«Я ЗАЎЖДЫ БЫЎ АНТЫНАЦЫЯНАЛІСТАМ»

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Некалькі разоў бываў у Югаславіі і заўжды захапляўся гэтай краінай, міжволі параўноўваючы яе з Беларуссю. Такі ж гасцінны і ветлівы народ. Такая ж няпростая гісторыя, звязаная з войнамі і пакутамі. Такое ж адмысловае геапалітычнае становішча... «Новы сусветны парадак» знішчыў колішнюю Югаславію, як бязлітасны молат крышыць тонкі фарфор, што, аднак, не перашкодзіла штучнай Федэрацыі распаўзціся з дакладнасцю да міліметра па загадзя пазначаных рэспубліканскіх межах. Усе ранейшыя стасункі былі страчаны. Між тым кінематограф найноўшай, «урэзанай» Югаславіі, насуперак усяму, працягвае жыць. Бялград здолеў захаваць пэўны вытворчы механізм, якасць кінапрадукцыі. І хоць сённяшнія рэальныя вынікі яшчэ далёкія ад патэнцыйнага «піку», маральны настрой творцаў, іхні дух даюць падставы для добрых спадзяванняў. Тым больш, што тутэйшыя фільмы па-ранейшаму збіраюць шмат гледачоў. Асобныя стужкі нават наблізіліся да колішніх пракатных рэкордаў. Гэта перш за ўсё карціны пра трагічныя падзеі 1990-х. З гэтай нагоды імя рэжысёра, акцёра і прадзюсера Горана Паскалевіча ў шэрагу мясцовых кінатворцаў займае ці не першае месца.


 /i/content/pi/mast/3/60/Paskalevuch.jpg
У 2001-м ён названы міжнароднымі крытыкамі адным з пяці лепшых рэжысёраў года. У 2002-м першым з кінарэжысёраў атрымаў у Мюнхене ўзнагароду Бернарда Вікі «Мост» за гуманізм у творчасці.
У час найстарэйшага еўрапейскага кінафэсту дакументальнага і кароткаметражнага кіно ў Бялградзе я не мог адмовіць сабе ў задавальненні пабачыцца з Паскалевічам. Тэлефоннай згадкі пра нашу сустрэчу ў 1995 годзе на «Залатым Віцязі», які праходзіў у Мінску, хапіла для таго, каб сербскі рэжысёр запрасіў мяне дахаты. І ў першую чаргу паказаў прыз (стаіць на самым відным месцы ў кватэры) нашага фестывалю «Лістапад» за стужку «Сон у зімовую ноч»...Горан Паскалевіч хоць і з пакалення сямідзесятнікаў, але ніяк не «адыходзячая натура». На рахунку творцы 30 дакументальных і 13 мастацкіх фільмаў. Многія ўзнагароджаны і адзначаны на самых прэстыжных кінафестывалях. Неаспрэчна, Паскалевіч -- з тых нямногіх сусветных мастакоў, чые карціны сталі знакавымі напрыканцы ХХ стагоддзя. За год да крывавых падзей на Балканах ён стварыў стужку «Бочка пораху» пра бялградскі будзень. Гэта смешны і страшны фільм пра людзей, якія жывуць у ліхалецце, стаміліся ад уласных крыўд і пастаяннага чакання новай вайны. На міжнародным форуме ў Венецыі карціна атрымала прыз кінапрэсы Фіпрэсі. А ў 1999-м свет стаў сведкам трагічных падзей -- бочка выбухнула... Паказ стужкі ў Маскве выклікаў «паскалевічаманію». Рэжысёра назвалі прарокам і філосафам, балканскім Таранціна... Гістарычная рэальнасць у творах Горана Паскалевіча перадаецца праз прыхаваныя пачуцці і думкі, уяўленні і мроі. Гэтае таемнае жыццё душы з’яўляецца стрыжнем паэтыкі рэжысёра.

Я чуў, што, нягледзячы на велізарны сусветны рэзананс, фільм у Сербіі ацанілі неадназначна?

