Тры мушкецёры і Курэйчык

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

«Пане Каханку» распачаў новы тэатральны сезон

/i/content/pi/mast/36/596/16.jpg

Сцэна са спектакля.

Скажу адразу: у стаўленні да Рускага тэатра я неаб’ектыўны: свой адбітак накладваюць сяброўства з рэжысёрамі і супрацоўніцтва з акцёрамі, якія здымаліся ў маіх фільмах. Для рускай сцэны напісаны тры інсцэніроўкі, створаны тры кінааздабленні спектакляў і сцэнарый творчай вечарыны народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Таму з асаблівай увагай і спачуваннем адношуся і да пападання Рускага «ў яблычак», і да стрэлаў
«у малако».

Мушу заўважыць, водгукі і палеміка вакол спектакля «Пане Каханку» па п’есе Андрэя Курэйчыка зводзяцца да бессэнсоўнай спрэчкі: такі быў Станіслаў Радзівіл ці не такі? Тыя, хто не прыняў сцэнічны вобраз, прэтэндуюць на сваё манапольнае ўяўленне, папікаючы аўтараў у «гістарычнай недакладнасці», быццам самі яны частаваліся з рук Пане Каханку «крамбамбуляй» ці пілі з ім на брударшафт «Трыс дзівінірыс»!

Ніхто не ведае, якім ён быў. На сцямнелых іконах, парэпаных палотнах, на старой кінаплёнцы фарбы блякнуць няроўна, а нейкая, найбольш стойкая, застаецца нязменнай і, такім чынам, «выпірае». Чорна-белыя савецкія фільмы робяцца жоўтымі, а на фрэсках Джота пачынае панаваць сіні колер. Так уздзейнічае Час. А былі ж дэталі, падрабязнасці, цені... Учынкі, нарэшце, якія і стваралі шматмерную выяву, аб’ёмны вобраз, праўдзівы партрэт неардынарнай асобы на фоне эпохі. Вось і аўтары спектакля прапанавалі сваё ўяўленне пра гэтага гістарычнага персанажа. Усё, што вядома пра Пане Каханку з гісторыі, умешчана на апошнюю старонку тэатральнай праграмкі, перанесена ў дыялогі і падзеі п’есы, на сцэну.

Абраны ўдалы жанр — «мастацкая прыдумка». Але прыдумкі мала — Андрэй Курэйчык відавочна стрымліваў сябе, баючыся далёка адысці ад рэальнасці. Вось толькі найвялікшы і больш вынаходлівы драматург — Жыццё, і яно нічога не баіцца. Тут бы і «павыдумляць»!

...Край, які заўсёды быў, як зерне ў жорнах, паміж Расіяй і Захадам. Малады граф Станіслаў Панятоўскі атрымлівае ад імператрыцы Кацярыны ІІ карону Рэчы Паспалітай як узнагароду за любоўныя ўцехі. Пачынаюцца рэформы: перадача каралеўскай улады ў спадчыну нашчадкам, адмена права liberum veto — скандальнага «не дазволям» на сеймах... Аднак маламоцны кароль не здолеў утрымаць краіну ад трох падзелаў, хістанняў шляхты і анархіі. З’яўляецца грозны барацьбіт за незалежнасць Касцюшка — першыя перамогі абнадзейваюць! — якога інсургенты абвяшчаюць дыктатарам. Але над краінай, над Пане Каханку, над каралём Панятоўскім навісае злавесная постаць Суворава. У часы, калі разгортваюцца падзеі п’есы, Польшчы заставалася існаваць лічаныя тыдні. І валтузня з пазычаннем трох мільёнаў нічога не вырашала: ну, даў бы Радзівіл Панятоўскаму грошы — і што? Сплаціў бы кароль крэдыторам — і што? А Сувораў ужо штурмуе Варшаву! Пасля расправы з паўстаннем Панятоўскі быў высланы ў Расію. Усё сваё праўленне ён выглядаў «прымаком» у неабсяжнай гаспадарцы Кацярыны: імператрыца дала яму карону, а калі былы каханак яе не ўтрымаў — адабрала. Рэч Паспалітая перастала існаваць як самастойная дзяржава, і неўзабаве зямля Пане Каханку была названа «Северо-Западным краем».

Гэтага змрочна-навальнічнага гістарычнага фону не хапае драматургіі, засяроджанай, у асноўным, на пазычанні грошай. Трагічны пафас Панятоўскага гучыць толькі ў адным маналогу (і той звернуты да Пане Каханку) — калі ён нагадвае, як здзекаваўся Радзівіл падчас абрання Станіслава каралём. Годнасць Пане Каханку зачэпленая: бо гэта яму, магутнаму магнату, уладальніку незлічоных скарбаў і зямель, варта правіць Рэччу Паспалітай, — мо тады і не такі гаротны лёс напаткаў бы няшчасную радзіму! Адсюль і пыха яго, і горыч, і эксцэнтрычнасць учынкаў. У пададзенай з гумарам хлусні пра дзяцей-селядцоў, у страляніне па «варонах»-гандлярах — не дурата, прыхамаць, а спроба ад адчаю, бяссілля і безвыходнасці — радзіма гіне! — схавацца за маскай дзівака. Ён — ідэаліст, які лічыў, што можна пабудаваць Рай у адным, асобна ўзятым Нясвіжы. Не атрымаецца, Пане Каханку, не.

