Народныя

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Да 90-годдзя Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы

Мяркуюць, што вялікае ў мастацтве больш выразна і рэльефна бачыцца з адлегласці часу — адсейваецца менш істотнае, тое, што здавалася важным для сучаснікаў і страціла значэнне для новых пакаленняў. У тэатральным мастацтве найчасцей усё бывае наадварот. Адыходзяць майстры, адыходзяць гледачы, непасрэдныя сведкі
іх творчасці, і амаль нічога не застаецца...

Тры постаці. Лёсы прадстаўнікоў трох першых акцёрскіх пакаленняў Купалаўскага тэатра. Кожнаму з іх падаравана народная, непаўторная самабытнасць.

Уладзімір Дзядзюшка

/i/content/pi/mast/36/606/52.jpg

«Канстанцін Заслонаў» Аркадзя Маўзона. Уладзімір Дзядзюшка (Крушына), Глеб Глебаў (Кропля).

У спектаклі «Канстанцін Заслонаў» па п’есе Аркадзя Маўзона Крушыну іграў Уладзімір Дзядзюшка. Вяршэнстваваў у пастаноўцы і ўладарыў на падмостках выканаўца ролі Заслонава Барыс Платонаў. Гэтаму персанажу працяглы час супрацьстаіць своеасаблівы дуэт Крушыны і Кроплі (Глеб Глебаў). Яны ўмайстроўваюць у кавалкі антрацыту міны, каб падрываць фашысцкія паравозы, папіваюць «сівуху», моршчацца ад яе несмакаты і клянуць Заслонава, якога лічаць здраднікам. Глеб Глебаў — акцёр вялікага камедыйнага таленту, і ролю расквечваў уражальна яркімі фарбамі. Уладзімір Дзядзюшка вызначаўся большай стрыманасцю і маляваў вобраз строга акрэсленымі мазкамі. Крушына запомніўся засяроджаным — праз асцярожнасць у дзеяннях, усведамленне важнасці справы, якой займаецца, і даволі панурым — ад гаркаты жыцця пад нямецкай акупацыяй. Кропля і Крушына дапаўнялі адзін аднаго, а выканаўцы іх роляў складалі ў спектаклі зладжаны і моцны акцёрскі дуэт.

У спіс на Дзяржаўную прэмію — тады яна называлася Сталінскай — увайшлі драматург Аркадзь Маўзон (яго прозвішча перад самым прысуджэннем знялі, гаварылі, што гэта было зроблена па ўказанні самога Сталіна ці нават правадыром уласнаручна), рэжысёр спектакля Канстанцін Саннікаў, выканаўцы Барыс Платонаў, Глеб Глебаў і Ірына Ждановіч, якая ў невялікай ролі Ані, дачкі Крушыны, бліскуча раскрыла драматычна-трагедыйны талент. Уладзімір Дзядзюшка не трапіў у спіс і не атрымаў прэміі — не хапіла, так бы мовіць, квоты. Гэта было да болю несправядліва.

Затое ў спектаклі «Пяюць жаваранкі» па п’есе Кандрата Крапівы акцёр цараваў. У аснове камедыі ляжыць паядынак двух старшынь калгасаў — «няправільнага» Пытляванага, які добра плаціць сваім працаўнікам, але не дбае пра будучыню, і «правільнага» Туміловіча, які менш дае на працадні, затое клапоціцца пра культурны ўзровень сяльчан. У ролі Туміловіча, даволі схематычнай і рытарычнай, выступаў Платонаў, а ў ролі Пытляванага, сакавітай на камедыйныя фарбы, — Дзядзюшка, які іграў захапляльна ярка і натхнёна і яўна пераўзыходзіў першага па тым часе акцёра купалаўскай трупы.

Уладзімір Дзядзюшка быў галубкоўскага гарту — працаваў у Трэцім беларускім тэатры з 1923-га па 1937-ы, да расфарміравання калектыву. Перайграў мноства самых разнастайных роляў і глыбока засвоіў традыцыі народнага мастацтва, якія шчодра выкарыстоўваў у сваіх сцэнічных вобразах, — Пытляванага ў тым ліку. На гэты раз Дзядзюшка атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Ролю ўпаўнаважанага па хлебанарыхтоўках Моцкіна ў сатырычнай камедыі «Выбачайце, калі ласка!» Андрэй Макаёнак пісаў спецыяльна для Дзядзюшкі. Гэта персанаж з каманды старшыні райвыканкама, бюракрата Каліберава. Само прозвішча Моцкін не з беларускіх каранёў, але ў спектаклі нацыянальныя рысы ці характарнасць не акцэнтаваліся. Галоўная ўвага звярталася на сацыяльную завостранасць, чым вызначалася і выкананне Уладзіміра Дзядзюшкі.

