Стары музей і маладая галерэя

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Фонды, выставы, канферэнцыі

/i/content/pi/mast/37/615/21.jpg

Уладзімір Клімушка. Фенікс. Алей. 2008.

Сярод адметных выставачных пляцовак сталіцы дзве знаходзяцца ў Акадэміі мастацтваў — уласныя музей і галерэя. Музей Акадэміі вядзе сваю гісторыю з 1985 года. Ствараўся ён з мэтай захавання студэнцкіх работ, што дагэтуль месціліся ў метадычных запасніках кафедраў. За час існавання музея былі сфарміраваны грунтоўныя калекцыі — жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

«Я стараюся хаця б раз на год рабіць рэтраспектыўную выставу, каб сённяшнія студэнты знаёміліся з тым, што было створана да іх, — расказвае дырэктар музейна-галерэйнага комплексу Ірына Персікава. — Мы не маем магчымасці арганізаваць пастаянную экспазіцыю ў музеі, бо наша зала для гэтага не прыстасаваная. Але творы з фондаў музея размясціліся па калідорах галоўнага корпуса Акадэміі.

Час ад часу розныя ўстановы звяртаюцца да нас з просьбай арганізаваць выставы. Напрыклад, мы актыўна супрацоўнічаем з Міхаілам Фінбергам, які суправаджае свае музычныя фестывалі паказамі студэнцкіх работ. Цяпер рыхтуем экспазіцыю ў Тураве. Збіраемся правесці майстар-клас у тамтэйшай школе мастацтваў.

Паказваем працы ў Акадэміі музыкі — падчас штогадовых навукова-практычных канферэнцый. Звярнуліся да нас і з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі: студэнты-“тэхнары” рэдка ходзяць на выставы, і педагогі зацікаўлены ў тым, каб яны знаёміліся з мастацтвам непасрэдна ў сценах альма-матар».

Два гады таму выставачныя плошчы Акадэміі мастацтваў пашырыліся: у новым будынку студэнцкага інтэрната на першым паверсе з’явілася галерэя, якую так і назвалі — «Акадэмія».

«У першую чаргу і музей, і галерэя прэзентуюць мастацтва маладых — студэнтаў і выпускнікоў, — тлумачыць Ірына Персікава. —Праводзяцца і выставы выкладчыкаў. Важны кірунак нашай працы — міжнародныя праекты. Акадэмія мастацтваў мае вельмі шырокія кантакты па ўсім свеце, іх вынікам часта становіцца экспазіцыя. Акрамя таго, мы актыўна супрацоўнічаем з амбасадамі, з Інстытутам Гётэ і Польскім інстытутам. Найбольш цікавыя падзеі апошняга часу: экспазіцыя твораў Анджэя Струмілы, праект шведскіх і беларускіх мастакоў «Ілюзія, фальсіфікацыя і рэальнасць», выставы сучаснай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі «Жылі-былі» і работ сірыйскіх мастакоў.

Зала галерэі вельмі прыдатная для правядзення рознага кшталту канферэнцый. Лектары яе па-сапраўднаму цэняць».

За апошнія два гады і музей, і галерэя прэзентавалі шэраг цікавых праектаў (варта згадаць, што экспазіцыі ў абодвух памяшканнях мяняюцца два разы на месяц). 2009 год адкрыўся паказам жывапісу Аляксандра Некрашэвіча і Аляксея Хацкевіча. Гэтыя зусім розныя мастакі некалі працавалі ў адной акадэмічнай майстэрні. Тады ж адбылася выстава «Бачны свет Эраста Карповіча», якую ўпершыню падрыхтавалі студэнты-мастацтвазнаўцы. Яны прыклалі вялікія намаганні, каб адшукаць і сабраць творы гэтага мастака. Такі неацэнны досвед падрыхтоўкі і арганізацыі выстаў, магчыма, спатрэбіцца ў іх прафесійнай кар’еры. А яшчэ ў музеі прайшлі «Урокі старых майстроў». Ідэя экспазіцыі ўзнікла ў Ірыны Персікавай па праглядзе работ студэнтаў кафедры манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, якія выконвалі копіі фрэсак і ікон. «Пасля выставы я прапанавала ім падараваць гэтыя работы тым, каму яны могуць аказацца вельмі патрэбнымі, але расстацца з каштоўным скарбам кафедра не змагла. Тады я сабрала іншую калекцыю студэнцкіх прац, і мы прэзентавалі яе цэнтру анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах і школе-інтэрнату №10 для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Мы вырашылі, што падобныя справы будзем рабіць штогод. Сёлета зладзілі адмысловую выставу і запрасілі дзяцей з іншых інтэрнатаў».

Памяшканне галерэі аказалася шчаслівым для многіх аўтараў. Напрыклад, творамі Валерыя Малахава зацікавіўся Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Туды ж перамясціліся і акварэлі Ігара Сухарукава.

2010 год распачалі «Візантыйскія мантры» Уладзіміра Клімушкі, шырокім глядацкім поспехам карысталіся творы Ганны Сілівончык, а студэнты кафедры інтэр’ера і абсталявання паказалі «Дамкі і камодкі». Напружанай прасторай уражваў «Белы горад» Аляксея Елізар’ева, а «5/10» дэманстравала творчы набытак скульптараў-выпускнікоў.

Галерэя ладзіць дзве традыцыйныя штогадовыя выставы. Першая — па выніках летняй практыкі студэнтаў. Нягледзячы на тое, што вучні выконваюць пэўныя заданні, якія ставіць перад імі педагог, яны раскрываюцца вельмі ярка і цікава. Другая выстава праводзіцца ў рамках студэнцкага навуковага таварыства.

«Музей і галерэя будуць прэзентаваць найперш сучаснае мастацтва, — зазначае Ірына Персікава. — Кожная выстава — эксперымент. Нашы маладыя аўтары ўвесь час растуць, мяняюцца, часам нават цяжка прадбачыць, якім будзе іх наступны крок.

Розніца паміж музейнай і галерэйнай заламі — толькі ў памерах. У музеі — большая прастора, прыдатная для групавых выстаў, у “Акадэміі” — вельмі ўтульнае памяшканне, якое можа “абжыць” адзін аўтар. Вельмі спадзяюся, што студэнты будуць часцей ладзіць свае персанальныя выставы».

Я згадваю нядаўні «круглы стол», прысвечаны маладзёжнаму мастацтву. Выпускнікі наракалі: у заходніх акадэміях студэнт ледзь не з пачатку навучання ўключаецца ў выставачнае жыццё, наша ж установа прапануе занадта цяплічныя ўмовы паступовага выкшталцоўвання таленту. Дырэктар музейна-галерэйнага комплексу Ірына Персікава сцвярджае, што любы студэнт можа зладзіць там сваю выставу, а любы куратар — уключыцца ў захапляльны эксперымент. Натуральна, з адной умовай: калі ёсць што сказаць і паказаць. Важна падтрымліваць узровень, таму што акадэмічныя музей і галерэя ўжо маюць у гледача выдатнае рэнамэ.

 Марыя ЧАРНЯЎСКАЯ