Заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар і загадчык кафедры майстэрства акцёра Лідзія Манакова ў тэатральных колах карыстаецца беспярэчным аўтарытэтам. Плён яе шматгадовай творчай дзейнасці важкі і ўражальны. Паставіла больш пяцідзесяці спектакляў у тэатрах Беларусі, а таксама ў Чэхіі, Балгарыі, Польшчы. Асабісты яе гонар — вучні, акцёры, якія складаюць творчы генафонд беларускіх тэатраў. Сярод іх не вызначае любімых. У тым сэнсе, што любімыя ўсе. Але з асаблівай прыязнасцю называе імёны Зоі Белахвосцік, Юрыя Фейгіна, Святланы Анікей, Аляксандра Малчанава... Асобна варта падкрэсліць, што за трыццаць сем гадоў працы ў Акадэміі Лідзіяй Манаковай набыты ўнікальны прафесійны досвед, пры гэтым яе чалавечыя і творчыя пазіцыі засталіся непахіснымі.
Подступы да «Гамлета». На рэпетыцыі дыпломнага спектакля.
Вы — вядомы рэжысёр, які займае не апошнія творчыя пазіцыі ў сцэнічным мастацтве краіны. Вы — не менш вядомы тэатральны педагог. Менавіта «манакоўскія» курсы вылучаюцца сярод іншых — запамінальныя, крэатыўныя, абавязкова з яркімі акцёрскімі індывідуальнасцямі. Дарэчы, памятаю практычна ўсе вашы выпускі, усе дыпломныя спектаклі. Таму вельмі хачу пачуць адказ на пытанне: чым з’яўляецца тэатр у вашым жыцці і што, у сувязі з гэтым, значыць для вас Акадэмія? Пачнем з тэатра...
— Тэатр для мяне... любімае і ненавіснае месца дзеяння. Я разумею ягонае значэнне і ролю ў жыцці грамадства, у развіцці чалавека і чалавецтва. Разумею ягоныя функцыі. Толькі шкада, што сёння ягонае прызначэнне часам нівелюецца, прыніжаецца, тэатр становіцца месцам гандлю, спосабам зарабіць грошы. У такім выпадку, канешне, засмучаюся, перажываю. Хочацца, каб падобнага было як мага менш. Што датычыцца Акадэміі... У мяне столькі вучняў у розных краінах свету! Многія з іх ганараваныя прэстыжнымі міжнароднымі тэатральнымі прэміямі, і не толькі ў Беларусі. Вось тэлефануюць мне з Англіі, нават з Йемена. Калі прозвішчы вучняў пачынаеш згадваць, аказваецца — нешта зроблена. Хоць у плыні дзён многае падаецца звычайным. Такім чынам тэатр і Акадэмія для мяне — пастаянны клопат, трывога, зрэдку — і радасць.
Калі тэатр больш засмучае, чым радуе, як у сувязі з гэтым навучаць студэнтаў?
— Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Я таксама часам вяртаюся дадому і думаю: «А як?» Заўсёды неабходна ўяўляць вынікі. Напрыклад, калі спартсменаў рыхтуюць да Алімпійскіх гульняў — іх рыхтуюць менавіта да гэтых спаборніцтваў. Існуюць адпаведныя нагрузкі, трэніроўкі, псіхалагічныя практыкі. І ўсе ведаюць, што ўрэшце спартсмены прадэманструюць надзвычайныя здольнасці чалавека. Ніяк не менш. Што датычыцца нашай справы... Тысячагадовая гісторыя культуры і мастацтва пацвердзіла ўсё, пра што нам распавядалі нашы настаўнікі. Усе гэтыя высокія ісціны. Мы заўсёды існавалі ў прафесіі паводле вызначаных законаў і адпаведным чынам выхоўвалі сваіх студэнтаў. Магчыма, не ўсё атрымлівалася, але мы ведалі, да чаго імкнуцца. Прызнацца, цяпер часам думаю: можа, не трэба больш гэтаму навучаць? Ім будзе вельмі цяжка ў жыцці, могуць не ўпісацца...
Відаць, пытанне трэба ставіць інакш: або студэнтаў навучаюць не так, або ў тэатрах адбываецца нешта не тое?
