Карнавал пачуццяў

№ 9 (330) 01.09.2010 - 30.09.2010 г

«Дэкамерон» Джавані Бакачыа ўвасоблены на сцэне «Лялькі»

/i/content/pi/mast/36/594/14.jpg
 «Дэкамерон» Джавані Бакачыа. Сцэны са спектакля.
Тыя, чыё юнацтва прыйшлося на канец 1970-х, памятаюць, якім аскетычным быў гэты час. Слова «секс» не ўжывалася ўвогуле. «Тропік Рака» Генры Мілера ў часопісе «Иностранная литература» друкавалі ўрыўкамі. «Эмануэль» глядзелі на касеце «выбраныя» — пераклад кнігі з’явіўся толькі праз 20 гадоў, як і шмат іншай эратычнай літаратуры — часам не лепшай якасці, — што займае паліцы сучасных крамаў і бібліятэк. А вось «Дэкамерон» Джавані Бакачыа чыталі нават у СССР. Саромеліся, бянтэжыліся ад фрывольнасці тэксту, але разумелі, што гэта сусветная класіка, ведаць якую трэба любому адукаванаму чалавеку.

Пагалоска, што на сцэне Беларускага тэатра «Лялька» адбудзецца прэм’ера неўміручага «Дэкамерона», выклікала ў віцебскіх гледачоў гаму супярэчлівых меркаванняў. Уладзімір Маслаў адаптаваў літаратурную першакрыніцу для тэатра, пераклад на беларускую мову зрабіў коласаўскі акцёр Пётр Ламан. У выніку атрымалася феерычная імправізацыя на тэму народнага жыцця часоў Адраджэння.

У цэнтры дзеяння — любоўныя калізіі: гісторыя эксцэнтрычнага трохкутніка — Нінэты (Вольга Маханькова), Ларэнца (Алег Рыхтэр) і Гвіда (Міхась Клімчук), юнацкае каханне Джавані (Валерый Зімніцкі) і Беатрычэ (Ганна Сцепанец) і трагікамічнае здарэнне — страта Манахам (Аляксей Макарскі) нявіннасці. Ажыццявіў пастаноўку Віктар Клімчук. Ва ўсёй сцэнічнай канструкцыі праглядвае пазнавальны почырк «дойліда», які будуе жыццёвыя лабірынты на тэатральных падмостках. Рэжысёра захапляе магчымасць ствараць відовішча, у якім можна гуляць з новымі жанрамі. У спектаклі з’явілася і мультымедыйнае суправаджэнне. Уражвае харэаграфія Надзеі Благадацкіх і музыка кампазітара Алега Залётнева. Лялечнікам не адмовіш у майстэрстве імправізацыі, яскравым пачуцці гумару, ва ўменні трымаць увагу публікі, ствараць выразныя вобразы. Маханьковы, Рыхтэр, Макарскі віртуозна ўцягваюць кожнага гледача ў віхур пачуццяў, прымушаючы на гадзіну забыцца пра няўдачы і жыццёвыя клопаты — гамерычны смех і апладысменты не змаўкаюць цягам усяго спектакля.

Тэатральны карнавал не атрымаўся б без шыкоўных касцюмаў-трансформераў (мастак Алесь Сідараў) гуллівых танцорак а-ля «Мулен Руж» — Вольгі Маханьковай, Ганны Сцепанец і Вольгі Лазебнай. Сцэнічнае дзеянне нагадвала часам камедыі і трагедыі Шэкспіра па стылістыцы, тэатры Вахтангава і Абразцова па эстэтыцы, і ўсё гэта спалучалася з мясцовым каларытам. Дзіўная эклектыка! Плюс анімацыя — на працягу дзеяння на задніку з’яўляліся аблокі, дахі дамоў, вокны з рухомымі фіранкамі, за якімі кіпелі любоўныя жарсці... Дзякуючы мультыплікацыі некаторыя пікантнасці (пышны бюст Суседкі (Вольга Лазебная), інтымныя спатканні і пацалункі-абдымкі) не эпатавалі, і дзеянне ўспрымалася арганічна.

Зрэшты, здзівіць сучаснага гледача — тым больш «Дэкамеронам» эпохі Адраджэння! — цяжка. Ды толькі чым жа зачапіць дарослых, спакушаных тэатралаў, якія завіталі ў «Ляльку»? Хай толькі не падасца трывіяльным адказ: рэжысёрскімі знаходкамі, творчымі рашэннямі і зладжанасцю акцёрскага ансамбля. Адным словам, прафесіяналізмам. Заўважце: дзеля таго, каб адбыўся тэатральны цуд, нічога новага ў гэтым свеце яшчэ не прыдумалі. У спектаклі гарманічна вытрыманы баланс паміж рамантычнасцю, флёрам высокіх пачуццяў і рэаліямі зямнога быцця простых людзей. Нібы анёлы або шагалаўскія персанажы, лунаюць над горадам Джавані і Беатрычэ. Яны любяць адно аднаго насуперак меркантыльнасці бацькі-п’янюжкі Гвіда, якому грошы даражэйшыя за шчасце дачкі. У клубок спляліся клопаты пра грошы і рэўнасць Гвіда, адзюльтэр яго жонкі, разбэшчанасць гарадскіх нораваў, даносы Манаха і яго маральнае падзенне. Рэжысёр і акцёры не абразілі эстэтычныя пачуцці гледача і не здрадзілі добраму густу. Закон Станіслаўскага — «ледзь-ледзь» — у віцебскай інтэрпрэтацыі «Дэкамерона» вывераны з матэматычнай дасканаласцю.

Пасля спектакля застаецца адчуванне лёгкай эйфарыі ад якаснага гумару і камічных сітуацый. Душа атрымала порцыю пазітыўных эмоцый. Акцёр Алесь Маханькоў падрыхтаваў гледачу «смачны» персанаж Аўтара — элегантнага, чуллівага, прывабнага, эксцэнтрычнага, — на якім трымаецца ўсё дзеянне. Здаецца, кожны міліметр сцэны ён запаўняе сваёй харызмай. Валерый Зімніцкі стварыў прыцягальны вобраз закаханага юнака, што ўразіў сваёй шчырасцю, чысцінёй, праўдзівасцю і духоўнай несапсаванасцю. Няшмат ёсць сёння маладых акцёраў, якія пераканаўча «іграюць любоў» у лірычных сцэнах. Часцей яны выглядаюць няўклюдна і нязграбна ў такія адказныя моманты. А вачам і голасу Зімніцкага верыш! Тое, што побач са сталымі вопытнымі акцёрамі працуе моладзь, за якую не сорамна, пацвярджае: тэатр захоўвае свой зорны імідж.

Ксенія Дружкова