У адрозненне ад прымітыўна лабавога шэфа Моцкін хітры і асцярожны. Асноўная яго мэта — атрэсціся ад вымоў і пайсці на павышэнне, атрымаць абяцанае кіраўніцтва базай у Бабруйску. Калібераў у сваю чаргу марыць пра вяртанне ў Мінск. Ведаючы гэтыя памкненні, Моцкін спрытна і тонка іграе на струнах Каліберава. Задуманая афера — вывесці раён з адсталых у перадавыя па ліпавых даведках аб датэрміновай здачы збожжа дзяржаве — трымаецца працяглы час. Для яе рэалізацыі Моцкін дзейнічае па-рознаму: ён ліслівы, самаадданы і прыхавана падхалімны з Каліберавым, па-змоўніцку хітры з дырэктарам спіртзавода Печкуровым, нахабны са старшынёй калгаса Гарошкам. Сатырычны вобраз Моцкіна значна ўзбагаціў акцёрскую палітру Уладзіміра Дзядзюшкі і пашырыў яго творчы дыяпазон.

Вышэйшае ганаровае званне — народны артыст СССР — у купалаўскім калектыве першымі атрымалі Глеб Глебаў і Барыс Платонаў. На чарзе стаялі Ірына Ждановіч і Уладзімір Дзядзюшка. Але адпаведнай нагоды (удзел у дэкадах, гастролях у Маскве) не з’яўлялася, спрыяльны час мінуў. З роляў гераінь Ждановіч перайшла на ўзроставыя, характарныя ролі, амаль зусім выпала з рэпертуару і «пакінула дыстанцыю». Дзядзюшку ж пачалі абыходзіць іншыя, з больш моцнымі локцямі.

Званне народнага артыста СССР ён атрымаў толькі ў 1971-м. Як расказваў акцёр, пасля гэтага яго выклікаў на прыём першы сакратар ЦК Пётр Машэраў, які даражыў сваім рэнамэ апекуна творчай інтэлігенцыі, і спытаў, чаго б Уладзімір Іосіфавіч хацеў яшчэ. Артыст ніякай просьбы не выказаў, толькі пашкадаваў, што такая падзея ў ягоным жыцці здарылася запозна.

На адным з чарговых спектакляў Дзядзюшку падвяла памяць: забываў тэкст, ад хвалявання пачаў блытаць мізансцэны. Пасля гэтага ён сказаў жонцы, актрысе Таццяне Шашалевіч, што будзе рабіць любую працу ў сямейнай гаспадарцы, але ў тэатр больш не вернецца. Неўзабаве, у сакавіку 1973 года, Уладзімір Дзядзюшка пайшоў з жыцця. А ў памяці ўсё яшчэ гучаць інтанацыі яго каларытнага, непаўторнага голасу, паўстаюць абліччы яго своеасаблівых сцэнічных персанажаў.

Галіна Макарава

/i/content/pi/mast/36/606/53.jpg

«Трыбунал» Андрэя Макаёнка. Галіна Макарава (Паліна).

Галіна Макарава прыйшла на купалаўскую сцэну ў 1938-м — толькі на год пазней за Дзядзюшку. Але ў таго ўжо былі багаты акцёрскі стаж і вопыт, яна ж толькі што скончыла драматычную студыю пры тэатры. Дзядзюшка ўваходзіў у склад першага акцёрскага пакалення, Макарава — другога, якое як цэласнае звяно ў тэатры так і не склалася, бо сістэматычнай падрыхтоўкі маладых творцаў тады не існавала, а прабіцца праз шэрагі майстроў першага пакалення, розных па індывідуальнасцях, надзвычай мабільных, новым выканаўцам было цяжка.

