New life: перазагрузка

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Прафесійны досвед — за кароткі тэрмін

Вельмі часта ў юнацтве чалавек не ўсведамляе, што ў яго ёсць талент. Няўменне зразумець сябе прыводзіць да праблем у сталым узросце. Атрымаць другую вышэйшую
адукацыю? Вучыцца яшчэ пяць гадоў?.. Дазволіць сабе такую раскошу — і ў фінансавым,
і ў часавым плане — могуць нямногія. Запісацца на курсы?.. Але ўсе гэтыя дыпломы
і пасведчанні выглядаюць даволі сумніўна, ды і хто дасць гарантыю, што атрыманая адукацыя будзе сапраўды якаснай?.. Ёсць і трэці шлях: ажыццявіць мару і кардынальна змяніць жыццё можна на факультэце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, які быў адкрыты на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2005 годзе.

На перападрыхтоўцы — двухгадовым адукацыйным курсе — ёсць вячэрняе і завочнае аддзяленні. Пасля заканчэння курса выпускнік атрымлівае дзяржаўны дыплом. Завочнае навучанне магчыма ў сферы дызайну рэкламнай і інфармацыйнай прадукцыі, рэжысуры і прадзюсерства — вялікія перапынкі паміж вучэбнымі цыкламі ў завочнікаў непрымальныя для іншых спецыяльнасцей. «Вячэрнікі» займаюцца ў аўдыторыях практычна кожны дзень. Павышэнне кваліфікацыі мае на ўвазе стажыроўку па індывідуальнай праграме, якая доўжыцца да васьмі месяцаў — за гэты тэрмін слухач можа грунтоўна засвоіць штосьці новае, калі мае адпаведную базавую адукацыю.

90 працэнтаў нашых педагогаў скончылі тыя ці іншыя факультэты Акадэміі мастацтваў. Мы свядома робім стаўку на нядаўніх выпускнікоў: яны больш дапамагаюць нашым навучэнцам арыентавацца ў рынкавай сістэме, быць аператыўнымі і мабільнымі. Напрыклад, спецыялісты па камп’ютарнай графіцы вучаць іх не толькі карыстанню камп’ютарнымі праграмамі, але і ўменню ставіць і рашаць творчыя задачы. Працуюць на факультэце і нашы выпускнікі, якія дакладна ведаюць, што трэба навучэнцам.

Першапачаткова мы аб’явілі набор на рэжысуру відэафільма, гукарэжысуру, дызайн выстаў і гандлёвых экспазіцый, мастацкае афармленне інтэр’ераў, графічны дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і дызайн-менеджмент. Своеасаблівы маніторынг высветліў напрамкі-«аўтсайдары» — імі аказаліся дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і гукарэжысура. Практыка дублявання спецыяльнасцей дзённага аддзялення таксама сябе не апраўдала. Каб зарабіць дыплом, студэнт-«дзённік» вучыцца пяць гадоў, «вячэрнік» на перападрыхтоўцы — толькі два, але кваліфікацыю яны атрымліваюць аднолькавую. Таму ў 2010 годзе мы сфармулявалі новыя спецыяльнасці — «прадзюсерства», «рэжысура відэафільма», «дызайн рэкламнай і інфармацыйнай прадукцыі», «дызайн-менеджмент», «стылізацыя і дэкараванне прадметнага асяродка» — яны не перасякаюцца наўпрост з дзённымі спецыяльнасцямі і больш адаптаваны да цікавасцей і патрэб нашых будучых студэнтаў.

Падчас трохмесячных падрыхтоўчых курсаў у абітурыентаў ёсць магчымасць паразмаўляць з педагогамі, наведаць заняткі. Ужо тады выяўляецца: сапраўды чалавек таленавіты ці проста вельмі цягнецца да творчай справы, не маючы прыродных задаткаў.

