Міхась Баразна. «Мой клопат творчы»

№ 10 (331) 01.10.2010 - 30.10.2010 г

Напярэдадні юбілею Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылося прызначэнне новага рэктара. Ім стаў кандыдат мастацтвазнаўства Міхась Баразна. Прэзідэнтам краіны перад новым кіраўніком вышэйшай навучальнай установы былі пастаўлены важныя стратэгічныя задачы. Галоўная з іх — праз якасную прафесійную адукацыю садзейнічаць развіццю і росквіту беларускай культуры і нацыянальнага мастацтва.

З Міхасём Баразной гутарыць галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва» Людміла Грамыка.

/i/content/pi/mast/37/607/4.jpg

Ганна Конанава. Вучэбная пастаноўка. Алей. Кіраўнік Май Данцыг. 2009.

Якое месца ў вашым жыцці займае Акадэмія мастацтваў?

— Гэта мой другі дом. Інакш не скажаш, бо насамрэч правёў тут не менш як палову свайго жыцця. Спачатку — студэнт, потым выкладчык, прарэктар... Я тут амаль штодня ад ранку да позняга вечара. Даўжэй, чым з сям’ёй.

Таму, верагодна, лепш за іншых ведаеце, як установа развіваецца, якія існуюць праблемы... Урэшце, якая яна, Акадэмія мастацтваў, сёння?

— Цяжка адказаць сцісла. Адразу ўзнікае шэраг асацыяцый. Людзі, асобы, іх лёс, гісторыя... Перад вачыма ўсё імгненна разгортваецца. Пачынаючы з таго моманту, як упершыню ўвайшоў сюды і адчуў пах Акадэміі. Зусім адметны, адрозны ад любой іншай установы. Патыхала фарбамі, лакам... Хадзілі людзі, якіх я лічыў амаль святымі. І самае галоўнае, цягам дзесяцігоддзяў Акадэмія не пераўтварылася ў маім уяўленні ў нейкую шэрую або цёмную пляму. Застаецца для мяне... свячэннем. Тут прысутнічае штосьці чыстае і вельмі дарагое. Падобнае да літары «А». Нават праблемы, якіх існуе пэўная колькасць, не перакрэсліваюць ідэальнага вобраза кузні творчых кадраў.

Можна сказаць, што за апошнія дзесяцігоддзі Акадэмія пераўтварылася ў шматфункцыянальны вялізны арганізм для падрыхтоўкі будучых творцаў?

— Сапраўды, перыяд, звязаны з кіраўніцтвам майго папярэдніка Рычарда Смольскага, адзначаны сур’ёзным пераўтварэннем структуры ўстановы. Адкрыліся два новыя факультэты — павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, экранных мастацтваў. З’явіліся новыя кафедры, новыя спецыяльнасці, дактарантура. Упершыню столькі ўвагі было нададзена навуковай дзейнасці. Навуковае суправаджэнне навучальнага працэсу сталася больш плённым. Выдана вялікая колькасць манаграфій, навуковых зборнікаў, метадычных дапаможнікаў, ужо не кажучы пра асобныя публікацыі. Павялічылася колькасць людзей, якія атрымалі вучоныя ступені. Увядзенне навукі ў працэс навучання — важнейшае фундаментальнае дасягненне нашай установы і надзвычай важкі элемент эфектыўнасці працы.

Асобна варта вылучыць творчыя дасягненні, здатнасць да мастакоўскай рэалізацыі студэнтаў. Пагаворым пра гэта...

— Так. Напрыклад, помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку зроблены выпускніком Акадэміі Аляксандрам Прохаравым. Нават на вялікай еўрапейскай прасторы майстэрства такога ўзроўню даволі рэдкая з’ява. Кнігі, аформленыя Паўлам Татарнікавым, таксама заўважаны на сусветным узроўні. Дызайн памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, зроблены нашымі выпускнікамі, адзначаны на шматлікіх міжнародных конкурсах. Усё гэта сведчыць пра тое, што беларуская мастацкая школа рэальна існуе, што яна канкурэнтаздольная. А нашы педагогі здатныя перадаць выхаванцам высокі ўзровень майстэрства і адукацыі.