— Канешне, не варта, каб выкладчыкі Акадэміі наракалі на тэатры, а тэатры на Акадэмію. Клопат ва ўсіх агульны. Праблемы таксама. У нас праходзіць стажыроўку тэатральная моладзь з розных краін Еўропы. Сёлета акцёрскае майстэрства спасцігалі студэнты з Парыжа. Мы пакутліва вырашалі, што ім у нашых тэатрах паказаць. Бо, на іх думку, тое, што цікава, што ўражвае ў беларускай акцёрскай школе, у беларускіх спектаклях адсутнічае. А вабяць іх найперш «жывы тэатр» і праўдзівы, жывы чалавек на сцэне. Вядома, даводзілася тлумачыць, якія складаныя абставіны ў сцэнічных калектывах часам узнікаюць. І ўсё ж існуюць прафесійныя законы, якія для нас нібыта незаўважна сцёрліся, пазабыліся. Славуты рэжысёр Георгій Таўстаногаў некалі казаў пра першасныя і другасныя прыкметы рэжысуры. Да першасных адносяцца — работа з аўтарам, пранікненне ў сэнс і стылістыку твора, праца з акцёрам. Да другасных — антураж, рамка і г.д. Здаецца, у нас нейкім чынам усё перавярнулася. Другасныя прыкметы сталі першаснымі. Многія рэжысёры не ўмеюць працаваць з акцёрамі, не здатны ствараць вобразы і ролі, затое антураж звычайна выдатны. Галоўнае — пастановачныя навароты. Часам узнікае ўражанне, што рэжысёру вельмі хочацца баявік зняць. І ён навязвае тэатру прыёмы, якія ў прынцыпе прыдумаць зусім нескладана. Толькі вось мне, напрыклад, такім чынам існаваць у прафесіі сорамна. Хоць у Акадэміі я абавязкова падштурхоўваю студэнтаў да пошуку новых форм, першаснае значэнне для мяне мае школа. Гэта захоўванне ўсяго лепшага, традыцый, у пэўным сэнсе нават кансервацыя. Невыпадкова ў Францыі і Літве тэатральныя ВНУ называюць «кансерваторыямі». Некалі мы абагаўлялі выдатных тэатральных рэжысёраў Юрыя Любімава, Анатоля Эфроса. І было за што. У спектаклях Эфроса не існавала нічога штучнага, усё заматывавана. Узровень чалавечай праўды неверагодны. Мы зараз лічым, што рэалізм, натуралізм — блага. Сімвалізм — добра. І называем гэта метафарай. А ў прынцыпе, усе стылі і накірункі добрыя, калі адбываецца цуд мастацтва. Апошнім часам зрэдку вылучаюцца толькі асобныя спектаклі. А вось татальнага тэатра, калі разам працуюць захопленыя агульнай мэтай і ідэяй аднадумцы, не існуе.
Думаю, наш тэатр страціў уласны твар, прынамсі — прыкметы індывідуальнага. Мабыць таму ўсе драматычныя калектывы падаюцца аднолькавымі. І, мяркую, у сувязі з гэтым Акадэмія таксама трапіла ў складанае становішча. Якім чынам і, галоўнае, для каго рыхтаваць акцёраў?
— Што б там ні было — працуем, займаемся сваёй справай. У любым выпадку найважнейшае для нас — асоба, выхаванне індывідуальнасці. І, канешне, працэс. Тэатр — гэта мадэль жыцця, толькі не ў застылай, а ў рухомай форме. Гэтаму вельмі складана навучыць.
Бывае, што выхаваныя вамі пэўным чынам акцёры не запатрабаваныя ў тэатрах?
—Так. Адметныя і яркія індывідуальнасці часта аказваюцца непатрэбнымі. Раней цікавіліся таленавітымі, цяпер галоўнае — фактура. Канешне, акцёры павінны быць прыгожымі, але побач з героямі на роўных існуюць характарныя артысты. Я вялікую ўвагу надаю здатнасці да пераўвасаблення. У выніку выканаўца мусіць стаць іншым чалавекам, гэта значыць — схопліваць характар, вылучаць асаблівасці ў голасе, пластыцы. Уменне назіраць выхоўваецца з першага курса. Не менш важнае ўменне заставацца самім сабой, быць шчырым, праўдзівым і адначасова валодаць яркай формай. Урэшце, усё паядноўваецца. Да таго ж, я ніколі не ўнікаю ігры... А моманты разбурэння звычайна надараюцца перад зменамі. Перад новым стварэннем назапашваецца нейкая сіла, потым з’яўляюцца новыя каштоўнасці. Я і сама такой была. Зараз мне нададзена пачэснае званне «прадаўжальніка традыцый», я ім вельмі ганаруся, але памятаю, як сама пачынала. Мне таксама хацелася штосьці перайначыць. І вось цяпер, хоць мы і гаворым пра