-- Пасля «Бочкі пораху» было шмат крытыкі, праблем. Нават на першай старонцы газеты «Палітыка», самага буйнога сербскага выдання, мяне назвалі здраднікам... Прапаноўвалі застрэліць, гаварылі, што я павінен забіць сябе сам. Даходзіла і да такога. Прыйшлося з’ехаць з Сербіі. Калі быў у Італіі, «Бочку пораху» паказвалі ў Венецыі. Там жа я даваў
 /i/content/pi/mast/3/60/Paskalevuch1.jpg

 Кадр з фільма «Бочка пораху».

інтэрв’ю, у якім крытыкаваў палітыку Мілошавіча, гаварыў аб праблеме Косава. Пра тое, што потым збылося: будзе вайна, дойдзе да кровапраліцця, урэшце мы страцім Косава. Тады ў гэта ніхто не верыў.

З фільма ў фільм вы раскрываеце нам мары і надзеі звычайных людзей. Ёсць адчуванне, што датклівы свет маленькага чалавека знаёмы вам не з чужых слоў. Мо па той прычыне, што творчую кар’еру пачыналі з дакументалістыкі?

-- Сапраўды, праз дакументальнае кіно кожны малады рэжысёр паступова выспявае. А я займаўся сацыяльнымі тэмамі. Пашанцавала, што ў 1972 годзе, калі пачаў працаваць, адкрыўся другі канал Бялградскага тэлебачання, які шукаў маладых адукаваных рэжысёраў. І я трапіў у групу. Зняў 30 дакументальных фільмаў. Гэта былі вялікія рэпартажы пра жыццё вакол нас. Аб’ездзіў усю Сербію. Сацыяльная праблематыка стала галоўнай у маёй творчасці... Здымаў і кароткія ігравыя стужкі, якія мелі поспех. Але тое, што мяне па-сапраўднаму сфармавала, -- гэта італьянскі неарэалізм, творы якога я прагледзеў у кінатэцы яшчэ ў 16 гадоў, і, безумоўна, вандроўкі па Югаславіі, калі здымаў стужкі пра паўсядзённае жыццё, пра людскія праблемы.

Як і многія сербскія рэжысёры вашага пакалення, пачаткі прафесіі вы атрымлівалі ў Празе, у знакамітай Акадэміі драматычных мастацтваў, дзе выкладчыкамі працавалі слынныя майстры чэшскага кінематографа Вера Хіцілава, Іржы Менцл, Мілаш Форман, Атакар Ваўра... Досвед чэшскай школы і чэшскай вясны паўплываў на тое, што вы пасля суровай паэтыкі чорнага рэалізму знайшлі самавыяўленне ў гумары?

-- Залаты перыяд пражскай кінематаграфіі пакінуў значны след у душы. Што было важна: мы ў Югаславіі жылі ў такім жа грамадстве, што і чэхі. У нас таксама існавалі і цэнзура, і кантроль. Але чэхі па-швейкаўску, праз гумар і метафару, здолелі распавесці пра тое, пра што многім іншым не ўдалося сказаць адкрыта. У іх я навучыўся пад камуфляжам гумару выказвацца пра самае балючае.

Ваш першы ігравы кароткаметражны фільм «Містэр Хрстка» назвалі абразлівым для сацыялістычнай сістэмы. Карціну забаранілі (не толькі ў Югаславіі) і паклалі на паліцу. Але вы працягвалі працаваць...  Гэта -- асаблівасць тагачаснай цэнзуры?

