Дзень Эндзі

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

Свята непаслухмянасці ў Музеі гісторыі кіно

/i/content/pi/mast/36/595/15.jpg

Аўдзей Азёрскі. Andy. Фотакалаж. 2010.

Уорхал прыдумаў адзначаць свае народзіны 6 жніўня. І куратары выставы «Make art pop» вырашылі падтрымаць мэтра поп-арта ды разбавіць гарачы жнівеньскі поўдзень святам Эндзі, святам вар’яцтва маскульту, пырскаў шампанскага, размяклых шакаладных цукерак, папкорну ды абавязковага торта ў гонар імянінніка.

Наіўны жывапіс без ніякага намёку на талент ці хаця б на таленавітую задумку, размаляваныя старонкі глянцавых часопісаў, адмыслова вынайдзеная ўласная філасофія «саломі» і дзённік-каляндар разбітых любоўных пачуццяў, калажы са старых кніг, новых часопісаў і мікрасхем — далёка не поўны мех падарункаў для амерыканскага поп-вар’ята.

Да ўдзелу ў выставе-конкурсе запрашаліся ўсе жадаючыя — і студэнты Акадэміі мастацтваў, і прафесіянальныя мастакі, і жывапісцы-аматары. Зразумела, гэта не лепшым чынам адбілася на агульным узроўні ўсёй экспазіцыі — вельмі пярэстай, яркай і візуальна «шумнай» — нават да какафоніі. Як прызнаюцца самі арганізатары, даволі шмат работ на выставе амаль ніякага дачынення да поп-арта не мелі, але іх аўтары «вельмі любяць Эндзі», ды і проста хацелі зрабіць сваё мастацтва папулярным згодна з назвай «Make art pop». Навошта фармуляваць канцэпцыю экспазіцыі і адбіраць для яе работы, якія гэтай канцэпцыі не адпавядаюць увогуле?

Першае ўражанне ад выставы: гэта жарт, або з «Даху-Жаху», які праходзіў паралельна з «Make art pop» і пужаў гледачоў «Таямніцамі мозгу», скралі частку экспазіцыі? Зразумела жаданне аўтараў выстаўляцца як мага часцей і на розных пляцоўках, вось толькі для выразна акрэсленай тэмы — поп-арт — можна было выбраць і новыя творы.

Калажы, алейны жывапіс, камп’ютарная графіка, інсталяцыі, скульптурныя работы — кожны твор суправаджаўся этыкеткай з іменем аўтара, назвай, тэхнікай, памерамі і графой, прадугледжанай для кошту. Але мастакі пасаромеліся ацэньваць свае працы, і на месцах лічбы стаялі прочыркі.

Поп-арт называюць імпрэсіянізмам грамадства спажывання і мастацтвам банальнага. Але прадстаўленыя творы «цягнулі» на выключна банальнае мастацтва, часам — безгустоўнае, часам — бездапаможнае. Грубавата намаляваная дзяўчына, якая паядала дзьмухаўцы, або безгаловая «Пара нармальных», або пазбаўлены вока «Госць» маглі выклікаць толькі адно пытанне: якое дачыненне гэта мае не тое што да поп-арта, але да мастацтва ўвогуле? Мяккія ружова-серабрыстыя колеры «Прысвячэння маёй бабулі» выступалі ў цудоўным кантрасце разам з драўляна-драцяной «Сацыяльнай машынай» і калажом з мікрасхем.

Кожны дзень масавая культура нараджае безліч рэкламна-спажывецкіх вобразаў на патрэбу мастаку. Выставе не хапіла нацыянальнага каларыту — пры тым, што з унікальнымі сімваламі ў сучаснага беларускага грамадства праблем няма, асабліва — з мясцовымі «зоркамі», якія без аніякага спецыяльнага мастацкага ўмяшальніцтва выглядаюць поп-артаўскімі шэдэўрамі.

Сэнсавымі цэнтрамі выставачнай прасторы сталі два вялікія жаночыя партрэты Надзеі Саяпінай-Гендрусевіч — Жанны Агузаравай і Брыжыт Бардо. Магнетычны погляд, цікавая колеравая гама (Жанна — рудая, чырвоная, марсіянская, Бардо — чорна-белая, але з яркім чырвоным яблыкам). Анатацыі да твораў выклікалі толькі ўсмешку: безгустоўныя, недарэчныя, з хібамі правапісу і памылкамі друку, яны аўтаматычна ўліваліся ў экспазіцыю і надавалі ёй лёгкае трэшавае адценне.

Цікавую форму дзённіка-календара «Саломі», кожны ліст якога — міні-апавяданне, малюнак плюс невялічкі каментар, псуе якраз «літаратурная частка»: «глыбакадумныя» развагі на пару слоў паводле пераканання аўтара, Кірыла Панамарова, павінны гучаць загадкава, але раздражняюць сваёй недасканаласцю, і агульнае ўражанне ад даволі выразнай лаканічнай графікі застаецца змазаным.

Увесь свет даўно ператварыўся ў постмадэрнісцкую пародыю на самога сябе, а маладыя ўсё наклейваюць на калажы савецкіх правадыроў разам з Дастаеўскім і дзвюма ММ — Мэрылін Манро і Мікі-Маўсам. Message, які вынікае з кароткіх і «ёмістых» цытат («Be sexy», «Be crazy», «Take this world», «TV no more» і г.д.), прымушае толькі паціснуць плячыма: вучнёўства — непазбыўная хвароба. Нават у такой яркай, «салодкаватнай» тэме, дзе можна сапраўды пажартаваць і «адарвацца», мастакі баяцца так, нібы за спінамі стаіць ментар з Акадэміі. Пошласць і другаснасць бадзёра шпацыруюць побач.

...Праект Сяргея Шабохіна «Беларускі неапоп-арт. Філасофія мас» выглядаў прыстойна і сур’ёзна (магчыма, прыстойнасць — крыху не тое слова, але маецца на ўвазе высокі прафесійны ўзровень выставы — як з пункту гледжання куратарскай работы, так і калі меркаваць пра мастакоўскія працы). Арганізатары выставы выпадкова пачулі пра праект Шабохіна ўжо пасля таго, як выспела іх уласная задума. Адсутнасць рэферэнцый наводзіць на думку, што, нягледзячы на такую развітую інфармацыйную прастору, калі ў кожнай кузуркі ёсць акаўнт у сацыяльнай сетцы (а то і не адзін), мы па-ранейшаму жывем у вакууме і не арыентуемся на тое, што зусім нядаўна рабілі іншыя. Замест удасканальвання — таптанне на месцы ў папсовым стылі.

Алена Каваленка