карыфеяў, шмат гадоў існуе сучасная беларуская тэатральная школа. Некалі я прыдумала толькі мне зразумелае правіла — дынамічнае выхаванне акцёра. У той час мае педагогі былі сталымі, разумнымі людзьмі з вялікім вопытам. Яны часта расказвалі свае біяграфіі, распавядалі пра тое, як і што ставілі. Я іх любіла надзвычайна, але думала, што трэба рабіць інакш. І пачала студэнтаў ганяць па калідорах, выконваць з імі шматлікія практыкаванні, займацца трэнінгам, а ўжо потым — ва ўсім разбірацца і аналізаваць. Вось такім і павінна быць выхаванне — актыўным, рухомым, на пляцоўцы, не толькі на словах. Важна праз дынаміку дамагацца новага ўзроўню жыццёвай праўды ў прапанаваных абставінах. Тады сама фізічная прырода дапамагае ім быць праўдзівымі і шчырымі. Калі чалавек хоча рухацца, ён адвольна, натуральна нібыта разбурае тое, што было да яго. Ды толькі разбураць можна па-рознаму. Можна некага зганіць, абліць брудам, сказаць: «Мы ўсё будзем рабіць па-новаму» — і пры гэтым ісцінай, якая прапаноўваецца іншым, не авалодаць. Вось такія моманты недапушчальныя. Чалавек заўсёды будзе абапірацца на адвечныя ісціны. Так, мы змяняемся самі, мы можам здраджваць ім, адхіляць іх. Ды толькі ісціны незалежна ад нас існуюць. І людзі гэта адчуваюць. Галоўныя чалавечыя каштоўнасці — любоў, сяброўства, каханне, спачуванне, клопат пра старых — застаюцца нязменнымі. На гэтым могуць трымацца і тэатр, і кіно.
Вы ўсё жыццё імкнуліся стварыць тэатр на аснове выхаванага вамі курса. Не давялося. Ды толькі пра мэтазгоднасць падобнага шляху сведчыць уся гісторыя сучаснага сцэнічнага мастацтва. Але менавіта такой практыкі, як паветра, не стае беларускім падмосткам.
— З гісторыі тэатра мы ведаем, што толькі такім чынам узнікалі ўнікальныя калектывы. МХАТ, Вахтангаўскі тэатр, «Сучаснік», тэатры Юрыя Любімава, Льва Додзіна. Курс, студыя — ідэальныя ўмовы для стварэння адметнага тэатра. У самім працэсе навучання ў педагога-рэжысёра і ў ягоных вучняў-студэнтаў фарміруюцца агульныя крытэрыі, мары. Яны выдатна разумеюць адзін аднаго. У выніку з’яўляецца адрозны ад іншых творчы прадукт. Самыя плённыя сцэнічныя калектывы нараджаюцца такім чынам. І пасля — прыкладна дзесяць гадоў адмысловага развіцця. Гарантыя. Вельмі хацелася, каб у нас у Беларусі ўзнік такі тэатр. Але ж не адбылося. Хоць пра гэта я марыла заўсёды. І, можа быць, таму мне так азартна працавалася ў Акадэміі. Хацелася, каб цікавым і таленавітым быў не толькі кожны студэнт, а каб кожны курс меў свой адметны твар. Новы курс — новыя індывідуальнасці, эстэтычныя густы і накірункі. Таму працуеш па-іншаму. Паўтараць самога сябе нецікава: вынікі будуць адпаведныя, творчага задавальнення таксама не атрымаеш. Вядома, ёсць азбука, якую мы засвойваем, але да творчасці існуюць розныя шляхі. Студэнт сам падказвае спосабы, методыку, прыёмы, а вось мэта адзіная: узнаўленне жывога чалавечага характару. Вядома, пакуль ты малады — фантазія, імпэт, энергія зашкальваюць. А потым — адна мара не здзейснілася, другая... Дарэчы, мне ўсё жыццё сніцца адзін і той жа сон: нібыта ляціць планёр — і яго збіваюць. Усё было цудоўна, хораша, прыгожа, і раптам... бах! Насмерць планерыст не разбіваецца. І ўсё ж... Я так і кажу — гэта чарговая мая мара разбілася.
Калі б зараз існавала магчымасць стварыць тэатр на аснове вашага курса, пагадзіліся б?
— Так. Толькі зрабіла б іншы акцэнт. Запрасіла маладых рэжысёраў і дала ім магчымасць ставіць і эксперыментаваць. Але ўсё цэментаваць абавязкова павінен выхаваны разам акцёрскі курс.
Вось, напрыклад, Маладзёжны тэатр зараз амаль гіне... А ў вас сёлета дыпломны курс, які можна скіраваць адпаведным чынам. Цудоўная ідэя і магчымасць спалучыць працэс навучання з творчым працэсам самым непасрэдным чынам. Даць шанец маладым акцёрам і рэжысёрам...