Праз год Галіна Макарава пакінула тэатр — мусіла з’ехаць следам за мужам-вайскоўцам. Да купалаўцаў вярнулася толькі пад канец вайны. Давялося ўсё пачынаць спачатку. У тэатры працавала Лідзія Ржэцкая, актрыса такога ж народна-побытавага плана, як і Макарава, але больш шырокага дыяпазону, вялікага вопыту і майстэрства. Ролі, на якіх магла выпрабоўваць сілы маладая артыстка, даставаліся Ржэцкай, а Макарава выступала ў эпізодах і масоўках.

На прэм’еры «Выбачайце, калі ласка!» у 1954 годзе Галіна Макарава выконвала невялічкую ролю жонкі Гарошкі Марыі Кірылаўны. У спектаклі было шмат яркіх сцэнічных вобразаў, занятых у асноўным канфлікце. Не ўспомню, каб хто-небудзь звярнуў асаблівую ўвагу на сціплую працу артысткі. Але яе запрыкмецілі ў Маскве, дзе пазней паказваўся спектакль, адзначылі шчырасць пачуццяў, сапраўдную высокую арганіку выканаўцы. Вядома ж, не мог не заўважыць Макараву і аўтар п’есы Андрэй Макаёнак.

У адным з чарговых твораў драматурга — камедыі «Лявоніха на арбіце» — дзейнічаюць два цэнтральныя персанажы: Лявон Чмых і яго жонка Лушка. Ставіць спектакль на купалаўскай сцэне запрасілі рэжысёра Барыса Эрына, які да гэтага працаваў з калектывам і здабыў выдатную рэпутацыю. Ролю Лушкі ён меркаваў даручыць Ржэцкай. Па праўдзе кажучы, актрыса была ўжо крыху стараватая для яе, але сцэнічны дуэт Ржэцкай з Платонавым мусіў атрымацца. Эрын разлічваў на бяспройгрышнасць, і Ржэцкая абавязкова мела б поспех. Ды толькі ў гэтым выпадку наўрад ці можна было б чакаць нейкіх новых адкрыццяў.

Ход падзей змяніў Макаёнак, паставіўшы пытанне рубам: або Макарава, або забіраю п’есу з тэатра. І рэжысёр саступіў.

Па сюжэце калгасніца-перадавічка Лушка змагаецца са сваім прасякнутым прыватнаўласніцкімі настроямі і памкненнямі гультаяватым мужам Лявонам і ўрэшце бярэ над ім верх. У першых спектаклях ролю Лявона выконваў Барыс Платонаў і, зразумела, майстэрствам пераўзыходзіў Галіну Макараву. Але па стане здароўя акцёр іграў нядоўга, і яго замяніў Здзіслаў Стома. З ім актрыса выступала на роўных. У спектаклі быў вельмі годны паядынак персанажаў і бліскучы акцёрскі дуэт.

Лушка Макаравай — баявая, напорыстая жанчына. Вострая на язык, па слова ў кішэню не палезе. Рухі шырокія, размашыстыя. Не зласлівая, па-народнаму хітраватая. Асабліва западалі ў памяць досціпы на вуснах гераіні і феерверк камедыйных прыёмаў, выкананых сакавіта, у народнай манеры.

У ролі Лушкі Галіна Макарава выявіла вялікія здольнасці і магчымасці. Стала знакамітай. Спектакль «Лявоніха на арбіце», грамадскі прагляд якога прыпаў на час палёту Юрыя Гагарына ў космас, існаваў у рэпертуары шмат гадоў. У Макаравай не было замены, і, яна сыграла гэту ролю шэсцьсот разоў. У партнёрстве са Стомам выконвала ўрыўкі з п’есы ў канцэртных праграмах. І заўсёды мела поспех.

Пайшлі, літаральна пасыпаліся адна за адной ролі... Асабліва арганічнай і глыбокай актрыса была ў вобразах беларускай нацыянальнай драматургіі. І ў самай высокай меры — у творах Андрэя Макаёнка. Шэраг роляў драматург пісаў спецыяльна для яе.

Адным з вяршынных дасягненняў Галіны Макаравай стаў вобраз Паліны ў макаёнкаўскім «Трыбунале». Калі Лушка ўражвала зіхатлівымі камедыйнымі рысамі і фарбамі, то на гэты раз пераважалі рысы і фарбы драматычныя. Сама па сабе смешная гісторыя пра тое, як Цярэшку Калабка, нібыта здрадніка, сям’я засадзіла ў мяшок і ўчыняе над ім трыбунал, на падмостках разыгрывалася з поўнай сур’ёзнасцю.

