Настальгія і прагноз

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Былыя аднакурснікі сустрэліся праз 10 гадоў

/i/content/pi/mast/37/614/20.jpg

Фрагмент экспазіцыі «5/10» у галерэі «Акадэмія».

«Сустрэнемся на “Дваццатцы”!» — звычайная фраза, якой лёгка маглі перакінуцца будучыя ўдзельнікі нашай выставы, прызначаючы адно аднаму рандэву паміж лекцыямі ў маленькай кавярні — закутку мінскага гастранома № 20, што суседнічаў з іх alma mater — Беларускай акадэміяй мастацтваў. Яны наўрад ці маглі ўявіць, што праз дзесяць гадоў іх сустрэча будзе выглядаць такім вось чынам... Заплюшчыць і расплюшчыць вочы.
Замест чэрствых булачак і дабра-
душнасці састарэлых прадаўшчыц
у нязграбных ружовых наколках — духоўная спажыва ў выглядзе твораў мастацтва і нервовае бурленне арт-тусоўкі. Усё змянілася. Фальклорная акадэмічная «Дваццатка», месца сціплых студэнцкіх перакусаў і кефірных пахмелак, стала галерэяй. Але пяцёра былых аднакурснікаў зноў апынуліся разам.

Гэта была не звычайная скульптурная выстава, а выстава-сустрэча, выстава-настальгія, у чымсьці — выстава-спаборніцтва і, магчыма, нават выстава-прагноз. Экспазіцыя «5/10» адкрылася ў галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 25 мая 2010 года. Роўна дзесяць гадоў таму для пяцярых прадстаўленых тут аўтараў заканчваліся апошнія пераддыпломныя дні. З ускрайку новага тысячагоддзя яны стартавалі ў самастойнае творчае жыццё. Што ж адбылося з імі за прамінулы час? Выстава дэманстравала працэс мастакоўскай эвалюцыі апошніх выпускнікоў кафедры скульптуры ХХ стагоддзя.

Сяргей Аганаў, Аляксей Сарокін, Наталля Стрыжнёва (Калеснікава), Сяргей Більдзюк і Сяргей Возісаў прадставілі справаздачы за «паслядыпломны» перыяд. Аднак экспазіцыя ахоплівала значна большы адрэзак часу. Былі паказаны і раннія, яшчэ студэнцкія працы. Сёння гэта ўжо мінулае. Аднак у ім прасочваюцца парасткі вельмі розных індывідуальнасцей, якія раскрыліся ў новых творах, што складалі асноўную частку выставы. Работы пяцёркі скульптараў характарызаваліся выключнай прадметнасцю, своеасаблівасцю вар’іравання традыцыйных скульптурных матэрыялаў — керамікі, бронзы, каменя, дрэва. Розныя па форме і ступені дэкаратыўнасці, гэтыя пластычныя аб’екты ўвасаблялі шырокі дыяпазон аўтарскіх выказванняў — ад экзістэнцыяльных прасвятленняў да асобасных настрояў і фантазій. Так выглядае сучаснасць нашых герояў.

А што ж будзе яшчэ праз дзесяць гадоў? «Трохі далей» прысутнічала на выставе ў выглядзе фота- і відэадакументацыі. Можна было разгледзець патэнцыйныя кірункі, што акрэслівалі далейшы творчы рух экспанентаў «5/10»: удзел у замежных і айчынных скульптурных сімпозіумах, праца над арыгінальнымі камерцыйнымі праектамі ці нават проста сціплае будаўніцтва ўласнай сям’і.

«Пяць да дзесяці» сталася нетрадыцыйнай і ў практычных экспазіцыйных аспектах. Прасторавае рашэнне выставы, аўтар якога — архітэктар Кацярына Казакова, было прадумана і паслядоўна выбудавана. Дарэчы, усе нябачныя для гледача ўдзельнікі праекта аказаліся на вышыні. Нетрывіяльныя працы дызайнера друкаваных матэрыялаў Андрэя Шаганава і рэжысёра (па сумяшчальніцтве і аператара) відэа Руслана Фядотава значна ўзбагацілі інфармацыйнае цела выставы.

Мінулае, цяперашняе і будучае — плюс-мінус дзесяць гадоў — канцэптуальна падзелены. «Дзесяцігоддзе таму» месцілася ў асобнай уваходнай зале галерэі, «дзесяцігоддзе наперад» папросту двухмернае, а «тут і цяпер» займала ўсю астатнюю галерэйную плошчу. Прычым у кожнага з творцаў «сучаснасць» свая. Асабістыя прасторы, у якіх знаходзіліся працы адпаведных аўтараў, заніраваны пяццю рознымі колерамі. Афарбоўка скульптурных подыумаў і падлогі непрыкметна атачала наведвальніка галерэі, нібы фармавала няісныя, але цалкам адчувальныя персанальныя экспазіцыі ўсіх пяцярых мастакоў у рамках, здавалася б, аднаго асяроддзя. У той жа час рознакаляровыя зоны мелі розныя памеры і форму і знаходзіліся ў складаным узаемадзеянні. Пранікаючы адна ў адну, яны ілюстравалі адзначаны назіральным Марсэлем Прустам прынцып асобаснай падгонкі характараў і ўзаемаадносін людзей, што працяглы час суіснуюць разам. Западзіны і паглыбленні — хтосьці ў нечым саступае і адыходзіць, і пустэча запаўняецца актыўнасцю іншага. У нашым выпадку хутчэй творчай актыўнасцю — бо памер занятай часткі галерэі залежаў ад колькасці прадстаўленых твораў.

Мне сімпатычныя ўсе пяцёра ўдзельнікаў, і з дапамогай выставы было цікава высветліць, што з імі адбываецца цяпер. А таксама паспрабаваць зразумець, што адбудзецца ў далейшым. Пры гэтым я ўспрымаю іх як калектыў, невялікую творчую супольнасць, хоць, верагодна, яна існуе толькі ў маіх студэнцкіх успамінах. На жаль. Тым не менш, экспазіцыя «5/10» паказала, што маладыя скульптары ўсё ж чымсьці падобныя. Не хочацца дзяліць іх на лепшых і горшых, як і вылучаць удалыя ці няўдалыя працы. Тым больш што гэта было зроблена на прымеркаванай да выставы публічнай дыскусіі з удзелам мастацтвазнаўцаў, музейных супрацоўнікаў і прэсы. Добра, калі гэтае абмеркаванне дапаможа творцам вызначыцца, дзе яны знаходзяцца і куды рухаюцца.

Як куратару мне б вельмі хацелася дапамагчы пяцярым маім сябрам сабрацца зноў — па сканчэнні яшчэ аднаго дзесяцігоддзя. Не ведаю, ці рэальна гэта, але горача спадзяюся, што такая магчымасць у мяне яшчэ будзе... Праз дзесяць гадоў... Сустрэнемся, так?

 Павел ВАЙНІЦКІ