-- Больш праблем, шчыра кажучы, выклікала мая чацвёртая стужка «Асаблівая прыхільнасць». Яна была ў Канах, актрыса Мілена Дравіч атрымала ўзнагароду. Потым фільм намінаваўся на «Залаты глобус»... Стужка пра дыктатуру, пра лекара, які ратуе групу алкаголікаў па нейкай жорсткай сістэме, а сам употай п’е... Мяне запрасілі ў Галівуд.
 /i/content/pi/mast/3/60/Paskalevuch2.jpg
 Кадр з фільма «Бочка пораху».
Амерыканскі журналіст з
Holliwood reporter запытаўся: «Каго мелі на ўвазе, калі стваралі партрэт лекара?» Я адказаў: «Сталіна». Мяне перапыталі: «А Ціта?» -- «І Ціта!». Інтэрв’ю надрукавалі ў Амерыцы, а мае «сябры» пераклалі. У мяне былі страшэнныя праблемы -- не мог працаваць два гады. Але фільм прынёс поспех і грошы ад кампаніі Metrogoldmayer. Мне прапанавалі зняць карціну для гэтай кампаніі, і я зрабіў стужку «Прыцемак» з Карлам Малдэнам і іншымі амерыканскімі акцёрамі. Так пачалася мая міжнародная кар’ера. Заўжды хацеў здымаць у Сербіі, але не складвалася палітычная сітуацыя... «Прыцемак» -- мой горшы фільм, адзіны твор, які я не люблю, бо страціў на ім душу. А зняты ён цудоўна, па-галівудску, кожны кадр -- дакладны і выразны, выдатныя акцёры. Але я не задаволены творам, бо трапіў у сістэму, дзе прадзюсер кантралюе практычна ўсё. Я спрачаўся, аднак не хапіла ў 33 гады запалу, і фільм я не адстаяў.

Хочаце сказаць, што ў заходнім кінематографе таксама існавала цэнзура, але не партыйная ці дзяржаўная як у сацыялістычным, а прадзюсерская?

-- Канешне. Шмат працаваў на Захадзе: у Амерыцы, Ірландыі... І кожны раз спачатку імкнуўся вырашыць, што я хачу здымаць, і толькі потым -- дзе знайсці грошы і як здымаць... Калі ўмешваецца прадзюсер, кажу: «Да пабачэння, шукайце іншага рэжысёра!» Назапасіў ужо храбрасці на такія адмовы. Вельмі важна, калі чалавек адказвае за тое, што робіць, і нікога не слухае: ні дзяржаўную цэнзуру, ні прадзюсерскую... У Сербіі не самая кепская цэнзура. Проста часта не хапае грошай, але выйсце можна знайсці заўсёды, іншым разам нястача нават пераходзіць у якасць... А калі шчыра, дык усё жыццё было крыўдна, што перыядычна трэба ісці на ўступкі.

І ўсё ж галівудскі досвед, як я разумею, пайшоў на карысць: сталі больш думаць аб пракатным лёсе карцін, нават прадзюсерскі талент адчулі?

-- Можна і так сказаць. Важна зняць фільм, які ўспрынялі б паўсюдна. Аднак ці зразумеюць тое, што я хацеў адлюстраваць, тое, што ў глыбіні? Вялікае пытанне...

Ваш «Сон у зімовую ноч» атрымаў Гран-пры ў Сан-Себасцьяне. Як рашыліся зняць карціну практычна на ўласныя грошы і маленькай лічбавай камерай?

-- Неяк разважаў, што мяне больш за ўсё сёння хвалюе, і ўсвядоміў: наша грамадства пакрысе становіцца аўтычным. Яно замкнёнае ў сабе і па сваёй віне, і па віне Захаду. Нам
 /i/content/pi/mast/3/60/Paskalevuch5.jpg
 Кадр з фільма
«Аргенцінскае танга».
цяжка знайсці выйсце з гэтага кола. Таму задумаў стварыць метафарычны фільм пра аўтызм. Рыхтаваўся да здымак, сустрэў дзяўчынку, хворую на аўтызм, паміж намі ўзніклі стасункі. Яна знялася ў галоўнай ролі. Пазней сцэнарый страціў палітычную метафару, узнікла чалавечая драма... Я ніколі не вылучаю на першы план палітычнае пасланне, аднак грамадства літаральна прасякнута палітыкай... Яна ў маёй творчасці прысутнічае настолькі, наколькі прысутнічае ў жыцці. У кожным фільме імкнуся паказаць найперш чалавечую драму.

Пра якога прадзюсера марыць рэжысёр Горан Паскалевіч?

