Блікі на анёлах

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Сакрэты рукатворных тэхнік

/i/content/pi/mast/37/608/11.jpg

Антон Бельскі, Мікалай Карэлін, Юрый Пеўнеў, Дзяніс Чубукоў, Яўген Чысты.

Мазаікі для фасада храма-помніка «У гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне». Фёдар Страцілат. Аляксандр Неўскі. Смальта. 2010.

Выхаванне мастака-манументаліста — справа няпростая: каб спазнаць усе тэхналагічныя сакрэты прафесіі, студэнты засвойваюць тэарэтычныя веды і апрабоўваюць іх непасрэдна на аб’ектах. На практычных занятках адточваюцца навыкі і фарміруецца ўменне ўвасабляць выразныя кампазіцыйныя рашэнні ў любым архітэктурным асяроддзі.

Развіццё школы манументальнага мастацтва залежыць ад многіх фактараў і ў вялікай ступені — ад наяўнасці заказчыка. Сёння будуюцца і рэстаўруюцца як грамадскія будынкі, так і сакральныя аб’екты. Гэта спрыяе развіццю складаных і дарагіх тэхнік, такіх, напрыклад, як мазаіка.

Нядаўна нашымі студэнтамі былі завершаны работы па аздабленні фасадаў храма Праабражэння Гасподняга ў Астрашыцкім Гарадку. Таму, калі з Міністэрства замежных спраў Беларусі паступіла просьба ўпрыгожыць мазаікай капліцу ў польскім горадзе Беласток, студэнты былі цалкам падрыхтаваныя да гэтай работы.

Капліца ў Беластоку пабудавана пры саборы Святога Духа як помнік праваслаўным беларусам — ахвярам ІІ Сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсій. Ініцыявала яе стварэнне Беларускае таварыства ў Польшчы. Капліца ўяўляе сабой высокае збудаванне над каменем з памятным надпісам, наверсе — чатыры паўкруглыя іконы з выявамі Хрыста Збавіцеля, Божай Маці, Святога Гаўрыіла Беластоцкага, Святога Афанасія Брэсцкага. Гэтыя мазаікі студэнты трэцяга і чацвёртага курсаў Марыя Кульба, Ганна Бацюкова, Вольга Ладуцька, Антон Бельскі, Мікалай Карэлін выканалі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Юрыя Каралевіча, Дзяніса Чубукова і Валерыя Малахава. Самі рабілі эскізы, паводле праваслаўнага канона стваралі малюнкі, карпатліва, каменьчык за каменьчыкам, выкладалі ў акадэмічных майстэрнях абразы. Было складана ўпісаць постаць у паўкруг, таму паабапал выяў святых размясціліся стылізаваныя раслінныя арнаменты. Выразная колеравая гама і далікатнасць малюнкаў уражваюць: мясцовыя жыхары не давалі веры, што работы былі зроблены студэнтамі.

Сёння на кафедры працуюць над выкананнем новага складанага аб’екта — мазаік на фасадах храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне, які знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Каліноўскага. Адметнасць аздаблення гэтай царквы ў тым, што вобразы святых размесцяцца не ўнутры (як звычайна), а на знадворнай сцяне, тварамі да прыхаджан. Антон Бельскі, Мікалай Карэлін, Яўген Чысты спасцігаюць тонкасці гэтай складанай тэхнікі пад кіраўніцтвам Дзяніса Чубукова. Эскізы будучых твораў робяць іканапісцы, таму для выканаўцаў застаецца толькі адна творчая задача: дакладна перавесці жывапіс у мазаіку. Задача насамрэч няпростая, таму што кожнае адценне колеру трэба выкласці з дапамогай смальты. Часта колер ствараецца з дапамогай аптычнага змяшэння некалькіх кавалачкаў. Работа над аздабленнем фасадаў ідзе поўным ходам, і хутка храм набудзе сваё новае аблічча.

Згадваю, як студэнты звычайна пачынаюць працаваць над мазаікамі: блытаюць модулі, не могуць належным чынам падрыхтаваць раствор. Калі яны спасцігаюць усе тэхналагічныя нюансы і дасягаюць яснасці працэсу, то імгненна ўлюбляюцца ў гэтую тэхніку, якая захапляе і заварожвае сваёй рукатворнасцю. Існуе трывожная тэндэнцыя ў сучасным заходнім навучанні манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву: знікаюць складаныя тэхнікі, звязаныя з ручной працай. У нашай Акадэміі мастацтваў школа мазаікі паспяхова развіваецца, а творы будучых манументалістаў усё часцей з’яўляюцца на сценах храмаў і іншых будынкаў у розных гарадах Беларусі.

 Уладзімір Зінкевіч, загадчык кафедры манументальна-
дэкаратыўнага мастацтва, прафесар