Дарэчы, кожная новая тэатральная зорка ўзыходзіць на нашым небасхіле, бо амаль усе беларускія акцёры і рэжысёры прайшлі праз alma mater.

Безумоўна, немагчыма паставіць пад сумненне важкасць зробленага. І ўсё ж апошнім часам сярод творчай інтэлігенцыі краіны можна было пачуць шэраг нараканняў на якасць прафесійнай падрыхтоўкі.

— Падобныя размовы ўзнікаюць вакол Акадэміі цягам усёй яе гісторыі. Таму, думаю, варта ўсвядоміць, што стаіць за такімі выказваннямі. Магчыма — непрыманне новых рэалій, магчыма — штосьці іншае, а можа, і канкурэнтная барацьба. У прынцыпе, кожная творчая асоба ідэалізуе сваю маладосць і тыя працэсы, якія некалі адбываліся. І ўсё ж дасягненні нашых вучняў сведчаць якраз пра тое, што асноўныя прынцыпы падрыхтоўкі захаваныя.

Рухацца ў адваротным тэндэнцыям часу кірунку марна. Заўсёды ўзнікаюць навацыі, прыцягальныя менавіта для моладзі. За ёй права выбару, а старэйшым трэба арыентавацца на яе. Іншая справа — актывізацыя разбуральнага бяздумнага наватарства. Супраць яго я таксама паўстаю.

І ўсё ж, ці выконвае Акадэмія ўскладзеную на яе ролю ў поўнай меры?

— Гэта працэс безупынны, бясконцы. Таму лічу, што выконвае. У той жа час думаю, што ўсё можна рабіць больш эфектыўна. Прынамсі, нам хацелася б, каб, атрымаўшы дыплом, маладыя творцы натуральна далучаліся да творчага працэсу. На жаль, так адбываецца не заўсёды. Хоць пэўныя прафесіі і маюць дзесяцігадовы цыкл навучання, усё роўна па вялікім рахунку гэтага недастаткова, каб мастак адбыўся. І думаю, што Акадэмія здатная наблізіць сам працэс навучання да моманту творчай рэалізацыі. Дарэчы, зрабіць гэта не так і складана. Адметнасць творчых людзей у тым, што іх ініцыятыва пастаянная. Ім не патрэбна «павышэнне кваліфікацыі», бо ў гэтым — сэнс іх прафесіі. Галоўнае — ініцыятыву падтрымліваць, а не гасіць. І ствараць адпаведную атмасферу.

Што датычыцца далучэння да мастацкага працэсу... Некалі існавала выдатная традыцыя. Прынамсі, на тэатральным полі. Настаўнікі, майстры, апекавалі сваіх вучняў пасля заканчэння ВНУ. Цягам многіх гадоў сачылі за іх прафесійным ростам. Дапамагалі словам і справай. Так рабілі Дзмітрый Арлоў, Канстанцін Саннікаў, Уладзімір Маланкін. Сёння падобная традыцыя практычна перапыненая. Ці варта да яе вярнуцца?

— У пэўным сэнсе. Патранаваць сваіх выхаванцаў так, як гэта рабіў, напрыклад, Дзмітрый Арлоў, сёння складана. Шмат што змянілася ў самой структуры мастацкага жыцця. Многае падпарадкавана вытворчасці, законам бізнесу. Раней жыццё было больш спакойнае і рэгламентаванае. Менш лічылі прыбыткі, горш усведамлялі, што такое каштарыс спектакля.

Але ж як абараніць маладых таленавітых мастакоў ад жорсткага сутыкнення з жыццём, рынкам? Ці яны мусяць выжываць самі?

