Зямля, Сусвет і... аўтамабіль

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Мастакоўскі патэнцыял ацанілі па дзесяцібальнай шкале

/i/content/pi/mast/37/609/12.jpg

Аляксандр Лагуновіч-Чарапко. Пано «Час — Вада». Змешаная тэхніка. Дыпломная работа. Кіраўнік Уладзімір Зінкевіч. 2010.

Штогод на абарону дыпломных работ выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў імкнуцца патрапіць зацікаўленыя гледачы. І аматары, і спецыялісты могуць убачыць першыя крокі маладога пакалення — яшчэ ў межах навучальнай установы, але ўжо ў самастойнае творчае жыццё.

І сапраўды, мэта дыпломнага агляду — ацаніць як набыты прафесійны ўзровень, так і патэнцыял творчай рэалізацыі. Нездарма некалі абароны адбываліся ў Палацы мастацтва, а сёння ў музеі ці галерэі Акадэміі.

На чым рабіць акцэнт у ацэнцы справаздачнай работы: на тэхнічных параметрах і ўзроўні валодання матэрыялам ці на здольнасці да самастойнага творчага «плавання»? Выпускнікі факультэта дызайну і ДПМ звычайна скіраваны на выкананне прыкладных задач: набор посуду, калекцыя адзення, фірменны графічны стыль, канструктар, аўтамабіль. Функцыя патрабуе ёмістага мастацкага вырашэння. Мяркуецца, што жывапісцы больш вольныя ў выбары тэм і форм падачы, ва ўласным самавыражэнні. Аднак сёлета ўвесь выпуск кафедры жывапісу выконваў творы на заказ. Тэма дыпломнага праекта, ініцыяваная Саюзам пісьменнікаў, гучала так: «Славутыя асветнікі і пісьменнікі Беларусі». Тэхнічнае майстэрства было прадэманстравана напоўніцу. Але якія тэмы хвалююць маладога мастака, якія сродкі ўвасаблення і вобразныя структуры выбірае ён для ажыццяўлення сваёй задумы? Адказы на гэтыя пытанні засталіся за межамі абароны.

Кафедра скульптуры пацвердзіла свой моцны патэнцыял. Усе чацвёра скульптараў атрымалі вышэйшы бал за бліскучае вобразнае вырашэнне і ўменне выдатна ўпісаць твор у асяроддзе. Дзве цалкам розныя кампазіцыі — вытанчаная муза Алены Ліпінскай і дэкаратыўна-абагульнены вобраз Вольгі Орсік — знайшлі сваё месца ва ўнутраным дворыку Акадэміі. «Кола часу» Мікалая Бялько ўладкавалася ў інтэр’еры, а «Калясніца Францыска Скарыны», выкананая Аляксандрам Юшкевічам (які перавёў у аб’ём гравюры з Бібліі асветніка, спалучыўшы іх сюжэты ў выразнай і ёмістай структуры), мусіць паўстаць у паркавым комплексе каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Паказала высокі ўзровень і кафедра графікі. Выдатна асвоіўшы разнастайныя тэхнікі, творцы працавалі над складанымі тэмамі, звязанымі з філасофскім асэнсаваннем гісторыі і сучаснасці, і дэманстравалі здольнасць вырашаць іх пластычна выразна, вар’іруючы ў межах аднаго цыкла стылістычную мову. Гэта тычыцца і метафарычнай «Краіны замкаў» Таццяны Ржэўскай, і тонкіх вобразаў «Гукаў любых мясцін» Алены Сямчышынай. Аляксандра Іванова ўвасабляе свет тэатра ў «Замалёўках лялечніка», Алена Тукач запрашае ў казку ў серыі сваіх лінарытаў. Тую ж тэхніку абірае і Дзмітрый Шапавалаў, каб паразважаць пра «Зямлю і Сусвет».

Для новага будынка інтэрната Акадэміі прызначана большасць аб’ектаў выпускнікоў спецыяльнасці «манументальна-дэкаратыўнае мастацтва». Выразная гульня форм, фактур і плоскасцей, метафарычныя абагульненні характэрны для работ дыпломнікаў.

Факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўводзіць новыя спецыялізацыі, адгукаючыся на запатрабаванні часу. У гэтым годзе было выпушчана восем дызайнераў віртуальнага асяроддзя з шырокім спектрам прафесійных навыкаў: яны стварылі відэа- і анімацыйныя ролікі, мультымедыйныя прэзентацыі і вэб-рэсурсы. На накірунку спецыяльнасці «Камунікатыўны дызайн» адбылася абарона дыпломнікаў спецыялізацыі «Тэлерэклама».

Уражвала багацце вобразных сродкаў для тэкстыльных кампазіцый і калекцый адзення дызайнераў касцюма і тканін. «Попел» Ільі Сімончыка, «Паміж небам і зямлёй» Ліліі Герасімовіч, «Музычныя інструменты» Вольгі Глінскай, «Казкі бабулінага куфра» Любові Туманавай і іншыя творы сведчаць пра шырокую палітру мастацкіх рашэнняў.

Здаецца, што ў межах абранай спецыяльнасці студэнтам графдызайну даступна практычна ўсё: і распрацоўка шрыфтавой гарнітуры (Вольга Стрыгельская), і паліграфія Дудутак (Марына Плышэўская), і стварэнне плакатаў на сацыяльную тэму (Іван Лукінскі) ці рэтраспектыўных кінаплакатаў для музея кіно (Анастасія Шастак), графічнае афармленне кніг (Наталля Дзяменцьева, Ганна Сцяшэнка) ці музычнага фестывалю (Юлія Лапіцкая). Маладыя творцы спалучаюць малюнак (рукой ці на камп’ютары), шрыфт і фатаграфію, дасягаючы пераканальнага вобраза. Выдатна, калі наша асяроддзе насыціцца высокапрафесійнымі творамі, якія стануць не толькі носьбітамі інфармацыі, але і эстэтычным фонам жыцця гараджан.

Спецыялізацыя «Фотаграфіка» засведчыла шырокі патэнцыял дызайнерскага выкарыстання фотавобразаў для стварэння рэкламнай прадукцыі і для больш творчых мэтаў. Апошняе тычыцца серыі партрэтаў маладых мастакоў (Дар’я Бубен) ці ілюстрацый Ганны Акімавай да «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, прыдатных, каб суправаджаць унікальнае выданне.

Прамысловыя дызайнеры прадставілі на суд Дзяржаўнай камісіі дыпломныя работы разнастайнай тэматыкі. Сярод задач, якія яны вырашалі, — канструктар і комплекс для гульняў, спартыўны матацыкл і прагулачны электрамабіль, жылы блок. Будзем спадзявацца, што, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, гэтае новае пакаленне з нестандартным крэатыўным мысленнем забяспечыць прамысловасць арыгінальнымі ідэямі і праектамі.

Па спецыялізацыі «Экспазіцыйны дызайн» выпускнікі распрацоўвалі вырашэнне транспартнага прыпынку і сістэмы асвятлення, прастору разнастайных выстаў, абсталяванне для загараднага адпачынку.

Сярод дэкаратыўна-прыкладных твораў асабліва ўразілі аб’екты з мастацкага шкла. Прафесіяналізм і высокае майстэрства — адметнасць сёлетняга выпуску. Утылітарнасць адыходзіла на другі план, магчымасці шкла былі выкарыстаны напоўніцу, а работы набылі канцэптуальнае вырашэнне. Так, у кампазіцыі «Ярыла» Дзіны Дунец сонечнае святло праходзіла праз каляровыя і бясколерныя шкельцы, афарбоўваючы выяву конніка. Погляд на функцыю дэкаратыўнай рэчы мяняецца, і кампазіцыя «Пад каўпаком» Антона Тулупава — гэта ўжо аб’ект лэнд-арта, які незаўважна прыхаваўся ў двары Акадэміі нібы дзіцячы сакрэцік — пад зямлёй, пад кавалкам тоўстага шкла. З гульні святла і формы быў зроблены куфэрак Юліі Байкачовай, а Марыя Лось (спецыялізацыя «Мастацкая кераміка») з дапамогай шамоту вырашала вобраз «Шчура — бога мяжы».

Закончылася абарона. Зачыніліся дзверы Акадэміі. Ці прагучаць зноў імёны «зорных» выпускнікоў? Чакаем сустрэч з імі і на старонках часопіса.

Алеся Белявец