Інтанацыя кадра

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

У пошуках нечаканага ракурсу

/i/content/pi/mast/37/613/19.jpg

Яна Захаран. Зялёны нацюрморт. Фота. 2010.

«Калаж» — так называлася выстава фотаработ, якая дэманстравалася
не так даўно ў галерэі «Акадэмія». Яе аўтарамі выступілі будучыя аператары, студэнты 2 курса факультэта экранных мастацтваў (мастацкі кіраўнік курса Андрэй Чупрынскі).

Уменне «пабудаваць» кадр, зрабіць яго эмацыйна ёмістым і сэнсава значным будзе галоўным і актуальным для іх на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці. А «выбудоўваць» кадр можна з дапамогай і кінакамеры, і фотаапарата. Сродкамі апошняга, напэўна, нават прасцей. Прадстаўленыя работы сведчаць пра назіральнасць, немалы плён мастакоўскага, візуальнага трэнажу.

...Летні нацюрморт, дзе зялёныя спелыя яблыкі красуюцца на фоне такой жа зялёнай салаты (работа Яны Захаран). Сажалка, зацягнутая густой раскай, па якой восень вольна раскідала барвовае кляновае лісцё (Юрый Падолін). Зімовы пейзаж — сіратлівая пожня, голыя галіны далёкіх дрэў і туман, такі журлівы і сапраўды беларускі (Уладзімір Дабрыян). Дрэвы, убачаныя падчас паводкі: чорныя ствалы над вадой і іх адбіткі ўтвараюць асаблівы рытм (Наталля Ціхінская). Ускраіна горада, гмахі новых, пакуль не абжытых будынкаў удалечыні, а на першым плане — ці то снег, ці то пясок, амаль іншапланетны, нетутэйшы відарыс (Уладзімір Дабрыян). Сляпуча-блакітнае неба і такі ж блакіт на бліскучых паверхнях фасада Нацыянальнай бібліятэкі, убачанай у нязвыклым ракурсе (Паліна Ляжанская).

Няхай гэтыя фотаработы студэнцкія, але яны адлюстроўваюць свабоду адчування сябе ў візуальнай прасторы, шматстайнасць тэм, вобразаў, тэхнік. Адлюстроўваюць назіральнасць, пошукі новага погляду, за якім — нечаканы сэнс.

Зразумела, што выпрабоўванне сябе ў галіне фотакампазіцыі — толькі частка няпростага працэсу спасціжэння майстэрства будучымі тэлеаператарамі. А як ідзе гэты працэс? Пытанне да прафесара Юрыя Санжарэўскага, які ўжо два дзесяцігоддзі выкладае на кафедры кінатэлеаператарства.

— Увогуле прафесія кіна- і тэлеаператара запатрабаваная. У мінулыя гады набор на «аператарства» адбываўся радзей, цяпер — штогод. Хоць мы не можам пахваліцца такімі конкурсамі, якія калісьці былі ва ВГІКу. Студэнты вывучаюць шмат прадметаў, сярод іх — «аператарскае майстэрства», «асвятленне» і «фотакампазіцыя». Апошняя дысцыпліна выкладаецца на працягу двух гадоў. Будучыя аператары спачатку практыкуюцца на статычных кампазіцыях, у жанрах партрэта, нацюрморта. А далей займаюцца відэа і кіно.

У чым выяўляецца майстэрства аператара? Якімі мастакоўскімі якасцямі ён павінен валодаць? Найперш — пачуццём колеру і кампазіцыі. Адным з мацнейшых сродкаў з’яўляецца святло. З яго дапамогай аператар можа перадаць пэўныя эмоцыі, псіхалагічны стан герояў, экспрэсію або лірызм, трагедыйны або камедыйны настрой. Шмат залежыць ад выкарыстання больш мяккага або жорсткага святла, ценяў. Тое, якой атрымліваецца выява героя, уплывае на падсвядомасць гледача.

У артыкулах, прысвечаных кінафестывалям, айчынныя крытыкі неаднойчы выказвалі думку аб тым, што выяўленчая культура сучасных беларускіх фільмаў пакуль пакідае жадаць лепшага. Яе высокі ўзровень прадугледжвае веданне сусветнага жывапісу і кіно. Таму на занятках мы шмат часу аддаем прагляду і аналізу кінакласікі. У першую чаргу гэта тычыцца стужак савецкай эпохі, яны больш даступныя (пачынаем з фільмаў Сяргея Эйзенштэйна). Заўжды звяртаю ўвагу студэнтаў на тое, як аператар працуе са святлом, якія эмоцыі перадае пэўны эпізод. Дэталёва разбіраем працу аператараў у сувязі з рэжысёрскай задачай, бо плён іх намаганняў непарыўны. Падчас стварэння кінастужкі або тэлепраграмы аператар — трэці па значнасці чалавек у групе (пасля сцэнарыста і рэжысёра), ягоны густ і выяўленчая культура істотна ўплываюць на канчатковы вынік.

Нават пасля 1-га курса нашы студэнты пачынаюць больш пільна і востра глядзець і бачыць. Важна ведаць стэрэатыпы і візуальныя штампы і ўмець ад іх адмаўляцца. На маю думку, выяўленчы ўзровень на беларускіх тэлеканалах паступова расце. Гэта радуе, таму што большасць айчынных аператараў — нашы выхаванцы.

Таццяна Міхайлава