— Ні ў якім разе. Яны нашы грамадзяне, нашы вучні, яркія асобы, якім абавязкова трэба дапамагаць усімі магчымымі спосабамі. Найперш дзеля таго, каб выпускнік, які валодае творчым дарам, не апынуўся ў агрэсіўным асяродку і не адчуў сябе бездапаможным. Вельмі важным пры гэтым падаецца навучанне юрыдычнай пісьменнасці. Павышэнне іх прававой культуры. Інфармаванне і практычная дапамога пры ўдзеле ў шматлікіх конкурсах, у тым ліку міжнародных, пры атрыманні Прэзідэнцкіх стыпендый, грантаў. Іх існуе вялікая колькасць, але маладому, неспрактыкаванаму чалавеку бывае складана разабрацца ва ўсім самому, яму проста неабходная арганізацыйная і юрыдычная падтрымка. Увогуле, свет мастацтва — складаны, супярэчлівы, амбіцыёзны. І таму вельмі важна, каб працэс навучання максімальна спалучаўся з працэсам выхавання. Многія мастакі пасля заканчэння Акадэміі апынуцца сам-насам са сваімі творамі, у чатырох сценах майстэрні. Такая спецыфіка іх працы. Важна, каб яны не разгубіліся перад існуючымі абставінамі, былі здатныя адстаяць свае дасягненні і пазітыўныя творчыя погляды. Таму характар будучага творцы мусіць гартавацца яшчэ ў ВНУ. З іншага боку, Акадэмія ні ў якім разе не можа быць падобнай на дзіцячы садок з мамкамі ды нянькамі. Каб пасля, на вялікай прасторы мастацтва, яны былі здатныя выжыць ва ўмовах рынку, знайсці сваё годнае месца там, дзе часам перамагаюць менш таленавітыя, затое больш актыўныя. Усё гэта маладым людзям трэба растлумачыць.

Лічыцца, што ў Беларускай акадэміі мастацтваў моцная акадэмічная школа. Дзякуючы гэтаму прафесіяналы дакладна ведаюць розніцу паміж мастацтвам і самадзейнасцю. Ды толькі не ўсе сучасныя творчыя ўстановы лічаць неабходным прытрымлівацца класічных пастулатаў. Што думаеце наконт гэтага вы?

— Па-першае, любы малады чалавек, які стаў студэнтам, мае права атрымаць акадэмічную адукацыю ў галіне мастацтва ў поўным і якасным аб’ёме. І гэты выбар ён мусіць зрабіць свядома. Шмат творчых навучальных устаноў у розных краінах свету я ведаю асабіста і магу зрабіць высновы аб стане мастацкай адукацыі на вялікай зямной прасторы. Дык вось, сур’ёзныя мастацкія школы пакутуюць ад таго, што не здатныя даць акадэмічную адукацыю, веды і вопыт тым, каму гэта неабходна. І едуць да нас на стажыроўкі з самых прэстыжных ВНУ. Таму я пэўна бачу карысць універсальнага прынцыпу адукацыі. І пры гэтым катэгарычна супраць таго, каб сістэма заставалася кансерватыўнай, унікала выклікаў часу, новых, у тым ліку адукацыйных, тэхналогій. І катэгарычна супраць муштры, супраць таго, каб Акадэмія ператваралася ў рамеснае вучылішча.

Многія педагогі лічаць, што колькасць індывідуальных заняткаў са студэнтамі ў Акадэміі надзвычай абмежаваная. Напрыклад, у расійскіх творчых ВНУ падобных заняткаў на парадак больш. І гэта так зразумела — выхоўваць творцу ў блізкіх, індывідуальных стасунках з майстрам.

— Падчас майго прызначэння на пасаду Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Падумайце, што вам трэба змяніць, пераглядзіце ўсе вашы вучэбныя планы і праграмы». Гэтым працэсам мы пачалі займацца неадкладна.

Увогуле, з чаго пачалі сваю дзейнасць на пасадзе рэктара?

— З працягу сваёй дзейнасці ў Акадэміі. Канешне, быў першы зварот да любімага калектыву, у якім я акрэсліў галоўныя прыярытэты. Зразумела, што навуцы менш увагі мы надаваць не будзем. Арганізацыйнымі пытаннямі займацца таксама будзем. Але сэнсам існавання Акадэміі з’яўляецца творчасць студэнтаў і педагогаў. Менавіта па выніках працы і па нашых дасягненнях мусіць вызначыцца месца Акадэміі ў культуры краіны. Гэтаму будзе падпарадкавана ўся астатняя наша дзейнасць — гаспадарчая, вучэбная, ідэалагічная, выхаваўчая. Выпускнікі Акадэміі здатныя з годнасцю прадстаўляць нашу краіну перад сваім народам і за межамі Беларусі. Беларуская мастацкая школа — у самым шырокім разуменні — павінна зрабіцца яркай, прыкметнай з’явай на сусветнай прасторы.