Нашы ўступныя экзамены адрозніваюцца па ўзроўні, аб’ёме і якасці ад тых, што праводзяць на астатніх факультэтах Акадэміі, але іх дастаткова, каб сфарміравалася ўяўленне пра патэнцыяльнага навучэнца. Калі мы набіралі слухачоў без іспытаў, прыходзілі выпадковыя людзі, якіх потым даводзілася адлічаць. Зараз абітурыенты выконваюць творчыя заданні: на рэжысуры гэта напісанне сцэнарыя, рашэнне канкрэтнай творчай задачы, на дызайне — пастановачны малюнак. Потым — абавязковае сумоўе.

Да нас можа прыйсці не кожны, але гэта не абавязкова павінны быць людзі, якія маюць мастацкую адукацыю. На дызайне мы адразу «адсякаем» медыкаў, напрыклад, але там могуць вучыцца педагогі, інжынеры, эканамісты, архітэктары. Толькі для рэжысуры абмежаванняў па базавых спецыяльнасцях няма. Былі нават абітурыенты з манастыра: для епархіі таксама мае значэнне рэкламна-асветніцкая дзейнасць, якая патрабуе прафесійнага рэжысёрскага ўмення.

Студэнтам факультэта ў сярэднім па 30 — 40 гадоў. Шмат жанчын, што скончылі інстытут, нарадзілі дзіця, выйшлі на работу і зразумелі, што працуюць не там, дзе павінны, і жывуць не тым жыццём, якім хацелі б жыць.

Прыходзяць і чацвёртакурснікі і пяцікурснікі іншых факультэтаў Акадэміі мастацтваў: яны могуць атрымліваць адукацыю паралельна, абараняць дыплом па асноўнай спецыяльнасці і на факультэце перападрыхтоўкі. Для іх гэта шанц значна павысіць сваю запатрабаванасць і канкурэнтаздольнасць на рынку.

Паступаюць на факультэт і тыя, хто працаваў у абранай творчай сферы, так бы мовіць, нелегальна. Напрыклад, даволі часта ў нас займаюцца спецыялісты, якія ўжо афармлялі інтэр’еры, але не мелі пры гэтым базавай адукацыі. Вывучэнне асноў кампазіцыі, колеразнаўства, гісторыі мастацтваў дае ім уяўленне пра спецыяльнасць і прафесійную тэрміналогію, каб потым яны маглі размаўляць са сваім заказчыкам на адпаведным узроўні. Людзі, якія ідуць вучыцца на рэжысёрскія спецыяльнасці, ужо ўладкаваліся ў кіно, камерцыйнай і сацыяльнай рэкламе, на тэлебачанні.

Чаму мы з упэўненасцю можам казаць, што пасля двух гадоў навучання выпускаем паўнавартасных спецыялістаў? У іх ад пачатку іншы ўзровень. Учарашняму школьніку трэба пяць гадоў, каб ён пасталеў, навучыўся абагульняць матэрыял, асэнсавана ставіцца да праектных і творчых задач. У выніку першыя курсы ідуць на адаптацыю. Нашы ж слухачы ўжо сфарміраваліся як асобы, маюць пачуццё адказнасці, уменне вылучаць галоўнае з плыні інфармацыі і працаваць з матэрыялам. Яны болей матываваныя, таму за кароткі тэрмін паспяваюць значна больш, чым звычайны навучэнец дзённага аддзялення.

Але ў працы з дарослымі ёсць і пэўныя цяжкасці. Не ўсе слухачы, якія прыходзяць да нас, усведамляюць, наколькі гэта будзе складана. Іншыя ВНУ даюць, напрыклад, магчымасць працаваць у хатніх абставінах. На лекцыях студэнт пасіўна слухае, а калі і прапускае занятак, то можа ўзяць матэрыял у бібліятэцы ці перапісаць канспект. У нас іншы рытм навучання. Вельмі хутка высвятляецца, што тут нельга «проста паслухаць і пайсці», а потым дзесьці перапісаць. Усё, што слухаеш, ты павінен прапусціць праз сябе і выкласці на паперы, перанесці на планшэт, адлюстраваць у відэароліку... Упарта працаваць даводзіцца з шасці да дзевяці гадзін вечара пяць, а то і шэсць разоў на тыдзень. Але работа захоплівае настолькі, што часам нашых слухачоў не выгнаць з аўдыторыі.

