па п’есе І.Вырыпаева, прымеркаваную да юбілею любімай гледачамі Бэлы Масумян. Наперадзе -- яшчэ дзве галоўныя падзеі сезона: 70-годдзе мастацкага кіраўніка тэатра Барыса Іванавіча Луцэнкі і 75-гадовы юбілей самога тэатра. Так вось усё сышлося.
Між тым на Беларусі ўзнімаецца фестывальная хваля. У Брэсце толькі што скончылася дванаццатая «Белая Вежа», на якой традыцыйна былі прадстаўлены дзве тэатральныя праграмы -- лялечная і драматычная. Трыццаць шэсць спектакляў з дваццаці адной краіны прайшлі на шасці сцэнічных пляцоўках (у тым ліку некалькі паказаў на плошчы і харэаграфічных прадстаўленняў). Нават самыя зацятыя ўдзельнікі фестывалю былі не ў стане ахапіць усю праграму цалкам. Фізічна гэта было проста немагчыма. Натуральна, што пры такім насычаным фестывальным меню не абышлося без моцных узрушэнняў.
 /i/content/pi/mast/3/63/U-padzornuju-trubu1.jpg
 Н.Нармантайтэ ў ролі Марыі Калас.
Улюбёнкаю фестывалю стала літоўская актрыса Ніёле Нармантайтэ пасля спектакля Незалежнага тэатра з Вільні «Майстар-клас», дзе з надзвычайнай эмацыйнасцю выканала ролю вядомай опернай спявачкі Марыі Калас. Увогуле «балтыйскі акцэнт» на гэтай «Белай Вежы» быў надзвычай моцны. Па-за конкурснай праграмай паказалі спектакль Брэсцкага тэатра драмы і музыкі «Дон-Жуан» Ж.Б.Мальера, які паставіў добра вядомы беларускім гледачам знакаміты літоўскі рэжысёр Альгірдас Латэнас (сёлета -- яшчэ і член журы). Гран-пры лялечнай праграмы атрымаў «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна Брэсцкага тэатра лялек. Спектакль вытанчанага хараства і высокага духоўнага зместу ўвасобіў знакаміты рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Раман Кудашоў.
Сярод адметнасцей фестывальнага жыцця -- абмеркаванні спектакляў, у якіх брала ўдзел легенда маскоўскай тэатральнай крытыкі Рыма Крэчатава. Зрэшты, падрабязны агляд сёлетняй «Белай Вежы» на старонках «Мастацтва» яшчэ адбудзецца.
Неўзабаве пачне «фестываліць» Купалаўскі тэатр. На трэцюю міжнародную «Панараму» запрошана шмат зорак і знакамітых спектакляў. Літоўскі (зноў жа!) рэжысёр Оскарас Каршуновас, які на папярэдняй «Панараме» ашаламіў публіку «Рамэо і Джульетай», пакажа не менш сенсацыйны спектакль паводле булгакаўскіх «Майстра і Маргарыты». У фестывалі прымуць удзел Алег Табакоў і Марына Зудзіна -- уласнымі персонамі. Самы модны маскоўскі рэжысёр Сяргей Жэнавач прадставіць інтэрпрэтацыю «Гульцоў» Мікалая Гогаля. Не забыліся і пра новы праект «On-Line». Зрэшты, няварта абсалютна пра ўсе фестывальныя сюрпрызы ведаць наперад. Важна, што з 26 кастрычніка Мінск на цэлыя два тыдні зробіцца міжнароднай тэатральнай сталіцай.

Людміла ГРАМЫКА