Ці будуць павялічвацца плошчы Акадэміі, ці плануецца яе рэканструкцыя?

— Напачатку паспрабуем больш рацыянальна выкарыстаць тое, што маем. Пачнем з сістэмы мер па эфектыўным распараджэнні бюджэтнымі і пазабюджэтнымі сродкамі. Гэта вельмі шырокі спектр, які датычыцца і фінансавання, і памяшкання, удзелу ў творчых конкурсах. Раздзімацца, груба кажучы, у памерах невядома дзеля чаго мы не будзем. Дый наіўна строіць паветраныя замкі. Казаць, што ўсё зробім у стылі хайтэк, пабудуем некалькі памяшканняў... Магчыма, у мяне і ёсць такая мара. Але ж да яе будзем ісці паступова, паэтапна. Важна, каб студэнты ясна адчулі, што на гэтай акадэмічнай сцэне галоўныя героі менавіта яны. Менавіта для іх працуюць рэктар, адміністрацыйны апарат, прафесарска-выкладчыцкі корпус. Калі з першых крокаў у маёй асобе студэнты будуць бачыць пераважна заўгаса, будаўніка, рэканструктара — нашы стратэгічныя мэты не будуць дасягнуты.

Можна сказаць, што ў сваёй дзейнасці новы рэктар Акадэміі мастацтваў робіць прыкметны творчы акцэнт?

— Вядома. І толькі пад творчыя вынікі мы ўрэшце атрымаем сродкі для свайго далейшага развіцця і нават для будаўніцтва. Мы выдатна разумеем, што ў сучасным свеце проста так ніхто нікому нічога не дае. Гэта немагчыма. Купалаўскі тэатр будуюць таму, што купалаўцы могуць ставіць геніяльныя спектаклі. Такія, як «Пінская шляхта», напрыклад. А не дзеля таго, каб там проста зручна было акцёрам.

Якім чынам у адной асобе — вашай, зразумела — суіснуюць адміністратар і творца? Хто вядзе рэй найчасцей?

— Вы мне задаяце пытанні, якія я ніколі сам сабе не задаваў. Складана самога сябе ацэньваць. Зрэшты, лічу, што я асоба даволі маналітная. Галоўнае — умець пераключацца. Калі займаешся творчасцю, нічога не павінна табе перашкаджаць. Калі займаешся арганізацыйнымі справамі, мусіш зусім не думаць пра творчасць. Неабходны ўнутраная мабілізацыя і больш строгая арганізацыя рабочага часу і адпачынку. Нават і думкі не ўзнікае, што я калі-небудзь адмоўлюся ад творчасці. Вядома, павялічылася кола абавязкаў і пашырылася кола праблем. Раней я мог сканцэнтравацца на адным накірунку, на адным відзе мастацтва. Цяпер мушу размяркоўвацца. Асобнага, любімага роду заняткаў не павінна быць.

Дарэчы, «калясцэнічныя» людзі непакояцца, каб не трапіў у цень тэатральны факультэт у сувязі з тым, што новы рэктар Акадэміі — мастак...

— Падобныя жахі — частка чалавечай псіхалогіі. Мушу вас запэўніць, што ў мяне не будзе факультэта-любімчыка і факультэта-нялюбы. Дарэчы, у асяродку маіх сяброў не толькі мастакі і дызайнеры. Гэта — архітэктары, музыканты, літаратары, акцёры і кінарэжысёры. Упершыню мастацтвазнаўства я пачаў выкладаць на курсе Міхаіла Пташука. Мае студэнты былі людзьмі, блізкімі мне па ўзросце. Мы дагэтуль у добрых адносінах, бываю на праглядах і прэм’ерах не толькі ў Мінску. Зараз з нецярплівасцю чакаю, калі мяне будуць запрашаць на ўсемагчымыя фэсты. Гэта цікава. І я гатовы далучыцца да іншага, але таксама візуальнага, яркага і адметнага для мяне свету.

