Матэрыялы ад прыроды

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Летнія пленэры ў архітэктурным ландшафце

 /i/content/pi/mast/37/611/16.jpg
 Вольга Нячай. Негрыцянка. Граніт. Кіраўнік курса Уладзімір Слабодчыкаў. 2005.
На кафедры скульптуры асаблівае значэнне надаецца выкладанню кампазіцыі. Студэнтаў вучаць задумваць свае работы адразу ў матэрыяле, акрамя творчых задач яны вырашаюць праблемы тэхнічнага характару. Будучыя скульптары паступова набываюць каштоўны досвед працы з каменем, дрэвам, металам, а выкарыстоўваць набытыя веды напоўніцу спрабуюць на пленэрах, якія праводзяцца ў Беларусі і за яе межамі.

У эканамічна цяжкія 1990-я гады праводзіць летнія тэхналагічныя і творчыя практыкі ў Акадэміі стала складана. Кафедра пачала шукаць новыя магчымасці. База для выязнога студэнцкага пленэру была знойдзена ў мястэчку Верцялішкі Гродзенскай вобласці. Тамтэйшы мастацка-прамысловы камбінат стаў арганізатарам, які забяспечыў удзельнікаў (як гэта прынята ў сусветнай практыцы правядзення пленэраў) электрычным інструментам і пражываннем, а матэрыял — камень ці дрэва — можна было лёгка знайсці на месцы.

Для студэнтаў, якія заканчвалі другі год навучання, гэта быў першы досвед працы з каменем. І першыя творчыя рашэнні: які камень выбраць, «дзікі» або ў блоку, якія колер і цвёрдасць найбольш прыдатныя для ўвасаблення ідэі, ці варта спалучаць камяні паміж сабой з дапамогай каваных дэталяў. Рабочай пляцоўкай маладых скульптараў быў маляўнічы куток непадалёк ад царквы, зробленыя там творы паўсталі ў парку і на вуліцах Верцялішак. Дарэчы, месца ў архітэктурным асяроддзі студэнты-скульптары шукалі разам з будучымі архітэктарамі, спасцігаючы нюансы ўзаемадзеяння аб’ёму і прасторы.

На працягу 2000-х адбыўся цэлы шэраг студэнцкіх пленэраў, база для іх была знойдзена ў Лагойску, Пухавічах і Мядзеле. Гранітныя скульптуры ўпрыгожылі вуліцы і плошчы, сталі адметнымі акцэнтамі архітэктурнай прасторы. Акрамя таго, студэнты рэгулярна ўдзельнічаюць і ў скульптурных сімпозіумах блізкага замежжа — у Вроцлаве (Польшча) і Калінінградзе (Расія), дзе ў старым парку «Заазер’е» стаіць ужо каля дзясятка іх твораў, выкананых з шамоту, дрэва і зварнога металу. Падчас правядзення сімпозіумаў у Еўпаторыі нарадзілася ідэя стварэння гарадскога Музея сусветнай скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Работы беларускіх аўтараў увайшлі ў гэту экспазіцыю, заняўшы годнае месца ў цэнтры горада.

Студэнцкія пленэры сталі арганічнай часткай навучальнай праграмы. Згадаем, што колісь на кафедры скульптуры большасць дыпломных работ выконваліся з гіпсу, а дрэва і мармур ужываліся рэдка. Сёння сітуацыя цалкам іншая: студэнт працуе з самымі рознымі матэрыяламі ў майстэрнях Акадэміі. А на пленэрах — з дрэвам, металам і каменем. Праца з такім цвёрдым матэрыялам, як граніт, адточвае тэхнічнае майстэрства. Але самы каштоўны творчы досвед заключаецца ў тым, што падчас летняй практыкі будучы мастак вучыцца рабіць свой твор для канкрэтнага асяроддзя. Малады скульптар, які за гады сваёй вучобы наведае два-тры студэнцкія пленэры, можа лічыць сябе падрыхтаваным да падобных мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню.

Патэнцыял кафедры скульптуры ў сферы правядзення сур’ёзных міжнародных мерапрыемстваў (абменных выстаў, пленэраў і семінараў) быў адзначаны і міністрам культуры Паўлам Латушкам падчас наведвання Акадэміі мастацтваў. Але, на жаль, узнікаюць цяжкасці зусім не творчага характару, і ніколі нельга з упэўненасцю сказаць, ці адбудзецца скульптурная практыка ў наступным годзе. Востра стаіць патрэба ў наяўнасці базы для штогадовых пленэраў у Мінску. Месцам іх правядзення можа стаць Лошыцкі парк, у якім сёння вядуцца работы па рэканструкцыі. Там нямала гатовага матэрыялу — каменя і спілаваных дрэваў, а творы студэнтаў могуць ператварыць гэтае месца ў прывабнае і зручнае для адпачынку.

Выкладчыкі перакананы, што экспазіцыі на адкрытым паветры, размяшчэнне малых пластычных формаў у архітэктурным асяроддзі з’яўляюцца запатрабаванымі кірункамі развіцця мастацтва скульптуры, важнымі акцэнтамі ў стварэнні эстэтычнай прасторы нашых гарадоў і мястэчак.

 Іван АРЦІМОВІЧ