Пасля прыдуманай рэжысёрам Валерыем Раеўскім сімвалічнай сцэны з плакальшчыкамі дзеянне пераносілася ў хату Калабка. Гаспадар прынёс навіну — нямецкія ўлады прызначылі яго старастам. Паліна, мажная кабета, прымае гэта за жарт і паказвае ў камічнай сцэне, як заможна яны цяпер зажывуць. Прытанцоўвае, прыпявае і доўга не верыць, што Калабок гаворыць праўду. Пераканаўшыся, Паліна, якая валодае большай камплекцыяй і сілай, заціскае галаву мужа паміж сваіх ног і дзягай хвастае па мяккім месцы. Народная лубковасць сітуацый працягваецца, але танальнасць у спектаклі мяняецца. Драматызм узмацняюць сцэны плакальшчыц на шырокім адкрытым памосце, а таксама настроі саміх персанажаў — ідзе крывавая вайна, гінуць людзі...

Выдатныя тэатральныя вобразы Галіны Макаравай далі імпульс частым запрашэнням актрысы на кіназдымкі. Яе працы на розных кінастудыях падкуплялі народнасцю, глыбокай жыццёвай верагоднасцю, мастацкай праўдай.

У 1980-м Галіна Макарава атрымала званне народнай артысткі СССР. Заставалася яшчэ трынаццаць гадоў жыцця і плённай, інтэнсіўнай акцёрскай творчасці.

Генадзь Аўсяннікаў

/i/content/pi/mast/36/606/55.jpg

 «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Яна Баршчэўскага. Генадзь Аўсяннікаў (Завальня).

У 1957 годзе рэжысёр Канстанцін Саннікаў выпускаў акцёрскі курс Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Група падабралася на рэдкасць таленавітая. Марыя Захарэвіч ужо іграла ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, выступала ў ролі Галі Жураўкі побач са славутымі Барысам Платонавым і Ірынай Ждановіч у спектаклі «Пакуль вы маладыя» Івана Мележа. Усе дыпломныя працы паказваліся на сцэне купалаўцаў пры поўнай зале гледачоў. Тэатралы загаварылі пра Віктара Тарасава, Генадзя Аўсяннікава, Галіну Ваксман... Лепшых выпускнікоў адразу запрасілі ў купалаўскі калектыў — пазней яны складуць ядро трэцяга па ліку акцёрскага пакалення, па цяперашнім часе старэйшага і, на жаль, парадзелага.

Сярод прынятых быў і Аўсяннікаў. Уяўлялася, ён адразу зойме годнае месца ў тэатры, якому востра не ставала маладых выканаўцаў.

Але Саннікаў ужо стала не працаваў у Купалаўскім, і яго выхаванцы засталіся без апекі. Аўсяннікаву час ад часу даручалі ролі — эпізадычныя і без уліку яго творчай індывідуальнасці. Акцёр імкнуўся расквечваць іх выканальніцкімі сродкамі, рабіць запамінальнымі, аднак з гадамі застывалі і прыёмы, і характарыстыкі.

Шчаслівы выпадак напаткаў Генадзя Аўсяннікава на чатырнаццатым годзе працы ў тэатры. Купалаўцы прынялі да пастаноўк «Трыбунал» Андрэя Макаёнка. Увасабляць цэнтральны вобраз Цярэшкі Калабка даручалася Паўлу Кармуніну, таленавітаму і спрактыкаванаму артысту. Але яго ў гэты час запрасілі на кіназдымкі, якія зацягнуліся, і рэпеціраваў Калабка дублёр Аўсяннікаў. Калі ж Кармунін вярнуўся, рэпетыцыі былі ў разгары,і, паглядзеўшы адну з іх, майстар адмовіўся ад ролі — зразумеў, што ён, па-тэатральнаму вытанчаны выканаўца, не дасягне той вышыні жыццёвай верагоднасці і народнай прастаты, якою авалодаў Аўсяннікаў.