Як вы, чалавек з шырокімі мастацкімі поглядамі і прафесійнай адукацыяй, ацэньваеце стан і ўзровень сучаснага беларускага мастацтва?

— Любыя крызісныя з’явы ў галіне мастацтва, у асобных ягоных жанрах і відах — толькі частка развіцця. І я бачу велізарны патэнцыял, будучыню беларускага мастацтва ў самай шырокай ягонай перспектыве. Таму што ёсць глыбокая культурная традыцыя і дасягненні ў мінулым. Здавалася б, маладыя людзі цалкам скіраваныя ў будучыню. Але ж без засваення традыцый будучыні ў іх проста не можа быць. Магчымы толькі кароткатэрміновыя ўспышкі. Да таго ж традыцыі — гэта найперш дасягненні і павага да працы папярэднікаў. Нічога не ўзнікае на пустым месцы. Гэта толькі марная балбатня. Думаю, што сваю стратэгію трэба тлумачыць, зыходзячы з уласных дасягненняў. Бо нашы дасягненні — наш галоўны рэсурс. А без рэсурсу нават у ваеннай стратэгіі нічога немагчыма дасягнуць. Зрэшты, таму і на будучыню нашага мастацтва гляджу з аптымізмам. Гэта мне дазваляе рабіць даволі высокая ступень маёй мабільнасці — і, як вынік, не столькі перагортванне прыгожых часопісаў, колькі агляд разнастайных творчых мерапрыемстваў за межамі Беларусі. Думаю, што ў Акадэміі таксама ёсць шанец на цікавую будучыню. А нашы выпускнікі ўсё роўна застануцца прадстаўнікамі беларускай культуры.

Што будзе вызначаць вашу кадравую палітыку?

— Толькі не беспадстаўныя амбіцыі. Найперш — прафесійнасць і жаданне працаваць. Як бы ні наракалі на акадэмічную сістэму, я ўсё роўна буду лічыць нашых выкладчыкаў Майстрамі з вялікай літары. Бо толькі майстра мае права навучаць творчую асобу. Дзеля гэтага ён сябе таксама мусіць ярка праяўляць. Я буду стымуляваць, дапамагаць развіццю творчых здольнасцей у выкладчыкаў і не буду падтрымліваць таго, хто не імкнецца да творчых дасягненняў. Гэта стане асновай кадравай палітыкі ў адносінах да людзей, якія выхоўваюць творчых асоб.

Што мусіце зрабіць у Акадэміі абавязкова?

— Павысіць эфектыўнасць дзейнасці дактарантуры; хацелася б, каб студэнты змаглі падрыхтаваць вельмі добрую прэзентацыю факультэта экранных мастацтваў і пасля гучна заявілі пра сябе, а на еўрапейскай прасторы з’явілася новая сучасная кінашкола; каб істотна змяніўся Тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча, а на ягоныя спектаклі немагчыма было набыць квіткі. У Акадэміі абавязкова павінна з’явіцца зала, дзе моладзь будзе дыскутаваць, абмяркоўваць свае творчыя памкненні, вынікі працы. Дзверы, дзверы, дзверы — гэта яшчэ не Акадэмія. Акадэмія — гэта месца, дзе мусіць адбыцца штуршок для мастакоўскага самаўдасканалення.

Зрэшты, для мастакоў такое актыўнае поле дзейнасці ўзнікае. Міністэрства культуры нас падтрымлівае. А на выставе «Зямля пад белымі крыламі» зала, дзе былі прадстаўлены работы студэнтаў Акадэміі, выклікала пільны інтарэс.

Прадоўжыце, калі ласка, фразу: «Мае задачы на пасадзе рэктара я буду лічыць выкананымі, калі...»

— Ну, мабыць такое я не вымаўлю. Стратэгіі мусяць абнаўляцца. Прынамсі, спакой для майго характару згубны. Я прывык працаваць у моцным эмацыйным напружанні, адначасова вырашаць вялікую колькасць праблем. Такое існаванне для мяне звыклае. Утульна я сябе адчуваю толькі ў свеце мастацтва. І спакойны, калі мой клопат выключна творчы.