Дызайн для легенды

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Этнічныя традыцыі — у бутэльцы Сoca-Сola

/i/content/pi/mast/37/616/22.jpg

Дызайн-канцэпты бутэлькі Coca-Cola ў выкананні Аляксандры Бондаравай. Кіраўнік праекта Іван Хаменіч.

Алей лімона і лайма, мускатнага арэха і нерола, экстракт мускату і лісця кокі, ванілін, цытрусавая кіслата, апельсінавы эліксір і кафеін... Знакамітая вадкасць, упакаваная ў не менш знакамітую тару, — Coca-Cola.

Арыгінальная бутэлька Coca-Cola з’явілася ў 1916 годзе. Аўтар — Бенджамін Томас — хацеў павялічыць свой прыбытак і шукаў такую форму, якая асацыявалася б толькі з яго прадуктам: «... каб яе можна было распазнаць у цемры, навобмацак, у разбітым выглядзе, каб па аскепках можна было зразумець, што ў ёй была Coca-Cola». Томас абраў прапорцыі ўслед за тагачаснай жаночай модай — спадніцамі-гадэ з перахватам ніжэй таліі.

З праектамі па распрацоўцы нацыянальна адметнага дызайну для бутэлькі Coca-Cola кампанія выступала ў розных краінах свету. Напрыклад, у Канадзе мастакі — нашчадкі яе першых народнасцей — размалёўвалі бутэлькі для Зімовай Алімпіяды ў Ванкуверы. У гонар стагоддзя незалежнасці Мексікі Coca-Cola выпускала лімітаваную серыю тэматычных бутэлек, упрыгожаных элементамі, якія вельмі дакладна падкрэслівалі нацыянальныя асаблівасці краіны.

У Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў Coca-Cola Company звярнулася з прапановай стварыць для контурнай бутэлькі дызайн-канцэпцыі, якія адлюстроўвалі б этнічныя традыцыі культуры Беларусі. Акадэмія пагадзілася дадаць асабісты каларыт міжнароднаму брэнду і абвясціла конкурс для сваіх студэнтаў.

Першае памкненне навучэнцаў — прыдумаем новую, больш сучасную бутэльку! Але прадстаўнікі кампаніі цвёрда падкрэслілі, што для іх істотны менавіта беларускі нацыянальны каларыт, а не тое, як навучэнцы будуць эксперыментаваць з формай і дызайнам у прынцыпе.

— Мне вельмі спадабалася рэакцыя кампаніі, — расказвае дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Крысціна Стрыкелева. — Калі мы працуем з айчыннымі вытворцамі, нам звычайна прапануюць замежныя аналагі ў якасці ўзораў для пераймання, якім трэба адпавядаць. Але тое, што сёння выходзіць у сусветны тыраж, — гэта дызайнерскія распрацоўкі і дасягненні ў рамках эксперыментаў пяцігадовай даўніны. Канкурыраваць у сітуацыі аналагавага праектавання немагчыма, таму шлях адзіны: сапраўдны нацыянальны дызайн можа з’явіцца толькі праз існасць беларускай культуры і праз аднаўленне яе самакаштоўнасці. З перайманнем чужой марфалогіі мы свету непатрэбныя.

На першым этапе конкурсу былі адабраны 12 эскізаў-пераможцаў. Ацэньваліся крэатыўнасць, арыгінальнасць і выразнасць вобразнага рашэння, этнакультурныя характарыстыкі, а таксама адпаведнасць фірмоваму стылю кампаніі (праекты павінны былі ўтрымліваць таварны знак Coca-Cola). Свае ідэі студэнты ажыццяўлялі на метровых макетах бутэлек (балванкі рабілі з мантажнай пены, якую залівалі ў гіпсавую форму, работа ішла ў майстэрнях кафедры прамысловага дызайну), а вынікі іх працы дэманстраваліся ў мастацкай галерэі «Акадэмія».

Асноўныя прынцыпы дызайнерскай палітыкі Coca-Cola — прастата, хуткасць, лаканічнасць.Але гэта быў дызайнерскі конкурс, дзе не месца прастаце — самы час адпусціць сваю фантазію на волю. Магчыма, студэнты залішне сур’ёзна паставіліся да тэмы, не выказаўшы ніякага жадання «пагуляць», паіранізаваць, зрабіць нешта ў поп-артаўскім стылі з прыўнесенымі ў яго народнымі матывамі. Каласы, калаўроты, вышываныя кашулі выглядалі цікава, але гумару і дынамікі прадстаўленым творам відавочна не хапала.

Хтосьці рабіў макеты-«домікі» з расчыненымі аканіцамі, невялічкім плотам, але выбар колеру вельмі здзіўляў — жоўта-блакітны, ён абуджаў успаміны пра Украіну, але ніяк не пра Беларусь. Хтосьці пайшоў па шляху каларыстычнага мінімалізму і ўпрыгожваў белае «цела» бутэлькі чорнымі карункавымі выявамі дрэва і буслоў. З-за «скокаў» узораў страчваліся ўсе асаблівасці формы. Яшчэ адзін бусел (амаль у натуральную велічыню) ахінаў макет крыламі — бясспрэчна беларускі сімвал, але выглядаў ён недарэчна: нібы чучала, што нязграбна распласталі і прыклеілі да метровай бутэлькі. Макеты апраналі, як лялечак: малявалі вочкі і вусны, шылі народныя строі...

Выдатна, што дызайнеры так рупліва ўзгадалі народную аўтэнтыку, але хацелася, каб творцы-пачаткоўцы шукалі больш сучасныя сімвалы для культурнай рэпрэзентацыі краіны праз сусветны брэнд. Няўжо нават маладыя бачаць Беларусь выключна як самотны край чаратоў, блакітнага неба, драўлянага плота, дзівосных чырванадзюбых птушак і бела-чорна-чырвоных узораў?

Бясспрэчна адно: студэнтам удалося разбурыць стэрэатып пра тое, што дызайн — безнацыянальны. Так, былі больш удалыя творчыя рашэнні, былі і менш удалыя, але відавочна, што новыя формы можна шукаць не толькі ў заходніх каталогах ці ва ўжо існуючых дасягненнях замежных фірм, але і ў інтэрпрэтацыях наяўных традыцый і іх спалучэнні з найноўшымі тэхналогіямі і з кантэкстам нашай рэчаіснасці. Няхай гэтым інтэрпрэтацыям і спалучэнням не ставала свабоды, вольнасці і сучаснасці, але першыя крокі на шляху фарміравання нацыянальнага дызайну навучэнцы Акадэміі ўжо зрабілі.

Алена Каваленка