Надараюцца дастаткова смешныя сітуацыі, якія вынікаюць з тых жа школьных і «ВНУшных» установак: калі плёнам заняткаў становіцца не пухлы сшытак з запісамі, а толькі пачак малюнкаў, то чалавек думае, што нічому не навучыўся. Працы па асновах кампазіцыі ці колеразнаўстве дастаткова абстрактныя, фармальныя, не маюць канкрэтнага прыкладання, і студэнт у разгубленасці: дзе канспект?! Даводзіцца тлумачыць, што спецыфіка яго дзейнасці не ў пісаніне і што калі ён возьмецца афармляць каляндар ці серыю паштовак, то не стане іх апісваць, а будзе маляваць і распрацоўваць дызайн.

Мы не навязваем тэмы дыпломаў. Адзінае патрабаванне — яны павінны быць звязаны з вытворчасцю і рэальнымі аб’ектамі. Вельмі часта выніковыя працы нашых студэнтаў прысвечаны дызайн-менеджменту ў сферы афармлення інтэр’ераў (дызайн-менеджмент — наша ноу-хау — дае асновы і праектна-дызайнерскай, і кіраўнічай дзейнасці). Яны распрацоўваюць, напрыклад, інтэр’ер, каб зразумець усю паслядоўнасць выканання праекта, і займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі. З цікавых прац магу адзначыць інтэр’ер аздараўляльнага комплексу Мінскага аўтамабільнага завода, праект інтэр’ера станцыі сталічнага метрапалітэна...

На графічным дызайне дыпломнікі афармляюць кнігі, календары, прыдумваюць сацыяльную рэкламу. Адна наша выпускніца — кіраўнік арт-студыі «Сонца» пры Палацы моладзі — назапасіла вялікую колькасць выдатных дзіцячых работ і захацела зрабіць з гэтых малюнкаў альбом. Атрымалася цікавая, па-свойму кранальная праца высокага прафесійнага ўзроўню.

Дыпломныя работы нашых рэжысёраў вельмі асэнсаваныя: гэта сталы погляд на рэчы, вострая пастаноўка праблемы і экстравагантны, нечаканы падыход да яе рашэння. Аб якасці падрыхтоўкі на факультэце сведчаць перамогі нашых навучэнцаў у розных конкурсах. Напрыклад, Андрэй Мычко атрымаў сёлета прыз за лепшае эксперыментальнае відэа «Фантазія па карцінке» на мінскім фестывалі студэнцкага кіно і відэа «Кінагрань».

У 2005 годзе, калі мы толькі пачыналі, на стажыроўках і курсах павышэння кваліфікацыі вучылася прыкладна пяць слухачоў. У 2006 — 2007 гадах на факультэце было каля 60 чалавек, у 2007 — 2008 — больш за 100, а ў 2008 — 2009 — каля 150. Зараз колькасць навучэнцаў (разам з тымі, хто праходзіць стажыроўку) дасягае 200 чалавек. Магчыма, для іншых ВНУ гэта лічба невялікая, але для Акадэміі мастацтваў — вельмі істотная.

Адукацыя на факультэце перападрыхтоўкі — не канчатковы «прадукт»: гэта даведнік для далейшага самаразвіцця, свайго роду канспект — сціслы і кароткі. Калі нашы выпускнікі пачынаюць працаваць у рэальным жыцці, яны павінны разумець, у якім кірунку рухаюцца. Факультэт дае ім гэта ўяўленне.

Тамара ШУСЦЕРНЯК, дэкан факультэта перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, прафесар