— У якіх нашы тэатры сёння не зацікаўленыя... Але вось прыйшоў у Купалаўскі тэатр Мікалай Пінігін і даў магчымасць некалькім маладым рэжысёрам паставіць спектакль.
А потым засумняваўся.
— Але ж ён так не сфармуляваў.
Сфармуляваў.
— Гэта таксама зразумела. Пінігін глядзіць на сітуацыю як мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра. У яго свае мэты і задачы. Магчыма, у наступным сезоне запросіць пастаноўшчыка сусветна знакамітага. А мы гаворым пра Маладзёжны тэатр, у якога зусім іншая стратэгія. Важна дапамагчы моладзі, вытрываць, калі нешта не атрымалася, і потым прапанаваць зрабіць штосьці яшчэ больш складанае. Адкрыць рэжысёрскую індывідуальнасць, дапамагчы разабрацца ў самім сабе.
Памятаю, колькі сіл было патрачана пры стварэнні Маладзёжнага тэатра. Толькі ўяві сабе: сам Брэжнеў падпісвае загад аб адкрыцці ў Мінску Маладзёжнага тэатра! Быў вялікі шлях і вельмі складаны працэс. Потым загад мне ўрачыста ўручылі, а прызначылі іншага рэжысёра і адразу адышлі ад мэты.
Далей усё пайшло па іншым сцэнарыі. І вось зноў у паветры лунае ідэя аб спецыяльнай сцэнічнай пляцоўцы для рэжысёраў.
— Калі б магчыма было ўвасобіць такую схему: Акадэмія — студыя — тэатр для моладзі — гэта былі б пэўныя і вельмі важныя творчыя этапы. Надалей усё магло развівацца па-іншаму.
Дарэчы, сёлета з Мікалаем Пінігіным мы збіраемся карысную практыку аднавіць. У рэжысёраў і акцёраў зноў будзе сумесная майстэрня, што вельмі карысна для адных і другіх. Рэжысёры праходзяць вельмі сур’ёзную акцёрскую школу. У акцёраў у шчыльным кантакце з рэжысёрамі пачынаюць па-іншаму працаваць мазгі. Інтэлектуальны ўзровень і патэнцыял групы ўзнімаецца. Мы можам перадаць ім усё, што самі разумеем, што павінна быць засвоена будучымі прафесіяналамі. Пры гэтым трэба рабіць прышчэпку сучаснага тэатра. Абавязкова знаходзіць спосабы паказаць ім лепшыя ўзоры сцэнічнага мастацтва. Каб яны не раслі ў замкнёнай прасторы.
Думаю, мы натуральна прыйшлі да высновы, што сучасным беларускім тэатрам трэба займацца сур’ёзна і з адказнасцю, а шанцы ў яго ёсць.
— Калі з адказнасцю і верай, усё атрымаецца. Я люблю паўтараць, што правінцыйнасць — з’ява не геаграфічная. Класічны прыклад — знакаміты тэатр Ёзаса Мільцініса ў невялічкім літоўскім горадзе Панявежыс. Майстра верыў — і паверылі людзі наўкол. У далёкія 1970-я яны стваралі тэатр, які праславіўся далёка за межамі Літвы. А мы нібыта пастаянна сумняваемся, думаем: не, ніколі не атрымаецца. І не атрымліваецца. Вось скажы, хіба можа жанчына расквітнець, калі наперад ведае, што яе ніхто ніколі не пакахае? Таму я пастаянна імкнуся дапамагчы студэнтам пераадолець недавер да саміх сябе. Сярод іх шмат цудоўных, таленавітых акцёраў. Апошнім часам у Купалаўскім тэатры з’явілася новая зорка — Аляксандр Казела. Усе кажуць: «Вось гэта добра!» А калі такіх яркіх індывідуальнасцей цэлы тэатр — гэта ўжо з’ява, беларуская акцёрская школа. Інакш усё рассыпаецца, расцягваецца, мізарнее. І нашы словы пра школу застаюцца не пацверджанымі нічым. Таму трэба верыць, любіць тэатр, імкнуцца яго зразумець, дапамагаць нараджацца новаму і — не нашкодзіць. Гэта датычыцца кожнага, ад каго лёс беларускага тэатра хоць крышачку залежыць.
Бо тэатр — прастора, дзе матэрыялізуюцца мары, дзе нябачнае становіцца бачным, дзе хараство кранае сэрца чалавека і чалавек становіцца лепшым... Хаця б на тры гадзіны, пакуль знаходзіцца ў глядзельнай зале. Такому тэатру варта прысвяціць жыццё.
Людміла ГРАМЫКА