Бел-арт у Маскве

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Колеры акадэмічнай палітры

/i/content/pi/mast/37/612/17.jpg

Таццяна Кандраценка. Венера і Адоніс. Алей. 2010.

У межах святкавання Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Маскве адбылася выстава маладзёжнага мастацтва «Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі». У ёй прынялі ўдзел нядаўнія выпускнікі нашай Акадэміі, студэнты і маладыя выкладчыкі.

Арганізатарамі экспазіцыі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, мінскі Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (большасць работ — з яго фондаў) і маскоўскі Музей сучаснай расійскай гісторыі, у якім размясцілася «Belart.by».

Беларускія аўтары часта выстаўляюцца на прэстыжных маскоўскіх пляцоўках, аднак упершыню за гады незалежнасці наша мастацтва было прадстаўлена так грунтоўна — на ўзроўні вялікай групавой выставы.

Расійскія крытыкі вылучылі ў нашым мастацтве выразны інтэлектуальны складнік. Гэта засведчылі тыя работы нашых графікаў, якія інтэрпрэтуюць гісторыю, як, напрыклад, Павел Татарнікаў, і разважаюць пра праблемы сучаснай моладзі, выказваюцца на урбаністычныя тэмы. Гэта Соф’я Піскун, Раман Сустаў, Вольга Нікішына, Таццяна Радзівілка, Тамара Шэлест, Любоў Абрамава, Юрый Алісевіч і іншыя.

Сяргей Рымашэўскі і Ганна Сілівончык у сваіх жывапісных творах раскрываюць інтымны свет перажыванняў, станаўлення чалавека, тэмы сацыяльнай і ўзроставай адаптацыі. Новыя падыходы ў выкарыстанні выразных сродкаў мы назіраем у творах Андрэя Савіча, Аляксандра Некрашэвіча, Уладзіміра Клімушкі, Кацярыны Сумаравай, Дар’і Мароз, Дзяніса Чубукова, у скульптурах Валянціна Борздага, Канстанціна Селіханава, Паўла Вайніцкага.

Парадавала стаўленне да экспазіцыі расійскіх гледачоў. Дагэтуль нацыянальнае мастацтва ўспрымалася як прыналежнае мінуламу, але на «Belart.by» аказалася шмат работ выпускнікоў, якія вучыліся і ў Акадэміі, і ў спецыялізаваных еўрапейскіх установах. Наша моладзь актыўна інтэгруецца ў заходнюю арт-прастору.

Нават у межах адной экспазіцыі «Belart.by» выявіліся галоўныя адметнасці беларускага мастацтва: калі ў Расіі ёсць два супрацьлеглыя і выразна размежаваныя кірункі — акадэмічны кансерватызм і contemporary art, то ў нас гістарычна склалася так, што розныя стылі суіснуюць і ўзаемаўплываюць, ствараючы багатую палітру мастацкага жыцця. Ёсць і інтэлектуальнае, і выразна эмацыянальнае мастацтва, спробы засваення як старой традыцыі, так і навацыі. Гэты плюралізм аказаўся самай яркай рысай нашага мастацтва. Растлумачыць яго можна па-рознаму: як памежны стан — ці як пастаянны пошук самаідэнтыфікацыі, свайго месца паміж Усходам і Захадам.

Краіну прэзентавала моладзь. Атрымалася — годна і ярка. Мы не забываем мастакоў больш сталых і заслужаных, аднак варта даваць новай генерацыі стымулы для плённага развіцця.