Ён выступаў у пары з Галінай Макаравай — Цярэшка і Паліна, муж і жонка. Акцёр быў маладзейшы за актрысу на шаснаццаць гадоў — амаль яе сын, але ўзроставай розніцы не адчувалася. І не патрэбны былі ніякія сцэнічныя сродкі, каб пастарэць аднаму ці памаладзець другой, проста Аўсяннікаў надзіва арганічна выглядаў разам з Макаравай. Абое і надалей будуць выступаць на падмостках, іграючы мужа і жонку, у тым ліку і ў макаёнкаўскай камедыі «Святая прастата» («Кашмар») у ролях Старога і Старой.

Вобраз Цярэшкі Калабка раскрыўся шматгранна. Персанаж прыбягаў у сваю хату з падскокам і паведамляў ашаламляльную навіну: немцы прызначылі яго старастам. Сям’я ўспрымала гэта за старэчую блазноту, але чым далей, тым больш усе ўпэўніваліся, што Калабок гаворыць праўду. А пасля наведвання паліцаем і немцам хаты Калабка над гаспадаром учынялі суд-самасуд: запіхвалі ў мяшок з пагрозай, што ўтопяць, калі ён не адмовіцца ад пасады старасты.

Працяглую па часе народна-лубачную сцэну акцёр праводзіў на кантрастах: Калабку цяжка, пакутліва сядзець ці ляжаць звязаным у мяшку, але і радасна на душы — во якіх выхаваў патрыётаў! І толькі калі падзеі дасягнулі вышэйшага напалу, Калабок па сакрэце прызнаецца жонцы, што старастам ён стаў па заданні партызан, каб перадаваць ім патрэбныя звесткі. Аднак гэтае прызнанне аказалася запозненым. Каб змыць ганьбу бацькі, сын — хлапчук Валодзька — падрывае фашыстаў і гіне сам. Гулліва-смяшлівая характарыстыка вобраза Калабка завяршаецца трагедыйнай танальнасцю.

Спектакль «Трыбунал» меў вялікі поспех і пражыў доўгае сцэнічнае жыццё. Ён адкрыў перад Генадзем Аўсяннікавым (як дзесяць гадоў таму — «Лявоніха на арбіце» перад Галінай Макаравай) шырокую тэатральную дарогу.

Далёка не пра ўсіх славутых акцёраў можна гаварыць, што іх талент — народнага складу і кірунку. Беларусь багацейшая на такіх самародкаў за многія іншыя краіны, але і ў нас іх няшмат. Аўсяннікаў нараўне з Дзядзюшкам і Макаравай уваходзіць у лік гэтых абраных. Своеасаблівасць беларускай сцэнічнай народнасці — у сялянскім ухіле і каларыце. Гэта прасочваецца і ў нацыянальнай драматургіі, і ў акцёрскіх здзяйсненнях. Таму зусім не выпадкова, што другой творчай вяршыняй Аўсяннікава стаў Аўдзей, дбайны гаспадар зямлі, прырослы да яе ўсімі каранямі, у спектаклі «Страсці па Аўдзею» па п’есе Уладзіміра Бутрамеева.

Але не ўсе «народныя» могуць гэтак жа вольна і арганічна, як у сваёй роднай сялянскай стыхіі, пачувацца ў ролях іншага плана. Не выйшла гэтага ў Макаравай («...Каралеў я не іграла...»). Ці ўдасца перайсці мяжу Аўсяннікаву — заставалася загадкай.

...На малой сцэне Купалаўскага тэатра Уладзімір Савіцкі ставіў уласную інсцэнізацыю знакамітага твора Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Ролю Завальні рэжысёр прапанаваў Аўсяннікаву, у вялікім сцэнічным багажы якога працы такога кшталту яшчэ не было.

Інсцэнізацыя вырашалася як монаспектакль: Завальня распавядаў пра асобныя дзівосныя здарэнні, узіраўся праз уяўнае акно ў начную цемень, перасыпаў у руках пясок... Яго рухі і жэсты — скупыя, гранічна стрыманыя, без той квяцістасці ігры, шчодрасці фарбаў з нацыянальнага сялянскага ўжытку, якімі акцёр захапляў гледачоў раней. Але ў гэтай аскетычнасці ззяла шляхетнасць высокага ўзору. Рубеж быў адолены.

А званне народнага артыста СССР Генадзь Аўсяннікаў атрымаў напярэдадні распаду Савецкага Саюза.

Анатоль Сабалеўскі