-- Самы лепшы прадзюсер для рэжысёра Горана Паскалевіча -- Горан Паскалевіч. Быў прадзюсерам на сямі ўласных фільмах. І заўжды імкнуўся ствараць максімальна камфортныя ўмовы для працы рэжысёра... Калі класічныя прадзюсеры ведаюць, што бюджэт стужкі -- мільён еўра, а зняць яе трэба за восем тыдняў, дык заўжды кажуць: «Няма мільёна, ёсць 800 тысяч, а тэрмін трэба скараціць на два тыдні». Гэта абсалютна няправільна! Скарачаць здымачны час -- нішчыць час рэжысёра. Зусім мала прадзюсераў, якія разумеюць: нават невялікія абмежаванні бэсцяць фільм. Я, як прадзюсер, усведамляю, што рэжысёр заўжды зробіць тое, што задумаў. Атрымліваю свабоду, але і рызыкую: ці будуць заўтра грошы? На шчасце, пакуль усё атрымліваецца. Таму, хоць і цяжка, працягваю займацца прадзюсерствам.

У вашых фільмах і ў фільмах Кустурыцы здымаюцца адны і тыя ж акцёры. Да прыкладу, Лазар Рыстоўскі, які да таго ж і сапрадзюсер вашых стужак. Не раўнуеце да сабрата па цэху? Як- ніяк сербскі канкурэнт па міжнародных узнагародах.

-- Кустурыца і я -- не канкурэнты. Не рвуся да ўзнагарод. Фільмы -- гэта тое, што яны ёсць... Асабіста я больш люблю першыя творы Кустурыцы, чым апошнія. А Лазар Рыстоўскі -- цудоўны акцёр, і вельмі натуральна, што ён працуе і ў Кустурыцы, і ў мяне. Выканаўцаў такога ўзроўню ў Сербіі няшмат -- гэта ж невялікая краіна. Таму і акцёры пераходзяць з фільма ў фільм, ад рэжысёра да рэжысёра...

Ці ёсць у вас свой метад працы з акцёрам на здымачнай пляцоўцы?

-- Калі вы прыходзіце на здымачную пляцоўку не з тэатра, а з дакументальнага кіно, ды яшчэ з пэўным досведам, -- вы пачынаеце ставіцца да акцёра больш адкрыта. Асноўны
 /i/content/pi/mast/3/60/Paskalevuch6.jpg
 Кадр з фільма
«Аргенцінскае танга».
крытэрый для мяне тут адзіны: веру сыгранай сцэне альбо не. Інакш кажучы, заўжды адкрываю прастору для выканаўцаў, даю зразумець, як я бачу вобраз, каб акцёр прыняў яго і дапоўніў сваімі элементамі. Натуральна, не з усім пагаджаюся. Але ніколі не было такога: не рабі так, ідзі сюды, скажы гэта, не выходзь з-пад асвятлення. Вымагаю ад акцёраў натуральнасці, абменьваюся з імі энергіяй, ведаю, што менавіта праз іх перадаю ўласныя эмоцыі гледачам. Мо таму і лічуся ў Еўропе (як бы гэта сфармуляваць без пахвальбы?) рэжысёрам, у якога ўсе выканаўцы добрыя і атрымліваюць важкія прызы... Сапраўды, не магу працаваць з акцёрамі, якіх не люблю ці не ведаю. Патрэбны час, каб спазнаць іх і падрыхтавацца да працы з імі...
 

Не вытрымліваю доўгага сядзення ў крэсле, прашу Горана паказаць цудоўны дом. Ён з задавальненнем пагаджаецца. Горан Паскалевіч -- касмапаліт. Жыве то ў Бялградзе, то ў Парыжы, адкуль родам ягоная трэцяя жонка. На яго думку, самое лепшае -- частавацца французскімі стравамі і віном, а працаваць у Сербіі. У Бялградзе бавіць дні ў доме маці, які перабудаваў уласнымі рукамі. Вельмі ганарыцца і тым, што дызайн саду -- таксама ягоны:

