Тузін пытанняў да пераможцаў

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Рамяство і ўласная ідэя

Рэспубліканскі конкурс «Зорка ўзышла над Беларуссю» праводзіўся на дзяржаўным узроўні з мэтай падтрымкі маладых талентаў. Гэта было сапраўды грандыёзнае мерапрыемства: 4200 удзельнікаў паэтапна прайшлі тры адборачныя туры, фінальны з іх адбыўся ў сталіцы. Кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў аказалася безумоўным пераможцам. Прынамсі, у намінацыі «жывапіс і графіка»: тры яе выхаванкі занялі ўсе тры першыя месцы.

/i/content/pi/mast/37/610/14.jpg

Паліна Корзун. Дзяцінства. Алей. 2010.

Удзельнікі конкурсу запаўнялі анкеты. Паспрабуем зрабіць гэта яшчэ раз, разам з пераможцамі... Дык хто ж яны?

Заяўка ўдзельніка Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў
«Зорка ўзышла над Беларуссю»

Прозвішча: Скарабагатая, Мельнік, Корзун.

Імя: Алеся, Вольга, Паліна.

Імя па бацьку: Мікалаеўна, Валер’еўна, Аляксандраўна

Дата нараджэння: 3 лютага 1988, 16 лютага 1986, 23 жніўня 1990.

Намінацыя: «жывапіс і графіка».

Назва ўстановы адукацыі, курс, клас: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (студэнткі другога, пятага, першага курса кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва).

Месца працы: майстэрні Акадэміі, прыватныя памяшканні, пленэры, бібліятэкі і інш.

Выкладчыкі: Зінкевіч Уладзімір Леанідавіч, Раманка Расціслаў Мікалаевіч, Макатун
Ларыса Алегаўна.

Творчыя дасягненні: Алеся Скарабагатая: дыплом першай ступені ў V Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў (2008), першае месца ў Рэспубліканскім мастацкім конкурсе на базе сталічнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка (2007); Вольга Мельнік: дыплом трэцяй ступені ў ІV Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў (2006), трэцяе месца ў конкурсе малюнка «Я і мой сабака» (Польшча, 2008).

/i/content/pi/mast/37/610/15.jpg

Алеся Скарабагатая. Паломнікі. Алей. 2010.

Фінальны этап конкурсу «Зорка ўзышла над Беларуссю» адбываўся ў будынку Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. У першы і другі дзень канкурсанты выконвалі малюнак і жывапіс. На трэці — кампазіцыю. Гэта і была самая важная частка творчага спаборніцтва: менавіта ў кампазіцыі найбольш ярка раскрываецца адметнасць кожнага ўдзельніка. Абвешчаная тэма «Мая краіна Беларусь» спачатку падалася простай, напоўніць яе важкасцю сталася мэтай, якую ўдзельнікі вызначылі для сябе...

Паспрабуем рашыць просты прыклад на складанне. Рамяство плюс уласная ідэя. Для нараджэння з гэтых двух кампанентаў агульнага «дзіцяці» даецца шэсць астранамічных гадзін. Трэба хутка сканцэнтравацца і дакладна выявіць сваю думку на палатне.

Ёсць стэрэатыпны вобраз Беларусі: зубры, буслы, жнеі, збор ураджаю. Стэрэатыпаў хапала і на «Зорцы...»: бабулі, шчаслівыя дзеці, сонечныя краявіды...

Пераможца конкурсу Алеся Скарабагатая прапанавала іншы позірк. У яе кампазіцыі тры хрысціянскія святыя ідуць з паклонам-пытаннем да... Буды. Так. Гэткі паварот думкі выдзяляе мастачку на агульным фоне, але што ён утрымлівае ў сабе? На мой погляд — спробу паразважаць аб шматканфесійнасці, талерантнасці, актуальных тэмах для сённяшняй Беларусі.

/i/content/pi/mast/37/610/14-.jpg

Вольга Мельнік. Сонечны дзень. Алей. 2010.

Некалі графік па адукацыі Мікола Селяшчук у сваім жывапісе давёў суіснаванне двухмернай і ілюзорнай трохмернай прастораў да ўзроўню знакавай сістэмы. Вольга Мельнік і Паліна Корзун таксама гулялі з прасторамі сон/рэальнасць. У сваіх кампазіцыях яны звярнуліся да вобраза дзяцінства, але ўвасобілі яго метафарычнымі сродкамі.

Акадэмічнае выхаванне, па сведчаннях студэнтак, вельмі спрыяе актыўнаму пошуку ўласнай мовы. Змагацца за самастойнасць поглядаў і сучасныя формы выяўлення не даводзіцца, бо гэта — першае патрабаванне іх выкладчыкаў. Навучанне ж рамяству — перадумова акадэмічнай школы як накірунку, звязанага з пераемнасцю прынцыпаў і метадаў, выпрацаваных цягам доўгага развіцця.

Конкурс стаўся для Алесі Скарабагатай, Вольгі Мельнік і Паліны Корзун сур’ёзным прызнаннем і важнай прыступкай іх творчай кар’еры. Аднак пошук сваіх Я-адметнасцей, Я-асаблівасцей для студэнтак толькі пачынаецца.

Таццяна КЛЯЗОВІЧ, студэнтка акадэміі мастацтваў