Сучасны крой і крэатыў

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Подыумныя паказы пачаткоўцаў

/i/content/pi/mast/37/617/23.jpg

Вольга Бабок. Маладзёжная мужчынская калекцыя з ільну «Верацяно». Кіраўнік курсавога праекта Таццяна Злоцкая. 2010.

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў сёння з’яўляецца адной з вядучых ВНУ, дзе рыхтуюць прафесійных дызайнераў сучаснага адзення.

Студэнты Акадэміі ўражваюць сваімі калекцыямі не толькі на вучэбных праглядах, але і на конкурсах, фестывалях моды. Здольных аўтараў так шмат, што ім не хапае прызоў у адносна невялікай чарадзе подыумных прэзентацый. Ратуе сітуацыю Саша Варламаў, які запрашае студэнтаў-мадэльераў да ўдзелу ў сваіх праектах «Супермадэль» і «Млын моды» — Міжнародны фестываль моды і фота. Многія выпускнікі і навучэнцы Акадэміі могуць лічыць яго хросным бацькам, паколькі Варламаў даў ім магчымасць паказаць курсавыя ці дыпломныя праекты адразу на міжнародным узроўні. Такі дэмакратычны падыход вельмі акрыляе, моладзь адчувае сябе больш адказнай і здольнай на эксперымент. Літаральна за пяць апошніх гадоў мы перажылі сапраўдную вясну моды, арыгінальнае дызайнерскае «красаванне», якое значна пашырыла аўтарытэт беларускай прафесійнай школы і рэхам прайшлося па Еўропе ад Масквы да Барселоны.

Фестывалі «Млын моды» сталі месцам для адкрыцця новых імёнаў, сярод якіх выпускнікі Акадэміі мастацтваў Вольга Самошчанка, Іна Калпашнікава, Таццяна Котэс, Жанна Капуснікава, Тамара Карака, Ганна Зубенка, Кацярына Булгакава і іншыя. Не горш зарэкамендавалі сябе студэнты кафедры касцюма і тэкстылю. Студэнтка другога курса Яўгенія Краўцова выступала на фестывалі «Млын моды-2010» з дзіцячай калекцыяй «Райскія забавы» ў этнічным стылі, дзе дэкорам служылі цудоўныя каляровыя ўзоры і вялікая ўласнаручна пашытая лялька. Яе праца была адзначана журы і прапанавана для экспазіцыі першага на Беларусі Музея моды. Такая ж узнагарода чакала і дыпломную калекцыю Ганны Драгацэннай «Белая Панна, Чорны Манах», якая ўразіла выбранай гістарычнай тэмай і спалучэннем розных тканін.

Cтудэнты кафедры касцюма і тэкстылю, што сталі фіналістамі фестывалю «Млын моды», акрамя магчымасці дэманстрацыі на міжнародных подыумах атрымліваюць запрашэнні на стажыроўкі і працу ў Цэнтрах моды Расіі, Германіі, Бельгіі, Чэхіі, Аўстрыі.

Нягледзячы на непаўторнасць індывідуальнасцей аўтараў — выхаванцаў Акадэміі, іх аб’ядноўвае фанатычная любоў да пластычнай лініі, гармоніі колераў, арыгінальнасць у вырашэнні тэмы, якая пачынаецца з самой назвы калекцыі. Так, напрыклад, дыпломны праект 2010 года Насці Гарбуновай «Карункавая постаць» — калекцыя маладзёжнага адзення ў стылі 50-х гадоў са зваротам да беларускіх строяў. Унікальная калекцыя Марыны Дзяйкун «Казырная» (2010) — з хітрым спляценнем форм і аб'ёмаў. Ганна Досава стварыла серыю вячэрніх маладзёжных сукенак з аксаміту і шоўку «Бона Сфорца» на гістарычную беларускую тэматыку з надзвычай складаным сучасным кроем і эратычнай пластыкай. Карына Галсцян з Кацярынай Голікавай выступілі з арыгінальнай калекцыяй «Люты», складзенай з 10 мадэляў: у ёй былі выкарыстаны розныя фантазійныя ідэі жаночага і мужчынскага адзення, якія раскрываюцца ў складаных драпіроўках, дэкаратыўных аздабленнях, у тканінах тоўстых і зусім празрыстых.

Дызайнеры спрабуюць перадаць сутнасць нацыянальных вытокаў у густоўных адносінах да матэрыялу і форм крою, у каляровым суладдзі. Яны разумеюць галоўнае — адзенне павінна выяўляць лепшыя рысы чалавека, рабіць яго годным, неардынарным. Так было раней, калі наміткі ды хусткі вызначалі беларускую прыгажосць, так ёсць і цяпер, калі сарафаны, спадніцы, жакеты з беларускага льну зачаравалі ўвесь свет.

Не так даўно адгучалі ўрачыстыя прамовы на акадэмічнай абароне дыпломаў. У выпускнікоў розныя планы — хтосьці збіраецца на чарговае дэфіле, хтосьці на прэстыжную працу ў фірмах і канцэрнах. Але ўсе яны імкнуцца да глабальнай мэты — годна заявіць пра сябе ў свеце дызайну адзення…

Галіна МЯШКОВА, дацэнт кафедры касцюма
і тэкстылю