-- Пакуль не займаўся фільмамі, марыў стаць архітэктарам. Мара ажыццявілася праз стварэнне гэтага дома. (Мяне пастаянна запрашаюць сябры, калі жадаюць добраўпарадкаваць кватэру, пытаюцца парады. На мой погляд, архітэктар павінен адчуваць душу чалавека і матэрыялу. Заўжды імкнуся зразумець, што падыходзіць гаспадару кватэры, а што не.) ... Калі вярнуўся дахаты ў 2000 годзе, пасяліўся ў доме бацькоў, двухпавярховым будынку з дворыкам. На Захадзе зарабіў крыху грошай, і мы дабудавалі два паверхі. На жаль, мама памерла два месяцы таму, але чатыры гады любавалася нашым новым прыгожым жытлом. У мяне два сыны. Хутка адзін сюды прыедзе. Імкнёмся жыць сям’ёй.

Ці можна вас назваць нацыянальным сербскім рэжысёрам? І як вы ставіцеся да нацыянальнай ідэі адраджэння Сербіі ў новых гістарычных умовах?

-- Я заўжды быў антынацыяналістам. Не лічу, што паколькі серб, дык лепшы ці горшы за іншых... Мы ў Сербіі павінны захоўваць культурную ідэнтыфікацыю. З другога боку, не варта думаць, што нас ненавідзяць на Захадзе. Нам ёсць чаму ў іх павучыцца. Высокія тэхналогіі забяспечваюць свабоду. Натуральна, гэтага цяжка дасягнуць, бо Захад пад выглядам развіцця дэмакратыі мае зусім іншыя намеры, адстойвае свае інтарэсы. Але ўсё роўна неабходна з ім супрацоўнічаць. Я за ідэю еўрапейскага адзінства, за Еўропу ў якасці вялікай федэратыўнай дзяржавы, дзе кожны народ захоўвае самабытнасць. Такая Еўропа, безумоўна, перашкаджае Амерыцы. Кепска, калі амерыканцы трымаюць усё ў сваіх руках. З’явіўся, да прыкладу, еўра -- і адразу склаў канкурэнцыю долару. І гэта добра. Я за моцную Еўропу. Не ўсё будзе гладка, але гадоў праз пяцьдзесят Еўропа стане канкурэнтаздольнай. Толькі на кітайцаў не варта забывацца.

А калі б Горану Паскалевічу не трэба было зарабляць грошы фільмамі, што б ён рабіў?

-- Працягваў бы здымаць фільмы. Грошы -- усяго толькі сродак. Яны даюць свабоду, магчымасць тварыць. Здымаць кіно -- сэнс майго жыцця. Энергіі на гэта яшчэ хапае. Зоран Джынджыч прапаноўваў мне аднойчы стаць міністрам культуры, я адмовіўся, бо гэта перашкодзіла б здымаць фільмы. Калі ёсць грошы -- добра, калі няма -- гэта стымул, каб іх знайсці для працы над новай карцінай.

                                                                                                                          Сяргей КАЦЬЕР

Фільмаграфія:
1976 -- «Пляжны вартаўнік узімку» (прыз міжнароднай крытыкі ў Берліне).
1978 -- «Сабака, які любіў цягнікі».
1979 -- «... А дні мінаюць».
1980 -- «Асаблівая прыхільнасць» (прыз за лепшую жаночую ролю другога плана ў Канах).
1982 -- «Прыцемак» (Гран-пры ЮНІСЕФ).
1984 -- «Мімалётнае лета 68-га».
1987 -- «Анёл-ахоўнік».
1990 -- «Час цудаў».
1992 -- «Аргенцінскае танга» (прыз глядацкіх сімпатый у Сан-Францыска).
1995 -- «Чужая Амерыка» (Гран-пры ў Іспаніі).
1998 -- «Бочка пораху» (прызы -- за лепшы фільм ва ўсіх катэгорыях у Венецыі, еўрапейскай крытыкі ў Санта-Барбары, Гран-пры ў Хайфе, Гран-пры ў Анталіі).
2001 -- «Як Гары стаў дрэвам» (прызы за лепшы фільм ва ўсіх катэгорыях у Ньюпарт Біч).
2004 -- «Сон у зімовую ноч» (Гран-пры ў Сан-Себасцьяне).