Драматургу было цяжка працаваць з гэтым матэрыялам, не мелася літаратурных аналагаў. Міжволі ўзнікае вобраз пяроўскай «Тройкі»: рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кавальчык (асноўнае «цягло») і два выдатныя акцёры: Расціслаў Янкоўскі (Пане Каханку) і Аляксандр Суцкавер (Станіслаў Панятоўскі). А ў вазку — Курэйчык з рукапісам «Пане Каханку».

■ ■ ■

Янкоўскі ўжо іграў шляхціца ў фільме «Пракляты ўтульны дом». І там, і тут ягоным персанажам наканаваны сумны канец. Акцёру, шляхціцу па паходжанні, пасуюць ролі арыстакратаў, і прозвішчы персанажаў зліваюцца з ягоным асабістым: Брыніцкі, Янкоўскі, Радзівіл.

Станіслаў Караль Радзівіл — чалавек эпохі барока, які прывіваў нашаму краю еўрапейскасць. Прыклад таму — архітэктура Нясвіжа, мецэнацтва, росквіт мастацтва, тэатр. І вобраз менавіта такога магната стварае Расціслаў Янкоўскі. Зрэшты, Аляксандра Неўскага ў аднайменным фільме Мікалай Чаркасаў увасобіў так пераканаўча, што нават выяву на ордэне імя князя-ваяра чаканілі з партрэта акцёра. Цяпер і Пане Каханку ў нашай свядомасці застанецца назаўсёды такім, якім увасобіў яго Янкоўскі.

Больш жорстка ў пары з мэтрам іграе тую ж ролю таленавіты, з неабмежаваным тэмпераментам Іван Мацкевіч. Ад спектакля да спектакля ён набірае інтэлекту і тонкасці Радзівіла.

■ ■ ■

Аляксандр Суцкавер — найбольш гнуткі акцёр-інтэлектуал трупы — умела ставіць свайго персанажа на адзін узровень з Радзівілам каралеўскімі манерамі і ўладай. Сваю місію Панятоўскі дэкларуе так: «Кароль павінен сячы галовы, весці войны і будаваць палацы». Але ні на што з гэтага ён не здольны: загадаць «крылатым» смердам кінуцца са званіцы можа магнат Радзівіл, ды толькі ці па сілах весці вайну Панятоўскаму — такому, якім яго прадстаўляе акцёр? У Суцкавера больш «смачны» драматургічны матэрыял: ёсць прастора для дэманстрацыі характарных рысаў караля — і ён выкарыстоўвае гэта бліскуча, не прамінаючы аніводнай магчымасці выявіць падказаныя п’есай пыху, фанабэрыстасць, беспадстаўны гонар.

Выдатная актрыса з рэдкім амплуа рамантычнай гераіні Бэла Масумян не атрымала годнага драматургічнага матэрыялу ў ролі Тэафіліі, сястры Пане Каханку. Пацалунак Густава, відавочна прыдуманы рэжысёрам, дадае хоць якую жывую рысу да схематычна-дыдактычна накіданай у п’есе ролі. Фанатычная любоў да брата даводзіць Тэафілію да імкнення пазбавіць яго ад каханай дзяўчыны — актрыса ўдала апраўдвае супярэчлівыя ўчынкі сваёй гераіні.

■ ■ ■

Адказна заяўляю: Кавальчык — наш самы музычна адукаваны рэжысёр (дастаткова паглядзець яго «Адвечную песню» ў РТБД). Выдатнае гукавое аздабленне і ў гэтым спектаклі — вынік сумеснай працы з Цімурам Каліноўскім. Музыка і безліч нумароў дывертысмента перакрываюць шво і лапікі драматургіі, калі-нікалі папросту затрымліваючы і без таго не хуткае развіццё сюжэта. У ход ідуць нават прыёмы пародыі на оперу, чым ва ўсе часы бавяцца студэнты ў капусніках, і намёк на «Чайку» — «цвік» мінулага сезона ў РТБД. Функцыю прыдворнага цырымоніймайстра Мацея весела, з прыдумкамі і акцёрскімі «штучкамі» цягне Іван Трус.

Сціплымі, адмыслова сцэнічнымі сродкамі вырашана «баталія пры Гібралтары». Але і гэта не працуе ў поўную моц: бяссільны тэатральны выклік Пане Каханку змрочнай навале царскіх карнікаў не звязаны з драматургіяй, а падаецца проста: вось, паглядзіце! Так, паглядзім... Што ж, эфектна.

■ ■ ■

Мастацтва тым і адметнае, што ў яго няма межаў дасканаласці. Мае сяброўскія заўвагі ўзніклі, мо, ад таго, што спектакль глядзеў тры разы, з усё большай цікавасцю.

Уладзімір Арлоў